wtorek, 19 maja 2020

ЎЎЎ 2. Эвэньня Лямутка. Загадчык Чырвонай Ярангі Стафан Казлоўскі. Ч. 2. Койданава. "Кальвіна". 2020.

 

 

                                                                МАСТАК 3 НАРОДА

    У Кямелішскім Доме культуры нядаўна праходзіла выстава работ самадзейнага мастака Сцяпана Вікенцьевіча Казлоўскага Наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з творчасцю нашага земляка, які нарадзіўся паблізу вёскі Талюшаны ў 1944 годзе.

    Акрамя яркіх жывапісных пейзажаў Поўначы гледачы ўбачылі арыгінальныя творы разьбы па дрэву. Талент мастака прымусіў расчуліцца нават самых прывярэдлівых аматараў мастацтва. Варта ўзгадаць, што ў мастака даволі складаная і цікавая біяграфія. Ён большую частку свайго жыцця правёў за межамі Беларусг: працаваў на шахтах Данбаса, здабываў золата на Калыме і нават пабываў у Афрыцы. Падарожнік, рамантык, нястомны шукальнік, ён цікавіўся жыццём, побытам, фальклорам народаў Поўначы, дапамагаў ім у нацыянальным адраджэнні, развіцці культуры, мастацтва, вяртанні да жыцця ўласнай пісьменнасці такога малога народа як юкагіры - колькасцю ўсяго ў некалькі соцень чалавек.

    Падчас сваіх вандровак Сцяпан Вікенцьевіч напісаў шэраг непаўторных пейзажаў: “Ноч у гарах на Калыме“, “Ахоцкае мора”, Едуць эвенкі”, зрабіў не адну сотню малюнкаў нацыянальнага адзення, абугку, прадметаў побыту абарыгенаў.

    Вярнуўшыся колькі гадоў таму на радзіму, мастак прыдбаў сабе хатку на зацішным хутары /родны куточак. на жаль, не захаваўся/ і з натхненнем аддаецца творчасці. Яго пэндзлю належаць адноўлены роспіс столі касцёла ў В. Свіранках і, вядома выявы беларускіх краявідаў.

    Сцяпан Вікенцьевіч - нярэдкі госць ў школах раёна, ахвотна распавядае вучням пра свае вандроўкі, паказвае шматлікія экспанаты.

    На здымках: фотакопіі карцін С. В. Казлоўскага.

    Тэкст і фота I. Петрыка.

    /Астравецкая праўда. Астравец. № 62. 12 жніўня 2000. С. 3./

 


 

                                                                  ПОБАЧ З НАМІ

    У Камялішкаўскай школе ўжо даўно працуе прэс-клуб “Свой голас”. Аднойчы госцем яго быў цікавы чалавек, ураджэнец тутэйшых мясцін Сцяпан Вікенцьевіч Казлоўскі, якога, тым не менш, ведаюць ў Кямелішках і нават не толькі ў Астравецкім раёне.

    Мы з захапленнем слухалі аповяды Сцяпана Вікенцьевіча - мастака, вандроўніка, разглядалі фотаздымкі і аўтарскія малюнкі. І сыпалі, сыпалі пытаннямі... Так і нарадзілася гэтае інтэрв’ю.

                                                 “У галоўным усе людзі аднолькавыя”

    - Сцяпан Вікенцьевіч, скажыце, калі ласка, з якой сям’і вы паходзіце, хто былі вашы продкі? Ці даследавалі вы генеалогію свайго роду?

    - Нарадзіўся я ў вёсцы Талюшаны Кямелішскага сельсавета былой Маладзечанскай вобласці. Бацьку звалі Вінцэнты Адамавіч, а маці - Вінцэнта Аляксандраўна. Бацькоў зусім не помню, бо бацька загінуў у 1945 годзе, а маці памерла ў 1946. Я гадаваўся пасля смерці маці ў Падбродзі. Спецыяльна свайго роду я не вывучаў, бо не меў доступу да неабходных дакументаў Звесткі аб сваіх блізкіх і далёкіх продках мог пачэрпнуць хіба з расказаў родзічаў, аднавяскоўцаў

    - Хто з блізкіх пасеяў у вашым жыцці зярнятка любові да людзей, гадаваў парасткі любові да Радзімы?

    - Канешне, родзічы, але найперш бабуля па бацькавай лініі, Юлія Кулевічанка. Гэта была сапраўды незвычайная жанчына. Паненка, яна добра валодала граматай, вывучылася цішком, слухала, як бацька вучыў хлопчыкаў. Ёй давялося шмат і цяжка працаваць. плыты па рэках да Кёнігсберга /цяпер Калінінград/. Назад плытагоны вярталіся пехатой: шкада было грошай на параплаў. Колькі цікавых гісторый ведала, ды як умела іх расказваць! Праз усё жыццё захавала яна шчырасць да людзей, дабрыню, спагаду, любоў да роднай зямлі. Гэтым найважнейшым якасцям яна вучыла і мяне.

    - Калі ў вас абудзілася цікавасць да этнаграфічных даследаванняў? Хто гэтаму паспрыяў?

    - У ва мне ад нараджэння заложана цікавасць да людзей Мне неверагодна цікава сустракацца з людзьмі самых розных нацыянальнасцей, размаўляць з імі, пазнаваць іх звычаі, абрады.

    - Ці памятаеце вы сваё першае адкрыццё?

    - А як жа! Яшчэ маленькім хлопчыкам я адкрыў для сябе, што наша вёска як бы падзелена на часткі, і ў кожнай людзі размаўлялі на сваёй мове, разумеючы і мову суседзяў. У нашым краі жыхары здаўна валодалі дзвюма-трыма мовамі, гэта цяпер - толькі “трасянкай”. Я яшчэ нічога не ведаў пра міграцыйныя працэсы, пра прычыны, што прымушаюць людзей пакідаць сваю радзіму. Але ўжо тады я адкрыў, што разам са сваім набыткам чалавек забірае на новае месца жыхарства і сваю родную мову і шануе, беражэ яе, як найвялікшы скарб. Жывучы на чужыне, лепш цэніш сваё.

    - А якія адкрыцці вы зрабілі ў апошні час?

    - На тэрыторыі нашага сельсавета я адшукаў восем курганных груп, зрабіў іх замалёўкі. У ваколіцах Некрашун адкрыў малое гарадзішча. Яно, як і курганы, не адзначана на археалагічных картах нашай краіны. Спадзяюся выправіць гэтую недакладнасць.

    - Краязнаўства, этнаграфія - гэта не толькі курганы, звычаі, уклад жыцця, а перш за ўсё - людзі. Сустрэчы з якімі людзьмі пакінулі след у вашым жыцці?

    - На маім жыццёвым шляху траплялася вельмі многа добрых людзей. За пражытыя гады я прыйшоў да высновы, што ў галоўным усе людзі аднолькавыя - у Афрыцы ці ў Данбасе, на Чукотцы альбо на Беларусі. Канешне, яны адрозніваюцца звычаямі, колерам скуры, мовай. Але ўсе людзі хочуць, каб іх разумелі, усе гадуюць дзяцей і мараць аб лепшай долі для іх.

    - Што б вы маглі пажадаць, маладому пакаленню?

    - Знайсці сябе ў гэты складаны час і застацца самімі сабой, не здрадзіць сваім юнацкім ідэалам, якія б выпрабаванні ні падрыхтаваў вам лёс.

    - Дзякуй, Сцяпан Вікенцьевіч, за гутарку.

    Ірына Урбановіч, Кямелішкаўская СШ.

    Фота Алеся Юркойця і з архіва С. В.

    /Астравецкая праўда. Астравец. № 32. 19 сакавіка 2003. С. 2./

 



 

                                                             ТАЛЕНТЫ — ПОБАЧ

    Да самых цікавых і індывідуальна-непаўторных творцаў Астравецкага раена можна аднесці Стэфана Вінцэнтавіча Казлоўскага – мастака, этнографа, краязнаўцу і проста добрага шчырага чалавека.

    Жыццёвы лес яго склаўся падобна сюжэту прыгодніцкай кінастужкі: была служба ў Савецкай Арміі, цяжкая праца на шахтах Данбаса, у магаданскай алавянай капальні і ў тайзе. Давялося Стэфану Вінцэнтавічу пабачыць свет: ён пабываў у розных кутках Расіі, доўгі час жыў сярод эвенкаў. наведаў спякотную афрыканскую краіну Сенегал. Вы б чулі, з якой спагадай і жалем расказваў Стэфан Вінцэнтавіч аб беднасці, нястачы і голадзе у якіх даводзіцца жыць сенегальцам. Але не толькі праца і шматлікія падарожжы складаюць жыццё Стэфана Вінцэнтавіча. Эвенскія казкі, палотны родных краявідаў займальная праца этнографа - усе гэта неад’емная частка яго жыцця.

    Не так даўно Стэфан Вінцэнтавіч наведаў Міхалішкаўскую школу. Эмацыянальны настрой які прынёс з сабой наш госць. перадаўся ўсім без выключэння нават гарэзы-першаклашкі з увагай і захапленнем слухалі яго цікавы аповяд. Дарэчы, на сустрэчы было не толькі што пачуць, але і паглядзець. Стэфан Вінцэнтавіч прывёз з сабой свае карціны, у якіх праявілася яго любоў да маленькай радзімы – Астравеччыны. Глядзіш на твор і захапляе дух ад гэтай дасканалай працы. Пры дапамозе пэндзля і фарбы ён перадаў выгляд, а разам з тым і атмасферу хутара Лакцяны ў XIX стагоддзі.

    Акрамя карцін можна было падзівіцца на экзатычныя рэчы, цікавыя фотаздымкі, якія прывёз з сабой Стэфан Вінцэнтавіч. Найбольшай ўвагай карыстаўся маржовы ікол з выгравіраванымі на ім малюнкамі. Як расказаў нам Стэфан Вінцэнтавіч, ікол яму падаравалі эвены - у знак свайго сяброўства і павагі. Таксама за час гэтай прыемнай сустрэчы мы даведаліся, што нашага госця можна лічыць сапраўдным паліглотам - Стэфан Вшцэнтавіч ведае амаль усе славянскія мовы і акрамя гэтага, мову цыганаў і эвенкаў. Пашчасціла нам пачуць гучанне гэтых моў з урыўка звенскай казкі і цыганскай песні.

    А яшчэ Стэфан Вінцэнтавіч адкрыў нам свой сакрэт: ён амаль завяршыў працу над гістарычнай кнігай аб беларускай нацыі. Спадзяемся што неўзабаве мы зможам палюбавацца не толькі яго карцінамі, але і атрымаць асалоду ад літаратурна-гістарычных творау уладальніка шматграннага таленту.

    Таццяна Калтан, Міхалішкаўская СШ.

    /Астравецкая праўда. Астравец. № 42. 14 красавіка 2004. С. 3./









    Міхал Гіль
                                      ЖЫЦЦЁ І ЛЁС МАСТАКА З-ПАД КЯМЕЛІШАК
    Стафан-Яраслаў, сын Вінцэнта нарадзіўся 21 снежня 1944 г. у в. Талюшаны (Жусіны) Астравецкага раёна, дзе жыве і цяпер. Рана застаўся сіратой. Ягоны бацька загінуў у 1945 годзе на фронце, маці памерла, калі яму не было яшчэ двух гадоў. Хлапчуком гадавалі яго бабуля і сястра. Доўгі час правёў за межамі Беларусі: працаваў у Шахтах на Доне, здабываў золата на Калыме і нават у Афрыцы - на рацэ Сенегал. Падарожнік-рамантык, ён цікавіўся жыццём, побытам, фальклорам народаў Поўначы - эвенаў, юкагіраў, нанайцаў, дапамагаў ім у нацыянальным адраджэнні, пісаў пра іх у часопісе “Вокруг света”. Таксама цікавіўся цыганскім і казацкім фальклорам. Карэспандаваўся з беларускім пісьменнікам Іванам Ласковым, які жыў у Якуцку (лісты захаваліся ў архіве). На Поўначы былі напісаны пейзажы “Ноч у гарах на Кальме”, “Ахоцкае мора”, “Едуць эвены” і інш., зроблены малюнкі народных строяў абарыгенаў. Стафан Казлоўскі нават навучыўся ад іх шаманіць. Вярнуўшыся на радзіму, мастак пачаў адраджаць роспісы столі напаўразбуранага касцёла ў Свіранках. Часта сустракаецца з вучнямі школ Астравецкага раёна, расказвае ім пра свае падарожжы. Кабінет гісторыі Мальскай школы ўпрыгожваюць два падарункі Стафана Вінцэнтавіча - жывапісныя партрэты Францыска Скарыны і Льва Сапегі. Шмат карцін мастака знаходзіцца. ў прыватных калекцыях на Беларусі, у Літве, Расіі і Польшчы. Прымае актыўны ўдзел у выставах і пленэрах, якія ладзяцца на Астравеччыне. Акрамя гэтага, Стафан зараз рыхтуе гістарычную манаграфію пра сваю малую Радзіму - вёску Талюшаны, збірае этнаграфічны матэрыял пра побыт жыхароў беларуска-літоўскага памежжа, рыхтуе зборнік казак народаў Поўначы на беларускай мове.
    У лістах з пасёлка Сеймчан Магаданскай вобласці Казлоўскі пісаў ў Якуцк Івану Ласкову: “На Поўначы я з 1968 году, дагэтага жыў у Растоўскай вобласці, працаваў у шахце. З Беларусі выехаў у 1962 годзе, ды і да гэтага больш жыў у Вільні... На Калыме я рабіў спачатку ў капальні волава ля Амсукчана, нават трохі працаваў на знакамітым зараз «Дукаце», потьм - загадчыкам Чырвонай ярангі на Кадоне. Там пазнаёміўся з эвенамі, пасябраваў з імі і, як кажуць, страціў там сэрца і спакой. Толькі не ад кахання, а ад замілавання горнай прыродай і «горцамі Поўначы» - эвенамі, іх мастацтвам, жыццём... Пра эвенаў жа амаль нічога не пісалася, а мне яны адкрыліся, хоць гэта людзі вельмі замкнёныя ў сабе. Як ні дзіўна, я ў іх характары знайшоў шмат агульнага з характарамі людзей нашай роднай мясцовасці. А потым горныя эвены Калымы яшчэ карысталіся нацыянальным касцюмам у звычайным, штодзённым побыце, зберагалі шмат з народных традыцый, рамёстваў... Вядома, няблага ведаю гісторыю Калымы, ведаў Васіля Лебедзева з Якуцка (быў такі звенскі паэт)... Можа цікава будзе якуцкім чытачам даведацца аб звенскім срэбраньм поясе? Гэта пояс з гравіраванымі бляхамі якуцкай работы, зроблены ў 1867 годзе (!) з «польскага серабра». Яго эвены падаравалі нейкаму беларускаму ссыльнаму на Кальме (у 1870-х гадах), а той прывёз яго ў Вільню. Мне ж яго падарыў адзін стары пасля лекцыі ў Вільні, дзе я апавядаў аб Калыме і эвенах... Мая жонка Эльвіра Паўлаўна з Дэчулі, па нацыянальнасці ульчка. Яна інжынер-тэхнолаг па металаапрацоўцы, а ў Сеймчане - дзіцячы бібліятэкар... Памёр мой апошні родзіч - удзельнік другой сусветнай вайны. Жыў ён у рэспубліцы Вануату (Новыя Гебрьіды)... было яму 75 год... У мяне ёсць мара «пракачаваць» усюды, дзе жывуць эвены - ад Нелькану Хабараўскага краю да Ледавітага акіяна... сабраць цэласны эвенскі фальклор... Я свае запіскі трохі друкаваў у Беларусі, трохі “на польскай і літоўскай мовах уВільне...”
    На беларускай мове эвенскі фальклор у запісах С. Казлоўскага і ягоным жа мастацкім афармленні друкаваўся ў газеце беларускіх дзяцей у Польшчы “Зорка” (Беласток), № 16 за 1971 год – “Дзябды-Гівінэ”. “Эвенская народная казка, запісаная ад эвена Пятра Гарпані”, і беларускім дзіцячым часопісе “Вясёлка” (Мінск), № 1 за 1977 год – “Зімовыя футэркі”, “Чукачан”. На рускай мове – “Харчэ” – “Вокруг света”, № 3, 1977 г.; “Узор на лезвии ножа” – “Вокруг света”, № 1, 1985 г.
    Мне пашчасціла пазнаёміцца і пасябраваць са Стафанам Казлоўскім зусім нядаўна, гады са два таму. Часта бываю ў яго хаце на радзіме. Што прыцягвае, выклікае любоў у гэтым чалавеку - яго жыццялюбства, умённе ў малым знаходзіць асалоду. І яшчэ замілаванне да роднай зямлі, яе прыроды. Ён пабачыў шмат земляў і краін, ён як родную прыняў для сябе і ўславіў нацыю эвенаў, пра якую ў яго бадай што самыя прыгожыя карціны. Але ён быў, ёсць і застанецца беларусам. У яго хаце мы глядзелі на вырабы эвенскіх майстроў, на мастацкія вырабы іншых народаў, але размаўлялі мы па-беларуску. І беларускае майстэрства жывапісу, графікі прысутнічала ў час нашай гутаркі. Так, сціпла сёння жыве Стафан Казлоўскі, мае звычайную хату ў Рудзішках, не мае аўтамабіля і іншых прыўкрас цяперашняга, як кажуць, цывілізаванага жыцця. Але ён жыве багацейшым за многіх іншых духоўным жыццём. Сярод кніг, карцін, абразоў. Ён застанецца такім і надалей. І зычыць яму трэба толькі даўгалецця і здароўя, плёну ў простай справе - апяваць нашу родную Беларусь. Унізе працы мастака.



                 /Барвы. Літаратурна-культаралагічны часопіс. № 2. Паставы. 2004. С. 29-33./
 



 



                                        СУСТРЭЧА В РАМАНТЫКАМ З ТАЛЮШАНАЎ

    У СДК вёскі Варона адбылася сустрэча з нашым земляком, надзвычай цікавым і неардынарным чалавекам, краязнаўцам мастаком, этнографам Стафанам Казлоўскім. На гэту сустрэчу былі запрошаны і вучні нашай школы.

    ...У залу ўвайшоў звычайны чалавек, у якога за плячыма такое незвычайнае і багатае на падзеі жыццё. Усе з цікавасцю слухалі яго аповяд, задавалі пытанні На пытанне “Што адметнага ў людзей Астравеччыны?” Стафан Казлоўскі адказаў: “Шмат дзе я пабываў, шмат дзе давялося пажыць. але родная зямля і людзі - гэта непарыўнае і самае дарагое, а значыць і самае блізкае майму сэрцу”. Пра гэта сведчаць і краявіды роднай зямлі ў працах мастака. Асабліва спадабалася нам карціна “Варонскі касцёл”.

    Словы ўдзячнасці выказала дырэктар школы Н. П. Чапукойць і ўручыла яму на памяць маленькі сувенір, а таксама запрасіла да супрацоўніцтва са школай, паколькі тут ідзе работа над стварэннем музея.

    Час сустрэчы прабег хутка. Дзецям вельмі спадабалася. Мы дзякуем усім, хто арганізаваў нам гэтую сустрэчу. Асабліва выказваем падзяку загадчыцы Варонскай бібліятэкі Марыі Станіславаўне Вішнеўскай і старшыні СВК “Полацкі Тракт" Андрэю Уладзіслававічу Янчэўскаму.

    В. Місевіч, Варонская БШ.

    /Астравецкая праўда. Астравец. № 15-16. 5 лютага 2005. С. 2./

 




    Лявон Целеш
                      АД БЕЛАРУСІ ДА КАЛЫМЫ: ВАНДРОЎНІК СТЭФАН КАЗЛОЎСКІ
    Стэфан Вінцэнтавіч Казлоўскі — асоба неардынарная. Яго жыццё — як прыгодніцкі раман. Вандроўнік, мастак, краязнаўца і этнограф. Таму я з радасцю пагадзіўся на прапанову наведацца ў Астравеччыну, дзе вандроўнік кінуў свой якар.
    Выбраліся мы сонечным сакавіцкім ранкам. Цудоўны куточак Беларусі — Астравеччына — заўжды прыцягваў маю ўвагу краявідамі наваколля, багаццем азёр і рэк, помнікамі архітэктуры ды скарбамі традыцый.
    Па дарозе на хутар Рудзішкі, дзе жыве спадар Стэфан, мы наведалі ў Астраўцы рэдакцыю «Астравецкай праўды», якую ўзначальвае выдатная журналістка і пісьменніца Ніна Рыбік. За Астраўцом першай у нашым накірунку трапілася вёска Малі, дзе жыў і працаваў даследчык Кітая і Японіі, падарожнік, першы консул Расіі ў Японіі Іосіф Гашкевіч. Яго бюст усталяваны якраз перад будынкам рэдакцыі.


    Далей праехалі вёску Варняны, вядомую аж з XIV стагоддзя, цэнтр якой упрыгожвае архітэктурны помнік XVIII стагоддзя — касцёл святога Юрыя. На выездзе дарогі разыходзіліся, і ў «навігатары» па мабільніку мы мусілі выклікаць Стэфана Казлоўскага, які ўрэшце і вывеў нас па заблытаных лясных дарогах на свой хутар. Гаспадар сустрэў нас з беларускай гасціннасцю, пачаставаў шыкоўным абедам з мясцовымі «лазанькамі», якіх каштаваць раней ніколі не даводзілася.
                                                                               * * *
    У невялікай сялянскай хаце спадар Стэфан жыве адзін, і нас прыемна ўразіла чысціня, утульнасць пакояў. Алесь Баркоўскі, такі ж вандроўнік па Сібіры, падарыў гаспадару хаты кнігу «С. Казлоўскі. Избранные работы по эвенам и другим народам Севера», якую ён выдаў у сваёй хатняй друкарні. У кнізе — успаміны Казлоўскага пра сваё жыццё, а таксама сабраныя ім казкі і легенды эвенаў.


    Падчас абеду і пасля мы доўга распытвалі Стэфана Казлоўскага пра яго пакручастыя жыццёвыя дарогі.
    Нарадзіўся спадар Стэфан у снежні 1944 года на хутары Рудзішкі, што на беларуска-літоўскім памежжы. Ягоны бацька быў сябрам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, загінуў на фронце ў 1945 годзе, а маці памерла ў 1946 годзе. Асірацелага хлопчыка выхоўвала бабуля, якую ведалі ў наваколлі як чараўніцу.
    Паваенныя гады былі цяжкімі, даводзілася і галадаць. Таму, калі Стэфану споўнілася 18 гадоў, ён выехаў на заробкі — на шахту ў Растоўскую вобласць.
    Яшчэ з дзяцінства Стэфана вабіў свет падарожжаў і прыгод, таму адразу пасля вяртання з войска выправіўся ў Сібір, на Расійскую Поўнач. Давялося яму працаваць на Калыме, а таксама ў складзе геалагічнага атрада шукаць золата ў адной з афрыканскіх краін.
                                                                                     * * *
    Жывучы на Поўначы, Стэфан Казлоўскі цікавіўся жыццём, побытам, фальклорам мясцовых народаў — эвенаў, юкагіраў. Свае назіранні занатоўваў у дзённіках, якія вёў выключна на беларускай мове. У дадатак рабіў замалёўкі абарыгенаў у нацыянальных строях. Так знайшлі сваё развіццё здольнасці да малявання, якія выявіліся ў Стэфана яшчэ ў дзяцінстве. Шэраг карцін з сібірскімі даляглядамі, такімі, як «Ноч у гарах на Калыме», «Едуць эвены» і іншыя, упрыгожваюць сцены пакояў яго хаты.
    На Калыме Стэфан працаваў спачатку ў капальні волава, потым — загадчыкам Чырвонай ярангі, некаторы час — служачым у Магаданскай думе. За 10 гадоў добра пазнаёміўся і пасябраваў з эвенамі, засвоіў іх мову і фальклор, нават навучыўся шаманіць.
    Легенды, казкі эвенаў, занатаваныя Стэфанам Казлоўскім, у яго ж мастацкім афармленні, у свой час друкаваліся ў часопісе «Вокруг света», у газетах «Магаданская правда», «Новая Колыма», у беларускім дзіцячым часопісе «Вясёлка», у польскіх газетах «Czerwony sztandar», «Ніва», «Зорка» (Беласток), у шэрагу іншых выданняў.
    У сваім пісьме да беларускага паэта Івана Ласкова, які жыў і памёр у Якуцку, Стэфан пісаў, што ў характары эвенаў ён знайшоў шмат агульнага з характарам беларусаў — гэта добразычлівасць, гасціннасць, мяккасць. Мясцовыя жыхары на знак павагі да маладога даследчыка падарылі яму нацыянальны эвенскі касцюм і шаманскі бубен.


    На жаль, мне не ўдалося ўгаварыць Стэфана сфатаграфавацца з тым бубнам, бо для яго гэта — сакральная рэч. А вось Алесь Баркоўскі згадзіўся папазіраваць, тым болей што, жывучы ў Якуціі, яму даводзілася сустракацца з шаманамі і слухаць іхняе камланне.
                                                                              * * *
    З мноства рэчаў паўночнай калекцыі Стэфана найбольшай цікавасці варты эвенскі сярэбраны пояс з гравіраванымі бляхамі. Пояс нібыта быў зроблены якутамі ў 1867 годзе з серабра нейкага ссыльнага — удзельніка паўстання 1863 года, а потым падараваны аднаму беларускаму ссыльнаму на Калыме, ён і прывёз той пояс пасля вызвалення ў Вільню. А вось ужо Стэфану Казлоўскаму пояс падараваў адзін стары пасля яго лекцыі ў Вільні аб Калыме і эвенах. Дарэчы, прадзед Стэфана — Тамаш — удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага.
    Аб геалагічных перыядах працы гаспадара нагадваюць шліфы халцэдону, галеніту, кварцыту і іншых горных парод на паліцах у яго сядзібе. А на самым бачным месцы — бел-чырвона-белы сцяжок побач з карцінай святога Стэфана. Ад іх, у кругавую, — кнігі, кнігі. Творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Адама Глобуса. Асобна — зборнічак лірычных вершаў Максіма Танка з аўтографам паэта і цёплымі словамі на памяць Стэфану.
    Гаспадар хаты расказаў, што бацька яго быў да вайны польскім афіцэрам, сябраваў з Максімам Танкам. І даведаўся ён пра тое ад самога літаратара. У 1966 годзе Стэфан Казлоўскі з Калымы напісаў ліст у рэдакцыю часопіса «Полымя», дзе галоўным рэдактарам у той час быў Танк. У сваім зваротным лісце той запытаўся, ці не родзічам яму прыходзіцца Вінцэнт Казлоўскі.
    З таго моманту ліставанне між імі набыло пастаянны характар. Неяк у час адпачынку, прыехаўшы з Калымы ў Мінск, Казлоўскі быў запрошаны Танкам у госці да хаты. Незабыўны вечар. Пісьмы паэта, сумуе Стэфан, на вялікі жаль, не захаваліся: былі выкрадзены нейкімі зламыснікамі разам з іншымі каштоўнымі рэчамі.
    Акрамя беларускай, рускай і эвенскай, спадар Казлоўскі добра валодае таксама літоўскай і польскай мовамі. З намі ён размаўляў выключна па-беларуску. Усе яго сваякі былі беларусамі і, хаця ў касцёле размаўлялі па-польску, дома пераходзілі на беларускую мову.
    Нечакана ён выканаў песню і спытаўся, ці ведаем, на якой мове яна прагучала. Прызналіся — чуем упершыню. Стэфан Вінцэнтавіч запэўніў нас, што гэта славяна-літоўскі дыялект, на якім у далёкім мінулым размаўлялі жыхары старажытнага Нальшанскага княства са сталіцай у Крэве, якое ахоплівала тэрыторыі сённяшніх Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага, Мядзельскага, Пастаўскага раёнаў. Магчыма, у Беларусі няма больш нікога, хто б ведаў нальшанскую мову.
                                                                                * * *
    Дзе б ні вандраваў Стэфан Вінцэнтавіч Казлоўскі, яго заўсёды цягнула на роднаю Астравеччыну. Вярнуўшыся, склаўшы рукі не сядзіць. Аднавіў роспіс столі паўразбуранага касцёла ў вёсцы Свіранкі. Часта сустракаецца з вучнямі школ Астравеччыны, якім расказвае пра свае падарожжы. Школе ў вёсцы Малі падарыў дзве свае карціны — партрэты Францыска Скарыны і Льва Сапегі. Шмат яго мастацкіх прац знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы.
    Добра ведаюць Стэфана Казлоўскага і чытачы «Астравецкай газеты», якая друкуе яго краязнаўчыя матэрыялы. Наведваюць яго госці з суседняй Літвы. Не так даўно прымаў навуковую экспедыцыю выкладчыкаў і аспірантаў Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук археолага В. Вайткявічуса, якую азнаёміў з мясцовымі старажытнымі курганамі, з каменем-следавіком.


    Сціпла сёння жыве Стэфан Казлоўскі ў сваёй сялянскай хаце на хутары Рудзішкі, не маючы ні аўтамашыны, ні іншых атрыбутаў так званага заможнага жыцця. Але ён жыве сваім багатым духоўным жыццём, сярод кніг і карцін, у атачэнні пакуль яшчэ некранутай прыроды.
     /Новы Час. Мінск. № 13. 5 красавіка 2013. С. 15./



    Лявон Целеш
                                                 БАГАЦЦІ СТЭФАНА КАЗЛОЎСКАГА
    Рамантык, вандроўнік, этнограф, мастак-самавук... Усё гэта датычыць Стэфана Казлоўскага. Упершыню пачуў пра яго ад краязнаўцы, дасьледчыка літаратуры і падарожніка Алеся Баркоўскага.
    Калі ж апошні прапанаваў мне наведаць Стэфана Вінцэнтавіча на яго хутары Рудзішкі, што на Астравеччыне, палічыў за падарунак лёсу!
--------------------
    Нарадзіўся гэты цікавы чалавек у сьнежні 1944 года на беларуска-літоўскім памежжы. Яго бацька быў членам Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі, не раз сядзеў у польскай турме, загінуў на фронце ў 1945-м. Праз год памерла і маці хлопчыка, таму яго выхоўвала бабуля. З дзяцінства вабіў Стэфана сьвет падарожжаў, прага першаадкрывальніцтва і прыгод. Адразу пасьля арміі паехаў працаваць на Крайнюю Поўнач. Цікавіўся жыцьцём, бытам, фальклёрам мясцовых народаў — эвенаў, юкагіраў. Свае назіраньні занатоўваў у палявых дзёньніках, якія вёў выключна на беларускай мове. А яшчэ няблага маляваў. Жывучы на Поўначы, удасканаліў майстэрства, напісаў шэраг карцін з сібірскімі даляглядамі, якія сёньня ўпрыгожваюць сьцены яго хаты. У свой час зрабіў і малюнкі нацыянальных касьцюмаў мясцовых жыхароў.
    Пасябраваў з эвенамі, засвоіў іх мову і фальклёр. У той час пра гэтую народнасьць амаль нічога не пісалася. Таму Стэфан быў першым, хто ўдзяліў ім увагу. Артыкулы пра іх побыт, легенды, казкі, занатаваныя і апрацаваныя Стэфанам, друкаваліся ў часопісе “Вокруг света”, у газетах “Магаданская правда”, “Новая Колыма”, “Омсукчанский рабочий”, часопісе “Вясёлка”, польскіх газетах “Czerwony sztandar”, “Ніва”, “Зорка” і іншых выданнях. У характары эвенаў ён знайшоў шмат агульнага з беларусамі: добразычлівасьць, гасьціннасьць, мяккасьць характару.
     Мясцовыя жыхары паважалі маладога дасьледчыка і падарылі яму нацыянальны эвенскі касьцюм, шаманскі бубен. З мноства рэчаў, якія прывёз з Поўначы, вялікай увагі заслугоўвае сярэбраны пояс. Стэфан распавёў, што якуты вырабілі яго ў 1867 годзе са срэбра польскага ссыльнага, удзельніка паўстаньня 1863 года. Потым падарылі пояс беларускаму ссыльнаму, які прывёз унікальную рэч у Вільню. А падарыў пояс Казлоўскаму адзін дзядуля пасьля лекцыі ў Вільні, падчас якой Стэфан расказваў пра Калыму і эвенаў. На вырабе выразна відаць дата — “1867”. Дарэчы, мой субяседнік паведаміў, што яго прадзед Тамаш удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
     Гаспадар расказаў таксама, што яго бацька быў польскім вайсковым афіцэрам, сябраваў з Максімам Танкам. Першае знаёмства самога Стэфана з паэтам адбылося ў 1966 годзе і пачалося з яго пісьма ў рэдакцыю часопіса “Полымя”, дзе галоўным рэдактарам у той час быў Максім Танк. У адказ прыйшоў ліст, у якім паэт спытаў, ці не прыходзіцца Стэфан родзічам Вінцэнту Казлоўскаму. Аказваецца, Максім Танк сябраваў з яго бацькам. Перапіска Стэфана з паэтам набыла пастаянны характар. На жаль толькі, лісты яго не захаваліся.
    Акрамя беларускай, рускай і эвенскай моў, Казлоўскі добра валодае літоўскай і польскай. Падчас гутаркі выканаў на незразумелай мне мове песьню, у якой можна было ўлавіць польскія, літоўскія і беларускія словы. Такую мову чуў упершыню. Стэфан Вінцэнтавіч растлумачыў, што гэта славяна-літоўскі дыялект, на якім у далёкім мінулым размаўлялі жыхары старажытнага Нальшанскага княства са сталіцай у Крэве, якое згадваецца з ХІІІ ст. і ахоплівала тады тэрыторыю сёньняшніх Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага, Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў. З узьнікненьнем Вялікага Княства Літоўскага Нальшанскае княства перастала існаваць. Магчыма, у Беларусі няма больш нікога, хто б ведаў забытую нальшанскую мову.
     Дзе б ні вандраваў С. Казлоўскі, яго цягнула на Астравеччыну. Вярнуўшыся на радзіму, з задавальненьнем акунуўся ў грамадзкае жыцьцё. Займаўся аднаўленьнем росьпісу столі паўразбуранага касьцёла ў вёсцы Свіранкі, часта сустракаўся з вучнямі, расказваў пра свае падарожжы і вучыў любіць свой край.
    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 32. (4730) 16 жніўня 2013. С. 14./



    Лявон Целеш
                                       РАМАНТЫК І ЭТНОГРАФ З АСТРАВЕЧЧЫНЫ
    Стэфан Казлоўскі сябраваў з Максімам Танкам, жыў на Калыме, вывучаў жыццё эвенаў, пісаў пра іх і прывёз з Крайняй Поўначы шмат цікавых рэчаў.
    З Астравецкім раёнам злучаны лёсы многіх выдатных людзей. Там нарадзіўся і жыў паэт, каталіцкі святар Казімір Сваяк, адтуль родам літаратуразнаўца, прафесар Адам Мальдзіс, у вёсцы Малі жыў сёлетні юбіляр, першы консул Расіі ў Японіі Іосіф Гашкевіч, і свае лепшыя творы на Астравецкай зямлі напісаў Генрык Сянкевіч… А вы чулі пра Стэфана Казлоўскага? Пэўна, і яму месца ў ганаровым спісе! Падарожнік, мастак, этнограф, краязнаўца, жыхар хутара Рудзішкі. Пра яго я даведаўся з артыкула Алеся Баркоўскага, які друкаваўся ў “Голасе Радзімы” 24 лістапада 1999 года. Неяк Баркоўскі прапанаваў наведацца ў Рудзішкі да Стэфана Вінцэнтавіча, і я з радасцю згадзіўся.
    Едзем! За рулём аўто — Зміцер, зяць Алеся. Заехалі ў Астравец, наведалі рэдакцыю “Астравецкай праўды”, дзе пры ўваходзе пабачылі бюст Іосіфа Гашкевіча, потым ехалі праз Малі, дзе ён жыў і працаваў. І вось Варняны з прыгожым касцёлам святога Юрыя, адтуль “навігатарам” быў Казлоўскі: па “мабільніку” падказваў маршрут. На хутары Рудзішкі сустрэў нас гасцінна. Прыгатаваў шыкоўны абед: была там мясцовая страва “лазанькі”, наварысты боршч, тушаныя грыбы, збіраць якія гаспадар вялікі аматар. У невялікай хаце жыве ён адзін, і нас прыемна ўразіла чысціня, утульнасць пакояў. Мы ж не з пустымі рукамі прыехалі: Баркоўскі, такі ж апантаны вандроўнік па Сібіры і знаўца яе, як і Стэфан Казлоўскі, падарыў гаспадару кнігу “Степан Козловский. Избранные работы по эвенам и другим народам Севера”. Сюрпрыз для хутараніна! Бо зрабіў выданне Алесь у сваёй дамашняй друкарні. У кнізе — яна ёсць і ў інтэрнэце! — пададзены ўспаміны Казлоўскага, а таксама казкі, легенды эвенаў, ім запісаныя.


    Гаспадар вельмі расчуліўся, доўга дзякаваў сябру за каштоўны дар. У час абеду і пасля шмат расказваў пра свой лёс. Нарадзіўся Стэфан у снежні 1944-га на гэтым жа хутары, на беларуска-літоўскім памежжы. Ягоны бацька быў у кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), за што і сядзеў пры Польшчы ў турме, а загінуў на фронце ў 45-м. І маці праз год памерла… Сірату-хлопчыка выхоўвала бабуля, якую ведалі і як чараўніцу. Цяжкія былі часы, галадалі. Калі Стэфану споўнілася 18, выехаў ён на заробкі ў шахты Растоўскай вобласці. Адсужыў у войску і, паколькі з дзяцінства вабіў яго свет падарожжаў і прыгод, адправіўся ў Сібір, на Крайнюю Поўнач. Працаваў на Калыме, а некаторы час у складзе геалагічнага атрада шукаў золата ў адной з афрыканскіх краін.
    Жывучы на Крайняй Поўначы, Стэфан Казлоўскі цікавіўся жыццём, побытам, фальклорам мясцовых народаў — эвенаў, юкагіраў. Назіранні занатоўваў у палявых дзённіках выключна на беларускай мове. З дзяцінства ў яго праявілася здольнасць маляваць, і на Поўначы ён напісаў шэраг карцін. Прыкладам, “Ноч у гарах на Калыме”, “Едуць эвены” і цяпер упрыгожваюць хату. Рабіў малюнкі нацыянальных касцюмаў абарыгенаў, ёсць карціны і з афрыканскай тэматыкай.
    На Калыме Стэфан працаваў у капальні волава, потым — загадчыкам Чырвонай ярангі (накшталт клуба ў аленяводчым саўгасе), некаторы час — у Магаданскай думе. Добра пазнаёміўся і пасябраваў з эвенамі, амаль за 20 гадоў засвоіў мову і звычаі невялікага паўночнага народа. Навучыўся нават шаманіць. Тады пра эвенаў амаль не пісалі ў друку, а Стэфан — пачаў. Артыкулы яго пра іх побыт, легенды, казкі друкаваліся ў часопісе “Вокруг света” (нарыс “Хэрчэ” ў №3 за сакавік 1977 года — пра нацыянальнае адзенне эвенаў, рамёствы і хэрчэ — мастацтва вышыўкі ёсць у інтэрнэце), у газетах “Магаданская правда”, “Новая Колыма”, у дзіцячым часопісе “Вясёлка”, польскіх газетах “Czerwony sztandar”, “Ніва”, “Зорка” (г. Беласток) ды шэрагу іншых выданняў. У пісьме да беларускага паэта Івана Ласкова, які жыў і памёр у Якуцку, Стэфан пісаў, што ў характары эвенаў ён знайшоў шмат агульнага з характарам беларусаў: добразычлівасць, гасціннасць, мяккасць. Мясцовыя жыхары паважалі даследчыка, падарылі яму эвенскі касцюм і шаманскі бубен, які Стэфан Вінцэнтавіч зберагае як дарагую рэліквію сярод многіх цікавых рэчаў, прывезеных з Поўначы.
    Паказаў гаспадар і эвенскі пояс, з гравіраванымі бляхамі, зроблены якутамі ў 1867 годзе “з польскага серабра” нейкага ссыльнага, удзельніка паўстання 1863 года. Пояс эвены падарылі аднаму беларускаму ссыльнаму на Калыме, той прывёз яго ў Вільню. І перадарыў пояс Казлоўскаму адзін дзед пасля лекцыі ў Вільні, дзе Стэфан расказваў пра Калыму і эвенаў. Пояс, безумоўна, каштоўны як твор мастацтва, на ім выразна відаць дата: 1867. Дарэчы, Стэфан паведаміў: ягоны прадзед Тамаш удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. З Поўначы Казлоўскі прывёз шмат слайдаў, фотанегатываў: ён мае намер з часам перадаць іх у Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.
    Ляжаць на паліцы шліфы горных парод, прывезеныя з Поўначы: халцэдон, галеніт, кварцыт... На покуці — карціна святога Стэфана, гаспадар маляваў. Сярод кніг, якіх у хаце шмат, ёсць зборнік вершаў “Ave Maria” Максіма Танка, які паэт з цёплымі словамі падпісаў на памяць Стэфану. Гаспадар расказаў: бацька яго быў да вайны польскім афіцэрам, сябраваў з Яўгенам Скурко (Максім Танк — яго літаратурны псеўданім). А Стэфан пазнаёміўся з паэтам у 1966-м. Напісаў, кажа, ліст у рэдакцыю “Полымя”, дзе Танк быў галоўным рэдактарам. У адказ прыйшло пісьмо, паэт пытаў: ці не родзіч яму Вінцэнт Казлоўскі? Так Стэфан даведаўся, што яго бацька і паэт сустракаліся, сябравалі. Паміж Мінскам і Калымой усталявалася перапіска. Неяк у час адпачынку Казлоўскі прыехаў у Мінск, Яўген Іванавіч запрасіў яго ў сваю кватэру па вуліцы Кульман, пазнаёміў з жонкай. Пісьмы паэта, на вялікі жаль, не зберагліся: іх выкраў зламыснік разам з іншымі каштоўнымі рэчамі.
    У адным з пакояў у хаце стаіць “Зінгер”: гаспадар — добры швец, умее вырабляць і скуры. Казлоўскі, акрамя беларускай, рускай і эвенскай моваў, добра валодае літоўскай і польскай. З намі ж размаўляў на чыстай беларускай. Усе яго родзічы, кажа, былі беларусамі, у касцёле размаўлялі па-польску, дома — па-беларуску. Стэфан упэўнены: нам трэба трымацца за родную мову, бо калі не гучыць яна — знікае і народ. Спяваў ён і песню, спытаў: ці ведаем, на якой мове? Чулі ўпершыню, а гаспадар патлумачыў: гэта славяна-літоўскі дыялект. Так, па яго словах, у далёкім мінулым размаўлялі жыхары старажытнага Нальшанскага княства са сталіцай у Крэве. Княства згадваецца ў летапісах з ХІІІ стагоддзя, ахоплівала тэрыторыі цяперашніх Астравецкага, Ашмянскага, Мядзелскага, Смаргонскага ды Пастаўскага раёнаў. З узнікненнем Вялікага Княства Літоўскага Нальшанскае княства перастала існаваць.
    Зямляк усюды адчуваў прыцягненне Бацькаўшчыны. Вярнуўшыся, займаўся аднаўленнем роспісу столі касцёла ў вёсцы Свіранкі, часта сустракаецца з вучнямі школ Астравеччыны: расказвае пра падарожжы, вучыць любіць Айчыну. У школу вёскі Малі падарыў партрэты Францыска Скарыны і Льва Сапегі. Шмат яго твораў трапілі ў прыватныя зборы Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы. Добра ведаюць Казлоўскага і чытачы “Астравецкай газеты”, па яго краязнаўчых тэкстах. Наведваюцца да краязнаўца госці і з Літвы, бывалі экспедыцыі з Вільнюскага дзяржуніверсітэта пад кіраўніцтвам доктара навук В. Вайткявічуса. Гаспадар знаёміў гасцей з мясцовымі старажытнымі курганамі, паказваў камень-следавік.
    Сціпла, але паўнацэнным жыццём жыве Стэфан на хутары, не маючы аўто ды іншых атрыбутаў так званага цывілізаванага жыцця. Яго сябры — кнігі, карціны, абразы. Ахвотна прымае гасцей, і хто б з ім ні сустракаўся — кажуць пра жыццялюбства гаспадара, любоў да роднай зямлі, яе прыроды. На разітанне мы пажадалі гаспадару хутара моцнага здароўя, поспехаў у ягоных справах на карысць Бацькаўшчыны — і паабяцалі зноў да яго вярнуцца.
    /Голас Радзімы. Газета з Беларусі. Мінск. NO. 13. 3 красавіка 2014. С. 1, 3./




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz