czwartek, 5 marca 2020

ЎЎЎ 4. Я - Іван Ласкоў. Ч. 4. Койданава. "Кальвіна". 2020.














                                                       БЕЛАРУС НА ПОЛЮСЕ ХОЛАДУ
    Лёс не быў ласкавы да Івана Ласкова. Нарадзіўся ён у Гомелі ў самы жахлівы і жорсткі 1941 год, калі наша зямля ўжо была пад акупацыяй. Яго бацька, які быў прызваны з першых жа дзён вайны на фронт, неўзабаве прапаў без вестак. Маці, каб не працаваць на акупантаў, з малым сынам на руках прабралася ў вёску Беразякі да сваякоў.
    Падрабязна пра бацькоў і сябе Іван Ласкоў расказаў у сваёй «Аўтабіяграфіі», змешчанай у гэтым выданні.
    Не абцяжараны званнямі, узнагародамі, пасадамі, паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, эсэіст, мовазнаўца, гісторык Іван Ласкоў належыць да тых людзей, пра якіх кажуць: «Ён зрабіў сябе сам».
    Сярод сваіх калегаў Іван Ласкоў выдзяляўся нейкім асаблівым унутраным пачуццём свабоды, шырынёй поглядаў пазбаўленых правінцыйнасці і абмежаванасці.
    У кожнай сітуацыі адчуваў ён сябе свабодным чалавекам. Быў вельмі лёгкі на пад’ём, Здавалася, яго вяла невядомая пуцяводная зорка. I ён ішоў за ёй лёгка і проста. Мяняў гарады, стыль жыцця, прафесіі, асяроддзе.
    Упершыню я сустрэла яго ў 1960-я гады ў Літаратурным інстытуце імя Максіма Горкага ў Маскве, дзе вучылася.
    Ён быў самы старэйшы ў нашай беларускай групе.
    Напачатку мы прынялі гэтага невысокага, у тонкіх акулярах чалавека за ўчарашняга школьніка. I толькі пазней даведаліся, што за плячыма Івана быў хімфак БДУ, праца на вытворчасці. А яшчэ раней — дзетдомаўскае дзяцінства з яго нішчымнымі харчамі — дзе там вырасці?
    Пасля хімфака, нядоўга папрацаваўшы на вытворчасці, Іван Ласкоў адчуў, што гэта — не яго, і паступіў у Літаратурны інстытут.
    На той час ён ужо друкаваўся ў цэнтральнай рэспубліканскай прэсе і быў амаль прызнаным «творцам». Пісаў на рускай і беларускай мовах аднолькава лёгка.
    Першы свой верш на беларускай мове Іван Ласкоў надрукаваў у «Чырвонай змене» ў сярэдзіне кастрычніка 1956 г. А было яму на той час толькі чатырнадцаць, і свой першы ганарар яму давялося атрымаць не без прыгод, бо яшчэ не меў на той час пашпарта.
    Потым былі публікацыі твораў у іншых перыядычных выданнях, у тым ліку ладная падборка вершаў у часопісе «Маладосць».
    Не кожны са студэнтаў-першакурснікаў Літаратурнага інстытута мог пахваліцца, што яго ўжо друкавалі ў «тоўстым» часопісе.
    Было ў вершах Івана Ласкова тое, што называецца «нерв», тая энергія, што ператварае звыклае жыццё ў найвялікшую прыгоду:
                                  Наш плыт імчала прама на парог.
                                  Здавалася, няма выратавання.
                                  Ударыць зараз аб падводны рог,
                                  I ад плыта не застанецца звання.

                                  I трохі страшна стала нават тым,
                                  Хто мірна спаў у зацені палатак.
                                  А на хрыбце ракі — тугім, крутым, —
                                  На нас імчаўся хваль сярдзітых статак.

                                  Шчэ момант — і загіне плыт, і мы,
                                  I лес, што гонім мы да гідрастанцыі,
                                  Загіне ў пашчы жудаснае цьмы,
                                  Закруціцца ў апошнім страшным танцы.
                                       («Парог»)
    Здавалася, гэты напорысты рытм, падобны да рытму сэрца, у вершах Івана Ласкова мог ператварыць кожную, нават самую звычайную падзею звычайнага чалавечага жыцця ў прыгоду: паездка на плытах, палёт на самалёце, выпадковая сустрэча, дождж, вецер, рака, неба — так, паўсюды паэт адчуваў той чароўны, незвычайны рытм, які чуюць толькі паэты ды медыумы і які адразу ўкручвае ў свой вір чытача:
                                  Дажджы, дажджы, на поўначы дажджы,
                                  Скалмачаныя вымпелы абвіслі,
                                  Аэрадромы бедныя раскіслі,
                                  Метэазводкі — ў горла, як нажы.
                                  А нам ляцець у горад Саляхард,
                                  Адно ляцець — няма другога шляху.
                                  Пытаюся — і чую, быццам жарт:
                                  — Ды кінь ты, хлопец, не марней са страху!
                                  Глядзі на свет і неба весялей!
                                  У нас тут не якія білі-бомы,
                                  На Поўначы — ого аэрадромы,
                                  Каб ні вады баяцца, ні завей...
                                      Саляхард»)
    У паэта Івана Ласкова важкае кожнае слова, яго паэтычная творчасць, бадай, пазбаўлена тых паэтычных «акварэляў», што ўласцівы многім вершатворцам. Ніводнага несамавітага, пустога, выпадковага слова. Як цэгла да цэглы ў добрага будаўніка, каб дом стаяў вякамі, так кладуцца яго словы ў радкі вершаў.
    Недзе ў канцы 60-х Іван Ласкоў паглыбляецца ў вывучэнне сусветнай гісторыі. У прыватнасці, яго захапіла постаць Тамерлана.
    Так, Тамерлан — забойца, рабаўнік, тыран. Але Івану Ласкову было мала тых стандартных меркаванняў пра гэтага героя. Было ў гэтай гістарычнай асобе, у яго грознай постаці нешта такое, што не давала паэту спакою. Нейкая шматзначнасць. I гэта прымушала Ласкова зноў і зноў углядацца ў аблічча палкаводца, каб скласці свой адметны вобраз...
    Паэму «Тамерлан» Іван Ласкоў пісаў даволі доўга. Праўда, і яшчэ больш часу пасля цягнуліся спробы надрукаваць гэты твор. У многіх рэдакцыях яму адмаўлялі: «Што гэта за нейкі новы герой нашай гісторыі? Мы ведаем Дзмітрыя Данскога, Пятра Першага, Паўла Карчагіна... Але Тамерлан? Яго амаль не ўспамінаюць у падручніках. Навошта гэты не “хрэстаматыйны” герой?»
    Але Іван Ласкоў не шукаў герояў сярод устойлівых стэрэатыпаў. Яго вабілі сапраўды моцныя асобы, няхай нават і не станоўчыя. Сіла, магутнасць, энергія... Тая таямнічая сіла, што мяняе лёсы людзей, краін, перайначвае гісторыю.
    Выдаў ён сваю паэму толькі ў 1985 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пад назвай «Кульга» (такая мянушка была ў Тамерлана ў даўнія часы).
    У гэтым творы Іван Ласкоў нібы прадбачыў будучыя падзеі і нашай гісторыі і намагаўся зразумець тыя сілы, што звяргаюць адных ідалаў і прыводзяць новых, часам яшчэ больш страшных, якія мяняюць жыццё чалавека і гісторыю самым неверагодным чынам.
                                  Як выбіваўся наш антыгерой
                                  З бацькоўскай мазанкі ў палац вяльможны?
                                  Царом і той шчасліваю парой
                                  Мог стаць разбойнік о-ё-ёй не кожны.
    Ласкоў у паэме даследуе шлях да ўлады звычайнага на першы пагляд чалавека. Спрабуе зразумець, хто і што дапамагае чалавеку ўзнесціся на вяршыні ўлады, і што можа яго абрынуць адтуль. Імкнецца вызначыць меру адказнасці такога чалавека перад іншымі.
    Паэт не адзін год адцаў на вывучэнне гісторыі, звычаяў, традыцый Сярэдняй Азіі, добра ведаў тое, пра што пісаў: жыццё, гісторыю, філасофію Сярэдняй Азіі. У гэтым ён падобны да Кіплінга, які пісаў пра Індыю, але заставаўся пры гэтым чалавекам з Паўночнага Альбіёна.
    I разам з тым Іван Ласкоў — даследчык. Хаця даследчык — гэта той жа разведчык, які сваім розумам, сваімі пачуццямі можа пранікнуць у скуру чалавека іншага часу, іншай краіны.
    Сакавітыя фарбы даюцца ў рукі толькі тым «разведчыкам», тым даследчыкам, чыё сэрца адкрыта да людзей.
    У 70-я гады, скончыўшы інстытут, Іван Ласкоў падаўся ў няблізкі свет — у Якуцк, дзе яму і яго жонцы, вядомай якуцкай пісьменніцы, Валянціне Гаўрыльевай, выдзелілі кватэру. «Пакарэнне Сібіры» было даволі імклівым і плённым. Для беларускага пісьменніка пачынаецца новы перыяд жыцця. Ён адкрывае для сябе гэты суровы, але вельмі прыгожы і магутны край, поўны прыгод, край, які адкрывалі для сябе і свету, гэтаксама, як і ён, іншыя падарожнікі з Беларусі, Польшчы: Ян Чэрскі, Вацлаў Серашэўскі...
    У гэтым суровым краі Іван Ласкоў знаходзіць новыя, зусім не чаканыя тэмы, якія патрабуюць новых сродкаў выявы. І ён бярэцца за прозу. Піша многа, запоем.
    Калі ў маладой творчай сям’і нарадзіўся сын Андрэй, Іван Ласкоў прысвячае яму аповесць «Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду» (Мінск: Мастацкая літаратура, 1978).
    Услед за ёю з’яўляюцца новыя кнігі пра жыццё за полюсам холаду, прысвечаныя людзям гэтага суровага краю: «Чароўны камень» (Апавяданні. Мінск: Мастацкая літаратура, 1983), «Лето циклонов» (Повести, рассказы / пер. с бел. автора. М.: Советский писатель, 1987), «На падводных крылах» (Аповесці. Мінск: Мастацкая літаратура, 1990).
    Калі знаёмішся з прозай Івана Ласкова, якую ён пачаў пісаць даволі позна, разумееш, наколькі прага падарожжаў, блуканняў і прыгод валодала гэтым чалавекам. Героі яго прозы — простыя людзі Поўначы, жыхары Сібіры. Тут, у тайзе, на вялікай рацэ Лене, якую якуты называюць «мора», і адбываюцца іх самыя незвычайныя прыгоды.
    Іван Ласкоў вывучае гісторыю гэтага краю, мову мясцовых жыха-роў, іх паданні, традыцыі, звычаі. Праз нейкі час ён мог вельмі добра размаўляць па-якуцку.
    Героі яго вострасюжэтнага прыгодніцкага рамана «Стралецкая быліна» (або «Пішчальнікі не пішчаць») — два падлеткі, якут і беларус, якія разам з бацькамі і салдатамі арміі Івана Грознага бяруць удзел у вялікім паходзе маскоўскага войска, што рухаецца на ўсход, да Ціхага акіяна.
    Калі чытаеш прозу Івана Ласкова, асабліва гістарычную, — здаецца, ізноў бачыш цень адчайнага авантурыста, прыгодніка, вандроўніка Рэдзьярда Кіплінга. Вострасюжэтныя прыгодніцкія творы зацягваюць, іх чытаеш, не адрываючыся.
    Працуючы ў архівах Якуціі, беларускі пісьменнік знаходзіць многа матэрыялаў пра землякоў — удзельнікаў паўстання 1863 года, пра іх незвычайны лёс. Ім Іван Ласкоў вырашае прысвяціць свой новы раман, які назваў «Эпілог».
    На жаль, гэты раман не быў скончаны.
    Вывучаючы мовы малых народаў паўночнага краю, геаграфію, тапаніміку Сібіры, Іван Ласкоў цікавіцца паходжаннем многіх назваў рэк, мясцовасцяў.
    Недзе на пачатку 80-х пад уплывам беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча Іван Ласкоў паглыбляецца ў вывучэнне гісторыі Беларусі. З-пад яго пяра з’яўляюцца вельмі сур’ёзныя артыкулы-даследаванні: «Адкуль пайшла беларуская мова», «Племя пяці родаў», «Жамойцкі тупік», «Дагістарычны блуканні: Літва і Жамойць» і іншыя.
    Не зважаючы на аўтарытэты і шматлікія работы старых і новых вучоных, ён дае сваю, нечаканую версію паходжання беларусаў і беларускай культуры. Ён быў прыхільнікам фіна-ўгорскай версіі этнагенезу беларусаў, што было даволі нечакана для многіх вучоных.
    Іван Ласкоў пісаў, як дыхаў. Цяпер, пераглядаючы яго кнігі паэзіі, прозы, артыкулы па гісторыі, лінгвістыцы, здзіўляешся: калі ён усё гэта паспеў?
                                  Мне ўжо аднойчы шэсцьдзясят было,
                                  Хаця папраўдзе, пэўна, і не будзе... —
    пісаў ён у сваёй паэме «Рэквіем», нібы ведаў наперад, што не дажыве да шасцідзесяці...
    Ён вельмі любіў вандраваць па тайзе, як і героі яго кніг.
    Памёр Іван Ласкоў ад інсульту пад час вандроўкі па тайзе з рукзаком за плячыма.
    Яго жонка якуцкая пісьменніца Валянціна Гаўрыльева пісала ва ўспамінах:
    «Нам некогда было оглядываться, но иногда, оглянувшись, смеялись, иногда грустили. Отчего?.. О чём?.. О своём молодом оптимизме, о своих молодых мыслях и об ушедших жестоких годах. Но жизнь продолжалась. Иван много ездил, любил странствовать, пешеходить с рюкзаком за плечами. Жаль, рано умер. Только начинали жить. Только начиналась перестройка...»
    Любоў Філімонава

    Леанід Дайнека
                                                                  ІВАН ЛАСКОЎ
                                                        Не ведаў я, што ты памрэш.
                                                        Я верш пісаў. Вось гэты верш.

                                                        Паміж салодкіх галаскоў
                                                        I слоў цукровых
                                                        Пачулі мы, Іван Ласкоў,
                                                        Твой бас суровы.

                                                        Хоць мора лектарскай вады
                                                        Цадзі з графінаў,
                                                        Ніхто не скажа так, як ты,
                                                        Пра угра-фінаў.

                                                        Якуцк па дахі замяло,
                                                        I ёсць пагроза,
                                                        Што ў акулярах лопне шкло
                                                        Ад злых марозаў.

                                                        А ты па вуліцы ідзеш,
                                                        Па гурбах грузных,
                                                        I выспявае цёплы верш
                                                        На стылых вуснах.

                                                        Казаў ты нам: «Хоць я — якут,
                                                        Згрубеў мой голас,
                                                        Ды я люблю наш родны кут,
                                                        Як дзядзька Колас.

                                                        Каб жыў не ў тундры,а ў Баку
                                                        Ці Ерэване,
                                                        Прывёз бы флягу каньяку».
                                                        Ах, дружа Ваня!

                                                        Ах, Ваня, чыстая душа,
                                                        Ты — хлопец наскі.
                                                        Ты піў з паўнюткага каўша
                                                        Напой парнаскі.

                                                        Пявучай рыфмы цудадзей,
                                                        Паэт і хімік,
                                                        Ты плакаў. Вочы ж у людзей
                                                        Былі сухімі.

                                                        Што ім сказаць? Яны — народ.
                                                        Грамадства. Маса.
                                                        Ім трэба хлеб. Ім трэба мёд.
                                                        Жытло і мяса.

                                                        А ты з паэзіяй палез,
                                                        Спакой парушыў.
                                                        Не верыў ты, што цёмны лес
                                                        Расце і ў душах.

                                                        Ты пад якуцкім небам спіш,
                                                        Далёкі браце.
                                                        Я помню, як пілі мы спірт
                                                        У інтэрнаце.

                                                        I ты казаў: «Паэты мы.
                                                        Народ няўтрымны.
                                                        Дык вып’ем грамы, а грамы
                                                        I самі грымнуць».

                                                        Ці дзень смяецца за вакном,
                                                        Ці ноч глухая,
                                                        Грыміць твой гром, грыміць твой гром,
                                                        Не заціхае.

    Міхась Тычына
                                                        МЫ — СЯМІДЗЯСЯТНІКІ
    Пакаленне Івана Ласкова жыло ў час, калі паміж афіцыйнымі літаратарамі і свабоднымі творцамі, паміж акадэмічнай навукай і самавукамі-вынаходнікамі ляжала прорва (I. А. Ласкоў нарадзіўся ў чэрвені 1941 г. у Гомелі ў сям’і рабочага). Колькі геніяльных адкрыццяў легла «пад сукно» толькі таму, што аўтары гэтых адкрыццяў не належалі да касты навукоўцаў, дзе панаваў кланавы інтарэс! А колькі цудоўных творчых задум згінула не развіўшыся ва ўдушлівай атмасферы афіцыёзу! Закліканыя абараняць свабоду творчага самавыяўлення асобы, прафесійныя саюзы паступова ператвараліся ў закрытыя і самадастатковыя сістэмы, якія з цягам часу дэградавалі і дэпрафесіяналізаваліся.
    Іван Ласкоў і іншыя «сямідзясятнікі», якія ў літаратуру ішлі паасобку і гуртом, выяўлялі велізарныя творчыя патэнцыі пакалення, што нарадзілася ў саракавыя — ваенныя і пасляваенныя — гады. У адрозненне ад папярэднікаў, яны не помнілі вайны, але жылі вайною. Лепш сказаць, што вайна жыла ў кожным, і не толькі ў памяці, але і ў самой істоце, аслабленай вечным недаяданнем, галечай і нэндзай. Век многіх з гэтага неваяваўшага пакалення быў дужа кароткім. Іван Ласкоў паспеў адзначыць толькі свой першы «круглы», ён жа і апошні, юбілей. Калі гэта было? Пытала сябе і сваіх сяброў, у дыпломе якіх аб вышэйшай адукацыі значыцца: Масква, Літаратурны інстытут, 1966-1971 гады, паэтэса Раіса Баравікова: вось Люба Філімонава, Святлана Басуматрава, Ала Кабаковіч, Алена Папова... «Спазнаць можна толькі тыя рэчы, якія прыручыш, — сказаў Арсень Ліс. — У людзей ужо не хапае часу што-небудзь спазнаць. Яны купляюць рэчы гатовыя ў магазінах. Але ж няма такіх магазінаў, дзе гандлявалі б сябрамі, і таму людзі больш не маюць сяброў. Калі хочаш, каб у цябе быў сябар, прыручы мяне». З гэтага і пачаўся літаратурны інстытут.
    Ласкоў рана адчуў, якія варункі рыхтуе яму жыццёвы лёс:
                                  I я жывы — жывенькі я, хаця
                                  Была карычневая смерць так блізка,
                                  Так абдзімала на зары жыцця, —
                                  Аж калацілася аб столь калыска.
   I ў гэтым таўталагічным паўторы «я жывы — жывенькі я», і ў вынесеным у канец радка і выдзеленым рыфмаю верагодным «хаця», і ў апакаліптычным вобразе калыскі, якую шпурляла выбуховай хва-ляй ажно пад столь, прарываецца востры боль душы чалавека, які ўвогуле не меў звычкі скардзіцца. Пачуцці шукалі выйсця, і Ласкоў досыць доўга і пакутліва ішоў метадам «спроб і памылак» па шляху да самога сябе сапраўднага. Будучы прыроджаным гуманітарыем па натуры, скончыў хімфак Белдзяржуніверсітэта і, толькі папрацаваўшы па спецыяльнасці колькі год, адчуў патрэбу ў прафесійнай літаратурнай адукацыі. Што ж, Літінстытут у Маскве быў якраз той навучальнай установай, дзе маладыя літаратары мелі магчымасць папоўніць свае веды, пераправерыць свой выбар, паспаборнічаць з іншымі ў сферы мастацкай творчасці!
    Паводле ўспамінаў аднакурснікаў, якіх мы ў асноўным назвалі вышэй, Іван Ласкоў вылучаўся няўрымслівай энергіяй, звернутай, як здавалася, на дзіўныя аб’екты. Напрыклад, захапіўся жыццяпісам Тамерлана: прайшоў і праехаў мясціны, дзе некалі адбыліся падзеі, грунтоўна вывучыў усе даступныя першакрыніцы і аддаў ажно 17 гадоў працы над паэмай, якая перакідвалася з выдавецкага плана ў план і выйшла ў рускамоўным варыянце толькі ў 1975 годзе ў далёкім Якуцку, дзе ўрэшце атабарыўся аўтар. У беларускамоўным варыянце паэма «Кульга» выйшла ў свет у 1985 годзе. А датуль даводзілася чуць хіба толькі рэха вясёлых плётак пра дзівака-паэта, што невядома чаму напісаў вялізны, на тры тысячы радкоў, твор не пра нейкага сучаснага тырана, а пра паўміфічнага і малавядомага ў славянстве вампіра Цімура, па мянушцы Тамерлан, што азначае «Цімур-ланг», «Цімур-кульга». У мясцовых рэдакцыях, выдавецтвах, Саюзе пісьменнікаў цікаўна слухалі развагі I. Ласкова пра таямнічую сувязь Усходу і Захаду, пра адлюстраванне даўніх падзей у самой беларускай мове, пра лёс «сібірскіх беларусаў», ахвотна спачувалі, згаджаліся і не згаджаліся, але не друкавалі вынікаў яго доследаў.
    Паэт працяглы час перабіваўся неабавязковымі літзаказамі, выдаючы час ад часу то ў Якуцку, то, радзей, у Мінску кніжкі на рускай мове. Так яго ўспрымаў тады і аўтар гэтых радкоў, сам ураджэнец якуцкага краю, дзе ў ролі спецперасяленцаў, як называлі афіцыйна сасланых беларускіх славян-куракоў, апынуліся мае бацькі. I калі мне прапанавалі на рэцэнзію рукапіс апавяданняў I. Ласкова, я ахвотна ўзяўся за чытанне: хацелася мець уласную думку пра «дзівака-адзіночку» і памагчы яму — у 1983 годзе апавяданні выйшлі асобнай кніжкай пад назвай «Чароўны камень». Найбольш цікавымі мне падаліся апісанні паўночнай экзотыкі, наравістай якуцкай прыроды, нораваў яе насельнікаў, якутаў, беларусаў, рускіх. У гэтым напрамку, здавалася, і трэба было шукаць аўтару.
    Аднак у Івана Ласкова была свая, і палымяная, жарсць — ён з сейсмаграфічнай чуйнасцю ўспрымаў падземныя штуршкі далёкіх падзей і рабіў спробу за спробай, каб агучыць пачутае ў слове. Паэма «Кульга» задумвалася рыхтык тады, калі ў нашым грамадстве пачынаў маячыць злавесны цень крывавага куміра мільёнаў адураных прапагандай людзей, савецкага, паводле тропа Ларысы Геніюш, «вусатага сонца». Падспудна рыхтавалася рэабілітацыя ката, што азначала толькі адно — вяртанне краіны ў цемрашальства 30-х гадоў. Мусіць, менавіта гэта змусіла паэта звярнуцца да гісторыі, актуальнасць якой была відавочнай:
                                  I, пэўна, сённяшняму жывадзёру
                                  Над подзвігам Кульгі памазгаваць
                                  Хацелася б у пошуках узору.
    Узнаўленне «подзвігаў» Цімура складае асноўны сюжэт паэмы. Гэтыя «подзвігі» апісаны з вялікай паэтычнай сілай у раздзеле «Мячэць». Пабудова мячэці ў гонар адной з жонак Жалезнага Кульгі вылілася ў яшчэ адно злачынства перад чалавечнасцю:
                                  Жывых людзей шырокія пласты
                                  Перакладаліся пластамі вапны.
    Паэт, разумеючы, што вышэйшаю мэтаю літаратурнай творчасці з’яўляецца мастацкі вобраз, свядома дазваляе сабе «зрывацца» час ад часу ў голую публіцыстыку: «Які ўжо там, да д’ябла, з катам кат!» Ён называе свайго Кутлуг-Цімура антыгероем, разбойнікам, жывадзёрам, зладзюжнікам, які яшчэ падлеткам, паводле летапіснага сведчання, «украде овцю у человека». I ён жа здзіўляецца, якая магутная энергія была змарнавана на нялюдскія справы:
                                  О, што зрабіў бы гэты чалавек,
                                  Каб нарадзіла маці чалавекам!
                                  Мо голаў злу б сусветнаму адсек...
    У раздзеле «Трактат аб вайне і міры» I. Ласкоў праводзіць прамыя паралелі паміж падзеямі мінулага і сучаснасці, пачынаючы з антрапагенезу і канчаючы эпохай, калі разгарэлася «аж на мільён ці болей год вайна». Урэшце ён абвяргае «прыгожа» пададзеную класікам бесчалавечную ісціну: «Дело прочно, когда под ним струится кровь». Яго формула:
                                  Недаўгавечна ўсё, што на крыві,
                                  I асабліва як яна бруіцца...
    На гэта ў паэта ёсць сваё права, права сына той зямлі, якая «ні цара свайго, ні караля не спарадзіла». Выразныя гістарычныя аналогіі падвёрстваюцца ў апавяданні паэта пра рэспубліку простых людзей, себзяварцаў, што год жылі «без цара, без хана, без эміра».
    Поруч з цэнтральным персанажам паэмы I. Ласкова ўвесь час ідзе гісторык Ібн-Арабшах, які быў адзіным сярод шматлікіх летапісцаў, хто насуперак патоку хваласпеваў назваў ката катам, Гвалтаўніком Сусвету, не дыстанцыруючыся пры гэтым ад аб’екта нянавісці: «Мой боль, мой сорам...» Ён выносіць Цімуру свой прысуд — прысуд вякоў — і пераклікаецца тым самым з нашчадкам, беларускім паэтам, які, бачачы, што «людзей-гігантаў — яўны недабор, затое вылюдкаў-гігантаў... Божа!» адважна бярэ на сябе ролю суддзі:
                                  Я — суд стагоддзяў, я — вякоў адплата
                                  За ўсё і ўсіх, каго замучыў ты.
    Як сапраўдны творца, ён прадбачыць многія будучыя падзеі, калі нагадвае сучаснікам:
                                  Глядзі — святкуюць людзі.
                                  Ды строгі ў матухны-прыроды лад:
                                  Год сорак набяжыць — і іх не будзе.
    У чэрвені 1941 года астанкі Цімура-Кульгі ўскрылі і паклалі ў сталёвы куфар, а гады тры назад сусветную прэсу абышлі фотаздымкі пашчэнкі і чэрапа, па якіх ідэнтыфікавалі крывавага фюрара. Паэт завяршае свой прысуд, але спакою ў яго сэрцы няма:
                                  Адно і тое ж бачу я у сне:
                                  Што па часах, магчыма, і не скорых,
                                  Ды зноў устане мой смяротны вораг.
    Прагрэс не спыніць, і некалі, вельмі можа быць, людзі навучацца ўваскрашаць мінулае:
                                  Забудзецца ў вяках сівых мой боль,
                                  Нянавісць паглыне стагодцзяў замець,
                                  I нехта зноў на стол перад сабой
                                  Цімураў, чэрап памятны паставіць.
    У паэта нічога іншага не застаецца, як заклікаць нашчадкаў да розуму і заклінаць памяццю забітых. «Мільён разоў забіты чалавек», ён мае на гэта гістарычнае і маральнае права. У пошуках выхаду ён прапануе свой варыянт вывучэння мінулага, і лепшых, і горшых яго старонак. Гэты шлях можна назваць рэканструкцыяй усяго пазітыўнага, што было ў гісторыі беларусаў і што робіць іх менавіта беларусамі, самастойным этнасам. У выніку ў друку з’явілася серыя артыкулаў, якія не маглі застацца незаўважанымі прыхільнікамі нацыянальна-духоўнага Адраджэння: «Племя пяці родаў», «Нашчадкі таямнічае Літвы», «Зямляк. А можа, аднапляменнік?», «З маўклівых прадонняў» і інш. Відавочна, што пісьменнік, на гэты раз ужо ў ролі даследчыка, гісторыка, этнографа, мовазнаўцы, пакрысе выбіраўся на паўзабытую сцяжыну менавіта беларускага мыслення, якое ацэньвае ўсё, што было, усе «нацыянальныя інтарэсы» беларусаў. На жаль, яго пошук абарваўся на самым узлёце...
    Вось некалькі важных высноў, да якіх цалкам самастойна прыйшоў Іван Ласкоў, уважліва чытаючы многія даследаванні слынных папярэднікаў і сучаснікаў. Ставячыся з безумоўнай павагай, скажам, да працы Валянціна Грыцкевіча «Путешествия наших земляков», ён тым не менш робіць істотныя карэктывы да аўтарскай канцэпцыі, зважаючы на тое, што ў кожным з нас, нават самым стапрацэнтным патрыёце, сядзіць моцная няўпэўненасць у тым, што Беларусь мела дастаткова гістарычных дзеячаў, якімі можна было б ганарыцца перад усім цывілізаваным светам, а ў выніку мы занадта доўга ўзважваем, ці можам аднесці да беларусаў знакамітых продкаў з «каталіцкімі» прозвішчамі, баімся вокрыку збоку, робімся празмерна абачлівымі. У выніку пільнага вывучэння жыццяпісу Эдуарда Пякарскага, героя кнігі В. Грыцкевіча, I. Ласкоў прыходзіць да адназначнага заключэння, што славуты даследчык якуцкай культуры, аўтар першага слоўніка якуцкай мовы быў паводле сваёй нацыянальнай самасвядомасці беларусам: нездарма яго сусед па ссылцы Вацлаў Серашэўскі, па паходжанні і поглядах несумненны паляк, лічыў Э. Пякарскага «зруселым», бо ў тыя часы сярэдзіна, а яе займалі менавіта беларусы, не прызнавалася ні адным, ні другім бокам: ні палякамі, ні рускімі. I гэта толькі адзін з важкіх доказаў беларускасці вучонага. Многія іншыя аргументы, на думку I. Ласкова, наогул не ляжаць на паверхні, і іх унутраны сэнс можа разгадаць толькі чалавек, пазбаўлены звыклай псеўданавуковай зашоранасці ў поглядах на рэчы. Інакш кажучы, аматар, здольны ўлічваць і ўжо адкінутыя аднойчы вучонымі-прафесіяналамі гістарычныя звесткі. Але, дадамо пры гэтым, аматар, які любіць ісціну, а не сябе ў. ісціне. Мовазнаўчыя экзерсісы пісьменніка, што ўразілі многіх адраджэнцаў-сучаснікаў, прыхільніку акадэмізму ў навуцы могуць здацца аматарскімі, несур’ёзнымі, неабгрунтаванымі, і ўсё ж...
    Калі 33 працэнты беларускіх прозвішчаў, сабраных такім выдатным знаўцам этымалогіі, анамастыкі, як акадэмік М. В. Бірыла, з’яўляюцца «цёмнымі» паводле свайго сэнсавага паходжання, то гэта, несумненна, павінна было выклікаць натуральнае жаданне разабрацца. Пачынаць трэба было, і гэта хутка зразумеў I. Ласкоў, з вывучэння геаграфічнай прасторы ў яе сувязі з гісторыяй, інакш кажучы, з лінгвістычнага арэалу, бо адказы на пытанні даследчыкі часта шукалі, зыходзячы з сучасных уяўленняў аб нашых суседзях, у той час як у мінулым суседства наша магло быць іншым. Што магло быць агульнага ў беларусаў з комі-пермякамі? Адказ відавочны: нічога. А I. Ласкоў, як аматар і чалавек мала дасведчаны ў анамасіялогіі, проста зазірнуў у слоўнік і здзівіўся, як шмат агульнага выявілася паміж гэтымі этнасамі, раздзеленымі велізарнымі прасторамі. Тое, што слынным навукоўцам здавалася адступленнем, выключэннем з агульнай упарадкаванасці, рэгулярнасці, аднастайнасці ў пабудове і функцыянаванні моўных адзінак, выяўляла дзіўным чынам моўныя заканамернасці. Многія даследаваныя пісьменнікам прыклады сведчаць, што яны знаходзяцца не на перыферыі, а ў цэнтры (ядры) беларускай лексікі, а значыць складаюць фундамент мовы. Гэта датычыцца і сэнсу, і гучання слоў, якія нявопытнаму воку здаюцца спецыфічна беларускімі. Тысячы і тысячы спалучэнняў слоў, марфем, фанем у выніку ўтварылі своеасаблівую духоўную атмасферу, у якой і жыве сама беларускасць, няўлоўная, цяжка вытлумачальная, але рэальная, як сама беларуская прырода, гісторыя, мова. Каб адчуць гэта, трэба быць, як Іван Ласкоў, чалавекам са свежым, таленавітым позіркам на свет, надта шматстайным, каб аддаваць яго на навуковыя эксперыменты вузкім спецыялістам.

    Раіса Баравікова
                                                                    ЗАПОЗНЕНЫ ЛІСТ
    Ваня... Калі ж гэта было? У тваім і маім дыпломе аб вышэйшай адукацыі значыцца: Масква, Літаратурны інстытут, 1966-1971 гады. Цэлых пяць гадоў мы хадзілі аднымі і тымі ж шляхамі-дарожкамі, заходзілі ў адны і тыя ж аўдыторыі. Прыблізна мы амаль аднагодкі, але гэты ліст, на жаль, ужо запознены... Не ведаю, ці ўспаміналася табе час ад часу тая раніца, калі мы прыйшлі пісаць сачыненне на сваім першым уступным экзамене. Мне яна запомнілася адным момантам, з якога пасля часта смяяўся і ты. За мною сядзеў пачынаючы празаік Жэня Шміт (сляды яго недзе згубіліся ў Маскве, а можа, у Парыжы ці Нью-Ёрку), ён пісаў вольную тэму і чамусьці вырашыў запытацца ў мяне, як пішацца: Экзюперы ці Экзепюры... А я ўвогуле ўпершыню пачула гэтае прозвішча, якое для мяне нічога не гаварыла. Пасля экзамена пабегла ў інстытуцкую бібліятэку і пачала адкрываць для сябе французскага пісьменніка: «...Спазнаць можна толькі тыя рэчы, якія прыручыш, — сказаў Ліс. — У людзей ужо не хапае часу што-небудзь спазнаць. Яны купляюць рэчы гатовымі ў магазінах. Але ж няма такіх магазінаў, дзе гандлявалі б сябрамі, і таму людзі больш не маюць сяброў. Калі хочаш, каб у цябе быў сябар, прыручы мяне...» З гэтага і пачаўся для мяне літаратурны інстытут...
    А для цябе? Экзюперы табе не трэба было адкрываць. Ты быў ужо вельмі сталы ў сваіх літаратурных ведах, ва ўсялякім разе, так мне здавалася. У цябе ўжо была адна нейкая хімічная вышэйшая адукацыя, можа нават і няпоўная, але гэта ўжо і не мела значэння, таму што перавагу ты аддаў літаратуры. У цябе ўжо быў пэўны запас вершаў, і даволі добрых.
    У нашым творчым семінары, якім кіраваў вядомы паэт і перакладчык Леў Адольфавіч Озераў, ты адразу ж стаў пачынаючым творцам нумар адзін, і мы трошкі цябе раўнавалі да Озерава, таму што ён вельмі далікатна, але ва ўсім вылучаў цябе і ставіўся да цябе як да асобы, якая ўжо склалася. Ну, вядома ж, ты тады ўжо не быў пачынаючым. Так, ты быў ужо асобай. Мы не надта гэта разумелі і даволі часта пасмейваліся з тваёй нейкай празмернай аскетычнай сур’ёзнасці, а ты ў сваю чаргу пасмейваўся з ветру, які, магчыма, яшчэ залішне шумеў у нашых галовах. Мы цябе раздражнялі сваім невуцтвам, сваімі свавольнымі ўчынкамі і няўменнем пісаць добрыя вершы. Ды што раздражнялі, нярэдка твайму абурэнню не было межаў! Ну, хаця б узяць такі эпізод... Ён, напэўна ж, заставаўся і ў тваёй памяці. Леў Адольфавіч заўсёды імкнуўся як мага болей пашырыць нашыя літаратурныя веды і нярэдка арганізоўваў нам сустрэчы з жывымі класікамі рускай паэзіі. I вось аднойчы мы пачулі ад яго, што замест творчага семінара паедзем у Перадзелкіна на дачу да Ільі Сяльвінскага. Ты рыхтаваўся да гэтай сустрэчы, ты падрыхтаваў шмат пытанняў і, як пасля сам сказаў, мы ўсё табе і сабе сапсавалі. Прыехалі, расселіся на верандзе, частаваліся нейкай садавіной, і для пачатку Ілья Львовіч папрасіў нас прачытаць па вершу. I адразу ж вызвалася свой верш прачытаць Света Басуматрава (яна на той час пісала вершы на рускай мове). Чытала па-жаночы дзёрзка і распаволена:
                                  ...И уведу в леса, дразня коленями,
                                  хранителя священного огня,
                                  чтоб он забыл о времени, о племени,
                                  и жёнах, не похожих на меня!
    Ты быў праціўнікам усялякіх «каленяў», але, як ні дзіўна, пасля Святланінага верша гаворка стала вельмі жывой. Праз колькі часу Сяльвінскі ўжо сам чытаў нешта з Ганны Ахматавай. I тое, як табе ўяўлялася гэтая сустрэча, міжволі парушылася. I ты вінаваціў у гэтым нашу, як табе здавалася, несур’ёзнасць. А гэта, напэўна, проста была маладосць... Гарачая і эгаістычная. Мы тады, раз’язджаючыся на канікулы, неяк і не задумваліся, чаму ж ты нікуды не збіраешся. А табе проста не было куды ехаць. У цябе не было бацькоў, толькі нейкія далёкія сваякі на Гомельшчыне. I, напэўна, нярэдка большую частку лета ты праводзіў у Маскве, але не марна. Невядома, дзе, з якімі архівамі ты працаваў, але ўжо тады пачалі з’яўляцца часткі твайго «Тамерлана». Цябе вельмі падахвочваў Леў Адольфавіч, у вас ужо былі з ім нейкія свае размовы, ён бачыў у табе вельмі таленавітага сталага паэта. Пабачыла аднойчы і я...
    Озераў запрасіў цябе і мяне паўдзельнічаць у літаратурнай вечарыне, якая наладжвалася ў славутым Політэхнічным музеі і якую ён вёў. З усіх тых удзельнікаў мне запомнілася Сільва Капуцікян, табе, напэўна, запала нейкае іншае імя. Але справа не ў гэтым. Зала была паўнюткая. У Маскве яшчэ быў пік цікавасці да ўсялякай паэзіі. Вось Леў Адольфавіч аб’яўляе тваё імя, гаворыць, што ты яго вучань і студэнт, ты выходзіш да трыбуны і ў поўным сэнсе хаваешся за ёй, усё роўна як хлапчук-падлетак. Зала адпаведна рэагуе, але тут пачуўся твой зычны, добра пастаўлены бас: «Я — мамант...» I зала прыціхла, падпала пад уладу твайго голасу і радкоў... Потым былі доўгія воплескі. Ты быў шчаслівы і ўсхваляваны. Радаваўся і Леў Адольфавіч. Яму вельмі хацелася зрабіць з нас паэтаў, і на гэта ён не шкадаваў ні часу, ні душы.
    А час бег... I штосьці ў табе пачало мяняцца. Ты стаў больш мяккім, болып усмешлівым. Але неяк ці не ў шэсць раніцы пастукаўся да мяне ў пакой. На табе не было твару. «Што здарылася, Ваня?» «Раскажу потым, апранайся, паедзем у інстытут...» — «Дык вельмі ж рана?» Ты сам разумеў, што рана, але табе трэба было выказацца, ты чакаў ад некага суцяшэння. I вось мы едзем ранішняй Масквой, потым прагульваемся па Цвярскім бульвары, залатая восень дыхае ва ўсім... Аказваецца, ты амаль страціў галаву з-за таго, што ў Маскве Дні якуцкай літаратуры, што наша аднакурсніца малады празаік з Якуціі Валя Гаўрыльева гэтай ноччу дзесьці затрымалася з сябрамі, якія прыехалі на гэтыя Дні. I ты не ведаеш, што думаць, што рабіць, як да гэтага ставіцца. Вось яно што!.. Ваня, Ваня... Да цябе прыйшло каханне... Ты быў бездапаможным, неспакушаным у гэтых пачуццях, як дзіцёнак. Я пачала ўсяляк супакойваць цябе, я ўхваляла твой выбар, у Валі была проста незямная прыгажосць і добрае, мудрае сэрца. У нейкі момант на тваіх вачах заблішчэлі слёзы ад вышыні, ад глыбіні твайго пачуцця... А неўзабаве вы сталі мужам і жонкай. I ў цябе з’явілася яшчэ адна радзіма — Якуція. Ты палюбіў той паўночны край, ты з такой любоўю заўсёды гаварыў пра якутаў і, калі да Валі прыязджалі сваякі, спяшаўся пазнаёміць іх з намі. У вас нарадзіўся сын Андрэй. Пакуль ты з Валяй заканчваў інстытут, ён выхоўваўся ў Валіных бацькоў у Якуціі. Але ты вельмі любіў гаварыць пра тое, што твой маленькі сын адчувае сябе беларусам. Помню, як ты расказваў мне, што калі Андрэю паказалі на трактар і сказалі, маўляў, вунь трактар «Беларусь», ён закрычаў: «Не! Не! Беларус — гэта я!» Увогуле, ты сам заўсёды вельмі ганарыўся сваім беларускім паходжаннем. I што тычыцца Беларусі, беларускай літаратуры, да цябе можна было звяртацца, як да энцыклапедыі. Ты насіў у сабе шмат ведаў і там, у Маскве, пры любой магчымасці заводзіў гаворку пра нашу радзіму, мову, паэзію...
    Перад тым, як пачаць пісаць гэты запознены ліст да цябе, я доўга ўглядалася ў фотаздымак нашага выпуску. Вось Люба Філімонава, за ёю Ала Кабаковіч, потым я і тут жа праз некага (на жаль, прозвішча ўжо выпала з памяці) твая Валя. А дзе ж ты? — мільганула думка. Цябе я знайшла ў другім радзе побач з выкладчыкам сучаснай рускай літаратуры Аляксандрам Мікітавічам Уласенкам. Ён беларус, наш зямляк, і гэтаксама, як Леў Адольфавіч Озераў, ва ўсім вылучаў цябе. Вось і перад здымкамі ты пра нешта загаварыўся з ім, ды так і застаўся побач. Потым мы ўсе раз’ехаліся хто куды. Вядома, ты з сям’ёй мог бы вярнуцца ў Мінск, але, відаць, настаяла Валя. Вы паехалі ў Якуцію. Цябе не палохаў гэты выбар. Таленавіты, з агромністай эрудыцыяй, ты мог брацца за любую літаратурную справу: рэдактарскую, перакладчыцкую. I ты рэдагаваў, перакладаў у Якуцку, пісаў вершы, дзіцячыя кніжкі і, як паказаў час, займаўся навуковымі росшукамі. Ты вельмі лёгка авалодваў рознымі мовамі. Ці не табе ў інстытуце прыйшла думка, каб мы, беларусы, вывучалі факультатыўна польскую мову? Мы ўсе цябе падтрымалі, і нам пайшлі насустрач. У нас з’явілася настаўніца, польская пісьменніца і перакладчыца пані Мар’я Даліньска. Мне здавалася, што я ў самым лёгкім становішчы. Тое ж самае, напэўна, думала і Ала Кабаковіч. Мы былі родам з Заходняй Беларусі, нашы маці заканчвалі пачатковую польскую школу, і асобныя польскія словы чуліся намі з дзяцінства. А ты пачынаў з азоў, але спатрэбілася вельмі мала часу, каб ты, што называецца, «улез» у польскую мову, а заадно і ў гісторыю, цалкам. і, калі нам выпала паехаць на міжнародныя курсы паланістаў, што наладжваліся тады пры Варшаўскім універсітэце, ты здзіўляў настаўнікаў сваімі глыбокімі ведамі. Запомнілася твая звычка час ад часу папраўляць акуляры, ты любіў трапны жарт, і ўсе твае эмоцыі заўсёды былі на твары. Хочацца зноў успомніць Экзюперы Не ведаю, што нас прыручала, але ты быў сябрам цяпер ужо далёкай маладосці. I як не ўспомніць адзін з тваіх прыездаў у Мінск, калі я табе сказала: «Ваня, ужо няма Алы Кабаковіч...» Ты здрыганууся, памаўчаў, потым выдыхнуў: «Няўжо?.. Якая бязлітаснасць... Навошта так рана?» А ў мінулым, дзевяноста чацвёртым годзе дзесьці ў самым канцы чэрвеня праз Маскву я ляцела ў Амерыку. З Шарамецьева пазваніла нашай аднакурсніцы маскоўскай паэтцы Раі Раманавай. «А як Ваня Ласкоў? — запыталася яна ў мяне. — Дзе яны цяпер з Валяй?» — «Усё там жа, — адказала я, — у Якуцку. Была ў іх думка пераехаць у Мінск, але, як і ўсюды цяпер, вельмі цяжка з кватэрамі, ды, можа, калі-небудзь і пераедуць!» Мне думалася пра тваё жыццё... А праз месяц, калі вярнулася ў Мінск, у думках я вымавіла амаль твае ж словы: «Няўжо?.. Якая бязлітаснасць... Навошта так рана, Ваня?..»

    Уладзімір Арлоў
                                                                     ІВАН ЛАСКОЎ
    Я дагэтуль памятаю поціск ягонай моцнай і шурпатай, нібыта і не пісьменніцкай рукі.
    Памятаю таўшчэзныя тэчкі з ягоным дагэтуль ненадрукаваным 750-старонкавым даследаваннем пра ўдзел фіна-уграў у нашым этнагенезе. Відаць, не толькі ў мяне ў памяці неадназначны розгалас пасля публікацыі ягонага артыкула на гэтую ж тэму — «Племя пяці родаў».
    Скончыўшы хімічны факультэт БДУ і маскоўскі Літаратурны інстытут, Іван Ласкоў, здавалася б, надзейна атабарыўся на жончынай радзіме ў Якутыі.
    Ён пісаў па-расейску, друкаваўся ў самых прэстыжных маскоўскіх часопісах — ад «Юности» да «Нового мира», выпусціў дзве прыхільна заўважаныя крытыкай паэтычныя кнігі... I раптам вярнуўся да беларускай мовы, на якой пачынаў вершаваць у школе.
                                  Жывая плынь чужое мовы!
                                  Я сам не ведаю, калі
                                  Яе канчаткі і асновы
                                  Мяне падманам аплялі.
                                  Ды я не зведаў з імі шчасця,
                                  Не прасвятліў замерлы змрок,
                                  Не прычасціўся тых причастий,
                                  Глаголом сэрцы не апёк.
    Трэцяя кніга «Кружное лета» выйшла ў «Мастацкай літаратуры» ў 1969-м па-беларуску. Моцна й свежа прагучала пазней ягоная паэма «Кульга» з нечаканым для айчыннай літаратуры героем — сярэднявечным заваёўнікам Тамерланам.
    Іван быў чалавекам прынцыповым і бескампрамісным. Расказваюць, што гэта менавіта ён вывеў на чыстую ваду аднаго нашага даволі вядомага літаратара, які пераклаў і выдаў пад сваім імем цэлую кніжку апавяданняў калегі з расійскай глыбінкі.
    Шукаючы ў якуцкіх архівах беларушчыну, Ласкоў неспадзявана выявіў і зрабіў здабыткам грамадскасці тое, што адзін з «бацькоў» якуцкай літаратуры Платон Аюнскі быў інфарматарам НКУС. Рэакцыя была нечаканай і жорсткай. Саюз пісьменнікаў Якутыі абвінаваціў Ласкова ў паклёпе. Яму забаранілі друкавацца. Газеты, радыё і тэлебачанне распачалі кампанію цкавання пісьменніка. Працягам сталіся пагрозы фізічнай расправы, якія гучалі праз тэлефон, ад незнаёмых сустрэчных на вуліцы.
    Ласкоў, жонку якога таксама зрабілі беспрацоўнай, па сутнасці, застаўся без сродкаў да існавання.
    Проста немагчыма было даць веры, што на календары 1994-ы.
    Ён стаўся апошнім годам Іванавага жыцця.




                                                                          [C. 169.]

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz