wtorek, 19 maja 2020

ЎЎЎ 1. Эвэньня Лямутка. Загадчык Чырвонай Ярангі Стафан Казлоўскі. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2020.



    Стафан-Яраслаў, сын Вінцэнта, Казлоўскі – нар. 21 сьнежня 1944 г. ў в. Талюшаны, у цяперашнім Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці Рэспублікі Беларусь, на беларуска-літоўскім памежжы.
    У лістах з мястэчка Сеймчан Магаданскай вобласьці Стафан Казлоўскі пісаў у Якуцк беларускаму пісьменьніку Івану Антонавічу Ласкову: “Я сам да літаратуры не маю асаблівага дачыненьня, бо толькі зьбіраю «чужую мудрасьць» - эвенскі і цыганскі фальклор, эвенскую выяўленчую народная творчасьць, увогуле - краязнаўца. [...] Вядома, няблага ведаю гісторыю Калымы, ведаў Васіля Лебедзева з Якуцка (быў такі эвенскі паэт), ведаў Сямёна Мікалаевіча Курылава, юкагірскага пісьменьніка. Але шмат цікавей пазнаёміцца з паэтам-беларусам з Якуціі. Толькі, нажаль, не ведаю, ці цікавяць настолькі ж і Вас паўночныя беларусы? Зараз я зьбіраюся прайсьці невялічкім адцінкам шляху свайго земляка І. Д. Чэрскага - ад Сеймчана да Зыранкі і Сярэднякалымску (па заданьню “Вокруг света”, павінен напісаць нарыс пра сёньняшнім і мінулым юкагіраў Верхняй Калымы. Наогул то працую мастаком афарміцелем. [...] Я нарадзіўся пад Вільняй [Вільнюсам], у Астравецкім раёне (былым Сьвірскім). Уся радня амаль загінула ў часе вайны, хто на фронце, хто дома, з голаду або немцы забілі. З вялікай сям’і засталося чацьвёра. [6. VIII. 1986.]
    “На Поўначы я з 1968 году, да гэтага жыў у Растоўскай вобласьці, працаваў у шахце. З Беларусі выехаў у 1962 г., ды і да гэтага больш жыл у Вільні. Бацька ў мяне быў чальцом КПЗБ, сядзеў у Картуз Бярозе, потым загінуў на фронце (у 1945 г.). Маці памерла ў 1946 годзе. У мяне засталіся толькі сёстры і брат, усе яны жывуць на Літве. На Колыме я рабіў спачатку ў капальні волава ля Амсукчана, нават рабіў трохі на знакамітым зараз “Дукаце”, потым - загадчыкам Чырвонай ярангі на Кедоне. Там пазнаёміўся з эвенамі, пасябраваў з імі і, як кажуць, страціў там сэрца і супакой. Толькі не ад каханьня, а ад замілаваньня горнай прыродай і “горцамі Поўначы” - эвенамі, іх мастацтвам, жыцьцём... (Нажаль, назіраў за іх “цывілізацыяй”, а дакладней - падзеньнем). Зараз працую мастаком-афарміцелем, ды не таму, што вельмі падабацца, а проста са здароўем пагоршала, ды і дзеці ў такім узросьце, што трэба бацькоўскае вока (бо Калыма, - гэта Калыма...). На радзіму езьдзім раз у тры гады. Але сувязь з Беларусьсю трымаем – выпісваем літаратуру, пэрыёдыку. Зараз тут жыве цікавая сям’я – Малахоўскія з Мядзела. За ўсё жыцьцё першы раз бачу такіх людзей – яны пастаянна гавораць на роднай мове, нават дзеці у іх, хоць і нарадзіліся тут, гавораць толькі па беларуску. З імі і мы хоць пагутарым, папяём як зьбяромся. Нажаль яны ў сакавіку ад’яжджаюць у Мядзел. Я свае запісы трохі друкаваў у Беларусі, трохі - на польскай і літоўскай - у Вільні. За Вашу прапанову наконт “Палярнай звезды” - вялікі дзякуй! Спрабую штосьці падрыхтаваць, калі атрымаецца. Але я вельмі блага пішу, таму і саромлюся дасылаць. Відавочна бяруць у друк таму што матэрыял цікавы трапляецца? Звычайна ілюстраваў свае артыкулы і казкі фотаздымкамі, слайдамі або малюнкамі. Можа цікава будзе якуцкім чытачам аб эвенскім срэбраным поясе? Гэта пояс з гравіраванымі бляхамі якуцкай работы, зроблены ў 1867 г. (!) з “польскага” срэбра. Яго эвены падаравалі нейкаму беларускаму ссыльнаму на Калыме (у 1870-х гадах), а той прывёз яго ў Вільню. Мне ж яго падарыў стары адзін пасьля лекцыі ў рэдакцыі “Чэрвонэго Штандара” у Вільні, дзе я апавядаў аб Калыме і эвенах. Гэта неблага адлюстроўвае сувязь часоў і лёсу паасобных людзей, народаў. Іван Антонавіч, Вы ж з Магілёва родам? Я там вучыўся цэлых 3 месяцы ў машынабудаўнічым інстытуце, але кінуў, бо не мог жыць за 26 р. стыпэндыі, а на работу ніхто не хацеў браць, бо малы і дохлы быў (ды і ўзрост - 16 гадоў). А людзі мне спадабаліся... [10. ХI. 1986.]
    “Праўда жыцьцё ў Вас склалася шчасьлівей за маё, але мне няма каго вініць, бо магло і горш скласьціся, каб не было маёй сястры - Веранікі Вікенцьеўны. Хоць я і не атрымаў вышэйшай адукацыі, але яна і бабуля мяне навучылі паважаць людзей, сябе... любіць прыроду, прыгажосьць роднай мовы і ўвогуле усяму лепшаму.[...] Сам думаў нібы з мастацтва хлеб ёсьці не будзеш... - ну а потым было позна вучыцца, быў у мяне пэрыяд расчараваньня сабой і ўсім жыцьцём. Нават спрабаваў сьпіцца, але “не атрымалася”. Ну а потым, калі я ўжо кінуў нават марыць аб навуцы - сустрэліся мне эвены са сваім мастацтвам, звычаямі і мне зноў стала цікава жыць. Проста жыць, працуючы на любой пасадзе, робячы любую работу, але задавальненьне ад тых жа кніг альбо ад якой ні якой творчай дзейнасьці. Жонка мяне разумее - і гэта ўжо добра. [...] Яна ж інжынэр-тэхноляг па мэталяапрацоўцы, а ў Сеймчане - дзіцячы бібліятэкар... [2. ІІІ. 1987.]
    “Адразу ж скажу, чаму я зацікавіўся эвенамі, а не ульчамі. Прайсьці міма мастацтва маньчжурскіх народаў Прыамур’я немагчыма, вядома. Вось міма яго і не прыходзяць, нават засьмецілі і сьцяжынкі натапталі, сама горш, што мелі з “турысцкай” павагай да саміх стваральнікаў гэтых цудоўных арнамэнтаў, паданьняў, казак, усё гэта зьбіралася ў той час асабліва, дзеля дэкарацый, альбо каб падкрэсьліць экзотыку. Толькі некалькі чалавек можна назваць, што сапраўды з навуковай дабрадушнасьцю дасьледавалі мастацтва, фальклёр, гісторыю народаў Прыамур’я і Прымор’я. Вялікшыя і цудоўныя з іх - Акладнікаў А. П. Мне давялося з ім пазнаёміцца, але я ўжо быў “закаханы” ў эвенаў і не пагадзіўся з прапановай ісьці працаваць лябарантам да Аляксея Паўлавіча. Тут, праўда, былі і матэрыяльныя матывы. Яшчэ перашкодзіла заняцца ульчамі і тое, што радня маёй жонкі занадта фанабэрыстая ў той час была, ды я ўжо працаваў у “Чырвонай яранзе” сярод эвенаў Каданскіх гор. Мая Эльвіра Паўлаўна з Дечулі (Дясілі - паплечнік у баю), яны па паданьню, у складзе 300 чалавек не скарыўшыся перад манголамі Чынгіса пакінулі горад Лаха-сусу, на лодках і плытах сплавіліся “да мяжы зямель”. І сапраўды, на Тырскім уцёсе стаяў межавы джурджурскі знак і храм. Знак яшчэ зьберагаўся да прыходу банд Хабарава, якія і скінулі яго ў Амур. Апошнія дасьледаваньні антраполягаў, як ні дзіўна, пацьвярджаюць словы гэтага паданьня - ульчы на многіх паказальніках (храналягічныя дасьледаваньні), стаяць асобна ад блізкіх суседзяў і нават, амаль аднолькавых з імі па культуры і мове, нанайцаў, набліжаючыся да паўднёвых народаў. А горад Лаха і зараз існуе ў Маньчжурыі. Прыстаўка “сусу” азначае – “пакінуты горад”, “мёртвы”. Пра эвенаў жа амаль нічога не пісалася, а мне яны неяк адкрыліся, хоць гэта людзі вельмі замкнёныя ў сабе. Як ні дзіўна, я ў іх характары знайшоў шмат агульнага з характарамі людзей нашай роднай мясцовасьці. А потым горныя эвены Калымы яшчэ карысталіся нацыянальным касьцюмамі у звычайным, штодзённым побыце, зьберагалі шмат з народных традыцый, рамёстваў. Я не ведаю, як назваць такія зьявы, калі настаўнікаў-нанайцаў, заслужаных настаўнікаў РСФСР, абражаюць некалькі хамаў, а з натоўпу хоць хто слова сказаў у абарону гэтых пажылых людзей (хоць былі там і інтэлігенты і, нават, міліцыянэр), калі заўсёды нанаец вінаваты ў спрэчнай сытуацыі, калі эвена зьбіваюць за тое, што ён не рускі (і “не знаходзяцца” вінаваўцы), вядома, гэта не расізм, гэта зьява ці не горшая за яго - Ленін гэта адзначаў як вялікадзяржаўны шавінізм, чарнасоценны нацыяналізм... У мяне гэта такую абразу выклікае, ледзь не большую чым “клясычны” расізм. Той хоць без фарысэйства дэкляруе: так “Мы” самыя лепшыя, а ўсе астатнія – ледзь-ледзь не малпы. А нацыяналізм якутаў выпрацаваўся як сродак самаабароны, відавочна. Я ненавіджу расізм, шавінізм і нацыяналізм у любой форме, бо ў жыцьці нагледзеўся і пачуўся ўсяго (з усіх бакоў). Жыў і з цыганамі, і з габрэямі, літвінамі, стараверамі. І ні перад кім не прыкідваўся, заўсёды казаў, я “просты чалавек з-пад Вільні”, але з дзяцінства мяне прызвычаілі паважаць чужыя мовы і звычаі... У Якуціі ідзе своеасаблівае фармаваньне грамадзтва, не такое, як у нашай вобласьці. У нас большасьць абсалютная - прыежджыя, эвены і каракі, юкагіры - згубіліся сярод іх, папраўдзе сказаць - згубілі сябе. Мы іх упарта рыхтуем у тайгу, толькі - у тайгу. А яму не хочацца туды, жыць ён і не умее нічога ў горадзе. Ягоны склад не дазволіць яму вытрымаюць канкурэнцыю, у тайзе - ён таксама ці ледзь не горш за рускага, бо выхаваны ў гарадзкім інтэрнаце. Ад гэтага і нейкі маральны падман. А да таго – яшчэ гэтае “развелось их тут, шкурами провоняли все” на кожным кроку чуюць абарыгены. З гэтага і праблема - 45% эвенаў Калымы - адзінокія (!), а з гэтага заняпад аленегадоўлі, заняпад нацыянальнай (ды і агульнай) культуры... Гэта праблема, аб якой больш гавораць, а для рашэньня якой амаль нічога не робіцца. А робіцца - дык з пункту “хто ж аленяў пасьці будзе?!” Калі ж эвены заікаюцца пра чыста свае спэцыфічныя праблемы (мова, сям’я) - ім адказваюць - вы ж па-руску добра гаворыце? Ці ж не ўсё роўна на якой мове размаўляць? Добра, што не я адзін зараз так кажу. Аказваецца, гэта праблема ўсесаюзная. [...] Ці няма ў Якуцку пласцінак з запісамі народнай якуцкай музыкі і аланхо. Усюды шукаю, ды не дастану. Калі ёсьць - напішу ў гэты магазін. [12. V. 1987.]
    “Думаю, што паўгода папрацую мастаком на ўмовах “свабоды”, бо іначай я ніколі на змагу скончыць свой матэрыял аб юкагірах, ды і ўвогуе што-небудзь людскае зрабіць. [...] Хачу вясной праехаць па Калыме да Зыранкі і падабраць трохі матэрыял аб Чэрскім (ён мой блізкі зямляк), а па-другое - ёсць у нас настаўніца Я. Дуглас, юкагірка, нашчадак пляменьніка Черского. Таксама цікавая лінія. Цікава зьвязаны такія адлеглыя краіны як Віленшчына і Калыма...[12. I. 1988.]
    “Жыды - гэта афіцыйная назва яўрэяў у нашым краі. Я з вялікай павагай стаўлюся да гэтага народа. Нажаль, да свайго народу я адношуся як да дурной, хворай, закаханай у жорсткага п'янчугу, маткі - люблю, шкадую, марна стараючыся дапамагчы і... не маю асаблівай павагі. А сэрца баліць, крыўдна, злосьць бярэ... Іншыя шукаюць вінаватых. Аб’ектыўныя яны вядома ёсьць. Але ў малога сына няма сілы, магчымасьці забіць п’янчужку, няма спосабу вызваліць ад закаханага асляпленьня [...] Ведаю ўсе мовы свайго раёну - мясцовую рускую, мясцовую польскую, трохі літоўскую, жыдоўскую...[21. ХІІ. 1990.]
    “Памёр мой апошні родзіч - удзельнік ІІ сусьветныя войны. Жыў ён у рэспубліцы Вануату (Н. Гебрыды). Аб ім цудоўна напісана ў кнізе Януша Вальневіча “Чорный архипелаг”. Мацей Бахенскі быў капітанам на “Громе”, які затануў пры падзеях апісаных В. Пікулем у “Рэквіеме каравану PQ- 17”. Было яму 75 гадоў... [4. IV. 1991.]
    Літаратура:
*    4432 Хвалько: Чукоц. казка. / Запісаў і апрац. С. Казлоўскі; Мал. К. Куксо || Вясёлка. – 1981. - № 12; 4437 Зімовыя футэркі; Чукачан: Эвен. казкі / Запісаў, апрац. і іл. С. Казлоўскі || Вясёлка. – 1977. - № 1. – С. 10-11. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову, 1976-1991 гг. Паказальнік літаратуры. Скл.: Лідзія Канстанцінаўна Фарасцяная, Лідзія Канстанцінаўна Цітова. Мінск. 1997. С. 149, 150, 167, 181, 185.
*    Баркоўскі А.  Папулязатар эвенскай літаратуры. Запісы эвенскага фальклору з’явіліся на Беларусі дзякуючы намаганням Сцяпана Казлоўскага. // Голас Радзімы. Мінск. № 47. 24 лістапада 1999. С. 6.
*    [А. Баркоўскі.] Эвенская литература в Беларуси. Записал и обработал С. Козловский. Перевод с белорусского Виктории Петрушкиной. // Кыым. Дьокуускай. № 19. Ыам ыйын 23 к. 2000. С. 3.

*    Петрык І.  Мастак з народа. // Астравецкая праўда. Астравец. № 62. 12 жніўня 2000. С. 3.

*    Урбановіч І. “У галоўным усе людзі аднолькавыя”. // Астравецкая праўда. Астравец. № 32. 19 сакавіка 2003. С. 2.

*    Калтан Т.  Таленты – побач. // Астравецкая праўда. Астравец. № 42. 14 красавіка 2004. С. 3.

*    Гіль М.  Жыццё і лёс мастака з-пад Кямелішак. // Барвы. Літаратурна-культаралагічны часопіс. № 2. Паставы. 2004. С. 29-33.

*    Казлоўскі Сцяпан. [Нарадзіліся на Астравеччыне.] //Памяць. Астравецкі раён. Мінск. 2004. С. 453-454.

*    Місевіч В.  Сустрэча з рамантыкам з Талюшанаў. // Астравецкая праўда. Астравец. № 15-16. 5 лютага 2005. С. 2.

*    Козловский С.  Избранные работы по эвенам и другим народам Севера. Койданава. 2010. 42 л.
*    Целеш Л.  Ад Беларусі да Калымы: вандроўнік Стэфан Казлоўскі. // Новы Час. Мінск. № 13 (334). 5 красавіка 2013. С. 15.
*    Целеш Л.  Багацці Стэфана Казлоўскага. // Літаратура і мастацтва. Газета творчай інтэлігенцыі Беларусі. Мінск. № 32 (4730). 16 жніўня 2013. С. 14.
*    Целеш Л.  Рамантык і этнограф з Астравеччыны. Стэфан Казлоўскі сябраваў з Максімам Танкам, жыў на Калыме, вывучаў жыццё эвенаў, пісаў пра іх і прывёз з Крайняй Поўначы шмат цікавых рэчаў. // Голас Радзімы. Газета з Беларусі. Мінск. NO. 13 (3373). 3 красавіка 2014. С. 1, 3.
    Эвэньня Лямутка,
    Койданава
































Brak komentarzy:

Prześlij komentarz