ПРАДМОВА
Аўтар прапануемай чытачу кнігі — вядомы гісторык, які выдатна ведае даўніну некалькіх разгалінаваньняў гістарычнай навукі: мінулае мэдыцыны, геаграфічных адкрыцьцяў, незвычайных падарожжаў, старажытнай мінуўшчыны Беларусі. Але ў дадатак В. Грыцкевіч адораны рэдкім талентам — папулярызатара гісторыі, яе выдатных падзей і славутых асоб. З архіўных скарбніц, якія для большасьці людзей — такая ж таямніца, як і славуты скарб Напалеона, схаваны недзе на дне аднаго з беларускіх азёр, В. Грыцкевіч ужо шмат гадоў адбірае і паказвае нам здабыткі нашых продкаў, якія запальваюць у сэрцы гонар за Радзіму, прагу да ведаў, пачуцьцё адказнасьці за яе будучыню і гонар.
Чытач добра ведае творчасьць Валянціна Грыцкевіча па кнігах “Шляхі вялі праз Беларусь” (напісана разам з літаратуразнаўцам Адамам Мальдзісам), “Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна”, прысьвечанай беларусам, што шмат зрабілі для культурнага асваеньня і разьвіцьця Сыбіры і Далёкага Ўсходу, асабліва ў мінулым стагодзьдзі.
Кніга “Эдуард Пякарскі”, якую зараз трымае ў руках чытач, належыць да жанру біяграфічнай эсэістыкі. Чым яна цікавая? Перш за ўсё, асобай самога героя — нашага земляка, ураджэнца Міншчыны, рэвалюцыянэра, сасланага царскімі ўладамі ў 1881 годзе ў далёкую Якуцію. Там Пякарскі прабыў 24 гады — трэцюю частку свайго жыцьця. Гэта былі цяжкія гады, але Пякарскі насуперак нягодам не толькі выжыў, але зрабіў, не пабаімся гучных слоў, навуковы подзьвіг — стварыў слоўнік якуцкай мовы, выдаў тры тамы “Узораў народнай літаратуры якутаў”. За гэтыя працы вучоны быў узнагароджаны залатымі мэдалямі Акадэміі навук і Рускага геаграфічнага таварыства, а імя яго набыло сусьветную вядомасьць. Адзін з заснавальнікаў якуцкай літаратуры А. Е. Кулакоўскі ўдзячна пісаў Пякарскаму: “У нас не было літаратуры, а ваш слоўнік павінен паслужыць падмуркам для яе стварэньня... Вы сапраўды заслугоўваеце імя “бацькі якуцкай літаратуры”. Без вас не знайшлося б асобы, у якой хапіла б дзёрзкасьці прыняць на сябе такую каласальную працу, як ваш слоўнік слоўнік.
Біяграфія Пякарскага дае яскравы прыклад таго. як дабрыня, добразычлівасьць, вера, энтузіязм запаляюць пуцяводную зорку. Чалавек, у сэрцы якога не згасае пачуцьцё справядлівасьці, які не паддаецца абставінам, які хоча перайначыць крыўду на праўду, такі чалавек стварае вакол сябе прыцягальнае поле. Праца Пякарскага акрыліла на добрыя справы сотні якутаў.
І яшчэ адзін момант хочацца падкрэсьліць у кароценькай прадмове. Гэта высакародзтва, прыроджаная інтэлігентнасьць асобы Пякарскага, ягоная павага да якутаў, абарона іх культуры, шматгадовая праца на народ, прыгнечаны царскім урадам. Жыцьцё Пякарскага дае нам узор высокага інтэрнацыяналізму, які даказваў сябе справамі.
Людзі накшталт Эдуарда Пякарскага — “соль зямлі, сьвятло сьвету”. Дзе б яны ні апынуліся, іх стваральны дух знаходзіць ніву для плённай дзейнасьці.
Канстанцін ТАРАСАЎ, пісьменьнік.
*
НАД БЕРАГАМІ ВОЛМЫ І ПРЫПЯЦІ
У адзін з пахмурных кастрычніцкіх дзён настаяцелю Сьмілавіцкага парафіяльнага касьцёла трэба было ехаць да цяжка хворай пані з суседняга маёнтка. Арганіст, які заўсёды суправаджаў ксяндза, падрыхтаваў ужо нават сьвятое прычасьце, як раптам каля касьцёла спынілася брычка. З яе выйшла пара кумоў з дзіцём на руках. Яны прыехалі з Пятровічаў, каб ахрысьціць першынца беднай шляхты — Карла (Караля) і Тарэзы Пякарскіх. Хлопчыку было ўсяго два тыдні. Нарадзіўся ён вельмі кволым, і з хростам давялося сьпяшацца.
Незадаволены затрымкай, ксёндз хутка адбыў абрад. Арганіст жа ўнёс у мэтрычную кнігу наступны запіс (захаваўся ў фондзе Э. К. Пякарскага ў архіве Ленінградзкага аддзяленьня Акадэміі навук СССР): «1858 года кастрычніка 28 дня ў Сьмілавіцкім рымска-каталіцкім парафіяльным касьцёле з захаваньнем усіх абрадаў таінства ахрышчана дзіця па імю Эдуард... высакародных Карла і Тарэзы, да шлюбу Дамашэвічаўны, Пякарскіх, законных бацькі і маці сын, народжаны 13 дня гэтага месяца вечарам у гэтай жа парафіі ў фальварку Пятровічах».
Вёска Пятровічы, у якой тады было каля трыццаці хат, і фальварачак пад той жа назвай знаходзіліся непадалёку ад Сьмілавічаў, на беразе выгінастай рэчкі Волмы ў тагачасным Ігуменскім павеце (цяпер гэта Смалявіцкі раён Мінскай вобласьці). Калісьці Пятровічы належалі князям Радзівілам, а ў XIX стагодзьдзі перайшлі ў рукі Вітгенштэйнаў. Гаспадарыць магнатам не было ні часу, ні патрэбы, таму яны здавалі фальварак у арэнду. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя чарговым арандатарам быў Карл Іванавіч Пякарскі, бацька нашага героя.
Належалі Пякарскія да старадаўняга і даволі вядомага шляхецкага роду. Яшчэ ў XVI стагодзьдзі нехта Станіслаў Роліч-Пякарскі прыбыў з нізоўяў Віслы ў Брэст і атрымаў ад вялікага князя літоўскага Сігізмунда II Аўгуста маёнтак Трышына (цяпер Трышына ўвайшло ў межы Брэста, але сьлед ад яго захаваўся ў назьве Трышынскіх могілак). З цягам часу гэты род увайшоў у гісторыю славянскіх народаў. Адзін з Пякарскіх, Міхал, быў у 1620 годзе пакараны за спробу ўчыніць замах на польскага караля Сігізмунда (Жыгімонта) III. Пётр Пякарскі стаў акадэмікам, вядомым дасьледчыкам рускай культуры.
Але паступова ганарлівы шляхецкі род зьбяднеў, і, калі нарадзіўся Эдуард, у Карла Іванавіча, нягледзячы на яго 33-гадовы ўзрост, не было, як кажуць, ні кала ні двара. Сабе на хлеб ён зарабляў арандатарствам. А гэта быў нялёгкі, горкі хлеб, асабліва для сумленнага чалавека, які аказваўся нібы паміж молатам і кавадлам. З аднаго боку, пан патрабаваў, каб фальварак даваў вялікі прыбытак, дзеля чаго аканом павінен быў выціскаць з сялян апошнюю капейку; з другога боку, такі прыгнёт выклікаў натуральнае супраціўленьне прыгонных, якое скіроўвалася часта не на пана — ён жыў недзе далёка, а на аканома, які быў побач кожны дзень і зьяўляўся віноўнікам усіх няшчасьцяў.
Пасьля адмены прыгоннага права ўзаемаадносіны паміж вёскай і фальваркам істотна зьмяніліся: селяніна ўжо нельга было купіць, прадаць, гнаць на паншчыну. Але паколькі зямля па-ранейшаму заставалася пераважна ў руках паноў, сяляне. як і раней, залежалі ад таго, у каго зямля, бо ён ці даваў, ці не даваў работу. Адны ўсё больш багацелі, другія ўсё больш бяднелі. Так было па ўсёй Беларусі, так было і ў Пятровічах.
Архіўныя дакумэнты сьведчаць аб тым, што да 1872 года нядоімкі ў Сьмілавіцкай воласьці дасягнулі вялізных памераў. Сяляне адмаўляліся плаціць падаткі, таму што пасьля неўрадлівага лета не было чаго везьці на кірмаш. Тады ў воласьць прыбыла паліцыя і стала апісваць жывёлу. Сяляне пачалі супраціўляцца і паслалі ў Пецярбург хадакоў. Даведаўшыся пра гэта, мінскі губэрнатар накіраваў у Сьмілавічы салдат. У Пятровічах іх спыніў натоўп сялян. Пачалася бойка. Каб абараніць вёску, сяляне разабралі мост праз Волму. Тады ў Пятровічы паслалі цэлы батальён. Але на гэты раз вяскоўцы схаваліся лесе. Вядома, з дапамогай салдат мясцовыя ўлады дамагліся свайго: сялян уціхамірылі, а жывёлу распрадалі, каб пакрыць нядоімкі...
Выступленьні пятровіцкіх сялян не маглі не ўзьдзейнічаць на настрой Эдуарда, не маглі не выклікаць у яго спачуваньня, жаданьня далучыцца да барацьбы.
Дзіцячыя і юнацкія гады Эдуарда Пякарскага прайшлі ў нястачы. Бацьку даводзілася вандраваць з месца на месца, з дапамогай дакумэнтаў даказваць сваё дваранскае паходжаньне. Сям’я Пякарскіх належала да таго асяродзьдзя, з якога выйшлі Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч і іншыя рэвалюцыйныя дэмакраты. Нягледзячы на некаторыя сацыяльныя прывілеі дробная шляхта жыла ў многім гэтак жа, як і сяляне. Нездарма Карл Пякарскі, страціўшы жонку, аддаў сына-першынца на выхаваньне ў сям’ю беларускага селяніна.
Родная цётка, якая потым узяла хлопчыка да сябе, жыла ў Мінску, у сьціплым доміку, на даходы ад агароду і саду. Падвал цётка здавала салдатам на пастой. Эдуард часта спускаўся да іх: яму падабалася назіраць за тым, як яны чысьцілі і зьбіралі зброю. Гуляў хлопчык разам з дзецьмі беднякоў-суседзяў. Потым ён запіша ў дзёньніку, што адчуваў да іх асаблівую прыхільнасьць, бо яны “не абмяжоўвалі яго ў сяброўстве ўсялякімі ўмоўнасьцямі”.
Вечарамі цётка расказвала Эдуарду пра паўстаньне 1863 года, пра легендарнага Кастуся Каліноўскага, пра тое, як жорстка ўлады расправіліся з паўстанцамі. Хлопчыка захаплялі гэтыя расказы пра імкненьне да свабоды, пра барацьбу за шчасьце народа, пра мужнасьць. Ён уважліва прыглядаўся да цёткі. Яго зьдзіўляла, што цётка, вучачы яго малітвам, выкідвала з іх словы-прашэньні аб здароўі цара, але хутка зразумеў: нельга маліцца за чалавека, служкі якога вешалі паўстанцаў, за адно толькі спачуваньне ім высялялі ў Сыбір цэлыя вёскі. Менавіта цётка вучыла Эдуарда рускай і польскай грамаце. Доўгімі зімовымі вечарамі ён завучваў на памяць рамантычныя баляды Міцкевіча, яго вершы.
Як толькі Эдуард падрос, яго аддалі вучыцца ў Мазырскую гімназію.
У першай палове XIX стагодзьдзя Мазыр быў значным гандлёвым цэнтрам. Сюды па Прыпяці прыплывалі з Украіны караблі, гружаныя пшаніцай і сольлю. Назад ішлі гонкія беларускія сосны для карабельных мачтаў, лён, дзёгаць, сушаныя палескія ўюны. Месьціўся горад на маляўнічых узгорках, з якіх адкрываліся прыгожыя далягляды на Прыпяць і палескія раўніны. Глыбокія пакручастыя яры паміж узгоркамі замянялі вуліцы. Пабачыўшыя сьвет людзі параўноўвалі мясцовы пэйзаж з Каўказам, нават са Швэйцарыяй. Паступова горад мяняў аблічча, будаваўся. Але ў 1864 годзе яго моцна спустошыў вялікі пажар.
На канікулы Эдуард звычайна ехаў у палескае мястэчка Барбароў да стрыечнага дзеда Рамуальда Пякарскага. Мястэчка таксама стаяла на беразе Прыпяці. Тут нават прыпыняўся параход з гучнай назвай “Леў”, які курсіраваў паміж Кіевам і Мазыром.
Рамуальд Пякарскі доўгія гады ўпраўляў панскім маёнткам Клесін, а потым, сабраўшы грошай, пабудаваў на панскай зямлі ўласны дом. Навокал распасьціраліся багатыя дзічынай бязьмежныя лясы, у Прыпяці і яе прытоку Салакучы вадзілася шмат рыбы. Рамуальд Пякарскі быў заўзятым паляўнічым і рыбаловам. Але з гадамі ён стаў скупець і дзівачэць. Цэлымі днямі сядзеў з люлькай у зубах у сваім непрыбраным пакоі, злаваў, калі хто не згаджаўся з ім. Усе павінны былі слухаць яго, рабіць усё, як ён загадаў. Пры ім змаўкала нават яго састарэлая сястра пані Валасецкая, якая вяла ў доме гаспадарку.
У дзеда хлопчыку даводзілася нялёгка. Сын барбароўскага пісара Франц Абрамовіч (пазьней вядомы беларускі хірург) успамінаў: “Становішча Эдуарда Карлавіча як выхаванца скупога дзеда і баламутнай, надакучлівай сваімі выхаваўчымі прыёмамі ягонай сястры было вельмі непрыемным. Гэта відаць з таго, што суседзі і знаёмыя часта шкадавалі няўрымсьлівага вясёлага і разумнага гімназіста, які абуджаў у іх сымпатыі, і пераказвалі недарэчныя эпізоды выхаваўчых прыёмаў, якія зводзіліся да папрокаў у няўдзячнасьці, непавазе, адсутнасьці рэлігійнасьці і г. д.”.
Затоеныя скаргі чуваць і ў пісьмах Эдуарда, адрасаваных бацьку. У адным з іх, падзякаваўшы за прысланыя тры рублі, якія пайшлі на алоўкі і паперу, хлопчык з сумам дадае: “На кожную пакупку мне непрыемна прасіць у дзядулі. Няхай татка будзе ласкавы і вясной прышле мне некалькі рублёў, тады я зрабіў бы сабе касьцюм на лета”. А вось вытрымка з пісьма, адпраўленага з Мазыра некалькімі гадамі пазьней: “Больш за ўсе апрыкрала, што бабуля Валасецкая настойвае, каб тата сам адвозіў мяне ў гімназію. Як яна мне надакучыла, увесь час робячы вымовы, што дзядуля на мяне траціць шмат грошай, а на яе — нічога. Адным словам, мне лягчэй застацца ў Мазыры, чым ехаць у Барбароў на сьвята або канікулы, а ўсё з-за бабулі”. Застаўшыся ў горадзе, Эдуард падзарабляў сабе на жыцьцё тым, што дапамагаў рыхтавацца да заняткаў адстаючым вучням з багатых сем’яў.
І ўсё ж, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, гады, праведзеныя ў Мазыры і Барбарове, далі свой добры плён. Значна пашырыліся веды, кругагляд. У Барбарове юнак слухаў расказы, як яно было пры паншчыне, як надрываліся сяляне, узводзячы для пана Хорвата палац, славуты сваёй раскошай на ўсю губэрню. У Барбарове мала што зьмянілася і пасьля скасаваньня прыгону. Асабліва цяжка працавалася наёмнікам на мясцовых смалакурнях, якія беларускі пісьменьнік і краязнаўца Аляксандр Ельскі называў “фатальным промыслам”. Смалу і дзёгаць тут гналі ў зьедлівым дыме і цяжкім смуродзе. За работу плацілі зусім танна...
Пякарскі рана зразумеў, што навокал творыцца вялікая несправядлівасьць, што народ пакутуе ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Але як змагацца з несправядлівасьцю, юнак яшчэ не ведаў. Перадавыя ідэі даходзілі ў барбароўскую глушэчу з вялікім спазьненьнем. Газэты прыходзілі з чарговым рэйсам парахода “Леў” толькі для пана Хорвата.
А ў сьвеце адбываліся вялікія падзеі: пасьля франка-прускай вайны ўтварылася Парыжская камуна; італьянскія войскі захапілі папскі Рым; у склад Расійскай дзяржавы ўвайшоў Туркестан; шырыліся студэнцкія хваляваньні, рух нарадавольцаў. Але мясцовую шляхту цікавіла толькі тое, якую цану плацілі за збожжа на мазырскіх ды рэчыцкіх кірмашах, за якога паніча выйшла суседзкая паненка ды які пасаг яна з сабой прынесла... Эдуард бачыў абмежаванасьць правінцыяльнага асяродзьдзя, марыў вырвацца ў шырокі сьвет, дзе жылі і змагаліся мужныя людзі, амаль яго равесьнікі...
І такая аказія неўзабаве надарылася. У 1873 годзе Мазырскую гімназію рэарганізавалі ў прагімназію: замест васьмі клясаў у ёй стала шэсьць. Каб атрымаць сярэднюю адукацыю, Эдуарду трэба было ехаць у іншы горад. З паўгода Пякарскі правучыўся ў Мінскай гімназіі. Але на пачатку 1874 года, калі ў Мінск дайшла вестка, што Таганроскую гімназію ўзначаліў былы дырэктар Мазырскай гімназіі Эдмунд Рудольфавіч Рэйтлінгер, чалавек даволі кансэрватыўны, але ўвогуле справядлівы і таму папулярны сярод вучняў, юнак перавёўся туды. Пераехалі ў Таганрог вучыцца сын барбароўскага садоўніка Яўген Іягансон і іншыя сябры Пякарскага па Мазырскай гімназіі. На разьвітаньне Эдуард папрасіў у дзеда на дарогу пяцьдзесят рублёў, паабяцаўшы, што больш зьвяртацца да яго за дапамогай ніколі не будзе.
Таганрог быў, вядома, не раўня Мазыру. Сюды прышвартоўваліся караблі з Грэцыі, Турцыі, Італіі. Яны прывозілі апэльсіны, віно, тытунь, праванскае масла, вывозілі ж скуры, збожжа, ікру. Ціхімі летнімі вечарамі Эдуарду падабалася блукаць па ўзьбярэжжы, чытаць экзатычныя назвы: “Агіяс Нікалаос”, “Меўлудзі-Бахры”, “Сан-Антонія”. Парусныя караблі зьлёгку пагойдваліся на хвалях, рыпелі нацягнутым рыштункам. У гавані добра марылася пра далёкія краіны, будучыню.
У Таганрогу Эдуард Пякарскі блізка сышоўся з рэвалюцыйна настроенай моладзьдзю. Узначальваў яе дваццацідвухгадовы Ісак Паўлоўскі, які кватараваў у мешчаніна Паўла Чэхава, бацькі пісьменьніка.
Юнацтва Эдуарда Пякарскага прыпала на 70-я гады XIX стагодзьдзя. Гэта быў цяжкі і супярэчлівы час. Зусім нядаўна адмянілі прыгоньніцтва, але ў краіне засталіся яго рэшткі, якія перашкаджалі далейшаму разьвіцьцю. Заставалася царскае самаўладзтва. Фэадальны прыгнёт зьмяніўся не менш жорсткім капіталістычным. Сацыяльныя супярэчнасьці, цяжкае і бяспраўнае жыцьцё выклікалі народны пратэст, пачуцьцё абурэньня ў перадавой інтэлігенцыі. Найбольш пасьлядоўнымі барацьбітамі супраць прыгнёту былі ў тыя гады рэвалюцыйныя народнікі, выхадцы з разначынных слаёў насельніцтва.
“Дзейсныя народнікі”, як іх назваў У. I. Ленін, актывізавалі ў 70-х гадах “хаджэньне ў народ”, каб узьняць яго на рэвалюцыю, скіраваную супраць асноў тагачаснага грамадзтва. Але арыентаваліся яны ў сваіх закліках пераважна на сялянства. П. Лаўрову, М. Бакуніну, П. Ткачову і іншым рэвалюцыйным народнікам, якія разьвівалі тэорыю “сялянскага сацыялізму” А. Герцэна і М. Чарнышэўскага, здавалася, што Расіі ўдасца пайсьці сваім, некапіталістычным шляхам. Навошта ж пралетарыят, навошта клясавая барацьба, калі дастаткова адабраць ад паноў зямлю, раздаць яе сялянам — і на зямлі запануе ўсеагульнае шчасьце, запануе сацыялізм... Сёньня мы разумеем усю беспадстаўнасьць, утапічнасьць такіх ілюзій: адзінай рэальнай сілай, якая магла б зьмяніць грамадзтва, мог быць толькі пралетарыят! Але трэба ўлічваць, што ў 70-х гадах, калі клясавыя адносіны былі затушаваны тымі ж фэадальнымі перажыткамі, калі марксізм яшчэ толькі пачынаў сваё шэсьце па Расіі, многія сумленныя людзі зьвязвалі надзеі на лепшую будучыню толькі з сялянствам. Зьявіўся нават заклік: рыхтаваць мужыка да сацыяльнай рэвалюцыі. Як рыхтаваць? Тут народнікі разыходзіліся. Бакунін патрабаваў ад рэвалюцыянэраў, каб яны збліжаліся з народам і неадкладна ўзьнімалі яго на бунт. Ткачоў пагаджаўся з Бакуніным, што рэвалюцыю нельга адкладваць, але асноўную стаўку рабіў не на народ, а па вузкае кола змоўшчыкаў-інтэлігентаў. Лаўроў жа меркаваў, што рашучы ўдар па самаўладзтву трэба рыхтаваць паступова, што без папярэдняй грунтоўнай агітацыі сялянства не ўзьнімеш... Аднак, нягледзячы на такое рознагалосьсе, тэарэтыкаў народніцтва згуртоўвала вера ў творчыя сілы і рэвалюцыйныя магчымасьці шырокіх мас, аб’ядноўвала патрабаваньне актыўнага, узброенага дзеяньня.
Перш-наперш народніцкія гурткі ўзьніклі сярод пецярбурскага студэнцтва. Асабліва вылучалася арганізацыя Мэдыка-хірургічнай акадэміі. Стварылі яе В. Аляксандраў, М. Натансон і М. Чайкоўскі (па прозьвішчу апошняга членаў гуртка называлі “чайкоўцамі”). У арганізацыі былі свае філіялы, адзін з якіх заснаваў студэнт Ісак Паўлоўскі. Летам 1874 года, калі ў Пецярбургу пачаліся арышты, Паўлоўскі пераехаў у Таганрог і стварыў там новы гурток нарадавольцаў. У яго ўвайшлі многія сябры і знаёмыя Пякарскага — Іягансон, Розенблюм, Гутэрман, Арон Паўлоўскі (брат кіраўніка гуртка). Самога Пякарскага, крыху маладзейшага за іх па ўзросту, у арганізацыю пакуль што не прымалі. Але пад уплывам старэйшых таварышаў ён стаў самаадданым і сьмелым прапагандыстам народніцкіх ідэй сярод гімназістаў і гарадзкіх знаёмых. Галоўным аргумэнтам, які павінен быў схіліць моладзь да работы на карысьць сялянству зьяўляўся заклік: “заплаціць доўг народу, коштам якога атрымала адукацыю наша інтэлігенцыя”.
Пякарскі займаўся ў Таганроскай гімназіі. Парадкі ў ёй былі вельмі строгія, кансэрватыўныя. У праграму не ўключаліся творы нават такіх пісьменьнікаў, як Гогаль і Тургенеў. Што ж датычыцца кніг Бялінскага, Дабралюбава, Пісарава, Някрасава, то карыстацца імі забаранялася зусім. Але чыталі іх тут запоем. Пякарскі пазьней прыгадваў: “У маёй памяці засталіся прыемныя ўспаміны пра сумеснае чытаньне розных кніг і пра гутаркі і спрэчкі наконт прачытанага. Усё тое, што было засвоена ў час такіх сумесных чытаньняў, надоўга, калі не назаўсёды, урэзалася ў памяць... Асабліва нам спадабалася патрабаваньне аднаго з аўтараў выхаваць з сябе асобу, якая думае і крытычна адносіцца да свайго акружэньня».
Творы рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў былі той школай, якая фарміравала грамадзкую думку моладзі, выхоўвала ў яе любоў да народа і нянавісьць да самаўладзтва. Асабліва захапляліся тады раманам Чарнышэўскага “Што рабіць?”. Паводле слоў сучасьнікаў, ён стаў сьцягам перадавой рускай моладзі. Пякарскі і яго сябры чыталі мастацкія і публіцыстычныя творы рускай і зарубежнай літаратуры, якія садзейнічалі “выпрацоўцы сумленнасьці і стойкасьці характару”. У сьвядомасьці маладых людзей занатоўваліся ідэальныя вобразы стойкіх змагароў за народную справу, моцных, валявых людзей, гатовых ісьці на сьмерць дзеля агульнага шчасьця.
Пякарскаму і іншым гімназістам кнігі для чытаньня дапамагаў падбіраць выкладчык гісторыі Апалон Іванавіч Бялавін. Аўтар “Нарысаў з мінулага Таганроскай гімназіі” П. Філеўскі ахарактарызаваў яго так: “Гэта быў сур’ёзны настаўнік. ён не стаў любімцам вучняў, як гэта часта бывае з добрымі настаўнікамі гісторыі; для гэтага ён быў занадта сур’ёзны і патрабавальны. Сутыкаючыся вельмі часта з дырэктарам з-за несупадзеньня поглядаў, Бялавін аднойчы перайшоў усялякую мяжу, абараняючы вучня, якога хацелі выключыць за шкодны кірунак думак, які фактычна пацьвердзіўся; па гэтай прычыне ён быў пераведзены ў Адэскую прагімназію”.
Сёньня лёгка зразумець, што меў на ўвазе дарэвалюцыйны гісторык, калі ён пісаў пра той шкодны кірунак думак. Гаворка ішла, вядома, пра захапленьне вучня прагрэсіўнымі рэвалюцыйнымі ідэямі.
На фоне іншых гімназічных педагогаў — інспэктара Дзяканава, што паслужыў А. П. Чэхаву прататыпам “Чалавека ў футарале”, або выкладчыка старажытных моў Урбана, які “нібы паставіў сабе мэту вышукваць палітычна ненадзейных маладых людзей”, Бялавін сапраўды выглядаў “белай варонай”.
Неяк вясной 1874 года Пякарскі зьвярнуўся на перапынку да Бялавіна.
— Апалон Іванавіч! У параўнаньні з маімі аднаклясьнікамі я адчуваю сябе слаба падрыхтаваным. Як мне заняцца самаадукацыяй?
Настаўнік уважліва зірнуў на Эдуарда... У канцы дня ён перадаў вучню сшытак з пералікам кніг для сыстэматычнага чытаньня.
Між тым гурток Паўлоўскага праваліўся. Яго ўдзельнікі кепска захоўвалі кансьпірацыю і былі выдадзены паліцыі нейкай Андрэевай. Яе гурткоўцы спрабавалі пераканаць у сваіх поглядах. Вясной 1875 года былі арыштаваны Іягансон, Лявіцкі і сам кіраўнік Паўлоўскі.
Разгром Таганроскага гуртка быў адным са зьвеньняў масіраванай апэрацыі ўлад, якія хацелі пакончыць з “хаджэньнем у народ”. Паліцыя арыштоўвала прапагандыстаў, і нярэдка ёй дапамагалі тыя ж сяляне і гарадзкія рамесьнікі, якія недаверліва ставіліся да рэвалюцыянэраў.
Пасьля правалу гурткоўцы шукалі віноўнікаў. Не ведаючы сапраўднай прычыны, пачалі падазраваць усіх, у тым ліку і Пякарскага.
Пра гэта Эдуард даведаўся зусім выпадкова. Аднойчы на ўроку ён атрымаў адзінку. Тут жа па клясу разьнёсься гучны шэпт былога гурткоўца Гутэрмана:
— Так яму і трэба, шпіёну!
Юнака моцна ўразілі неабгрунтаваныя падазрэньні сяброў. Вытрымаўшы экзамэн за шосты кляс, ён паехаў з Таганрога бліжэй да родных мясьцін — у Чарнігаў, дзе правучыўся наступныя два гады.
У Чарнігаве Эдуард пасяліўся ў агульнай вучнёўскай кватэры. Тут ён быў “старшым”, адказваў за парадак, за гаспадарку і атрымоўваў за гэта бясплатны харч. Такім чынам, у яго зьявілася магчымасьць не губляць час на рэпэтытарства, а больш займацца.
Пасьля Таганрога Чарнігаў здаўся юнаку правінцыяльным гарадком. Разьмешчаны на высокім беразе Дзясны, ён жыў ціхім, спакойным жыцьцём. Глеб Усьпенскі, які ў свой час тут вучыўся, за дзевяць гадоў да прыезду сюды Пякарскага апісаў так Чарнігаў: “Па абодвух баках (галоўнай) вуліцы стаялі маленькія драўляныя домікі; многія ледзь трымаліся ад старасьці. Трапляліся і мураваныя, толькі што адбудаваныя, але зусім закінутыя — у іх не жыла ніводная жывая душа... На гарадзкой плошчы, як чарапаха, шырока распластаўшыся сваімі ганкамі, нібы лапамі, знаходзіўся драўляны тэатар, з-за яго страхі, побач з таполямі, высоўваўся шпіль ратушы, пабудаванай на старадаўні нямецкі манер, а побач з ратушай узвышалася каланча”. Усьпенскі адзначыў абсалютную цішыню, якая панавала над горадам, і канстатаваў, што “Чарнігаў застаецца выключна горадам чыноўнікаў”.
Чарнігаўскім мяшчанам, якія толькі і ведалі, што марна траціць час, пісьменьнік супрацьпаставіў іншых людзей, “не прывязаных да Чарнігава ніякай рухомай ці нерухомай сілай... Дзякуючы гэтаму гуртку, маладых людзей, у нашым маленькім гарадку чацьвёрты год пасьпяхова існуе маленькая бібліятэка”.
Прагрэсіўную ролю адыгрываў гурток, створаны кіеўскімі народнікамі — Бажко-Бажкоўскім, Аксельродам і інш. Сюды ўваходзілі мясцовыя гімназісты і сэмінарысты. Але прадстаўнікі царскай улады разграмілі гурток у той жа час, што і таганроскі. Пры гэтым у аднаго з членаў знайшлі рукапіс прапагандысцкага часопіса.
На зьмену разгромленаму прыйшоў новы гурток. Узначаліў яго супрацоўнік Чарнігаўскага статыстычнага бюро Васіль Ягоравіч Варзар, які пасьля мясцовай гімназіі скончыў Пецярбурскі тэхналягічны інстытут. Яшчэ ў сталіцы Варзар актыўна ўдзельнічаў у руху народнікаў. У Швэйцарыі ён пазнаёміўся з ідэёлягам народніцкага руху Пятром Лаўровым. Усьлед за ім Варзар заклікаў інтэлігенцыю вывучаць рэвалюцыйную тэорыю, каб несьці яе сялянам.
Варзар напісаў рэвалюцыйную брашуру «Хітрая механіка», якая вытрымала шмат выданьняў і якую рэвалюцыянэры шырока распаўсюджвалі сярод народа. У даступнай для простых людзей форме тлумачылася, што на плячах народа ляжаць усе падаткі, што рукамі працоўных ствараюцца ўсе даброты, вырошчваецца хлеб. Зьвяртаючыся да народа ад яго ж імя, аўтар пісаў: «Усё мы трымаем. Мы ўсіх кормім, даем піць і апранаем. Усе нашай працай жывуць, наш пот і кроў п’юць, але за гэта нас яшчэ і б’юць”.
Выхад Варзар бачыў у народным паўстаньні, у перадачы зямель і фабрык у арцельнае карыстаньне. Новы сацыяльны лад ён так абмаляваў у брашуры: “Каб не было твайго ці майго, а ўсё было б агульнае — брацкае. Каб і працаваў кожны па сваёй сіле, а браў бы — колькі кожнаму трэба, каб у кожнага ні лішкаў, ні недастачы не было”.
Характэрна, што потым, у 1892 годзе, брашура В. Варзара “Хітрая мэханіка” лягла ў аснову беларускага нелегальнага выданьня “Дзядзька Антон”. У беларускай пераробцы невядомы нам аўтар выкарыстаў асноўныя аргумэнты свайго рускага папярэдніка.
Пякарскі паступова зблізіўся з Варзарам і ўвайшоў у яго гурток. У Чарнігаў у гэты час прыехаў старэйшы сябар Пякарскага Іягансон. (У Таганрогу яго ўзялі на парукі, і ён нават змог выехаць за мяжу. Нейкі час прабыў у Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе група народнікаў зьбіралася стварыць калёнію на камуністычных пачатках, потым з падробленым пашпартам вярнуўся на радзіму, жыў на паўлегальным становішчы.) Маючы на ўвазе таганроскія падазрэньні, Іягансон супакоіў Эдуарда, сказаўшы, што яго недатычнасьць да правалу гуртка Паўлоўскага ўстаноўлена. ён можа разьлічваць на поўны давер таварышаў-гурткоўцаў.
Разам з Іягансонам Пякарскі пасяліўся на хутары за дзьве вярсты ад горада. Пад уплывам старшага таварыша юнак уладкаваўся ў шавецкую майстэрню, каб весьці прапагандысцкую работу. Неўзабаве ў доме, дзе жылі сябры, пасяліўся жандар. Устрывожаны Іягансон мусіў пакінуць Чарнігаў, а Пякарскі адмовіўся ад думкі весьці нелегальную работу сярод шаўцоў. Але ў гімназіі ён распаўсюджваў творы Чарнышэўскага і Пісарава, народніцкую газэту “Вперед”, якую выдаваў у Жэневе П. Лаўроў. Пасьпяховай рэвалюцыйнай прапагандзе садзейнічала і вонкавая прывабнасьць юнака. ён умеў выклікаць сымпатыі ўсіх, хто блізка яго ведаў. Сябар Пякарскага Ф. Абрамовіч прыгадваў пазьней, што яго родзічы, асабліва дзьве цёткі ў Чарнігаве, з усіх яго знаёмых выдзялялі якраз Эдуарда і добра пра яго ўспаміналі.
У гэты час некалькі перадавых інтэлігентаў пад уплывам гімназістаў стварылі ў горадзе новую грамадзкую бібліятэку: казённая не магла задаволіць патрабаваньні мясцовай моладзі. Да арганізацыі бібліятэкі прыцягнулі Пякарскага. Ён перадаў туды свае кнігі, камплекты часопісаў “Современник” і “Русское слово” з артыкуламі Чарнышэўскага і Пісарава. Эдуард Карлавіч пазьней успамінаў, што вакол гэтай бібліятэкі “ўтварыўся цэлы гурток вельмі адданых... людзей, а нас, як мне перадавалі, празвалі “чырвонымі”.
Вучоба ў гімназіі не задавальняла Пякарскага. Яму хутчэй хацелася ўліцца ў студэнцкае асяродзьдзе, здавалася, што менавіта там можна дзейнічаць больш актыўна. ён нават рашыў пайсьці на канфлікт з пэдагогамі, каб толькі пакінуць вучобу. Прычына неўзабаве надарылася.
Аднойчы на ўроку Эдуард забыў нейкае лацінскае слова, за што выкладчык паставіў яму адзінку. У адказ юнак нагрубіў, пэдагог запатрабаваў, каб Пякарскі выйшаў з кляса, але той заўпарціўся і адмовіўся.
Калі яго выклікаў дырэктар, ён падаў заяву аб адлічэньні. Дырэктар угаворваў Эдуарда, аднаго з лепшых вучняў гімназіі па матэматыцы. Але Пякарскі адказаў, што цярпець не можа латыні і грэчаскай мовы. Толькі тады дырэктар, заўзяты прыхільнік старажытных моў, не вытрымаў і падпісаў заяву.
У лютым 1877 года Пякарскі пакінуў гімназію. Дзед Рамуальд запатрабаваў, каб ён прыехаў у Барбароў. З тым, што ўнук пакінуў гімназію, ён прымірыўся толькі тады, калі той паабяцаў паступіць у Харкаўскі вэтэрынарны інстытут. Дзед марыў аб тым, што, стаўшы вэтэрынарным урачом, Эдуард зойме высокае становішча ў грамадзтве. На самай жа справе Пякарскага вабіла магчымасьць быць сярод студэнтаў Харкаўскага вэтэрынарнага: у Чарнігаве лічылі, што там канцэнтруецца рэвалюцыйны рух. Студэнты гэтага інстытута настойліва заклікалі сялян да перадзелу зямлі.
У ГУРТКУ БУЦЫНСКАГА
Харкаў, калі туды прыехаў Эдуард Пякарскі, быў горадам са стотысячным насельніцтвам, буйным чыгуначным вузлом, адным з прамысловых і культурных цэнтраў краіны. Студэнты складалі прыкметную частку гарадзкога насельніцтва.
Вэтэрынарны інстытут, куды сабраўся паступаць Пякарскі, быў створаны на базе вэтэрынарнага вучылішча. Інстытуцкі будынак узвышаўся на цэнтральнай вуліцы — Сумской. Вэтэрынарыя ў той час была папулярнай. Пасьля адмены прыгоннага права пачала паскорана разьвівацца гарбарная прамысловасьць, павысіўся попыт на рускія скуры за мяжой. Патрабавалася многа жывёлы, якая пакуль што пакутавала ад заразных хвароб... Краіне патрэбны былі вэтэрынарныя ўрачы. Тыя, хто паступаў у вэтэрынарны інстытут, карысталіся значнымі ільготамі: ад іх не патрабавалі нават дакумэнтаў аб заканчэньні гімназіі. Дастаткова было мець шасьціклясны гімназічны курс, рэальнае вучылішча ці духоўную сэмінарыю.
Прыгадваючы тыя часы, Пякарскі пісаў у сваіх “Урыўках з успамінаў”, апублікаваных у 1924 годзе ў часопісе “Каторга и ссылка”: «У 1877 годзе я паступіў на першы курс Харкаўскага вэтэрынарнага інстытута і адразу ж прыступіў не столькі да вучобы, колькі да знаёмства з маімі новымі сябрамі, і хутка акунуўся ў студэнцкае асяродзьдзе. У большасьці студэнтаў былі прагрэсіўныя і нават рэвалюцыйныя погляды. Такі быў тады агульны настрой моладзі, і мне лёгка было знайсьці таварышаў, блізкіх па духу, тэмпэрамэнту і настрою. Дзейнасьць студэнцкіх гурткоў цалкам захапляла чалавека, у якога былі хоць нейкія грамадзкія інстынкты, і я адразу ж пасьля паступленьня ў навучальную ўстанову — адну з самых свабодных і, так сказаць, радыкальных для таго часу — аказаўся ў коле агульных студэнцкіх інтарэсаў, не пазбаўленых значнага рэвалюцыйнага адценьня”.
Гэта быў час, калі групы рэвалюцыйных народнікаў крытычна асэнсоўвалі няўдачы “хаджэньня ў народ”, пераглядалі ранейшую тактыку “бягучай прапаганды”. Яны аб'ядналіся ў новае, цэнтралізаванае таварыства “Зямля і Воля”, члены якога разгарнулі барацьбу за перадачу ўсёй зямлі ў рукі сялян шляхам узброенага перавароту. Пачалася сыстэматычная, мэтанакіраваная прапагандысцкая работа сярод студэнтаў і незадаволенай адміністрацыйным насільлем часткі інтэлігенцыі, сярод сялян. Многія харкаўскія народнікі адпраўляліся ў вёскі.
У Харкаве Пякарскі адразу ж увайшоў у тую атмасфэру грамадзкіх інтарэсаў, якімі тады жыла перадавая моладзь, стаў удзельнічаць у студэнцкіх сходках, гарачых спрэчках па філязофскіх і сацыяльна-эканамічных праблемах, абмеркаваньнях шляхоў зьвяржэньня царскага самаўладзтва.
Неўзабаве ён зблізіўся са сваім аднакурсьнікам Аляксандрам Баўбельскім, ураджэнцам Мінскай губэрні. Па даручэньню сталічнага народніцкага гуртка Баўбельскі спэцыяльна перавёўся з Пецярбурга ў Харкаў для ўмацаваньня рэвалюцыйных настрояў сярод мясцовых студэнтаў. Сябры пасяліліся на адной кватэры. Разам з імі жыў і стары Прандзецкі, былы ссыльны, удзельнік паўстаньня 1863 года. Паміж кватарантамі вяліся ажыўленыя спрэчкі. Але Эдуард хутка расчараваўся ў сваім земляку з-за фальшывага пафасу, з якім той выступаў перад сябрамі. «Мне наогул не падабалася фразёрства ў прамовах, чым, відаць, і абмяжоўвалася рэвалюцыйнасьць многіх студэнтаў»,— прыгадваў ён пазьней.
Разышоўшыся з Баўбельскім, Пякарскі стаў сябрам гуртка, які ўзначальваў студэнт мэдыцынскага факультэта унівэрсытэта Дзьмітрый Буцынскі. Па словах члена гуртка В. Яфрэмава, гэта група была «самай віднай у Харкаве».
Буцынскі, сын сьвяшчэньніка з Курскай губэрні, карыстаўся папулярнасьцю і павагай гурткоўцаў. Сур’ёзнасьць меркаваньняў. сталасьць поглядаў вылучалі яго сярод моладзі. Народнік М. Папоў, які неаднойчы сустракаўся з Буцынскім, адзначаў яго розум, начытанасьць, бязьмежную адданасьць справе, сьціпласьць. высокую маральнасьць, уменьне адказваць за кожнае сваё слова, захоўваць кансьпірацыю. Ва ўспамінах («Да біяграфіі Д. Буцынскага») Папоў піша: «У гэтай шчуплай маўклівай асобе, з чароўнай усьмешкай на вуснах, было нешта такое, што вабіла да яе тых, хто яе акружаў». Гэтыя вартасьці Буцынскага вымушаны былі прызнаць нават ворагі. Начальнік харкаўскага жандарскага ўпраўленьня дакладваў пра яго начальству: «Буцынскі, нягледзячы на сваю маладосьць і слабы склад цела, валодае выдатнымі разумовымі здольнасьцямі, энэргіяй, стрыманасьцю».
Буцынскі і яго сябры зьбіралі грошы для дапамогі палітычным зьняволеным і арганізацыі іх уцёкаў з турмаў. На сходах вывучалі гісторыю рэвалюцыйнага руху на Захадзе і ў Расіі, вялі прапаганду сярод рабочых, інтэлігенцыі, студэнтаў, гімназістаў, а часткова і сярод сялян.
На рэвалюцыйны настрой членаў гуртка Буцынскага істотна ўплывала тое, што яны штодзённа бачылі, як цяжка жыве харкаўскі пралетарыят. З разьвіцьцём капіталістычных адносін горад хутка рос. Зьяўляліся новыя заводы, фабрыкі, майстэрні. Павялічвалася колькасьць рабочых, а разам з тым незадаволенасьць існуючымі парадкамі.
Паны і купцы, як сьведчаць харкаўскія гісторыкі Д. Багалей і Д. Мілер, сяліліся ў мураваных дамах, што будаваліся калісьці для гаспадарчых патрэб, а бедната знаходзіла прытулак у цёмных сырых падвалах. Яшчэ ў горшых умовах — у начлежках — жыў бяздомны люмпэн-пралетарыят. Умовы ў горадзе былі антысанітарныя: ад запаволеных у сваім сьцёку рэчак, куды траплялі адходы гарбарных прадпрыемстваў, ішоў смурод; у дажджлівыя дні па многіх вуліцах і завулках нельга было прайсьці — яны заліваліся нечыстотамі, што цяклі з суседніх двароў.
У гэтых абставінах рэвалюцыйная дзейнасьць студэнтаў аказвала вялікі ўплыў і на рабочых. У справаздачы харкаўскага губэрнатара за 1877 год гаворыцца: «Кляс фабрычных рабочых, вельмі шматлікі ў Харкаве, вымушае ўзмацніць нагляд і не дае гарантыі ўстойлівасьці ад распаўсюджаньня новых вучэньняў. У асяродзьдзі гэтага насельніцтва рэвалюцыйная прапаганда сустракае пастаяннае спачуваньне...».
Асаблівую ўвагу губэрнатар зьвяртаў на «размовы ў асяродзьдзі фабрычнага насельніцтва, якія падслухаў агент паліцыі,— пра цяжар падаткаў, пра тое, што невядома, на што і куды ідуць грошы, якія зьбіраюць з народа, пра бескантрольнасьць урада і іншыя падобныя меркаваньні, якіх яшчэ некалькі гадоў назад не было чуваць». Адну з прычын незадаволенасьці рабочых аўтар справаздачы справядліва бачыў у дзейнасьці «распаўсюджвальнікаў рэвалюцыйнай прапаганды».
У 1877 годзе Пякарскі і іншыя члены гуртка Дзьмітрыя Буцынскага зьбіраліся разам на кватэрах студэнтаў. Такія сходкі праходзілі вельмі бурна. У палымяных спрэчках умерана настроеныя студэнты разыходзіліся з тымі, чые погляды былі больш радыкальнымі. Першыя ўпарта стаялі на тым, што спачатку трэба павысіць сваю адукаванасьць і толькі потым несьці веды ў масы. Ім пярэчылі прыхільнікі рэвалюцыйных дзеяньняў. Адны з іх прыгадвалі, што ні навука, ні эрудыцыя не могуць перашкодзіць сьвежаму і яснаму розуму спачуваць народным пакутам, змагацца супраць дэспатычнай улады, прынесьці сябе ў ахвяру. Іншыя даказвалі, што навуковыя заняткі часта служаць толькі маскай для палітычна і маральна абыякавых людзей.
На погляды харкаўскага студэнцтва істотна ўзьдзейнічалі працэсы 50 і 193 народнікаў, якія толькі-толькі адбыліся ў Маскве і Пецярбургу. Выступленьні падсудных Бардзінай, Аляксеева, Мышкіна, Здановіча прагучалі абвінавачваньнем супраць царызму. Пётр Аляксееў па-прарочы заявіў, што хутка ўзьнімецца такі рабочы рух, які зьнішчыць ярмо дэспатызму ў краіне.
На схіле гадоў Эдуард Карлавіч прыгадае: «Такое ж глыбокае і моцнае ўражаньне на мяне, як і на іншых, зрабіла прамова Аляксеева. Бясспрэчна, яна адыграла вялікую ролю ў справе ідэалізацыі рабочых наогул і ў прыватнасьці рабочых, якія сталі інтэлігентамі». У ссылцы Пякарскаму давядзецца сустрэцца з Аляксеевым, пасябраваць з ім, дапамагаць яму [* Уплыў Пятра Аляксеева на Пякарскага няправільна асьветлены ў кнізе Л. Астравера “Пётр Аляксееў» (М., 1964). Там бяздоказна сьцьвярджаецца, быццам, прачытаўшы судовую прамову, Пякарскі кінуў нарачоную, сям’ю, унівэрсытэт і пайшоў «у стан Аляксеева».].
На «працэсе 193-х» сапраўдным героем стаў Іпаліт Мышкін, арыштаваны за дзёрзкую спробу вызваліць з вілюйскай ссылкі Чарнышэўскага. У заключнай прамове Мышкін прааналізаваў сацыяльныя асновы народніцтва і высьмеяў афіцыйную пракурорскую вэрсію, нібыта рэвалюцыйны рух у Расіі — зьява выпадковая. ён заклікаў да работы ў масах, да сацыяльнай рэвалюцыі. Пасьля яго выступленьня ў зале, дзе адбываўся працэс, тварылася нешта неверагоднае. Публіка паўскоквала са сваіх месцаў, шумела, жандары рваліся да Мышкіна, але яго таварышы, стаўшы сьцяной, не прапусьцілі стражаў парадку.
Аб тым рэзанансе, які выклікаў «працэс 193-х» сярод харкаўскіх студэнтаў, Буцынскі пазьней пісаў: «Асабліва моцнае ўражаньне на моладзь зрабіла прамова Мышкіна і наогул усё тое, што адбылося тады на судзе. Прамова Мышкіна чыталася натоўпам студэнтаў у зборнай зале унівэрсытэта, у аўдыторыях, — адным словам, не ведаю я, ці быў хоць адзін студэнт, які не чытаў гэтай прамовы. Калі ж працэс закончыўся,... сярод моладзі пачалося моцнае хваляваньне».
Пасьля такога шумнага працэсу многія разьлічвалі, што прысуд не будзе занадта суровы, аднак шэф жандараў Мезенцаў пераканаў Аляксандра II, што ўсялякая літасьць будзе «шкоднай». Зноў арыштоўвалі і высылалі нават адпушчаных на волю. Тых, хто паводзіў сябе на працэсе асабліва незалежна, адправілі ў цэнтральныя катаржныя турмы, дзе зьняволеных трымалі ў самай суровай ізаляцыі.
Супраць драконаўскіх мер узьнялася хваля пратэстаў. У Пецярбургу распаўсюджвалася праклямацыя народнікаў, у якой гаварылася: «Усе гэтыя жорсткасьці патрабуюць адказу. Яго дадуць. Чакайце нас!». Жменька рэвалюцыянэраў абвяшчала вайну магутнаму ўрадаваму апарату.
Амаль у гэты ж час членаў харкаўскага гуртка ўсхвалявала яшчэ адна падзея. Улады арыштавалі і засудзілі многіх студэнтаў і рабочых, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыі, што адбылася 6 сьнежня 1876 года ля Казанскага сабора ў Пецярбургу. Буцынскі назваў гэтае выступленьне першай спробай «паляпшэньня палітычных формаў дзяржавы». Усе хваляваньні моладзі ён разглядаў як ступенькі да больш важных спраў, што выйдуць за межы інтарэсаў аднаго студэнцтва.
Пецярбургскі граданачальнік Трэпаў у час допыту аднаго з арыштаваных — студэнта Емяльянава (Багалюбава) ударыў яго, а затым загадаў высякчы розгамі. Вязьні запратэставалі і ўзбунтаваліся. Тады зноў жа па загаду Трэпава іх зьбілі і кінулі ў карцэр. Вестка пра зьдзекі над Багалюбавым і яго таварышамі выклікала моцнае абурэньне харкаўскіх студэнтаў. Пад петыцыяй пратэсту, пададзенай на імя міністра юстыцыі Палена, дзякуючы дзейнасьці гурткоўцаў Буцынскага падпісаліся чатырыста чалавек.
У той час многія рэвалюцыянэры, пераканаўшыся ў наіўнасьці спадзяваньняў на сялянства, адмовіліся ад работы з вёскай і скіравалі свае сілы на палітычную барацьбу супраць урада шляхам індывідуальнага тэрору. Гурток кіеўскіх рэвалюцыянэраў утварыў «Выканаўчы камітэт», які накіраваў сваю дзейнасьць на правакатараў і асабліва на ненавісных чыноўнікаў. Менавіта з Кіева прыехала ў Пецярбург рэвалюцыянэрка Вера Засуліч. Стрэлам з пісталета яна цяжка параніла Трэпава.
Нават прывілеяваныя колы сталіцы выказвалі спачуваньне рэвалюцыйнай моладзі. Прысяжныя засядацелі апраўдалі Засуліч. Шматтысячны натоўп сустрэў яе ля будынка суда як гераіню. Пазьней Буцынскі зазначаў, што харкаўская моладзь тлумачыла ўчынак Засуліч наступным чынам: «Гэта спроба замаху мела свой сэнс, бо паказала ўсяму грамадзтву, што ў нас магчымыя такія зьявы, як лупцаваньне палітычнага злачынцы і зьбіваньне многіх палітычных злачынцаў, што праводзяцца па загаду начальства».
Рэвалюцыянэры працягвалі помсьціць сваім ворагам. У пачатку лютага ў Растове забілі шпіёна Ніканава. Была спроба зьнішчыць таварыша кіеўскага пракурора Катлярэўскага. Урэшце ў Кіеве быў забіты жандарскі афіцэр Гайкінг. Барацьба рэвалюцыянэраў з царызмам шляхам індывідуальнага тэрору працягвалася.
Усё гэта адбівалася на настроі гурткоўцаў Буцынскага. Як відаць з архіўных матэрыялаў, яны ахвотна чыталі рэвалюцыйныя брашуры украінскага грамадзкага дзеяча Драгаманава («Унутранае рабства і вайна за вызваленьне», «Туркі ўнутраныя і зьнешнія», «Хто нашы ворагі»). Іх зьмест здаваўся вельмі актуальным. Расія якраз закончыла вайну за вызваленьне баўгарскага народа з-пад асманскага прыгнёту, і падобныя выданьні наводзілі на сумны роздум: калі вызвалілі баўгар, далі ім канстытуцыйнае праўленьне, то павінны ўвесьці канстытуцыю і ў Расіі. Але гэтыя спадзяваньні спадзяваньнямі і заставаліся...
На пачатку 1878 года хваляваньні ва унівэрсытэтах узмацніліся. У красавіку студэнты Кіеўскага унівэрсытэта пратэставалі супраць незаконнага арышту мэдыка Падольскага, западозранага ў тэрарыстычным акце. Да мясцовых улад накіроўваліся дэлегацыі, і фактычна гаворка ішла пра абарону грамадзянскіх правоў, пра барацьбу супраць беззаконьня, на што ўлады адказалі новымі рэпрэсіямі. Сто трыццаць чатыры студэнты былі выключаны з унівэрсытэта. Іх выслалі каго ў паўночныя губэрні, каго па месцы жыхарства. Калі іх правозілі праз Харкаў і Маскву, сустрэчы ператвараліся ў палітычныя дэманстрацыі. На маскоўскіх дэманстрантаў, якія суправаджалі карэты з кіеўскімі студэнтамі, напалі каля унівэрсытэта мясьнікі, лабазьнікі і іншыя крамнікі з Ахотнага Рада. Многія юнакі былі сур’езна паранены. На думку рэвалюцыянэраў, гэта была звычайная паліцэйская правакацыя. Рэакцыйны маскоўскі публіцыст Каткоў цынічна назваў яе адказам «простага рускага народа на скандал выбранай публікі, які адбыўся 31 сакавіка» (г. зн. у час апраўдальнага прысуду, вынесенага Засуліч).
З вялікім абурэньнем сустрэла харкаўская моладзь вестку пра расправу над маскоўскімі студэнтамі. “Агульнае заключэньне, — пісаў Буцынскі,— было такое, што незадавальненьне студэнтаў мае палітычны характар, што яно расьце з дня ў дзень”.
Харкаўскія рэвалюцыянэры шукалі саюзьнікаў. Яшчэ раней яны ўстанавілі сувязі з кіеўскімі і адэскімі землявольцамі, чые прадстаўнікі прыяжджалі ў Харкаў, каб даведацца, як тут ідуць справы.
Буцынскі і яго гурткоўцы паступова ўсьведамлялі, што для сацыялізму Расія яшчэ не пасьпела і ўсю энэргію трэба скіроўваць на тое, каб папярэдне заваяваць хаця б частковыя грамадзянскія свабоды.
У ВІХУРЫ ПАДЗЕЙ
Тым часам падзеі разгортваліся далей. 4 жніўня 1878 года народнік С. Краўчынскі ажыцьцявіў сваё папярэджаньне царызму: ударам кінжала ён у цэнтры Пецярбурга забіў шэфа жандараў Мезенцава і зьнік. Урад адказаў суровымі мерамі. Усю краіну абвясьцілі на ваенным становішчы. Справы па палітычных забойствах належала разглядаць ваенным судам.
Сярод студэнтаў стала распаўсюджвацца землявольская брашура «Урадава камедыя або заклік да грамадзтва». У ёй гаварылася, што «самадзяржаўе згубіла ўсялякую глебу пад нагамі; яно ўсюды пільна аглядаецца і ўсюды яму мроіцца полымя крывавай рэвалюцыі... Але рускае грамадзтва павінна зразумець, што трэба не станавіцца на калені, а дабівацца свабоды! Яно павінна зразумець і арганізавацца для барацьбы з урадам».
На гэты заклік адгукнуліся і харкаўскія студэнты: яны часта зьбіраліся па кватэрах, абмяркоўвалі становішча. На такіх сходках гаворка ішла аб тым, што дзеля ўсеагульнага пратэсту трэба ўстанавіць сувязі паміж усімі унівэрсытэтамі, арганізаваць новыя рэвалюцыйныя гурткі. Пазьней Буцынскі прыгадваў: «Менавіта гэта глухое незадавальненьне і прывяло да хваляваньняў у вэтэрынарным інстытуце, бо якраз тут здараліся частыя прычыны для вялікага незадавальненьня».
Хваляваньні ў вэтэрынарным інстытуце адбыліся ў лістападзе 1878 года. Аднавіць ход падзей сёньня нам дапамагаюць успаміны Пякарскага і Буцынскага, а таксама паведамленьні, зьмешчаныя ў «Правительственном вестнике» і ў падпольнай газэце «Земля и Воля», пісьмы відавочцаў падзей, апублікаваныя ў жэнеўскім зборніку «Грамада».
Нават з афіцыйных крыніц відаць, што выкладчыцкі састаў у Харкаўскім вэтэрынарным інстытуце быў намнога слабейшы, чым ва унівэрсытэце. Асабліва нізкім узроўнем сваіх ведаў вызначаўся Жураўскі, які выконваў абавязкі экстраардынарнага прафэсара параўнальнай анатоміі. Каб хоць неяк трымаць уладу над студэнтамі, ён патрабаваў абавязковага наведваньня сваіх лекцый, хоць такі парадак быў даўно адменены ў вышэйшых навучальных установах краіны. Жураўскі па-шкалярску сачыў за моладзьдзю, увёў штодзённыя апытаньні.
Супраць гэтых новаўвядзеньняў Жураўскага Пякарскі і іншыя члены гуртка Буцынскага ўзначалілі дэманстрацыю пратэсту. Перад лекцыяй па анатоміі студэнты сабраліся ў аўдыторыі, і як толькі прафэсар зьявіўся ў дзьвярах, пачалі сьвістаць і тупаць. Некалькі чалавек (з тых, што баяліся непрыемнасьцей) падышлі да Жураўскага і пачалі тлумачыць, што яны не згодны з астатнімі. Прафэсар запісаў прозьвішчы штрэйкбрэхераў. Але дэманстранты вырвалі сьпіс з рук Жураўскага, а яго самога выштурхнулі з аўдыторыі.
Пазьней Буцынскі так растлумачыў свае паводзіны: «Студэнты цэняць добрых прафэсараў... добры прафэсар можа патрабаваць дакладнага веданьня прадмета, помсьціць за адсутнасьць на лекцыях — і студэнты не крыўдзяцца; але калі якая-небудзь навуковая дрэнь пачне прымушаць наведваць лекцыі рэпрэсіўнымі мерамі, тады студэнцтва рашаецца зрабіць усё, каб выгнаць гэтага прафэсара».
Жураўскі падаў скаргу, абвінаваціўшы студэнтаў у тым, што яны нанесьлі яму «зьнявагу дзеяньнем». Быў створаны суд прафэсараў, у склад якога ўвайшлі пэдагогі, што вызначаліся нетактоўнасьцю ў дачыненьні да студэнтаў, паліцэйскімі замашкамі. Пасяджэньні суда ахоўвалі салдаты. Нібы ў насьмешку адным з членаў суда быў сам Жураўскі...
Начальства не выпускала студэнтаў з будынка інстытута і выклікала іх на суд па аднаму. Але, даведаўшыся, што віноўнік беспарадку прысутнічае на пасяджэньнях у якасьці члена суда, юнакі адмовіліся зьяўляцца. Яны вырашылі таксама зьвярнуцца за дапамогай да унівэрсытэцкіх калег. Сабралі сходку, і адзін са студэнтаў-вэтэрынараў выступіў з палымянай прамовай. Ён заклікаў студэнтаў усіх вышэйшых навучальных устаноў да салідарнасьці. Прамова падзейнічала, і прадстаўнікі унівэрсытэта адправілі сваіх дэпутатаў да папячыцеля вучэбнай акругі Жэрве. [* Папячыцель кіраваў адукацыйнымі справамі на тэрыторыі некалькіх губэрняў, якія ўваходзілі ў склад вучэбнай акругі.] Яны патрабавалі прызначыць суд з ліку прафэсараў унівэрсытэта або, у крайнім выпадку, вывесьці Жураўскага са складу суда.
Папячыцель адказаў, што студэнтам адной навучальнай установы не трэба ўмешвацца ў справы другой, прыгразіў, што далейшыя беспарадкі пацягнуць за сабой ахвяры. У адказ на пагрозы з шэрагаў дэпутатаў пачуўся народніцкі заклік: «Будуць ахвяры — будуць і мсьціўцы!».
Тым часам у вэтэрынарным інстытуце сталі паціху распраўляцца з «зачыншчыкамі абурэньня»: пачаліся масавыя арышты. Было арыштавана каля шасьцідзесяці найбольш актыўных удзельнікаў.
Пякарскаму як аднаму з ініцыятараў хваляваньняў давялося хавацца. Спачатку ён жыў у сына мільянэра Харына, а потым у старшакурсьніка Сьнегірова. Апошні параіў Пякарскаму выехаць у Тамбоў, дзе можна было ўладкавацца на работу. З гэтай мэтай Сьнегіроў пайшоў на рызыку і зьвярнуўся ў канцылярыю інстытута, каб Пякарскаму дазволілі выехаць у Курскую губэрню — нібыта на навагоднія канікулы. Інспэктар не ведаў, што Пякарскага трэба затрымаць, і дазвол падпісаў. Але выехаць у Тамбоў было не так проста. Паліцыя працягвала пошукі рэвалюцыянэраў. Даводзілася быць вельмі пільным і асьцярожным.
«...I пачалося для мяне нелегальнае жыцьцё, — успамінаў потым Эдуард. — Пазьней я даведаўся, што суд над віноўнікамі беспарадкаў адбыўся і прыгаварыў пяць студэнтаў вэтэрынарнага інстытута, у тым ліку і мяне, выключыць без права паступленьня ў любую вышэйшую навучальную ўстанову. Апрача таго, грамадзянскія ўлады хацелі выслаць мяне адміністрацыйным шляхам у Архангельскую губэрню на пяць гадоў».
Пякарскі хаваўся на кватэрах сваіх сяброў. Тым часам хваляваньні студэнтаў, як адказ на рэпрэсіі, працягваліся. Адна за другой ва унівэрсытэце наладжваліся сходкі. Каб іх спыніць, кіраўніцтва унівэрсытэта загадала не пускаць студэнтаў пасьля лекцый у будынак, замыкаць дзьверы. Так, 12 лістапада моладзь, якая сабралася на чарговую сходку, знайшла дзьверы зачыненымі. Адзін са студэнтаў пачаў тузаць дзьверы і адчыніў іх. На сходцы прысутнічала чалавек сто. Пасьля яе студэнты мірна разыходзіліся, але тут зайшоў рэктар і запатрабаваў больш тут не зьбірацца. Калі студэнты выйшлі на вуліцу, яны ўбачылі конных узброеных казакаў, што акружалі ўваход у будынак унівэрсытэта.
З цікавасьці студэнты спыніліся каля дзьвярэй. Да іх пад’ехаў харкаўскі губэрнатар князь Крапоткін. Ён загадаў усім разысьціся. У іншым выпадку, сказаў князь, будзе аддадзены загад страляць. Студэнты паслухаліся, але адзін з іх, Лесавіцкі, вярнуўся і сказаў Крапоткіну:
— Дарэмна вы клікалі казакаў. Гэтая мера толькі раззлуе студэнтаў.
Князь палічыў такія словы дзёрзкімі і даў загад арыштаваць Лесавіцкага. У паліцэйскім участку яго моцна зьбілі.
На наступны дзень на студэнцкі сход прыйшлі рэктар Пітра і папячыцель Жэрве. Пачаліся ўгаворы. Спачатку ўсё было адносна спакойна, але вось у залю ўвайшоў Лесавіцкі. Ён расказаў пра тое, як паступілі з ім паліцэйскія. Расказ выклікаў гнеўнае абурэньне і новыя хваляваньні.
Жывучы на напаўлегальным становішчы, Пякарскі даведаўся ад сяброў, што харкаўскія студэнты зьвярнуліся да моладзі іншых гарадоў з заклікам уключыцца ў барацьбу з паліцэйскімі парадкамі ў вышэйшай школе. Першымі ў падтрымку харкаўчан выступілі студэнты Пецярбургскага унівэрсытэта і Мэдыка-хірургічнай акадэміі. Апошнія рашылі зьвярнуцца з прашэньнем да царэвіча. У прашэньні яны выказалі пажаданьні мець права зьбірацца па студэнцкіх справах і пасылаць сваіх дэпутатаў да начальства. У адказ граданачальнік сталіцы Зураў загадаў казакам студэнтаў разагнаць. Адных зьбілі нагайкамі, другіх кінулі ў казармы Маскоўскага палка...
Чуткі пра выступленьні харкаўскіх студэнтаў разварушылі моладзь Масквы і Адэсы, знайшлі водгук у Кіеве. У Кіеўскім унівэрсытэце распаўсюджваліся праклямацыі «Студэнтам усіх вышэйшых навучальных устаноў» і «Да ўсіх, каму трэба ведаць», выпушчаныя землявольцамі ў сувязі з хваляваньнямі. Трапілі рэвалюцыйныя праклямацыі і да Пякарскага. У адной з іх ён прачытаў:
«Харкаўскіх студэнтаў унівэрсытэта і вэтэрынарнага інстытута аддалі пад суд; на іх быў зроблены напад узброенай сілы, як на непрыяцеля, іх білі паліцэйскія чыноўнікі і зьневажалі іх.
За што?
За тое, што харкаўскія вэтэрынары не хацелі падначаліцца шкалярскім парадкам, штодзённым рэпэтыцыям, якія выдумаў прафан у навуцы прафэсар Жураўскі».
З праклямацыі Пякарскі даведаўся пра барацьбу супраць статута вышэйшых навучальных устаноў. Яму давалася такая ацэнка: «Статут сапраўды дзікі, зьневажальны для навучэнцкай моладзі вышэйшых навучальных устаноў. Дзіўна не тое, што ён выклікаў сутычкі і пратэсты з боку моладзі, а тое, што ён змог праіснаваць да цяперашняга моманту.
На нашай радзіме, у краіне патэнтаванага невуцтва, якая гіне ад недахопу адукаваных людзей, — чалавек, які шукае вышэйшай адукацыі, трактуецца па статуту як парыя або нават як чалавек, што займаецца цёмнымі або несумленнымі справамі. Ён падлягае ўзмоцненаму нагляду паліцыі, ён — жандарскае мяса.
Законнае ўсё тое, што скоўвае і прасьледуе навучэнцкую моладзь, беззаконнае ўсё тое, што прызнае ў ёй грамадзяніна і чалавека.
Тлумачыць пра свае справы студэнту не дазваляецца. Заявы аб сваіх патрэбах лічацца бунтам. Пры сутыкненьні з прафэсарам студэнт заўсёды застаецца вінаватым: на прафэсараў суда няма нідзе.
Вось сутнасьць правіл».
Праклямацыя заканчвалася заклікам задумацца, «што больш каштоўнае для грамадзтва — правілы для студэнтаў, або студэнты, для якіх гэтыя правілы выдуманы».
Рускаму грамадзтву прапанавалася вырашыць і другое пытаньне: «ці можна з-за капрызу Жураўскага і Жэрве засудзіць некалькі сотняў заўтрашніх асьветнікаў і дзеячаў зямлі рускай».
Улады рашылі канчаткова расправіцца з моладзьдзю. 7 сьнежня выйшла пастанова аб забароне сходак і збораў не толькі на вулІцах і плошчах, але і ў навучальных установах. 13 сьнежня, у другой палавіне дня, ва унівэрсытэце вывесілі аб’яву аб закрыцьці яго на зімовыя канікулы.
На наступны дзень студэнты, якія аб’явы не бачылі, прыйшлі на заняткі. Даведаўшыся, што іх не будзе, студэнты выйшлі на вуліцу і ўбачылі вакол унівэрсытэта ланцуг гарадавых. За імі тоўпіўся народ, прываблены незвычайным відовішчам.
«Сабраўшы натоўп, — пісаў потым адзін з відавочцаў, — нашы «пампадуры» пачалі ўгаворваць яго разысьціся. Студэнты адказалі, што яны не сыходзіліся, прыйшлі кожны па сваіх справах і пойдуць, калі ім будзе такая патрэба. Тут чыноўнік, які замяшчаў губэрнатара, прыгразіў прысутным, што пашле за нагайкамі.
З шэрагаў студэнтаў крыкнулі ў адказ:
— Пасылайце!
Пад’ехалі ўзброеныя казакі. Сваімі коньмі яны напіралі на студэнтаў. Хваляваньне ўзмацнілася. На вачах у прысутных гараджан казакі пусьцілі ў ход нагайкі, тапталі студэнтаў... Ад азьвярэлых казакаў перапала і аднаму лябаранту, які спрабаваў заступіцца за студэнтаў, і прафэсару Уладзіміраву. Казакі цягалі студэнтаў за валасы, ламалі насы. Калі афіцэр загадаў адступіць, адзін казак усклікнуў:
— Эх! Не далі нават пагрэцца!
Акрываўленыя студэнты сабраліся ў бліжэйшай кухмістарскай. Было вырашана папрасіць падтрымкі ў прафэсараў.
Расправа над студэнтамі зрабіла ў горадзе зусім не тое ўражаньне, якога чакалі ўлады. Насельніцтва адкрыта спачувала ахвярам тэрору.
Неўзабаве прафэсары мэдыцынскага факультэта пачалі аглядаць раненых, складаць адпаведныя пратаколы. Тых, хто асабліва пацярпеў, адправілі ў клініку. Трое з іх там памерлі».
На пасяджэньні савета унівэрсытэта прафэсары склалі пратакол, які тут жа накіравалі губэрнатару. У пратаколе гаварылася: «Спосаб дзеяньня ваенных і грамадзянскіх улад г. Харкава 14 сьнежня выклікае ва ўсіх нас адчуваньне неадольнага абурэньня.... Можна і трэба пакараць людзей, калі яны сапраўды вінаватыя, але выбар сродкаў супраць унівэрсытэцкай моладзі, якая сабралася без усялякіх прыкмет буянства перад дзьвярыма аўдыторыі, парушыў просты сэнс ваеннага артыкула, які загадвае ўжываць зброю ў выпадку адкрытага супраціўленьня ўладам, але не дае права беспадстаўна прымяняць самы ганебны і варварскі спосаб зьнявагі зьбіваньнем нагайкамі».
Апошнія фразы пратакола гучалі так: «У заключэньне мы вырашылі зьвярнуць асаблівую ўвагу вашага сіяцельства на выхаваўчае значэньне таго, што адбылося. Тое, што арыштаваных, будучых урачоў, настаўнікаў, адвакатаў, судзьдзяў, якія належаць да ўстановы, што знаходзіцца пад асобай апекай яго імпэратарскай высокасьці, да суда, пры ўсім народзе білі нагайкамі, можа абудзіць у будучых грамадзян шмат шкоднага для грамадзтва і дзяржавы».
Газэта «Земля и воля» адгукнулася на харкаўскія падзеі наступным зваротам да моладзі: «А наша сёньняшняя парада студэнтам, — працягвайце, як і заўсёды, аднойчы пачатую справу, не спыняйцеся на паўдарозе, не стварайце ў сваёй маладосьці ганебнага прэцэдэнту адмаўляцца ад сваёй мэты пры першай небясьпецы.
Справядлівасьці, праўды і суда ад урада не чакайце. Ён узнагародзіць генэраламі ад кавалерыі сваіх башыбузукаў, а вас загоніць ва Усходнюю Сыбір.
Калі вы кінеце цяпер вашу справу, усе ахвяры рызыкуюць прапасьці дарэмна, а паміж тым пры настойлівасьці можна дабіцца якіх-небудзь вынікаў».
У праклямацыі «Да грамадзтва» землявольцы зьвярталіся да рускага грамадзтва з такімі словамі: «Цяпер ты дажыло да таго, што з твайго маладога пакаленьня выбіваюць нагайкамі рэшткі веры ў цябе, рускае грамадзтва, і ў твой урад».
У Харкаве пачаліся арышты. 332 чалавекі былі накіраваны ў арыштанцкія роты. Усё гэта яшчэ больш узмацніла рэвалюцыйны дух — нават сярод тых, хто ляяльна ставіўся да ўрада. Аднаго студэнта, які раней выступаў за легальныя сродкі барацьбы, казакі так зьбілі, што яго давялося пакласьці ў клініку. Там ён сказаў таварышам:
— Лічыце мяне нягоднікам, калі я не стану цяпер выступаць супраць урада!
Многія студэнты кідалі унівэрсытэт, каб перайсьці да падпольнай барацьбы супраць царызму.
Вопыт 1878 года дапамог моладзі зразумець, што легальным шляхам яна не даб’ецца паляпшэньня свайго становішча.
Неўзабаве губэрнатара Крапоткіна, які дазволіў расправу над студэнтамі, спасьцігла заслужаная кара. Калі ён праяжджаў па гораду, на падножку карэты ўскочыў рэвалюцыянэр Гольдэнберг і застрэліў яго. Паводле сьведчаньня Буцынскага, гэта «прывяло да ўсеагульнай радасьці сярод студэнцтва».
Якраз у гэты час Пякарскі ўрэшце выехаў у Тамбоў.
У НАРОД
У Княжа-Багародзіцкім валасным упраўленьні Тамбоўскага павета (цяпер Знаменскі раён Тамбоўскай вобласьці) прымаў справы новы пісар Іван Кірылавіч Пякарскі. Так стаў называць сябе былы харкаўскі студэнт, каб сваім нярускім імем Эдуард не выдзяляцца сярод сялян.
Ранейшы пісар, п’яніца Цапенка, звычайна любіў пасваволіць, пазьдзекавацца з простага люду. Не прамінуў ён гэтай аказіі і цяпер.
— Паглядзім, як вы тут справіцеся без мяне! — задзіраўся Цапенка.
— Ды ўжо неяк справімся без вашай міласьці, — адказвалі старыя сяляне.
Пякарскі пакуль што маўчаў. Толькі патрабаваў у Цапенкі вопіс валасных спраў, які дапамог бы яму хутчэй уключыцца ў работу.
— Я сам вопісу не прымаў, то і вам не перадам! — упіраўся той.
— Не перадавайце, толькі давайце складзём акт аб тым, што я ад вас прыняў, — спакойна, але цьвёрда адказаў новы пісар.
Пасьля доўгіх перагавораў Цапенка ўрэшце падпісаў акт аб перадачы спраў і кудысьці выехаў.
Вопыту вядзеньня справаводзтва ў Пякарскага было мала. Ён разумеў, што давер’е сялян заваюе толькі тады, калі будзе для іх карысны. Таму днямі і начамі сядзеў ён над паперамі, пакуль не засвоіў справу. Да сялян ставіўся ён з павагай, не выказваючы перавагі ці зазнайства. Ніколі не затрымліваў ніводнай паперы, усе даведкі і пашпарты выдаваў адразу. І пайшла па воласьці слава пра новага пісара. Мужыкі лічылі Івана Кірылавіча чалавекам талковым, справядлівым, гатовым заўсёды дапамагчы людзям. Жыў Пякарскі ў звычайнай сялянскай хаце. Вядома, што быў ён не адзіным рэвалюцыянэрам на тагачаснай Тамбоўшчыне. У мясцовым земстве служыў аграномам кандыдат сельскагаспадарчых навук Міхаіл Уладзіміравіч Дзевель, высланы сюды за неблаганадзейнасьць. Вакол яго гуртавалася даволі многа землявольцаў. Адзін з іх, Аптэкман, успамінаў пра Дзевеля: «ён шмат зрабіў для нас. Дзелавіты, сур’ёзны, практычны, з некаторымі сувязямі ў горадзе, ён быў для нас незаменны».
Пазнаёміўшыся з Дзевелем, Пякарскі пасяліўся на яго кватэры. Неўзабаве ў Тамбоў прыехаў памешчык Міхаіл Іванавіч Сацін і стаў нязьменным членам павятовай канцылярыі па сялянскіх справах. ён вельмі лічыўся з Дзевелем, які зарэкамэндаваў сябе вопытным спэцыялістам. Выкарыстоўваючы яго давер’е, Міхаіл Уладзіміравіч рэкамэндаваў на работу ў павеце рэвалюцыянэраў, якія хаваліся ад царскай улады. Праўда, за актыўную арганізацыю падпольля яму потым доўгія гады давялося правесьці ў тамбоўскай турме і ў сыбірскай ссылцы...
Але напачатку з дапамогай Дзевеля ў Тамбоўскай губэрні ўтварыўся рэвалюцыйны гурток. У Тамбоў перабраўся адзін з заснавальнікаў арганізацыі «Зямля і воля», актыўны прапагандыст сярод сялян і рабочых Сяргей Харызаменаў. Дзевель уладкаваў яго на работу валасным пісарам. Па рэкамэндацыі зноў жа Міхаіла Уладзіміравіча фэльчарам працаваў Восіп Аптэкман, які «пайшоў у народ» з Мэдыка-хірургічнай акадэміі. Нейкі час ён быў у Пскоўскай і Пензенскай губэрнях, а ў Тамбоўкую перабраўся ўжо з саратаўскага гуртка. Валаснымі пісарамі з лёгкай рукі Дзевеля сталі таксама землявольцы Любаў і Данілаў. Апрача іх у тамбоўскі гурток уваходзілі некалькі прыежджых і з дзесятак мясцовых народных настаўнікаў.
На адным са сходаў землявольцы саставілі падрабязны плян прапагандысцкай дзейнасьці, пра які Пякарскі потым прыгадваў наступнае: «Першай практычнай нашай задачай было адшукаць паміж сялянамі больш сьвядомых людзей, таксама будучых прапагандыстаў у сялянскім асяродзьдзі, а затым, пасьля адпаведнай іх падрыхтоўкі, — утварыць земляробчыя арцелі для барацьбы з памешчыкамі на эканамічнай глебе; мелася на ўвазе дабіцца таго, каб, апрача арцелі, памешчык не мог знайсьці сабе рабочых».
У чэрвені 1879 года Пякарскі пераехаў працаваць пісьмаводам да Саціна. Выкарыстоўваючы новую пасаду, ён дапамагаў іншым пісарам. Прыкладна ў той жа час Іван Кірылавіч, як ён сябе называў, пазнаёміўся з рэвалюцыянэрам Львом Гартманам, вядомым сярод падпольшчыкаў пад мянушкай «алхімік». Сваю рэвалюцыйную дзейнасьць Гартман пачынаў таксама ў Таганрогу, але на год пазьней за Эдуарда. Пазьней «алхімік» стварыў на сваёй кватэры ў Растове-на-Доне народніцкую камуну, хаваўся ад арышту ў Крыме і на Кубані. У Тамбоў ён пераехаў таксама пасьля саратаўскага гуртка. Пад імем Уладзіміра Троіцкага Дзевель уладкаваў Гартмана пісарам у Іванаўскай воласьці.
У красавіку 1879 года народнік Салаўёў зрабіў няўдалы замах на жыцьцё імпэратара. Пасьля гэтага рэпрэсіі супраць землявольцаў узмацніліся. Напала на сьлед мясцовых рэвалюцыянэраў і тамбоўская паліцыя. Быў арыштаваны Машчанкоў. Паліцыя перахапіла таксама пісьмо ад Дзевеля да Гартмана (Троіцкага), дзе паведамлялася пра жанчыну, члена тамбоўскага гуртка, якую прызначылі фэльчаркай мэдыцынскага пункта каля Іванаўскага. Гэта выклікала падазрэньні. За «Троіцкім» пачалі сачыць ураднік і жандар.
Адчуўшы, што хмары згушчаюцца, Леў Гартман папрасіў у Саціна водпуск, каб куды-небудзь выехаць. Але набліжаўся збор падаткаў, і пісар абавязкова павінен быў пры гэтым прысутнічаць. Таму Сацін не адпускаў «Троіцкага». Тады пахадайнічаць за таварыша ўзяўся Пякарскі.
— Навошта Троіцкаму так неадкладна трэба ў водпуск, — дзівіўся Сацін.
Пякаркі сказаў першае, што прыйшло на думку:
— Жаніцца надумаў!
— Вось дурань! — нечакана адрэагаваў Сацін. I... даў дазвол на водпуск.
Пякарскі напісаў загад аб двухтыднёвым водпуску пісара «Троіцкага», і Гартман, не выклікаючы ніякіх падазрэньняў з афіцыйнымі дакумэнтамі выехаў з Тамбова.
Прыкладна ў той жа час непадалёку ад мясьцін, дзе працавалі Пякарскі і яго аднадумцы, у Ліпецку, Варонежы, а затым Пецярбургу адбыліся народніцкія зьезды, якія выявілі значнае разыходжаньне ў думках, і ўрэшце прывялі да расколу. Прыхільнікі палітычнай барацьбы стварылі арганізацыю «Народная воля» з тэрарысцкім ухілам. Другая група — «Чорны перадзел» працягвала прапагандысцкую работу сярод народа, аднак без асаблівага посьпеху. Неўзабаве «Чорны перадзел» перастаў існаваць.
Аптэкман пасьля пісаў: «Арганізацыя гурткоў, асобы, якія ўваходзілі ў склад гурткоў, выклікалі задавальненьне... Можна было спадзявацца, поўнасьцю разьлічваць на посьпех. Але — на жаль — нашы спадзяваньні з самага пачатку былі атручаны ядам сумненьняў і важкіх трывог. Дзе нашы легіёны? Нас так мала: усё старая гвардыя, вэтэраны. Дзе маладыя сілы, якія змогуць нас зьмяніць у выпадку, калі мы зьнікнем? А менавіта гэтых маладых сіл у нашых сельскіх гуртках амаль не было. У Тамбоўскім гуртку, напрыклад, быў адзіны Пякарскі, праўда, ён адразу зарэкамэндаваў сябе з лепшага боку, але ўсё ж толькі адзін... Становішча ў вёсцы было няўстойлівае, хісткае...».
У адрозьненьні ад чорнаперадзельцаў, нарадавольцы павялі актыўную барацьбу супраць самадзяржаўя. Праўда, не ўлічвалі яны клясавую барацьбу ў краіне, і асновай іх дзейнасьці былі вузкія змовы. Пераход да такой тактыкі быў абумоўлены тым, што рэвалюцыянэры пераканаліся ў немагчымасьці ўзьняць сялянскія масы супраць царызму. Нарадавольцы спадзя-валіся, што, забіўшы цара і дзесятак вышэйшых чыноўнікаў, яны пры падтрымцы рабочых і салдат звергнуць самаўладства.
Гартман, пакінуўшы Тамбоў, стаў нарадавольцам. У жніўні ён быў ужо ў Пецярбургу і працаваў у дынамітнай майстэрні. Потым пераехаў у Маскву, дзе з Соф’яй Пяроўскай і іншымі нарадавольцамі спрабаваў зрабіць замах на цара — рыхтаваў падкоп пад рэйкі чыгункі, па якой павінен быў ехаць Аляксандр II. Тэхнічныя разьлікі, устаноўку батарэй і ўзрыўчаткі рыхтавалі Кібальчыч і Шыраеў. Выбух адбыўся 19 лістапада, аднак замах не ўдаўся, і «алхіміку» прыйшлося ў сьнежні 1879 года ўцякаць у Францыю. Па патрабаваньню рускіх улад французская паліцыя арыштавала Гартмана і гатова была выдаць яго назад. Але ў справу ўмяшаліся рускія эмігранты. У друку зьявіліся таксама выступленьні Гюго, Гарыбальдзі і іншых вядомых грамадзкіх дзеячаў. Усё гэта сарвала пляны царызму.
Пра справы Гартмана Пякарскі даведаўся крыху пазьней. Пасьля ад’езду «алхіміка» і яму жылося нялёгка. Летам 1879 года, пасьля забойства ката харкаўскіх студэнтаў Крапоткіна, пачаліся новыя арышты. 28 жніўня паліцыя зноў узяла Мікандра Машчанкова, які ў гэты час па рэкамэндацыі Пякарскага працаваў у Княжа-Багародзіцкай воласьці. Пякарскі вымушаны быў пайсьці ў падпольле. У ноч на 30 жніўня ён зьнік. Некалькі дзён жыў у Тамбове, потым сябры дапамаглі яму атрымаць пашпарт на імя мешчаніна Мікалая Палуніна і выехаць у Духаўшчынскі павет Смаленскай губэрні. Але там ён адразу выклікаў падазрэньні ў мясцовага станавага прыстава. Давялося падавацца ў Маскву...
ПА АСТРОГАХ І ПРЫСТАНКАХ
У Маскве Эдуарда Карлавіча чакала толькі кансьпіратыўнае жыцьцё, і перад калядамі 1879 года ён выбраўся ў Пятроускія Выселкі. Цяпер Выселкі ўваходзяць у межы Масквы, а тады дабірацца да іх было даволі нялёгка і доўга. Тут у дачных доміках кватараваліся студэнты Пятроўска-Разумаўскай сельскагаспадарчай акадэміі.
Яшчэ па дарозе Пякарскі заўважыў, што за ім сочаць, таму з Выселак меркаваў зноў вярнуцца ў горад, але таварышы ўгаварылі яго застацца.
...Ён яшчэ ляжаў у ложку, калі ў пакой пастукалі... Увайшлі жандары і інспэктар акадэміі. Жандарскі капітан запатрабаваў пашпарт. Эдуард паказаў — на імя Мікалая Палуніна. Афіцэр запытаў, ці лічыцца такі студэнт у акадэміі.
— Не, такога я не ведаю. — Такі быў адказ інспэктара...
— Апранайцеся!
Пякарскага тут, у Выселках, дапыталі, склалі пратакол, потым пасадзілі ў санкі і павезьлі ў горад. Быў люты мароз. Капітан Каржавін (у некаторых крыніцах — Каровін) спытаў у арыштаванага:
— Няўжо ў такую халадэчу вы ходзіце ў драпавым паліто?
— Маё футра, — адказаў Пякарскі, — засталося ў сталоўцы, дзе я ўчора абедаў!
Каржавін, мабыць, пашкадаваў арыштаванага, і, каб ён крыху абагрэўся, сьпярша павёз Эдуарда не ў жандарскае ўпраўленьне, а на сваю кватэру. Напаіў маладога чалавека кавай, затым папрасіў, каб Пякарскі аддаў яму сваю запісную кніжку з грыфэльнымі лісткамі, на якіх крэйдай былі зроблены паметкі (Пякарскі не пасьпеў іх сьцерці). Пасьля доўгага разгляду кніжка была вернута са шматзначнай заўвагай: «Схавайце яе, яна яшчэ вельмі спатрэбіцца». Эдуард зразумеў, што дапусьціў памылку, пакінуўшы пры сабе дакумэнты. На шчасьце, вартавыя не зьвярнулі ўвагу на словы капітана, а Пякарскі папрасіў паказаць, дзе тут туалет. У гэты момант юнаку прыгадаліся радкі з «Былога і дум» Герцэна: «Можна быць жандарскім афіцэрам, не страціўшы ўсёй чалавечай годнасьці»...
Відаць, капітан, пры ўсіх яго манархічных перакананьнях, паспачуваў тым абставінам, у якіх аказаўся малады чалавек. Ён даў магчымасьць Пякарскаму пайсьці без аховы ў туалет. Там Эдуард сьцёр запісы ў запісной кніжцы, а таксама зьнішчыў фатаграфіі, што былі з ім. Пакінуў толькі фатаграфію каханай дзяўчыны, захаваўшы яе паміж вечкамі кішэннага гадзіньніка. Каржавін жа пры допытах потым не нагадваў яму ні пра кніжку, ні пра фатаграфіі...
Першыя два месяцы пасьля арышту Пякарскі правёў у Бутырскім турэмным замку. На допытах трымаўся добрай парады, якую яму даў яшчэ Сьнегіроў: маўчаць, не адказваць нават на бяскрыўдныя пытаньні, інакш можна заблытацца, навесьці на сьлед таварышаў. А каб не прагаварыцца праз сон, па начах Пякарскі, рызыкуючы задыхнуцца, трымаў у роце «ляльку» — загорнуты ў насоўку гузік.
Пасьля допытаў было папярэдняе сьледзтва, потым перавод у Прачысьценскую паліцэйскую часьць. Там Пякарскі сустрэў іншых рэвалюцыянэраў, што чакалі прызначэньня месца ссылкі. У гэтай часьці было значна лягчэй. Чыноўнікі паводзілі сябе тут памяркоўна. Сучасьнік Пякарскага пісьменьнік Караленка, які адначасова з ім сядзеў у турме за рэвалюцыйную дзейнасьць, трапна назваў такіх служачых «добрымі людзьмі на кепскім месцы».
Акалодачны Лаўроў дазваляў, напрыклад, арыштаваным сыходзіцца разам на чай, а сам у гэты час прагульваўся з кім-небудзь з арыштантаў па двары. Калі аднойчы зьявіўся папярэджаны даносам прыстаў, усе пасьпелі непрыкметна разысьціся па камэрах. I ўсё ж Лаўрова па таму даносу звольнілі. Арыштаваныя адказалі дружным пратэстам: паламалі сталы, табурэткі, рукамыйнікі, выбілі вокны. Пры гэтым Пякарскі моцна парэзаў палец, і шрам застаўся на ўсё жыцьцё як напамін пра згуртаванасьць таварышаў-рэвалюцыянэраў. Прыстаў бегаў па калідоры і дапытваўся пра прычыну пагрому.
— Сам ведаеш, нягоднік!—адказвалі яму з камэр.
Расьсялялі зьняволеных па розных часьцях, і Пякарскі трапіў у гарадзкую. Тут яго адразу ж абшукалі, але не здагадаліся заставіць зьняць туфлі, у якіх ён праз некалькі паліцэйскіх часьцей і турму пранёс сьцізорык. Хутка Эдуарда зноў перавялі ў тую ж Прачысьценскую часьць, дзе ён сутыкнуўся з акалодачным па прозьвішчу Сямёнаў. Апошні таксама аказаўся «добрым чалавекам на кепскім месцы». ён дазваляў Пякарскаму сустракацца з рэвалюцыянэрамі Вольгай Нікіфаравай і Марыяй Вегнер-Гінтэр. Калі яны прыходзілі, акалодачны захінаўся газэтай і рабіў выгляд, што заняты чытаньнем. Так, наведвальніцы ўсунулі аднойчы ў кішэню Эдуарда грошы, запіску і пашпарт. Калі сустрэча закончылася і Пякарскі вярнуўся да сябе ў камэру, Сямёнаў зайшоў усьлед за ім, замкнуў дзьверы і, падышоўшы да яго ўпрытык, ціха сказаў:
— Дайце слова гонару, што вы не атрымалі зброі.
Эдуард даў такое слова. Сямёнаў падаў яму на разьвітаньне руку і выйшаў з камэры. У той жа дзень Пякарскі атрымаў копіі паказаньняў сваіх таварышаў і знаёмых, якіх меліся выклікаць на суд сьведкамі. Копіі падказвалі яму, як весьці сябе на працэсе.
Вядома, Сямёнаў ведаў пра перадачы Пякарскаму, але паступаў як сумленны чалавек. Калі б у вязьня знайшлі перададзеныя паперы, усё магло б скончыцца вельмі кепска — і для яго, і для жанчын, якія прыходзілі на спатканьне, і для сьведак, якіх таксама пасадзілі б на лаву падсудных...
У «Гісторыі майго сучасьніка» Караленка так тлумачыў паводзіны турэмных служачых, якія добразычліва адносіліся да палітзьняволеных: «Я заўважыў наогул, што ўзмацненьне адміністрацыйнага парадку і арышты без суда выклікалі неразуменьне ў старых служкаў турэмнага ведамства. Да гэтага часу яны ўсё ж прызвычаіліся, што ў Расіі пачынала ўсталёўвацца законнасьць. У турмы прыводзілі злодзеяў, разбойнікаў, людзей, якія так або інакш мелі адносіны да парушэньня законаў. Кожны арышт суправаджаўся дакладным указаньнем артыкула абвінавачваньня. Цяпер даводзілася мець справу з людзьмі, у большасьці сваёй інтэлігентнымі, якіх па сутнасьці ні ў чым не абвінавачвалі. Гэта зьбівала з панталыку ранейшых служкаў і выклікала ў іх няўпэўненасьць у справядлівасьці іх уласнага становішча».
Па-рознаму рэагуюць на няшчасьце чалавека яго родзічы і блізкія. Чуткі, як кругі па вадзе ад кінутага каменя, разыходзяцца сярод людзей... Так было і з арыштам Эдуарда Пякарскага. Сябра яго дзіцячых год Ф. Абрамовіч пазьней успамінаў: «...яго родныя адракліся ад яго, спынілі з ім усялякія зносіны. Ніхто не ўспамінаў пра ранейшыя сымпатыі і, паміж іншым, не адважваўся чым-небудзь дапамагчы або паспачуваць»...
Калі Пякарскі сядзеў у турме, у Маскву прыяжджаў яго дзядзька, кампазытар Раманоўскі. Але, нягледзячы на абяцаньне, наведаць пляменьніка так і не прыйшоў. Пазьней Эдуард Карлавіч пісаў пра яго так: «У колькі разоў высакародней яго Соф’я Якімовіч, якая напісала мне, рызыкуючы выклікаць гнеў свайго шаноўнага бацькі». Соф’я Якімовіч была дачкой суседа Эдуардавага дзеда па Барбарову. Бацька, вядома, забараняў ёй перапісвацца з «дзяржаўным злачынцам».
Стары Рамуальд Пякарскі, даведаўшыся пра нягоды свайго ўнука, спачатку абураўся яго паводзінамі і не хацеў нічым яму дапамагчы, але перад сьмерцю ў сваім завяшчаньні адпісаў Эдуарду палавіну грошай. Праўда, разьлікі потым былі зроблены так блытана, што Пякарскі нічога не атрымаў, але сам факт быў прыемны. Выканаўцам завяшчаньня быў бацька Соф’і, якога суседзі абвінавачвалі ў нейкіх «няправільнасьцях». І, мяркуючы па ўсім. падставы для гэтага былі...
Урэшце справа Эдуарда Пякарскага трапіла ў суд. 10 і 11 студзеня 1881 года ў Маскоўскім ваенна-акруговым судзе, які разьмяшчаўся ў Хамоўніцкіх казармах, разглядалася «Справа двараніна Эдуарда Карлавіча Пякарскага», які абвінавачваўся «ў прыналежнасьці да супрацьзаконнай суполкі людзей, што мелі на мэце зьвергнуць існуючы дзяржаўны і грамадзкі лад, а таксама ў тым, што знаходзіўся ў злачынных зносінах з дзяржаўнымі злачынцамі Гартманам і Чарнігаўскім».
У залю суда ўпускалі толькі па білетах. Пракурор з усіх сіл імкнуўся даказаць, што Пякарскі зьяўляецца закаранелым дзяржаўным злачынцам. Праўда, доказаў рэвалюцыйнай дзейнасьці было недастаткова. Але нават іх адсутнасьць ставілася ў віну падсуднаму: гэта, маўляў, даказвала яго вёрткасьць і спрыт.
Суд прызнаў Пякарскага «вінаватым у прыналежнасьці да тайнага таварыства, якое мела на мэце зьвергнуць пры дапамозе сілы дзяржаўны і грамадзкі парадак». Прысуд абвяшчаў: «Пазбавіць яго маёмасных правоў і выслаць на катаржныя работы ў руднікі тэрмінам на 15 гадоў». Канчатковае рашэньне было крыху мякчэйшым: ссылка ў Якуцію.
У лютым 1881 года Пякарскаму паведамілі, што яго пераводзяць у Вышневалоцкі палітычны астрог Цьверскай губэрні. Перад дарогай зьняволены, зьбіраючыся ўцячы, зашыў у шапку грошы і пашпарт. Але плян не ўдаўся.
У Вышневалоцкай турме Пякарскі сустрэў свайго таварыша па тамбоўскаму гуртку Восіпа Аптэкмана. Паводле ўспамінаў Караленкі, які сядзеў тут некалькімі месяцамі раней, рэжым у гэтай турме быў суровы. Напярэдадні апісаных падзей міністрам унутраных спраў быў прызначаны князь Лорыс-Мелікаў, палітыку якога празвалі палітыкай «лісінага хваста» і «воўчай пашчы».
Паколькі рэвалюцыйны рух і спачуваньне да яго ў грамадзтве ўзрасталі, новы міністар пашырыў паліцэйскія рэпрэсіі. «Нядобранадзейных» сталі высылаць цэлымі партыямі. Вышневалоцкая палітычная турма была якраз і прызначана для такой масавай высылкі рэвалюцыянэраў і спачуваючых. Чакаючы адкрыцьця навігацыі па рэках, тут фарміравалі партыі, каб потым пераправіць іх ва Усходнюю Сыбір. Строгія інструкцыі выконваліся да дробязяў. Цьверскі губэрнатар Сомаў адносіўся да палітычных зьняволеных з жорсткай варожасьцю. На іх харчаваньне адпускалася ўсяго трынаццаць капеек у дзень. Дабаўляць сваіх грошай не дазвалялася. Існавала розьніца паміж «прывілеяванымі» і «непрывілеяванымі» зьняволенымі. На апошніх адпускалі яшчэ менш сродкаў. Таму палітычныя хадзілі напаўгалоднымі. Бялізну і адзеньне дазвалялі насіць толькі казённыя. Паперу і алоўкі адбіралі. Пісьмовыя прылады вязьні бывала паціху бралі ў канцылярыі, дзе ім дазвалялася пісаць пісьмы да родных.
Кожную раніцу каравульны афіцэр, наглядчык і добрая палавіна ўзвода салдат абыходзілі камэры і пералічвалі зьняволеных. Пасьля гэтага дзьверы камэр да сьнеданьня былі адчыненыя. Арыштанты мыліся, пілі ячменную каву. Потым камэры замыкалі. Вязьняў апаноўвала туга. Чытаць амаль забаранялася. На кожную кнігу даводзілася падаваць спэцыяльную просьбу. Прашэньне ішло ў Цьвер, на імя губэрнатара. Той доўга не адказваў або зусім забараняў выдачу кнігі.
Караленка прыгадаў, што раман Тургенева «Навіна» Сомаў забараніў выдаць зьняволеным, паколькі там паказана «хаджэньне ў народ». Затое «Капітал» Маркса быў дазволены. Польскаму марксісту, які прывёз з сабой гэту кнігу, задалі пытаньне:
— Што гэта?
— Гэта кніга вучыць, як нажываць капітал... Так «Капітал» застаўся ў зьняволеных.
У пачатку сакавіка 1881 года ў Вышневалоцкую турму прыйшлі зьвесткі, пра тое, што ў Пецярбургу нарадавольцы забілі цара Аляксандра II. Зьняволеныя горача абмяркоўвалі гэту падзею. Імпэратара, вядома, не шкадавалі. Ён ні разу не праявіў жаданьня зьмякчыць строгія рэпрэсіўныя меры ў дачыненьні да сваіх праціўнікаў. Наадварот, яшчэ павялічыў суровыя кары, загадаў адправіць у новую ссылку (у Вілюйск) Чарнышэўскага.
Калі наступіла вясна і рэкі вызваліліся ад лёду, зьняволеных пачалі рыхтаваць да адпраўкі ў Сыбір. Іх выклікалі ў кантору, агледзелі, пагрузілі на падводы рэчы. І вось вароты турмы расчыніліся. З іх пацягнулася шэрая калёна арыштантаў...
Некалькі вёрст ішлі да вакзала. Там іх пагрузілі ў арыштанцкі вагон і павезьлі ў Ніжні Ноўгарад. У Маскве прыпынку не было. У Ніжнім Ноўгарадзе да іх далучылі вязьняў з цэнтральных катаржных турмаў і ўсіх пасадзілі на арыштанцкую баржу. Наступнай раніцай баржа, якую буксіраваў параход, паплыла па Волзе...
Усе дні праводзілі зьняволеныя на палубе. Яны захапляліся панарамай волжскіх берагоў, сьвежым паветрам. Па Каме дабраліся да Пярмі. Цягнік на Екацярынбург адыходзіў у восем гадзін вечара. На вакзал ішлі, звонячы кайданамі, акружаныя двайным ланцугом узброенага канвою. Перад адыходам цягніка вакол сабраўся вялізны натоўп: усім хацелася паглядзець на «царазабойцаў». На наступны дзень паплылі за акном Уральскія горы...
Ад Екацярынбурга да Цюмені арыштантаў везьлі на фурманках, з Цюмені — на баржах па сыбірскіх рэках у Томск, а адтуль — пешкі ў Краснаярск.
Летам 1881 года ў краснаярскім астрозе многа сабралася «дзяржаўных злачынцаў» — больш як паўтары сотні. Пякарскі ўспамінаў пазьней: «Я рады быў сустрэць сярод арыштантаў шмат людзей, пра якіх чуў і ведаў толькі па судовых працэсах і па прамовах і якіх уяўляў як герояў, што несьлі на сабе ўвесь цяжар барацьбы за народныя інтарэсы». Ён адчуваў нават гонар — быць роўным гэтым загартаваным людзям. Тут быў і Аляксандр Даўгушын — арганізатар гуртка «даўгушынцаў», удзельнікі якога былі прасякнуты бунтарскімі настроямі. «Даўгушынцы» клікалі інтэлігенцыю «ісьці ў народ», заклікаць яго да паўстаньня. У 1873 годзе гурток быў разгромлены, Даўгушын жа — прысуджаны да дзесяці гадоў катаргі.
Сустрэў тут Пякарскі і герояў «працэсу 193-х» — Іпаліта Мышкіна, Міхаіла Сажына, блізкага да тэарэтыка бунтарства і анархізму Бакуніна, а таксама ўдзельнікаў «працэсу 50-ці»— Івана Джабадары, Аляксандра Цыцыянава, Георгія Здановіча, Пятра Аляксеева і іншых.
Неўзабаве зьняволеныя заснавалі арганізацыю, якая дапамагала больш бедным таварышам. Жыцьцё ў астрозе было параўнальна зносным. Начальнікам яго быў Астроўскі — сам былы арыштант. Спачатку ён нават даваў зьняволеным магчымасьць сустракацца са ссыльнымі, знаёмымі, але пазьней стаў сваявольнічаць. Даўгушын выступіў супраць гэтага і быў пакараны.
У Краснаярску зноў чакалі адпраўкі па этапах. Калі надышоў гэты дзень, арыштантаў закавалі ў кайданы і скіравалі па тракту ў Іркуцк...
Умовы на этапах былі такімі цяжкімі, што рэвалюцыянэраў часта сустракалі як гаротных нявольнікаў. Аптэкман успамінаў пазьней, як прыйшлі яны аднойчы на этап мокрыя да ніткі і «...раптам у вялікую камэру зьявіліся этапны начальнік разам з салдатамі, якія несьлі падносы, а на падносах чай, пячэньне, варэньне — усім па порцыі, а ў дадатак яшчэ па чарцы гарэлкі. Чым не ідылія? Мы былі расчулены»...
На іншым этапе мясцовы афіцэр папрасіў Аптэкмана, фэльчара па прафэсіі, агледзець яго жонку і дзіця. Паколькі рэвалюцыянэр адмовіўся ад ганарару, афіцэр з удзячнасьцю прыслаў яму і яго сябрам прадукты.
Неўзабаве ідылія скончылася. Адзін з народнікаў уцёк, і адносіны да рэвалюцыянэраў тут жа зьмяніліся. Ім нават надзелі ручныя кайданы.
На адным з этапаў, у Канску, Пякарскі, занадта лёгка апрануты для Сыбіры, захварэў на запаленьне лёгкіх. Да Іркуцка яго везьлі на санках...
27 верасьня 1881 года яны нарэшце былі ў Іркуцку... Праз адзінаццаць дзён Эдуарда накіравалі адсюль на пасяленьне ў Якуцію. Ён разьвітаўся з таварышамі і пакінуў палітычнае аддзяленьне астрога. У канторы яго чакаў жандар і канвойны салдат, якія павінны былі суправаджаць ссыльнага ў доўгай дарозе: да Якуцка было тры тысячы вёрст...
Адвячоркам рушылі ў дарогу. За горадам пачыналіся пакатыя лясістыя ўзгоркі. Ямшчык адвязаў ад дугі званочак. Палазы стукалі па выбоінах дарогі, што вяла да вярхоўяў Лены. Праехаўшы каля сотні вёрст па берагавой дарозе, вазок зьехаў на рачны лёд. Абапал віднеліся дзікія гарыстыя берагі Лены. Іх ахутваў туман, што ўздымаўся ад ракі. Краявід быў велічны і журботны.
Тым часам праехалі Кірэнск, абмінулі Віцім і Мухтую. Перад Алёкмай сталі трапляцца эвенкійскія караваны аленяў з грузам на крыжах. Алені з галінастымі, закінутымі на сьпіну рагамі ішлі, пагойдваючыся пад ношай. На некаторых з іх сядзелі эвенкі ў футрах. Везьлі на продаж восеньскую паляўнічую здабычу...
2 лістапада 1881 года Пякарскі і яго канваіры нарэшце ўбачылі ўскраіны Якуцка. Ішоў сьнег. Вазок праімчаў паўз драўляныя дамы і «балаганы», спыніўся каля мураванкі. Тут Пякарскаму належала пражыць многія гады...
ПАД ПАЎНОЧНЫМ ЗЬЗЯНЬНЕМ
Якуція... Скалістыя горы, зарослыя дрымучымі лясамі раўніны. Кедры, елкі, піхты, лістоўніцы зрэдку перамежваюцца бярозамі, рабінамі. У некаторых месцах тайга зьнянацку расхінаецца, каб прапусьціць праз сябе раку або даць месца для дзесятка-другога хацін, — і зноў сыходзіцца...
З поўдня Якуція аддзелена ад Прыбайкальля высокімі гарамі. З захаду да яе таксама не прабрацца праз тайгу і ўзвышшы. І толькі ўздоўж Лены, з паўднёвага захаду, у гэты край прыходзілі і прыплывалі продкі якутаў — жывёлаводы з Прыбайкальля. Яны ўмела вялі гаспадарку. Носьбіты цюркскай мовы, шмат цікавага ўнесьлі яны ў мясцовую культуру.
Шлях з Прыбайкальля на поўнач быў нялёгкім. Продкі якутаў гналі з сабою статкі жывёлы. Часова асядалі яны на рэдкіх стэпавых участках, потым рухаліся далей. Сяліліся пераважна па Лене і яе прытоках — Алёкме, Вілюі, Амзе — у рачных поймах і на лугах навокал таёжных азёраў. Гэтыя мясьціны былі зручныя для выпасу жывёлы. Да якутаў далучаліся паляўнічыя, аленяводы, рыбакі з мясцовых плямён — эвенкі і юкагіры. Па ўзроўню сваёй гаспадаркі якуты прыкметна адрозьніваліся ад іншых народнасьцей Сыбіры, яны ўжо выплаўлялі жалеза, выраблялі з яго зброю і прадметы хатняга ўжытку; сярод якутаў было нямала майстроў-ювэліраў.
У XVII стагодзьдзі ў даліне Лены зьявіліся рускія казакі. Яны прыйшлі за футрам, якое высока цанілася на эўрапейскім рынку.
Якуцію рускія асвойвалі, зыходзячы са сваіх эканамічных інтарэсаў, і хаця працэс гэты адбываўся далёка не ідылічна, новыя кантакты мелі для якутаў велізарнае значэньне. Ад рускіх яны пераймалі новыя рамёствы, элемэнты культуры. Да суровай прыроды Поўначы мясцовае насельніцтва прыстасавалася добра. Нягледзячы на сацыяльны і эканамічны прыгнёт, колькасьць яго павялічвалася.
Але для тых, каго царскі ўрад накіроўваў сюды ў ссылку, край гэты быў пагібельным. Улады хацелі зрабіць усю Якуцію велізарным астрогам — без сьцен і кратаў, без засоваў і замкоў. Астрогам надзейным, адкуль уцячы практычна немагчыма. Ды і ўцёкаў начальства не баялася, рэдкія паселішчы, адсутнасьць дарог, цяжкапраходныя лясы і балоты — такія ўмовы ніякіх надзей на ўцёк не пакідалі...
Становішча ссыльных было цяжкім. Жылі яны амаль у поўнай ізаляцыі ад навакольнага сьвету. На іх долю выпадалі толькі «стасутачная» палярная ноч з жудаснымі маразамі і страшэнная галеча...
У Якуцку Пякарскага спачатку завезьлі ў двухпавярховы дом: тут жыў губэрнатар, тут знаходзілася яго канцылярыя. Ссыльнаму паведамілі, што жыць ён будзе за 230 вёрст на ўсход ад Якуцка ў Першым Ігідзейскім насьлегу Батурускага улуса (насьлег у Якуціі адпавядаў рускай воласьці, улус — павету). Цяпер гэта мясцовасьць уваходзіць у склад Аляксееўскага раёна Якуцкай АССР.
Некалькі сутак Пякарскі правёў у велізарным драўляным будынку астрога, а потым яго скіравалі на месца пасяленьня. Суправаджалі Эдуарда Карлавіча двое мясцовых казакаў, якіх называлі ў той час «унтавым войскам» — па назьве мясцовага абутку — «унты». У іх казакі прыходзілі нават на парадныя агляды.
Калі вазок перабраўся цераз замерзлую Лену, за прыбярэжнай паласой скончыўся хваёвы лес і пачалася лістоўнічная тайга. Дзень быў марозны і сьветлы. Усё здавалася дзіўным, асабліва тое, што ямшчыкі спынялі час ад часу коней і даставалі з іх ноздраў ледзяшы.
Часам на цёмным фоне лясоў узьнікаў слуп дыму. Гэта значыла, што непадалёку якуцкі балаган. Ямшчыкі спыняліся і перапрагалі коней. Балаганы стаялі далёка адзін ад аднаго: іх ставілі так, каб для жывёлы былі добрыя выпасы.
У адным з такіх балаганаў вечарам спыніліся на начлег. Гэтае жытло эўрапейцу Пякарскаму здалося раскошным. Невысокі будынак быў складзены з вэртыкальна пастаўленых бярвёнаў, накрытых тоўстым слоем зямлі, пакладзенай на смольнай кары і жэрдках. Звонку балаган быў абмазаны тоўстым слоем гліны. Абаграваў памяшканьне камінок, у якім гарэлі лістоўнічныя дровы.
Унутранае ўбраньне было сьціплым: берасьцяныя манеркі, грувасткія гаршчкі, драўляны посуд. Аб мінулым вандроўным побыце нагадвалі ножкі круглага стала, што мелі выгляд конскіх капытоў, скураная пасудзіна для прыгатаваньня кумысу і рытуальныя драўляныя кубкі.
Маленькія аконныя праёмы былі закрыты берасьцянымі рамамі, куды ўстаўлялі кавалачкі шкла або сьлюды, бычыныя пухіры, нават ільдзіны. Зімовае жытло злучалася з хатонам — халодным хлявом, дзе стаялі каровы.
У балагане Пякарскі ўпершыню ўбачыў, як якуты дзедаўскім спосабам мелюць муку з ячменнага зерня. Якуцкія жанчыны з мокрымі ад поту тварамі круцілі ручныя жорны, прымацаваныя да століка. Тут жа гаспадыня замешвала цеста з толькі што змолатай мукі і ў камінку пякла праснакі.
Пасьля начлегу ехалі яшчэ больш за суткі. Вакол усё было пустынна і бела. Праз кожныя дзесяць-пятнаццаць вёрст, як ручаі, што ўпадаюць у раку, выходзілі на шырокую дарогу бакавыя дарожкі ад навакольных балаганаў, што прытаіліся дзесьці ў лесе, убаку ад тракту.
Пад вечар кібітка, у якой везьлі Пякарскага, прыбыла ў цэнтар улуса — пасёлак Чурапча, які складаўся з двух-трох дзесяткаў двароў. На ўзгорках, што прымыкалі да заходняга берага прадаўгаватага возера Чурапчу, то па адным, то невялікімі групамі разьмяшчаліся домікі і балаганы. На адным з пагоркаў узвышалася царква, а непадалёку ад яе — домік папа.
За паўвярсты ад царквы, у лагчыне, месьцілася вялікая хата. Тут знаходзілася «Батуруская ўправа для іншародцаў». Побач стаялі яшчэ два адміністрацыйныя будынкі — «абывацельскі» і «паштовы» станы, звычайныя якуцкія балаганы. Праз чвэрць вярсты адгэтуль, на лясістым пагорку, віднеўся будынак улуснага вучылішча, а непадалёку ад яго — дамы пісараў і служыцеляў управы.
Першым палітычным ссыльным, які ў Чурапчы сустрэў Пякарскага, быў Вячаслаў Мікалаевіч Шаганаў. Яго выслалі яшчэ па справе Каракозава (у 1866 годзе той спрабаваў зрабіць замах на жыцьцё Аляксандра II). Шаганаў цёпла прыняў маладога пасяленца, запрасіў пагасьцяваць. Але казакі, якія суправаджалі Пякарскага, сьпяшаліся давезьці «дзяржаўнага злачынцу» да месца прызначэньня — у пасёлак Ігідзейцы. Пазьней Пякарскі не раз прыяжджаў у Чурапчу да Шаганава. Той расказваў яму пра свае сустрэчы з Чарнышэўскім — ідэалам рускіх рэвалюцыянераў. Пякарскі запісаў успаміны Шаганава пра Чарнышэўскага, пазьней літаратурна апрацаваў іх і выдаў.
У Ігідзейцах Пякарскага прызначылі гаспадаром міждворнай станцыі, дзе звычайна зьбіраліся сельскія сходкі. Спачатку Эдуарду Карлавічу падабалася жыць аднаму, але ў сьнежні 1881 года ён папрасіў якуцкага акружнога спраўніка перавесьці яго ў Другі Балугурскі насьлег да адміністрацыйна ссыльнага Мікалая Кузьняцова. Праўда, апошняга неўзабаве перавялі ў яго родны горад Томск. Але Пякарскі паўтарыў просьбу, матывуючы яе тым, што хоча разам з іншымі рускімі пасяленцамі займацца земляробствам. Аднак у просьбе адмовілі, і ён застаўся на ранейшым месцы.
У незвычайных умовах рускаму рэвалюцыянэру дапамагалі выжыць мясцовыя жыхары. Насьлег быў бедны, дарагоўля ў ім вялікая, а сродкаў для жыцьця «няма, калі не лічыць шасьці рублёў у месяц казённай дапамогі, — пісаў Пякарскі бацьку 22 лютага 1883 года. — Зрэшты, я да гэтага часу не атрымоўваў ад казны ні капейкі, і калі б не якуты, я павінен быў бы загінуць з голаду».
Першую якуцкую зіму Пякарскі перанёс пакутліва. Яго лёгкае адзеньне не адпавядала суроваму клімату Якуціі. Праўда, вецер зімой зусім не адчуваўся і гэта некалькі аслабляла жорсткасьць маразоў. Паветра было сухім, неба — бясхмарным. Сучасьнік Пякарскага, польскі ссыльны пісьменьнік В. Серашэўскі так апісваў якуцкую зіму ў сваёй працы «Якуты»: вятры тут «настолькі слабыя, што не могуць гайдаць лясы, адзетыя ў тоўстыя шаты сьнегу; лясы гэтыя стаяць цэлую зіму белыя і нерухомыя, нібы застылая марозная пена. Усюды пануе непарушная цішыня, спакой, маўчаньне. Усё замерла, здранцьвела, ператварылася ў лёд, які тут набывае цьвёрдасьць горнай пароды. Нават здаецца, што купал неба таксама вытачаны з лёду. Ён сьветлы, празрысты, і па цэлых тыднях не відаць на ім ні воблачных плям, ні хмар. На гэтым чыстым купале зоркі і месяц гараць асабліва ярка, затое сонца ўсплывае толькі госьцем — цьмянае і чырвонае».
Доўгімі начамі Пякарскі выходзіў з балагана і любаваўся прыгажосьцю празрыстага паўночнага неба. З-за сухасьці паветра сузор’е Вялікай Мядзьведзіцы здавалася куды ярчэйшым, чым у родных мясьцінах. Над паселішчам павольна паўзьлі белыя слупы дыму. Часам у лесе цяўкала лісіца, і тады пасялковыя сабакі пачыналі брахаць у адказ.
На марозе нельга было стаяць больш пяці хвілін: нячутна адмярзалі вушы або нос. Дыханьне вырывалася з грудзей з трэскам. Таму Пякарскі хутка адрываўся ад прыгажосьці і вяртаўся ў балаган, дзе ад суседзтва з хлявом заўсёды стаяла цяжкае паветра.
Незвычайнай была ежа якутаў. Як і гародніны, яны не ведалі квашанага хлеба, задавальняліся праснакамі, аладкамі і рэдкай мучной кашай. Рыбу на зіму заквашвалі ў ямах, высланых бяростай. Мяса любілі вельмі, але на бядняцкі стол яно трапляла рэдка. Найбольш елі малочнае. Якуты лічыліся самым паўночным у сьвеце народам, які займаўся жывёлагадоўляй. Каровы, прыведзеныя калісьці з поўдня, прыстасаваліся да маразоў, хадзілі зімою днём па двары, але малака давалі мала. З яго рабілі сьмятану і масла. Апошняе тапілі і пілі ў халады. Пасьля цяжкай работы ці доўгай дарогі такое масла хутка адагравала, аднаўляла сілы. У гэтым Пякарскі хутка пераканаўся на ўласным вопыце. Сьмятана ж лічылася стравай панскай. У ёй варылі ягады, і такі пачастунак называўся якуцкім шакалядам.
Любімай стравай было таксама кіслае малако. Узьбітае са сьмятанай, яно давала пухкую прахалодную масу. На зіму ў кіслае малако кідалі карэньні, ягады і так замарожвалі. З атрыманых ледзяшоў рабілі поліўку. У яе дабаўлялі абалонку — мяккае лыка сасны і лістоўніцы. Абалонку варылі па некалькі разоў у вадзе, каб выйшла смала. Потым лыка сушылі і выходзіла нешта падобнае на макароны.
Самай сытнай парой года было, вядома, лета, калі каровы давалі шмат малака. У кастрычніку жывёлу забівалі.
Якуцкая зіма была асабліва цяжкай і суровай парой года. «Галодныя гады, — пісаў В. Серашэўскі, — калі абсалютна няма чаго пакласьці ў рот, калі ўсё, што можна зьесьці, падабрана ўжо і зьедзена, калі цельныя каровы пагалоўна не дояцца, а прырода, скаваная холадам, сурова перашкаджае ўсялякім спробам здабыць страву. I гэта паўтараецца кожны год; дзьве трэці якуцкага народа пакутуюць ад недаяданьня больш або менш працяглы час». Беднякі зімой стараліся як мага больш спаць, каб не траціць энэргіі. Да вясны худзелі нават заможныя якуты.
Галадаў разам з іншымі і Пякарскі. Уважліва прыглядаўся ён да адзеньня якутаў. Багатыя насілі зімой «сон» (кажух) і «сангыях» (кофту), пашытыя з футра бабра, рысі, собаля, або гарнастая. Беднякі шылі адзеньне са шкур кабыліц і кароў. З аленявай скуры рабілі зімовыя мяккія боты. Штаны таксама шылі са скуры. Кавалкамі футра ахоўвалі ад марозу лоб, нос, грудзі, калені.
Бедныя якуты спалі на цыноўках, прыкрываючыся сваім кажухом. У багатых былі подсьцілкі з футра і коўдры. З бяросты рабіліся полагі, за якімі спалі гаспадары і дарослыя дочкі.
Вядома, сёньня якуты жывуць у зусім інакшых умовах — у добраўпарадкаваных, атынкаваных і ўцепленых дамах. Непараўнальна ўзрасьлі дабрабыт, культурны ўзровень насельніцтва. Але Пякарскі, які жыў у гэтым краі больш за 100 гадоў назад, бачыў іншы побыт. У яго ўспамінах, як і ў запісках іншых палітычных ссыльных, перад намі паўстаюць карціны мінулага, пра якое трэба памятаць, каб належным чынам ацаніць дасягненьні сёньняшняй Якуціі, каб вобразна параўнаць тое, што было і што ёсьць.
Жывучы разам з якутамі, Пякарскі ўсё больш пераконваўся ў тым, што гэта вельмі мужны народ, які пераносіць голад, холад, смагу і недасыпаньне, які здольны праявіць, калі трэба, і рухавасьць і вынаходлівасьць.
Заканчвалася першая для Эдуарда якуцкая зіма. У пачатку красавіка стаў часта мяняцца вецер. То несла з Ледавітага акіяна холадам, то раптам пачыналася адліга. Нарэшце пад сьнегам зацурчэлі ручайкі. Яны хутка несьліся па камяністай зямлі. Лета наступіла нібыта адразу пасьля зімы. Вакол яшчэ ляжаў сьнег, але стала зусім па-летняму цёпла.
Калі сышоў сьнег, якуты пачалі паліць на лугах леташнюю траву. «Выгарыць трава — будзе корм для жывёлы», — казалі яны.
Вясной з дапамогай суседзяў і Пякарскі стаў працаваць на адведзеным участку зямлі. Звыкацца з новымі абставінамі было нялёгка. Наш зямляк пісаў якуцкаму губэрнатару: «Цяжка чалавеку, галоднаму і абарванаму (усё адзеньне, якое я прывёз з Расіі, знасілася), займацца такой справай, пра якую раней зусім нічога не ведаў, яна проста не па сіле». Давялося абзавесьціся жывёлай, заняцца сенакосам. Пра сена тут гаварылі так, як у беларускай вёсцы пра збожжа. Адзінкай вымярэньня зямлі тут было астожжа — участак зямлі, з якога накатвалі стог сена.
Уведзеная царызмам «клясная сыстэма» разьмеркаваньня сенакосаў садзейнічала назапашваньню багацьцяў у якуцкіх тайёнаў (князькоў) на шкоду беднаце. Па гэтай сыстэме землі дзяліліся на тры-чатыры клясы. Тайёнам пры гэтым даставалася ў тры-чатыры разы больш сенакосаў, чым беднякам, і ў два-тры разы больш, чым сераднякам. Князькі захоплівалі лішняе нават у параўнаньні з тым, што ім належала па «кляснай сыстэме». Лішкі запісваліся на дзяцей і работнікаў. Не дапамагала тут і штогадовая ацэнка ўраджаю травы з надзела, што праводзілася «дэпутатамі», каб хоць крыху ўраўняць збор сена.
Клясавае разьмежаваньне сярод якутаў увесь час паглыблялася. Тайёны занявольвалі беднякоў, якія пазычалі ў іх грошы, або сена, абяцаючы расплаціцца за гэта работай.
Сенакосу ў Якуціі прыдавалі асаблівае значэньне. Гэта была самая напружаная, гарачая пара. Травы тут адцьвіталі хутка. Маланкай праходзілі пагодлівыя дні, пасьля якіх пачыналі ісьці дажджы. Таму якуты стараліся ўбраць сена як мага хутчэй.
Каса была на кароткай крывой ручцы, і траву больш секлі, чым касілі. Замахваліся касой над галавой, нібы шабляй.
Два з паловай летнія месяцы пераўтваралі Якуцію: усё навокал ажывала, расьцьвітала. Трава ў далінах расла высокай, кветкі — яркімі і пахучымі. На лугах пасьвіліся табуны адзічэлых за лета коней. Сонца стаяла невысока над гарызонтам, але затое сьвяціла амаль цэлыя суткі. Пясок і каменьне награваліся так, што да іх нельга было дакрануцца.
Займаўся назапашваньнем сена і Эдуард Карлавіч. Свае участкі сенакосу ён агарадзіў жэрдкамі. Загарадкі цягнуліся на вярсту. Яны абаранялі сенакос ад жывёлы, якая свабодна пасьвілася на лугах і ў лесе.
У 1883 годзе ў Пякарскага ўжо быў свой статак — чатыры каровы, бык і пара цялят. Праўда, пяць галоў жывёлы зімой давялося забіць, таму што не было чым яе карміць; усё лета ішлі дажджы, якія пазносілі ў рэчку накошанае сена.
6 сьнежня 1883 года ён пісаў бацьку: «Сена ў мяне было ўсяго 12,5 воза, ды і тое згніло... Мой насьлег (якуцкае грамадзтва) даў мне ў дапамогу добрага сена пяць вазоў, вось я і перамешваю яго з гнілым і як-небудзь спадзяюся пракарміць (жывёлу) да вясны. На наступнае лета буду касіць сам, — як змагу».
Вось чаму ўсё лета 1884 года Пякарскі правёў у шалашы на сваім участку. Касіў не касой-гарбушай, а сучаснай касой-літоўкай, прымацаванай да доўгай ручкі. Заняўся ён і земляробствам — пасеяў чатыры пуды ячменю. Але сабраў усяго дванаццаць пудоў і палічыў ураджай кепскім. «Затое жаць збожжа і касіць я навучыўся добра, — пісаў ён бацьку 22 сьнежня 1884 года. — У першы год пры малой казённай дапамозе мне было не асабліва лёгка, бо я раней не займаўся ніякай працай, апрача пісьмовай. Даводзіцца ўсяму вучыцца і ўсё рабіць самому. У такія маразы, якія даходзяць тут да 40-45 градусаў, я павінен сам вазіць дровы і сена за тры і чатыры вярсты».
У лістападзе 1884 года з дапамогай якутаў Пякарскі купіў рабочага каня. Моцны калматы конік быў добра прыстасаваны да тутэйшых умоў: летам свабодна пасьвіўся ў лесе, а зімой хадзіў паблізу дома і жыў на падножным корме — разграбаў капытамі сьнег і даставаў з-пад яго сухую траву.
Удалося Пякарскаму нават пабудаваць уласны дом. Месьціўся ён за вярсту ад самага блізкага суседа — так тут было прынята. Якуцкі мастак П. Папоў прыгадваў пазьней, што ён бачыў у тым доме: каркас яго быў зроблены з абчасаных бярвёнаў, сьцены, падлога, столь і традыцыйныя для Якуціі нары для спаньня — з гладка абчасаных плашак. Камінок Эдуард змайстраваў з цэглы. Нары, на якіх спаў, выслаў мяккім азёрным чаротам. Кідалася ў вочы перагародка з палічкай для кніг і рукапісаў. У хаце было вельмі чыста. Знадворку яна была абмазана глінай. Каля хаты стаяў тыповы якуцкі сьвіран. Двор акружала агароджа на слупах.
Пякарскі жыва цікавіўся справамі і сялян-якутаў, і палітычных ссыльных. Гэта бачна нават з пісьма бацьку (14 ліпеня 1890 г.): «Наўкола мяне таксама галеча: бедныя не толькі якуты, але і мае таварышы, такія ж ссыльныя палітычныя, як я, іншыя з жонкамі і дзецьмі; ім даводзіцца дапамагаць то тым, то гэтым, ды і знаёмствы мае з тутэйшымі рускімі і якутамі сталі больш шырокія... А сам я жыву вельмі сьціпла, нічога лішняга для сябе не дазваляю: гарэлкі не п’ю, у карты не гуляю, і хаця жыву небагата, але сыты, і апрануты, і пры ўсіх выдатках так-сяк зводжу канцы з канцамі».
Пазьней Пякарскі расказваў свайму вучню А. Папову, што яму не раз даводзілася абараняць якутаў ад самавольства царскіх улад. Аднойчы ў мясцовасьць, дзе жыў наш зямляк, раптам прыехаў спраўнік. Каб ехаць далей, патрабаваўся конь, а яго на месцы не аказалася. Якуты добра ведалі пра «фізычныя спосабы ўзьдзеяньня», якія ўжываў спраўнік, калі яго своечасова не адвозілі па прызначэньню... Пякарскі вырашыў сам пагутарыць з чыноўнікам і ўсё мірна уладкаваў. У санкі запрэглі быка, і ссыльны сам адвёз спраўніка ў суседні насьлег.
Пісар у Ігідзейцах быў малапісьменны, таму Пякарскі нярэдка дапамагаў яму афармляць афіцыйныя паперы. Хутка якуты сталі зьвяртацца да ссыльнага рэвалюцыянэра за парадамі, за тым, каб ён склаў якое-небудзь прашэньне і г. д. Але браўся Эдуард Карлавіч «толькі за такія справы, якія здаваліся яму цалкам справядлівымі і мелі шанцы на посьпех». Амаль усе яны потым выігрывалі. Слава пра Пякарскага, як пра дзелавога чалавека, пайшла далёка за межы улуса. Да яго зьяжджаліся якуты з суседніх, нават вельмі аддаленых улусаў. Усё гэта збліжала пасяленца з мясцовым насельніцтвам.
Асабліва блізка ён сышоўся з якутамі, калі заняўся сельскай гаспадаркай, стаў уладальнікам зямельнага надзелу. Яго запрашалі на сходы, з ім раіліся, ён удзельнічаў у вырашэньні розных насьлежных спраў. Мясцовыя жыхары поўнасьцю давяралі Эдуарду Карлавічу. Аднойчы ён нават выконваў абавязкі насьлежнага пісара — у сваім і трох суседніх насьлегах. Пазьней, праўда, пра гэта даведалася гарадзкое начальства і забараніла падмену.
У знак удзячнасьці абшчыне, сярод якой жыў, Пякарскі падаў у родавае кіраўніцтва наступную заяву: «З прычыны таго, што таварыства 1-га Ігідзейскага насьлега пры надзяленьні мяне зямлёю аказала мне матэрыяльную дапамогу для набыцьця гаспадаркі, я, каб чымсьці аддзячыць, прашу родавае кіраўніцтва прыняць ад мяне чатырыста коп сена. Яно павінна раздавацца ў неўрадлівыя гады членам абшчыны, пераважна самым бедным, у пазыку, на тых жа ўмовах, што насьлежнае запасное сена».
Пасябраваўшы з якутамі, рэвалюцыянэр прыйшоў да такога красамоўнага вываду: «Я думаю, што якуцкі народ — частка расійскага народа; і я буду працягваць рабіць тое, што я рабіў у Расіі, г. зн. весьці прапаганду».
МОВА – ДУША НАРОДА
Пякарскі пачаў вывучаць якуцкую мову. А для прыежджага чалавека яна аказалася вельмі цяжкай. Адносіцца якуцкая мова да цюрскай групы. Цюркамоўныя народы расьселены на велізарных прасторах нашай краіны. Да іх адносяцца азэрбайджанцы, узбэкі, туркмэны, кіргізы, татары, башкіры. Самы паўночны і самы ўсходні народ гэтай групы — якуты, і іх мова займае сярод цюрскіх асаблівае месца: яна захавала шматлікія старажытныя асаблівасьці, значны ўплыў аказалі на яе мангольская і эвенкійская мовы. Падабенства трох гэтых моў (якуцкай, эвенкійскай, мангольскай) дазваляе некаторым дасьледчыкам аб’ядноўваць цюрскія, мангольскія і тунгуска-маньчжурскія мовы ў адну алтайскую моўную сям'ю. Але агульнасьць гэтых трох груп канчаткова не даказана і сёньня.
Польскі этнограф-сыбіравед і пісьменьнік Вацлаў Серашэўскі пісаў у канцы мінулага стагодзьдзя, што «татарам і башкірам, сасланым у Якуцкую губэрню, дастаткова шасьці месяцаў, каб навучыцца павольна і нават хутка размаўляць па-якуцку. Рускім для гэтага патрэбны гады». Галоўнай цяжкасьцю было вымаўленьне якуцкіх гукаў, якія вельмі адрозьніваюцца ад індаэўрапейскіх (прыгадаем, што да індаэўрапейскай сям’і адносіцца і наша, славянская, група моў). Серашэўскі сьцьвярджаў, што «ёсьць гукі, якія толькі пасьля доўгай трэніроўкі прызвычайваецца ўспрымаць эўрапейскае вуха і ніколі не зможа зусім правільна ўзнавіць эўрапейская гартань». Разабрацца ў асобных гуках якуцкай мовы, на думку Серашэўскага, можна толькі тады, калі ёю авалодаеш настолькі, што здагадаешся пра значэньне кожнага слова па сэнсу.
Усе цяжкасьці чужой мовы Пякарскі пераадолеў даволі хутка. Без падручнікаў і слоўнікаў ён ужо праз паўгода гаварыў з якутамі і нават выступаў у ролі перакладчыка пры размовах насьлежнага начальства з рускімі пасяленцамі. Вывучэньне якуцкай мовы ўскладнялі неўнармаванасьць і неакрэсленасьць яе граматычных форм: у назоўнікаў не было роду, прыметнікі не дапасоўваліся да назоўнікаў; назоўны склон нярэдка ўжываўся як вінавальны. Прыметнікі, назоўнікі і дзеясловы часам можна было адрозьніць толькі па сэнсу. Множны і адзіночны лікі лёгка ўзаемазамяняліся. Па канчатках слоў нельга было меркаваць аб іх узаемадачыненьні... Усё гэта ўскладняла і дакладны пераклад. Даводзілася ўлоўліваць унутраную сувязь, асноўны сэнс сказанага. А дзеля гэтага трэба было ведаць побыт якутаў.
Паступова Пякарскі прызвычаіўся да маляўнічай і трапнай мовы поўначы, любіў яе дасьціпныя звароты і параўнаньні, прыказкі і прымаўкі. Красамоўе было ў вялікай пашане ў якутаў. На сходах Пякарскі часта чуў доўгія і па-майстэрску пабудаваныя прамовы, з якімі па чарзе выступалі прысутныя. Уменьне прыгожа сказаць высока цанілася. Прамоўцу віталі, з адабрэньнем падбадзёрвалі. «Думка бывае з водгукам, а мова з аздобаю», — гаварылі якуты.
Багацей за гутарковую мову была мова гераічных былін — аланхо. Яна адрозьнівалася асаблівай яскравасьцю і арнамэнтальнасьцю. Аланхо — гераічны якуцкі эпас, які складаўся з мноства падобных па сюжэту легенд. Іх выконвалі майстры-казачнікі — аланхосуты. Доўгія маналёгі яны сьпявалі, а карацейшыя — дэклямавалі ў тэмпе рэчытатываў. Аланхосуты валодалі добрай памяцьцю, голасам і музычным слыхам. На іх выступленьні прыходзіла шмат людзей. У рознай манеры выконваліся песьні волатаў, гераінь, роданачальнікаў, мудраца, раба-табуншчыка, рабыні, пачвар, з якімі змагаўся герой быліны, і г. д.
Эпас аланхо ўзьнік у глыбокай старажытнасьці, калі продкі якутаў жылі ў непасрэдным суседзтве з іншымі цюрка-мангольскімі народамі. У аснове аланхо — паданьні аб змаганьні з племем пачвараў, якія нападаюць на людзей, крадуць жанчын, адбіраюць жывёлу. З пачварамі змагаюцца героі-волаты, надзеленыя незвычайнай сілай і прыгажосьцю. Яны бароняць і ратуюць усіх, хто трапіў у бяду. Ідэал — аланхо — мірнае і шчасьлівае жыцьцё.
Вельмі мудрагелістай аказалася мова народных песень. Якуты любілі сьпяваць. Пякарскі ўпершыню пачуў гэтыя песьні па дарозе з Якуцка ў Ігідзейцы. Сьпявалі іх ямшчыкі, якія паганялі коней, а таксама падарожнікі, што праяжджалі міма. Гарлавыя якуцкія песьні спачатку здаліся вельмі жалобнымі, працяглымі. Пачыналіся яны гукамі: «А-ы-ы-ы», цягнуліся бясконца і часам мадуліраваліся надрыўнымі пералівамі. Гукі непаўторна зьліваліся са скрыпам палазоў, шумам тайгі. Уражаньне было своеасаблівым і незвычайным...
Спявалі якуты выключна гартаньню. Матыў рэдка калі складаўся больш, чым з дзьвюх-трох нот, якія выконваліся надзвычай рытмічна. Песьня нагадвала імправізаваны рэчытатыў. У ёй расказвалася пра лес, дарогу, пра коней; госьця, што ехаў з далёкага краю, чакалі цёплы начлег і смачная ежа... Адным словам, песьні былі пра тое, што бачыў і чуў чалавек у дарозе.
Пякарскага вельмі цікавілі якуцкія песьні. Вечарамі мясцовыя жыхары сядалі вакол камінка і, гледзячы на агонь, цешыліся доўгімі імправізацыямі. Выканаўцы даражылі ацэнкай слухачоў, наладжвалі нават нешта падобнае да спаборніцтва. Эдуард Карлавіч пабываў не на адным такім канцэрце. Сабраўшыся ў балагане, сапернікі выступалі па чарзе і імкнуліся як мага больш усхваляваць слухачоў. Публіка замірала. Нават калі песьня канчалася, некаторы час усе гаварылі шэптам, нібыта баючыся спалохаць цудоўнае імгненьне.
Сярод слухачоў даводзілася чуць і такія меркаваньні:
— У гэтага словы цудоўныя, але голас горшы! А ў таго голас зычны, але словы непрыгожыя!
— Сьпявае, нібы сэрца з грудзей вымае!
Песьні былі багатыя па зьместу. У папулярнай паэме «Прыгоды адзінокага бабыля» перад прысутнымі паўставалі далёкія невядомыя мясьціны, дзе дасьпявалі яблыкі і іншыя плады, пра якія якуты, здавалася б, не павінны былі мець ніякага ўяўленьня. Але Пякарскі ведаў, што агульныя продкі якутаў і туркаў, кіргізаў і туркмэнаў, татараў і іншых народаў, што гавораць на мовах цюрскай групы, калісьці расьсяляліся з больш цёплых вярхоўяў Енісея, з Саянскіх і Алтайскіх гор на захад і поўнач. Яму было зразумела, што многія вобразы песень засталіся ад продкаў, прывезены імі ў халодныя краі з далёкага поўдня. Сьпевакі ж беражліва захоўвалі з пакаленьня ў пакаленьне і старадаўнія словы, і незвычайныя паняцьці.
Менавіта па песьнях Пякарскі знаёміўся спачатку з вобразнасьцю якуцкай мовы, яе асаблівасьцямі. Ён завёў два сшыткі: у адзін запісваў якуцкія словы з перакладам на рускую, у другі — рускія словы з перакладам на якуцкую мову. Знамянальна, што адзін са сшыткаў Пякарскаму падарыў герой «працэсу 50» Пётр Аляксееў. Ён быў высланы ў Батурускі улус і жыў за васемнаццаць вёрст ад балагана Пякарскага. Наш зямляк пазьней успамінаў: «Калі Аляксееў, як і я, намерыўся заняцца гаспадаркай, то нам было дазволена мець коней, і мы такім чынам бачыліся даволі часта. Атрымаўшы якое-небудзь больш або менш важнае паведамленьне, нам нічога не каштавала асядлаць ці запрэгчы каня і паехаць адзін да аднаго, каб паведаміць сабраныя навіны і падзяліцца думкамі».
...Багатыя суседзі забілі Аляксеева за тое, што ён заступаўся за беднякоў, Пякарскі ўзначаліў пошукі забойцаў і дапамог раскрыць злачынства. Над магілай сябра ён сказаў прачулую прамову, а потым паставіў памятны камень...
Але вернемся да слоўніка. Першым сваім настаўнікам па якуцкай мове Пякарскі лічыў Ачокуна — сьляпога бацьку гаспадара міждваровай станцыі, у якога жыў першыя месяцы, калі прыбыў у Ігідзейцы. Стары паказваў ссыльнаму і называў па-якуцку навакольныя прадметы, часткі чалавечага цела, вопратку, хатні посуд. «Ужо адно гэта — успамінаў Пякарскі, — узбагаціла мяне пэўным запасам слоў; пры дапамозе іх я мог спытаць пра назвы такіх прадметаў, якія не змог для мяне вызначыць мой настаўнік. У той жа час я пасьпяшаўся ўнесьці ў свае слоўнічкі ўсе словы, што мне толькі ўдавалася вывудзіць з друкаваных кніг, якія я паступова набываў».
Дапаможнікаў па якуцкай мове тады амаль не было. У 1858 годзе якуцкі эпіскап Дзіянісій (Дзімітрый Васільевіч Хітроў) даручыў сваім падначаленым скласьці граматыку якуцкай мовы. Яе пісалі па ўзору лацінскай, уціскаючы жывую мову цюрскай групы ў жорсткія і зусім чужыя рамкі. Натуральна, створаная па даручэньню Хітрова граматыка не адпавядала ладу якуцкай мовы.
У той час ужо выходзілі перакладзеныя на якуцкую мову царкоўныя кнігі. Шмат часу затраціў на іх вывучэньне Пякарскі, але хутка зразумеў, што гэтая мова далёкая ад гутарковай. І, каб спасьцігнуць апошнюю, узяўся за вывучэньне народнай паэзіі. «Прызнаюся, — пісаў ён, — што больш блізкае знаёмства з казачнай і песеннай мовай прымусілі мяне пашкадаваць аб тым часе, які я скарыстаў на штудзіраваньне перакладаў кніг». У царкоўных кнігах словы скажаліся да непазнавальнасьці.
Да Пякарскага грамату і слоўнік якуцкай мовы спрабаваў скласьці пецярбургскі вучоны Ота Бётлінг. Рабіў ён гэта на навуковых асновах, але карыстаўся чужымі матэрыяламі, у прыватнасьці сабранымі Мідэндорфам. Бётлінг выдаў «Якуцка-нямецкі слоўнік», вядомы толькі сярод спэцыялістаў па цюрскіх мовах. Пякарскі дастаў гэты слоўнік у ссыльнага тэрарыста Мікалая Цютчава, арыштаванага ў час стачкі рабочых на адной са сталічных фабрык (потым ён спрабаваў уцячы з забайкальскага пасяленьня да кітайскай граніцы). Цютчаў прывёз з сабой у Чурапчу два экзэмпляры слоўніка Бётлінга і адзін з іх падарыў Пякарскаму. Наш зямляк пазьней паслаў пісьмо Бётлінгу з просьбай адказаць на некаторыя пытаньні. Але аказалася, што вучонага ўжо з чвэрць стагодзьдзя не было ў Пецярбургу: ён выехаў у Германію.
У 1885 годзе ў газэце «Неделя» Пякарскі прачытаў паведамленьне, нібыта ў якуцкай мове ўсяго толькі тры тысячы слоў. Такое бяздоказнае сьцьвярджэньне было заснавана на дакладзе нейкага Гамава ў Маскоўскім таварыстве аматараў прыродазнаўства, антрапалёгіі і этнаграфіі. На той час Эдуард Карла-віч быў ужо перакананы, што якуцкая мова значна багацейшая. ён вырашыў абвергнуць Гамава і скласьці свой слоўнік.
Як сьцьвярджаюць дасьледчыкі Н. Пятроў і Н. Барашкаў, такое рашэньне было сапраўды сьмелым — яго мог прыняць толькі чалавек з рэвалюцыйнай натурай. Амаль на голым месцы даводзілася пачынаць велізарную работу, ісьці па невядомаму шляху, каб авалодаць шматвяковым вопытам жыцьця і мудрасьцю чужога народа, якія знайшлі адлюстраваньне ў мове.
Працаваць над слоўнікам цяжка было і фізычна: кароткае лета звычайна займалі сенакос, земляробства, паляваньне, рыбная лоўля. Для навуковай работы заставалася доўгая зіма. «Іншы раз, — успамінаў Эдуард Карлавіч, — не хапала пісьмовых прылад, даводзілася карыстацца кожнай васьмушкай паперы, у якой адзін бок быў чысты. Не было сьвечак, і даводзілася чытаць, а часам і пісаць, пры сьвятле камінка, рызыкуючы сапсаваць сабе вочы».
У рабоце над слоўнікам Пякарскі выкарыстоўваў жывую гутарковую мову, фальклёрныя творы. Апошнія былі асабліва карыснымі пры вывучэньні мовы народа, які не меў пісьмовых традыцый і алфавіту. Запісам папярэднікаў Эдуард Карлавіч не заўсёды давяраў з-за іх недакладнасьці. Сам старанна дакопваўся да значэньня і формы кожнага слова.
Навуковыя заняткі ўмацоўвалі веру ва ўласныя сілы. Складаньне слоўніка па-сутнасьці было працягам барацьбы супраць царскага самаўладзьдзя: сам працэс даваў магчымасьць весьці рэвалюцыйную работу. Якуты таксама, як і родныя палешукі, чарнігаўцы, або тамбоўцы, патрабавалі да сябе ўвагі, і дзейнасьць на карысьць ім была маральным абавязкам маладога рэвалюцыянэра. Яна была вельмі важнай і для самога Эдуарда: якуцкая ссылка многіх рэвалюцыянэраў ламала... Звар’яцеў і памёр таленавіты дасьледчык якуцкага фальклёру краязнавец Іван Худзякоў. Застрэліўся пецярбургскі рабочы Аляксандр Паўлаў. Страціў розум Аляксей Сіракоў. У пасяленьні Усьць-Майскае павесіўся таварыш Пякарскага па харкаўскім падпольлі А. Баўбельскі. Недарэчы гінулі і іншыя ссыльныя...
Пякарскі ж гэтае цяжкае жыцьцёвае выпрабаваньне вырашыў пераадолець. Яго намер узяцца за сур’ёзнае вывучэньне мовы падтрымлівалі іншыя энтузіясты якуцкай культуры. Сярод іх у першую чаргу трэба назваць сьвяшчэньніка з пасяленьня Ытык-Кёль Дзімітрыяна Дзімітрыянавіча Папова. Першая сустрэча з ім адбылася ў не зусім звычайных абставінах.
Аднойчы Пякарскі сядзеў у балагане знаёмага бедняка-якута, у якога захварэла дачка. Каля цёплага камінка ён крыху прыдрамаў. Прачнуўся ж ад зычнага голасу:
— Сьвяшчэньнік прыехаў!
У балагане пачаўся вэрхал. Гаспадыня паставіла на агонь чайнік, стала падмятаць земляную падлогу, разламала на кавалкі прэсную ляпёшку.
У памяшканьне ўвайшоў пажылы сьвяшчэньнік. Усьлед гаспадар нёс яго рэчы. Поп апрануў рызу, запаліў перад абразом тоненькую васкавую сьвечку. Потым паклаў на стол крыж і малітоўную кнігу, укінуў у кадзіла гарачае вугольле і пачаў малітву. Прысутныя якуты маліліся разам з папом. Пякарскі ж працягваў нерухома сядзець. Усіх гэта зьдзівіла. Гаспадар папрасіў:
— Калі самі не верыце ў бога, то хоць выйдзіце на хвіліну, а то няёмка.
Пякарскі так і зрабіў. Калі ж служба скончылася, ён сустрэўся са сьвяшчэньнікам у суседняй хаце, куды іх запрасілі абодвух. Спачатку яны сядзелі моўчкі: Пякарскі пазіраў на Папова з натуральнай насьцярожанасьцю: слугі рэлігіі адносіліся да палітычных ссыльных у цэлым нядобразычліва. Але Папоў аказаўся чалавекам шырокіх поглядаў. Ён прапанаваў Пякарскаму выпіць з ім чаю. Пачалася гаворка. І тут нечакана высьветлілася, што яны абодва складаюць слоўнікі якуцкай мовы. Праўда, у Папова было ўжо сабрана і растлумачана больш за тысячу слоў, а ў Пякарскага трохі больш за чатырыста.
Папоў гаварыў аб цярплівасьці і настойлівасьці, якія патрэбны таму, хто бярэцца дасьледаваць якуцкую мову:
— Яна невычарпальная, як акіян. Але, як кажуць у народзе, кропля і камень дзяўбе. Так і ваша праца: кожны дзень вы павінны павялічваць свой сьпіс — хаця б на адно-два слоўцы. І, галоўнае, трэба быць больш сьмелым, не адступаць перад цяжкасьцямі, не слухаць тых, хто будзе адгаворваць ці насьміхацца над вамі. ёсьць і такія... Трымайцеся тых, хто спачувае вам, падтрымлівае, дапамагае ў вашай працы.
Стары сьвяшчэньнік абяцаў перадаць ссыльнаму рэвалюцыянэру свой слоўнік.
Айцец Дзімітрыян пастаянна перадаваў Пякарскаму новыя матэрыялы. Часам дасылаў іх праз сваю дачку. Вось так успамінае пра адну з сустрэч яе малодшы сын, унук Дзімітрыяна, вядомы якуцкі мастак П. Папоў:
«Пякарскі сустрэў Папову вельмі ветліва. Калі госьці ўвайшлі ў дом, яна па прывычцы перахрысьцілася і толькі пасьля гэтага, агледзеўшыся, здзіўлена сказала па-якуцку:
— Абраза ж, здаецца, няма.
— Суох [* Суок — няма (якуц. — В. Г.).], — пацьвердзіў па-якуцку Пякарскі. — Ну, расказвайце, якія навіны, як маецеся, адкуль едзеце?
Атрымаўшы пісьмо ад айца Дзімітрыяна і новы сьпіс якуцкіх слоў, Пякарскі прачытаў пісьмо. Затым стаў захоплена расказваць пра сваю работу:
— У мяне сабрана ўжо больш за тры тысячы слоў. У гэтым мне дапамагаюць многія, асабліва такі знаўца мовы якутаў, як айцец Дзімітрыян, ваш бацька».
А вось якім П. Папоў запомніў Пякарскага: «(Гэта быў) мужчына гадоў каля трыццаці пяці, сярэдняга росту, прысадзісты, крыху сутулаваты, шатэн з блакітнымі вачыма, прамым носам, клінападобнай бародкай. Адзеты сьціпла: з-пад чорнага пінжака выглядала чорная касаваротка, на нагах — высокія боты. Ён меў выгляд культурнага, інтэлігентнага чалавека, які трапіў у далёкую якуцкую тайгу як удзельнік нейкай экспэдыцыі...»
Гаспадар дома паказаў Паповай дзесяткі са два кніг, свае рукапісы. Сярод іх ганаровае месца займаў слоўнік айца Дзімітрыяна. Праводзячы гасьцей, Пякарскі доўга ішоў побач з іхнім возам. ён прызнаваўся:
— Мне падабаецца гэтая суцэльная лістоўнічная тайга, што цягнецца на сотні вёрст. Але вось людзей тут няма, пустынна.
Азірнуўшыся і пабачыўшы, што яго балаган ужо зьнік за гарызонтам, Пякарскі разьвітаўся з Паповымі і пакрочыў назад.
Сяброўскія адносіны двух дасьледчыкаў якуцкай мовы працягваліся да самай сьмерці сьвяшчэньніка ў 1896 годзе. Пякарскі ўспамінаў: «Штогадовую дапамогу (на працягу амаль трынаццаці гадоў протаіерэй Папоў аказваў мне зусім бескарысьліва, не ставячы ніякіх умоў, і за ўвесь час толькі аднойчы спытаў, ці ўспомню я пра яго калі-небудзь, як пра свайго супрацоўніка?.. Я, вядома, пасьпяшаўся запэўніць, што ніколі не забуду заявіць у друку аб аказанай мне дапамозе».
У прадмове да «Слоўніка якуцкай мовы» Пякарскі сапраўды згадаў пра дапамогу, якую яму аказаў Папоў...
Заняўшыся слоўнікам якуцкай мовы, Пякарскі не траціў сувязей з іншымі палітычнымі ссыльнымі свайго улуса. А іх там аказалася больш за трыццаць чалавек. Час ад часу наш зямляк езьдзіў у Чурапчу, дзе праводзіў некаторы час са старэйшымі таварышамі па ссылцы Шаганавым і Загібалавым.
Палітычныя ссыльныя Ананій Арлоў, Мікалай Віташэўскі, Марк Натансон і народны настаўнік з Чурапчы якут Васіль Папоў, што жылі ў Батурускім улусе, таксама запісвалі пераклады якуцкіх слоў на рускую мову. Даведаўшыся аб рабоце Пякарскага, яны перадалі яму свае матэрыялы. Васіль Папоў падарыў нават кнігу «Роднае слова», якую склаў для чытаньня якутам, а таксама запісы загадак, прымавак, песень і шаманскіх заклінаньняў.
У слоўніку Бётлінга было больш чатырох з паловай тысяч слоў. Не выключана, што менавіта гэтая кніга, дасланая Пякарскаму М. Цютчавым, заахвоціла вучонага пашырыць слоўнікавыя запісы. Ён стаў рабіць заўвагі на палях бётлінгаўскага выданьня. Значную дапамогу тут аказаў палітычны ссыльны Усевалад Міхайлавіч Іёнаў, які таксама перадаў Эдуарду Карлавічу сабраныя на працягу некалькіх гадоў матэрыялы для руска-якуцкага слоўніка.
П. Папоў у 1897-1898 гадах вучыўся ў школе, заснаванай Іёнавым паблізу Ытык-Кёля. Ён успамінае, як сюды. да Іёнава, прыязджалі па нядзелях і сьвятах Пякарскі, ссыльны Васіль Трашчанскі, пісьменныя якуты Е. Мікалаеў, К. Аросін, С. Сенькін. Запрашалі і непісьменных якутаў. Тыя наведваліся ахвотна, з жаданьнем быць карыснымі для ссыльных, якія вывучаюць іх мову і побыт. Гэта былі своеасаблівыя мовазнаўчыя «канфэрэнцыі». З дапамогай мясцовых жыхароў высьвятляліся незразумелыя пытаньні, якія датычыліся звычаяў, абрадаў, а галоўнае — мовы. Пякарскі прасіў дакладна вымаўляць і перакладаць асобныя словы, часам па некалькі разоў. Уважліва ўслухоўваўся ў гучаньне. Потым яны з Іёнавым зачытвалі зробленыя запісы. Калі былі разыходжаньні, запісы паўтараліся. Такія «канфэрэнцыі» працягваліся дзьве-тры гадзіны. На заканчэньне пілі чай і запрошаныя якуты разыходзіліся. Ссыльныя ж заставаліся, каб падзяліцца мясцовымі навінамі, а таксама думкамі пра агульнарасійскія падзеі. Прыгадвалася жорсткая расправа ўлад з палітычнымі ссыльнымі ў Якуцку ў доме мешчаніна Манастырова. Гаварылі аб якуцкім эпіскапе Мялеціі, які асудзіў дзеяньні віцэ-губэрнатара Асташкіна, вінаватага ў гэтай трагедыі. Ссыльныя сьпявалі хорам народніцкія песні: «Медленно движется время, веруй, надейся и жди», «Из страны, страны далекой, с Волги-матушки широкой», «Назови мне такую обитель» і іншыя.
Вось як апісвае адзін з вечароў у Пякарскага П. Папоў: «Юрта і абсталяваньне заставаліся тыя ж, што і ў час майго першага наведваньня з маці, праездам на Ытык-Кёль. Рукапісаў, кніг і картатэк стала значна больш, чым раней. Сябры пілі чай і гутарылі. Гаварылі галоўным чынам пра нейкія старажытныя паданьні, легенды, абмяркоўвалі рукапіс адной з аланхо «Ньургун Баатур», пашыраную ў Батурускім павеце і пакладзеную потым у аснову папулярнай якуцкай музычнай драмы».
Пякарскі не абмяжоўваўся вывучэньнем слоўнікавага складу. Каб лепш зразумець якуцкую мову, ён цікавіўся таксама асаблівасьцямі матэрыяльнага побыту, сацыяльных адносін якутаў. І восеньню 1893 года ў сааўтарстве са ссыльным рэвалюцыянэрам з Чурапчы Георгіем Фёдаравічам Асмалоўскім на падставе сабранага багатага матэрыялу Пякарскі напісаў свой першы навуковы артыкул «Якуцкі род да і пасьля прыходу рускіх». Артыкул апублікавалі ў 1896 годзе ў «Памятной кннжке Якутской губернии». У ім былі апісаны звычаі і абрады, якія ў канцы XIX стагодзьдзя сталі архаічнымі і пры павярхоўным вывучэньні заставаліся незаўважанымі. Аўтары зьвярнулі ўвагу на адмоўныя рысы патрыярхальных нораваў у якутаў: неабмежаваныя правы галавы сям’і, патрыярхальнае рабства, жорсткія міжусобіцы. Пякарскі і Асмалоўскі даказвалі, што міжусобныя войны маглі б дашчэнту зьнішчыць якуцкі народ, калі б Якуція не ўвайшла ў склад Рускай дзяржавы. Уваходжаньне сапраўды станоўча адбілася на далейшым разьвіцьці Усходняй Сыбіры, але маладыя вучоныя трохі перабольшвалі, падкрэсьліваючы гуманныя адносіны царскай улады да народаў Поўначы.
Артыкул прыцягнуў увагу якуцкага губэрнатара В. Скрыпіцына. На пачатку 1899 года ён прапанаваў Пякарскаму скласьці запіску аб пажаданых зьменах у якуцкім самакіраваньні. Эдуард Карлавіч з цікавасьцю прыняў прапанову і ў сваёй запісцы раскрытыкаваў існуючыя парадкі самакіраваньня. Скрыпіцын і яго пераемнік Крафт выкарыстоўвалі потым матэрыялы дасьледчыка, не спасылаючыся на яго імя.
Тым часам пра слоўнік Пякарскага стала вядома за мяжой. Наш зямляк атрымаў пісьмо ад парыжскага мовазнаўца П. Якабі. Той пісаў, што да яго дайшлі чуткі, што Пякарскі склаў «выдатны якуцкі лексыкон» і пытаў, калі выданьне ўбачыць сьвет і якім чынам слоўнік можна атрымаць.
— Доктар Якабі, — успамінаў Эдуард Пякарскі, — шмат каштоўнага мне ў пісьме параіў, і яго парад я прытрымліваўся потым у рабоце. У сваім адказе я павінен быў некалькі расчараваць доктара Якабі адносна чутак пра мой слоўнік, бо ў той час я ўсё ж меў на ўвазе, галоўным чынам, практычныя мэты, а навуковыя толькі часткова».
Першы варыянт слоўніка зьмяшчаў сем тысяч слоў, і гэта пераўзыходзіла па колькасьці і слоўнік Бётлінга, і лічбу, названую Гамавым у Маскоўскім таварыстве аматараў этнаграфіі.
Якраз у гэты час павінны былі адпусьціць у Эўрапейскую Расію Мікалая Цютчава, і Пякарскі ў пісьме папрасіў яго сустрэцца ў Казані па дарозе дамоў з вядомым усходазнаўцам Мікалаем Іванавічам Ільмінскім, папрасіць пахадайнічаць аб выданьні слоўніка. Аднак Цютчава затрымалі ў Іркуцкім астрожным замку і паведамілі, што напраўляюць яго на пасяленьне ў Краснаярск. Цютчаў зразумеў, што ў Казань ён не трапіць...
Наглядчыкам Іркуцкага астрога аказаўся член Усходне-Сыбірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, які кіраваў тады навуковай работай ва ўсёй Сыбіры. Даведаўшыся пра гэта, Цютчаў перадаў яму пісьмо з хадайніцтвам выдаць слоўнік Пякарскага за кошт таварыства. Вязень аргумэнтаваў просьбу тым, што «Пякарскі перадаў свой слоўнік для карэктуры і прагляду мясцовым знаўцам якуцкай мовы: протаіерэю Дзімітрыяну Папову і галаве Батурускага улуса Ягору Дзімітрыевічу Мікалаеву, якія адзінагалосна ўхвалілі яго, прычым абодва выказалі думку, што слоўнік гэты па багацьцю слоў, дакладнаму сьледаваньню аднойчы прынятай сыстэме і адданасьці жывой якуцкай мове пакідае далёка ззаду ўсе падобныя спробы, зробленыя раней».
19 верасьня 1887 года Цютчаў пісаў Пякарскаму з Краснаярска: «Уяві сабе маё зьдзіўленьне, калі не больш, чым праз два дні я даведаўся, што гэта пісьмо перададзена не ў аддзел таварыства, а праз пракурора іркуцкаму генэрал-губэрнатару [* Іркуцкі генэрал-губэрнатар (ім быў граф А. Ігнацьеў, бацька будучага савецкага пісьменьніка генэрал-лейтэнанта А. Ігнацьева, аўтара вядомай кнігі «Пяцьдзесят год у страі») лічыўся апекуном Усходне-Сыбірскага аддзела Геаграфічнага таварыства.]. Апошні палічыў патрэбным зрабіць запытаньне якуцкаму губэрнатару. Наогул, усёй справе дадзены непажаданы кірунак. Нядаўна я бачыўся з Рыгорам Мікалаевічам Патаніным [* Р. М Патанін — вядомы сыбірскі літаратар, падарожнік і вучоны. выдатны дзеяч Усходне-Сыбірскага аддзела таварыства.], якому растлумачыў адзначаныя вышэй паводзіны аднаго з членаў таварыства як паводзіны заядлага чыноўніка. ён (Р. М. Патанін — В. Г.) хацеў... пастарацца ажыцьцявіць выданьне».
Такім чынам, слоўнікам Э. Пякарскага паступова зацікавіліся ўлады. Якуцкі губэрнатар К. Сьвятліцкі загадаў акруговаму паліцэйскаму кіраўніцтву зьвязацца з аўтарам і прапанаваць яму перадаць слоўнік ва Усходне-Сыбірскі аддзел Геаграфічнага таварыства. Граф Ігнацьеў пісаў Сьвятліцкаму, што той можа запэўніць складальніка слоўніка «ў недатыкальнасьці яго правоў і ў захаваньні рукапісаў, якія ён... вышле ў Аддзел Геаграфічнага таварыства».
Пякарскі згадзіўся. Толькі папрасіў у акруговага спраўніка «Тлумачальны слоўнік жывой вялікарускай мовы» Уладзіміра Даля, які дарэмна шукаў ужо чатыры гады. Слоўнік ён атрымаў. З прадмовы да гэтага выданьня дасьледчык якуцкай мовы ўпершыню даведаўся, што словы з усімі іх значэньнямі больш зручна запісваць не падрад у сшытках, а на асобных картках. Гэта спрашчала далейшую работу, садзейнічала папаўненьню слоўніка, унясеньню дадатковых зьвестак. Эдуард Карлавіч стаў цяпер весьці запісы на асобных картках, якія можна было свабодна перамяшчаць і ўкладаць у любым патрэбным парадку.
4 мая 1888 года Усходне-Сыбірскі аддзел Геаграфічнага таварыства накіраваў Пякарскаму пісьмо з просьбай даслаць першыя аркушы слоўніка. Падпісаў пісьмо Патанін. З гэтага часу ўстанавілася сувязь Пякарскага з Усходне-Сыбірскім аддзелам Геаграфічнага таварыства.
Да пачатку 1890 года малады вучоны закончыў работу над першай рэдакцыяй слоўніка і выслаў ва Усходне-Сыбірскі аддзел Геаграфічнага таварыства некалькі пробных аркушаў. Зьявілася надзея ўбачыць у друку практычны вынік працы, якой ён аддаў восем цяжкіх год свайго жыцьця.
“НЕЛЬГА КІНУЦЬ РАБОТУ...”
У выніку палітычных ссылак 1880-1890-ых гадоў у Якуцкай губэрні сканцэнтраваліся значныя інтэлектуальныя сілы. Палітычныя прасьледаваньні і цяжкія ўмовы існаваньня не змаглі забіць ці спыніць настойлівае жаданьне “увабраць у сябе і перадаць на волю ўражаньні і назіраньні над далёкім, малавывучаным краем”.
Вядомы этнограф М. Азадоўскі, аўтар артыкула пра Пякарскага, пісаў, што на прыкладзе Якуціі можна найбольш выразна прасачыць значэньне той работы па вывучэньні краю, якая была праведзена «палітычнай ссылкай» наогул. Не было ніводнай галіны ў вывучэньні побыту і культуры якуцкага народа, дзе б яна не прыклала свае сілы. Прыгадаем некаторыя факты: В. Серашэўскі склаў абагульняючую манаграфію пра якутаў; Ф. Кон і I. Майноў пачалі антрапалягічныя дасьледаваньні; С. Кавалік, У. Іёхельсон і Л. Левенталь вывучалі эканоміку краю; В. Тан-Багараз, У. Іёхельсон і В. Трашчанскі праводзілі этнаграфічныя даследаваньні, а I. Худзякоў — фальклорныя; Э. Пякарскі стаў лепшым дасьледчыкам якуцкай мовы. У гэтым асяродзьдзі быў і таленавіты мастак слова У. Караленка.
Работы ссыльных мелі посьпех у Якуціі. Сібірскі золатапрамысловец А. Сыбіракоў, які акружаў мэцэнацкай апекай разьвіцьцё мясцовай навукі і культуры, пісаў у канцы XIX стагодзьдзя, што «палітычныя ссыльныя ўяўляюць сабой нешта накшталт прымусовай экспэдыцыі па дасьледаваньню губэрні, і трэба толькі ўмела выкарыстоўваць іх назіраньні». Сыбіракоў даваў Усходне-Сыбірскаму аддзелу Геаграфічнага таварыства грошы на экспэдыцыю па дасьледаваньню побыту якутаў.
Узначальваў экспэдыцыю кіраўнік спраў аддзела ссыльны народнік Дзьмітрый Клеменц — чалавек з багатай біяграфіяй. Да Сыбіры ён разам з С. Краўчынскім вёў рэвалюцыйную прапаганду, прымаў удзел у паўстаньні герцагавінскіх славян супраць турэцкага ярма, працаваў у рэдакцыі падпольнага часопіса «Земля и воля». Арыштаваны быў па правакацыйнаму даносу агента маскоўскай ахранкі. Калі Клеменца саслалі ў Сыбір, ён пачаў супрацоўнічаць з мясцовым аддзелам Геаграфічнага таварыства. Гэта быў чалавек усебаковых ведаў — геаграфіі, геалёгіі, этнаграфіі, археалёгіі.
У студзені 1894 года Клеменц прыбыў у Якуцк для арганізацыі экспэдыцыі. Перш за ўсё ён паехаў да Пякарскага і ўгаварыў яго прыбыць у Якуцк на арганізацыйнае пасяджэньне. «Мой слоўнік якуцкай мовы,— успамінаў пазьней Пякарскі, — Клеменц назваў тым канём, на якім можна будзе выехаць у тым выпадку, калі экспэдыцыя не дасьць чаканых вынікаў. Адзін толькі слоўнік можа пакрыць выдаткі на экспэдыцыю. У гэтым сэнсе Клеменц, відаць, вёў перагаворы з Сыбіраковым. Таму Сыбіракоў асыгнаваў на экспэдыцыю 10 000 рублёў і на выданьне слоўніка 2000 рублёў».
Арганізатары экспэдыцыі сабраліся ў Якуцку 18 студзеня 1894 года. Праграму па дасьледаваньню хатняга і сямейнага побыту якутаў было даручана скласьці Пякарскаму. Зрабіў ён гэта разам са ссыльным І. Майновым. Як адзначыў савецкі дасьледчык I. Гурвіч, падрабязная праграма Пякарскага і сёньня не страціла навуковага значэньня пры зборы матэрыялаў аб жыцьці якуцкага народа.
Пякарскі прапанаваў шукаць сярод ссыльных рэвалюцыянэраў і пісьменных якутаў тых, хто хацеў бы і здолеў дапамагчы экспэдыцыі. У збор этнаграфічных матэрыялаў уключыліся В. Гарыновіч, Г. Асмалоўскі, В. Іёнаў, якуты Е. Нікалаеў і Н. Сьляпцоў. Народныя песьні запісвалі I. Аросін, Е. Аросін і Р. Аляксандраў. Пякарскі не абмяжоўваўся лексыкай свайго слоўніка, ён зьбіраў зьвесткі аб побыце якуцкага народа і перадаваў іх членам экспэдыцыі.
Уся гэта работа стала пераломным этапам у барацьбе за слоўнік. Няспыннае паступленьне новага матэрыялу выклікала неабходнасьць перапрацоўкі ранейшых запісаў. Першапачаткова Пякарскі вывучаў у асноўным толькі дыялект якутаў міжрэчча Амгі і Лены. Цяпер жа ён змог працаваць над лексыкай іншых дыялектаў. У гэты час з Цэнтральнага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства вучонаму перадалі якуцка-рускі слоўнік П. Парадзіна, заснаваны на заходняй, вілюйскай, гаворцы якуцкай мовы. З Усходне-Сыбірскага аддзела таварыства, якое знаходзілася ў Іркуцку, прыслалі якуцкі тэкст «Верхаянскага зборніка», складзенага таленавітым этнографам I. Худзяковым, які трагічна загінуў у ссылцы. Апошняе дасьледаваньне дало Пякарскаму магчымасьць пазнаёміцца з паўночным, верхаянскім дыялектам якуцкай мовы.
Каб вывучыць і апрацаваць сабраныя ў экспэдыцыі матэрыялы, спатрэбілася многа часу, і толькі 29 сакавіка 1898 года Пякарскі змог паведаміць ва Ўсходне-Сыбірскі аддзел Геаграфічнага таварыства, што «збор матэрыялаў па слоўніку і фальклёру» цалкам завершаны. У вучонага назапасілася каля 20 тысяч слоў! Рукапіс слоўніка складаўся з некалькіх тамоў. У картатэцы ж сабралася 15 тысяч картачак. Сярод фальклёрных запісаў былі 26 песень, 225 загадак, 89 прыказак і прымавак.
У 1898 годзе ў Якуцку на сродкі Сыбіракова слоўнік Пякарскага выйшаў у сьвет. Але работа не спынялася. Мэту сваіх далейшых пошукаў вучоны тлумачыў так: «Зыходзячы з той простай ісьціны, што «ў мове народа найбольш поўна адлюстроўваецца яго душа», я думаў, што чым больш будзе сабрана мною якуцкіх слоў, чым больш дакладна растлумачана кожнае з іх, тым больш каштоўны матэрыял я змагу даць іншым дасьледчыкам для разуменьня «душы» якуцкага народа».
Між тым заканчваўся тэрмін ссылкі. Пасьля 14-гадовага знаходжаньня ў Якуціі Пякарскі зьбіраўся вярнуцца ў эўрапейскую частку Расіі. Аднак жыцьцё распарадзілася інакш. 2 мая 1894 года дасьледчык пісаў бацьку: «Раней, чым закончыцца друкаваньне слоўніка, мне няма чаго і думаць пра вяртаньне на радзіму, хоць нават і будзе атрыманы на тое дазвол, бо нельга кінуць работу, якой аддадзена трынаццаць гадоў лепшай пары жыцьця».
«Нельга кінуць работу...» Гэтыя словы з прыватнага пісьма як мага лепш характарызуюць тое пачуцьцё маральнага абавязку адказнасьці за важную справу, якое Эдуард Карлавіч адчуваў у якуцкай ссылцы.
У канцы 1899 года па хадайніцтву Расійскай Акадэміі навук Пякарскаму дазволілі пасяліцца ў Якуцку. Горад узьнік у 1632 годзе на правым беразе Лены, але месца аказалася нязручным, бо кожны год затаплялася, і праз дзесяць год горад перанесьлі на левы бераг ракі вышэй па цячэньню. У XVII стагодзьдзі Якуцкі астрог стаў цэнтрам ваяводзтва, землі якога ўключалі і ўзьбярэжжа Ахоцкага мора. Адсюль адпраўляліся рускія экспэдыцыі на поўнач Усходняй Азіі, адсюль вывозілі ў Эўропу каштоўнае футра і мамантавыя косьці. Да XIX стагодзьдзя жыхары Якуцка займаліся ў асноўным рамёствамі і гандлем. Потым гарадзкое жыцьцё ажывілася са здабычай золата (па рацэ Віцім і яе прытоках). Узбагаціўся і гандаль. Сюды прывозілі больш тавараў з Эўрапейскай Расіі; на заходнія кірмашы адпраўляліся ўжо і золата, рыба і іншыя дары лясоў і нетраў. Аднак, нягледзячы на гэта, Якуцк заставаўся правінцыяльным горадам. Сярод сямі тысяч яго жыхароў было толькі паўсотні рабочых, якія працавалі на трох цагельнях і трох папяросных фабрыках. У горадзе былі ўсяго дзьве сьвецкія і дзьве духоўныя школы.
Наш зямляк, вядомы дасьледчык Сыбіры геоляг Ян Чэрскі, праяжджаючы праз Якуцк летам 1891 года, так апісаў яго ў пісьме сталічнаму заолягу Плеске: «Уявіце гарадок, асуджаны на гібель законам, які строга забараняе рамонт узьведзеных раней пабудоў, і ў вас будзе паняцьце аб тым уражаньні, якое фатальным чынам павінен зрабіць Якуцк на чалавека, што прыехаў з паўднёвых частак Усходняй Сыбіры. Вонкавы выгляд пабудоў, якія занадта пачарнелі, здрузьлі і абрасьлі жоўтым лішайнікам, дзіравыя дахі, нават на «Вялікай вуліцы», пакінутыя дамы без рам у пустых акенцах і без замкоў у дзьвярах, нярэдка разбураныя агароджы і г. д. міжвольна кідаюцца ў вочы і прымушаюць спытаць: ці не адначасова яны пабудаваны з тым выдатным гістарычным помнікам, што ўзвышаецца тут жа, на Катэдральнай плошчы, на фоне такой жа чорнай, трохвежавай крапасной сьцяны, збудаванай першымі заваёўнікамі гэтай мясцовасьці?». Сьцяна, пра якую ідзе гаворка ў пісьме, была рэшткамі астрога XVII стагодзьдзя...
Горад упрыгожваў толькі перароблены будынак ваяводзкай канцылярыі — першае цаглянае збудаваньне Якуцка, узьведзенае яшчэ пры Пятры I.
Пра тое, як Пякарскі ўладкаваўся ў горадзе, можна меркаваць з яго пісьма да Клеменца, адпраўленага ў лютым 1900 года. «У пачатку мінулага студзеня я пераехаў у Якуцк з усёй сям’ёй [* На гэты час у Пякарскага ўжо было двое дзяцей. Ажаніўся ён на мясцовай жыхарцы.], маючы на мэце прыпісацца да якуцкіх мяшчан, знайсьці сабе сякі-такі занятак і потым, атрымаўшы ад вас спрыяльны адказ, прысьвяціць вольны ад гэтага занятку час апрацоўцы свайго слоўніка. Клопаты аб прыпісцы мною распачаты, занятак я знайшоў у Андрэя Інакенцьевіча [* Андрэй Інакенцьевіч Папоў працаваў вучоным сакратаром Якуцкага губэрнскага статыстычнага камітэта. У яго Пякарскі атрымліваў штомесячна 49 рублёў.], чаго, вядома, пры мясцовай дарагоўлі на сям’ю з чатырох чалавек, нават без прыслугі, не хапае... пакуль дзейсна дапамагаю яму распрацоўваць праект «Палажэньня аб іншародцах Якуцкай вобласьці»... Пры такіх умовах я быў бы вымушаны шукаць іншы занятак, які даў бы магчымасьць выдзяляць час на работу над слоўнікам. Асыгнаваньне Акадэміяй навук штогадовай дапамогі ў 400 р. выводзіць мяне з гэтага цяжкаватага стану, і я магу з гэтага часу мець надзею, што мая праца, на якую я змарнаваў свае лепшыя гады, будзе даведзена да канца і надрукавана».
У Акадэміі навук слоўніку Пякарскага прыдавалі вялікае значэньне. Строгі судзьдзя, акадэмік-цюрколяг Карл Германавіч Залеман прызнаў рукапіс Пякарскага «выдатнай працай, якая абяцае стаць сапраўдным укладам у навуку».
Акадэмія навук прыняла на сябе выдаткі па друкаваньню слоўніка і правядзеньню першай карэктуры.
Клеменц, як мог, дапамагаў Пякарскаму. З Пецярбурга, куды ён пераехаў пасьля заканчэньня ссылкі (у канцы 1901 г.) ён пісаў А. Папову пра Эдуарда Карлавіча: «Каменем на душы ляжыць у мяне гэты чалавек. Сорамна сказаць, грэх затаіць — да гэтага часу не магу дабіцца для яго якога-небудзь забесьпячэньня, каб узьнікла мажлівасьць яго выклікаць сюды». Нічога не зьмянілася і праз паўтара гады: «Вялікая розьніца — чалавек у Якуцку і тут. Ці мала якая работа можа знайсьціся. Ёхельсан і Багараз [* У. Іёхельсон — ссыльны рэвалюцыянэр, дасьледчык эканомікі Якуціі. В. Тан-Багараз — ссыльны рэвалюцыянэр, пісьменьнік, этнограф, які вывучаў побыт чукчаў.] былі не ў лепшым становішчы, пакуль не трапілі ў Пецярбург. Які вучоны выйшаў бы з яго! Тут бы яго прынялі цёпла і спагадліва, ён стаў бы цюрколягам — не раўня якому-небудзь Кетакову!».
Жыцьцё ў Якуцку Э. Пякарскі падрабязна характарызаваў у пісьме да мачахі Ганны Іосіфаўны (26 лютага 1902 г.): «Заняткаў у мяне шмат, больш, чым трэба браць на сябе аднаму чалавеку. Мяркуйце самі. Галоўны мой занятак, асноўны, што дае мне сродкі для існаваньня, гэта служба ў канцылярыі акруговага суда, дзе я працую, апрача таго, перакладчыкам з якуцкай мовы пры разглядзе крымінальных спраў, а іншы раз і грамадзянскіх; пры судзе ж я працую бібліятэкарам, там жа праз кожныя 7—8 дзён даводзіцца дзяжурыць пры прыёмцы пакетаў з пошты... У дні пасяджэньняў суда (два разы ў тыдзень), калі я прысутнічаю на іх у якасьці перакладчыка, я вяртаюся дадому часам нават вечарам, а часьцей за ўсё пад вечар, застаючыся, так сказаць, без абеду. Апрача таго зьяўляюся членам сельскагаспадарчага таварыства і членам яго савета, у пасяджэньнях якога ўдзельнічаю кожную першую суботу кожнага месяца. Па нядзелях дзяжуру ў народнай бясплатнай бібліятэцы-чытальні з 11 да 2 г. Рэдагую і карэкцірую «Памятную книжку Якутской области», якая тут выдаецца. Удзельнічаю ў пасяджэньнях, наладжаных мясцовай адміністрацыяй па пытаньню аб землекарыстаньні ў якутаў, а ў апошні час мне ж губэрнатарам было даручана скласьці інструкцыю аб упарадкаваньні іх землекарыстаньня».
За ўсё Пякарскі атрымоўваў 70-80 рублёў, якіх пры мясцовых цэнах ледзь хапала на харчаваньне і вопратку. Да таго ж Акадэмія навук не заўсёды іх высылала. Таму вучонаму даводзілася брацца за пабочныя заняткі. Дапамагалі і грошы, атрыманыя ад продажу гаспадаркі ў Ігідзейцах.
Пры ўсёй занятасьці Пякарскі не пакідаў працаваць над слоўнікам. Ён пісаў мачысе: «Час ад часу папаўняю і апрацоўваю свае матэрыялы для «Слоўніка якуцкай мовы». Аднак работа ішла марудна з-за недахопу неабходных дапаможнікаў. Не было магчымасьці раіцца са спэцыялістамі па цюрскіх мовах, якія жылі ў сталіцы.
На працягу ўсяго часу Эдуард Карлавіч веданьне жыцьця якуцкага народа імкнуўся выкарыстоўваць на яго ж карысьць. У пачатку 1902 года ў Якуцку адбыўся зьезд якуцкай інтэлігенцыі. На ім абмяркоўваліся правілы землекарыстаньня. Пякарскі апрацаваў матэрыялы зьезда і 19 лютага 1902 года яны былі выдадзены ў выглядзе інструкцыі. Адрэдагаваны ссыльным рэвалюцыянэрам пераклад інструкцыі на якуцкую мову сьвету не ўбачыў, паколькі там, відаць, знайшлі адлюстраваньне перадавыя погляды былога ссыльнага. Пра тую ж інструкцыю вучоны пазьней згадваў: «Не памятаю цяпер, што, уласна, перашкодзіла губэрнатару тады ж яе надрукаваць. Магчыма, некаторую ролю тут адыграла супрацьдзеяньне ажыцьцяўленьню інструкцыі з боку багацейшых якутаў, якія, не абмяжоўваючыся ўсялякім супраціўленьнем на месцах, у сваіх насьлегах і улусах, прынесьлі скаргу генэрал-губэрнатару Усходняй Сыбіры, знайшоўшы сабе хадатаяў сярод іркуцкай адвакатуры. У выніку генэрал-губэрнатар прапанаваў якуцкаму губэрнатару абмежавацца толькі рэкамэндацыяй больш раўнамерна разьмяркоўваць землі — яна была выкладзена ў інструкцыі, але не як абавязковае правіла».
Асноўнае патрабаваньне інструкцыі зводзілася да разьмеркаваньня зямель пароўну паміж усімі наяўнымі душамі абодвух полаў — незалежна ад так званай «клясавай сыстэмы», пашыранай у якутаў.
Якуцкі тэкст інструкцыі быў апублікаваны толькі пасьля рэвалюцыі 1905 года. «Нягледзячы на процідзеяньне з боку багатых якутаў,— пісаў Пякарскі,—галоўныя палажэньні інструкцыі паволі ўсё ж пранікалі ў жыцьцё і ў многіх насьлегах клясы былі зьмешаны або нават зусім ліквідаваны. Інструкцыя пра зямельныя парадкі адыграла сваю ролю».
Хвалявалі Пякарскага і іншыя практычныя пытаньні. Ён растлумачыў ў мясцовай газэце знакі якуцкага алфавіту, рэдагаваў або перакладаў інструкцыі аб заразных хваробах людзей і жывёл. Інструкцыі рассылаліся па ўсёй Якуціі.
У 1900 годзе якуцкі ўрач П. Сакольнікаў прапанаваў Эдуарду Карлавічу скласьці кароткі руска-якуцкі слоўнік. Пякарскі прыцягнуў да работы В. Гарыновіча, якута С. Афанасьева і іншых. Сакольнікаў сабраў сярод якуцкай інтэлігенцыі на гэтую справу 140 рублёў. Затым Пякарскі адрэдагаваў і дапоўніў слоўнік, які вытрымаў два выданьні.
СКРОЗЬ ТУМАНЫ ДЖУГДЖУРА
Летам 1903 года Пякарскага запрасілі ўдзельнічаць у Нелькана-Аянскай экспэдыцыі, якую ўзначальваў інжынэр В. Папоў. Экспэдыцыя павінна была дасьледаваць ваколіцы паселішчаў Нелькана, разьмешчанага на рацэ Мая, і Аяна, які знаходзіўся ў паўднёва-заходняй частцы ўзьбярэжжа Ахоцкага мора. Цяпер гэтыя мясьціны ўваходзяць у Хабараўскі край. Як добраму знаўцу якуцкай этнаграфіі, Эдуарду Карлавічу даручылі вывучэньне побыту эвенкаў.
Ціхім ліпеньскім вечарам вучоны адплыў з Якуцка параходам «Громаў». Перад паездкай ён уважліва прагледзеў усе работы пра эвенкаў (або, як іх часам называлі, тунгусаў), склаў для сябе размоўны слоўнік эвенкійскай мовы.
Пякарскі сустракаў эвенкаў і раней: і на шляху ў ссылку, і ў Ігідзейскім насьлегу. Яны адрозьніваліся ад якутаў і па зьнешнасьці, і па характару, і па быту. Хударлявыя. сярэдняга росту, з бледна-жаўтаватым колерам скуры, эвенкі прыяжджалі з тайгі ў якуцкія улусы на аленях і абменьвалі пушніну на муку. Валасы ў іх былі чорныя, вочы цёмныя, але не раскосыя, нос невялікі, вусны тоўстыя. Для эвенкаў уласьцівы вялікае высакародзтва і шчодрасьць душы.
Продкі эвенкаў (як і роднасных ім манголаў і цюркаў) калісьці жылі ў прадгор’ях Алтая і Саянаў, затым на берагах Ангары, у Прыбайкальлі. Частка «пратунгусаў» пайшла да Амура, і на поўдні ад гэтай ракі на іх аснове сфарміравалася народнасьць чжурчжэняў (продкаў маньчжураў). Другая ж частка абжывала лясы вакол Байкала, расьсялялася амаль па ўсёй сыбірскай тайзе — ад Ахоцкага мора да Паўночнага Ледавітага акіяна і Урала. Нешматлікі народ (325 тысяч чалавек на пачатку XIX ст.) асвоіў тэрыторыю памерам каля сямі мільёнаў квадратных кілямэтраў. Удалося яму гэта толькі дзякуючы яго выдатным якасьцям. Эвенкі лічыліся лепшымі ляснымі паляўнічымі і сьледапытамі ў сьвеце.
З апісаньняў іншых падарожнікаў Пякарскі даведаўся, што гэта стрыманы, асьцярожны і непатрабавальны народ, які бескарысьліва дзеліцца апошнім кавалкам. У рабоце эвенкі старанныя і здольныя.
На працягу ўсяго падарожжа Пякарскі рыхтаваўся да новага дасьледаваньня. Параход плыў па Лене, яе прытоку Алдане, а затым па прытоку Алдана Маі. Праз два тыдні «Громаў» прычаліў да прыстані маленькага сяла з шасьці двароў. Гэта і быў Нелькан — цэнтар Майскага ведамства тунгусаў. Далей трэба было ехаць праз горы, па таёжных сьцежках. Яны вялі праз адгор’е Станавога хрыбта Джугджур, які цягнуўся паралельна ўзьбярэжжу Ахоцкага мора — за семдзесят кілямэтраў ад яго. Па баках вузкіх горных сьцежак зьзялі крутыя абрывы, глыбокія прароньні, на дне якіх ляжаў сьнег.
Пякарскі і яго праваднік спакваля перайшлі праз Джугджур і спусьціліся да Аяна. ён разьмясьціўся на беразе зручнай бухты. За семдзесят гадоў да гэтага бухту выявілі караблі Расійска-Амерыканскай кампаніі, што вяла ажыўлены гандаль на Алясцы і Далёкім Усходзе. Кампанія праклала караванную сьцежку паміж Аянам і Нельканам, і па Маі, Алдану і Лене быў наладжаны зручны рачны шлях. Уздоўж Аяна-Нельканскай сьцежкі і па Маі расьсялілі сялян з Забайкальля, загадалі ім будаваць масты. Аднак у суровых прыродных умовах гэтыя масты хутка рушыліся: іх змывалі горныя патокі. Прасекі зноў зарасталі лесам, а гаці размываліся.
Найбольшы росквіт Аяна адносіўся да сярэдзіны XIX стагодзьдзя. У пасёлку ў той час жыло некалькі сот чалавек. Працавалі паштовая кантора, бальніца, школа, у гавань заходзілі параходы кампаніі, амэрыканскія кітабойныя судны. Калі кампанія распалася, Аян апусьцеў. За дзесяць гадоў да прыезду сюды Пякарскага падарожнік Я. Стафановіч так апісваў пасёлак: «Зьнешні выгляд Аяна сьведчыць, што яшчэ нядаўна ён быў добраўпарадкаваным. Параскіданыя ў беспарадку акуратныя домікі з высокімі чырвонымі дахамі, крытымі драўлянай амэрыканскай чарапіцай; стройная какетлівая цэркаўка; на беразе трывала пабудаваныя прыгожыя і ўмяшчальныя пакгаўзы».
Бальніца была ўжо зачынена, а ў пасёлку жыло ўсяго сорак чалавек...
З Аяна Пякарскі выяжджаў у качэўі эвенкаў і праводзіў там падрабязныя апытаньні. 20 ліпеня ён прыбыў на бераг ракі Алдомы. Сюды зьяжджаліся на аленях жыхары тайгі. Праваднік Хведар растлумачыў ім, што госьць прыехаў запісваць іх расказы пра жыцьцё. Напярэдадні першых размоў вучоны запісаў у сваім дзёньніку «Ад Якуцка да Аяна і назад»: «Доўга не мог заснуць, абдумваючы, як прыйдзецца весьці справу з тунгусамі, як яны мяне сустрэнуць і ці ахвотна будуць адказваць на пытаньні».
На наступны дзень Пякарскі пачаставаў эвенкаў тытунём і чаем, доўга гутарыў з імі, затым зноў частаваў. Прапанаваў на тытунь і чай абмяняць для музэя рэчы з хатняга ўжытку. Добрыя адносіны госьця, яго ветлівасьць і зычлівасьць ацанілі і дарослыя і дзеці. 25 ліпеня з урасы (паходнага жытла) ад’язджаў эвенк Сафрон Вінакураў, і дасьледчык так запісаў у сваім дзёньніку пра гэта: «Калі я разьвітваўся, ва урасу прыбег яго маленькі сынок і падаў мне на разьвітаньне абедзьве ручкі, тады як учора пры маім падыходзе да урасы зарумзаў...»
Вучоны пабываў на рацэ Тэймэй і востраве Уй. 19 жніўня вярнуўся на ўзьбярэжжа Ахоцкага мора ў Аян і адсюль паехаў на раку Аянку. Тут яму давялося ўзьняцца на вельмі высокі і круты хрыбет Аёмакіт. У дзёньніку Пякарскага ёсьць такі запіс: «Сьцежка — суцэльны камень, востры,— аж рэжа ногі, і ад яго дрэнна засьцерагаюць нават... тарбасы (эвенкійскі абутак — В. Г.)... Вось мы на адным узроўні з туманамі, што расьсьцілаюцца па вяршынях суседніх гор. Месяц ледзь-ледзь сьвеціць праз туман. Уваходзім у сфэру туману, і навокал ужо нічога не відаць... Потым выйшлі з туману. Зазьзяў ярка месяц, акружаны ўсімі колерамі вясёлкі... Пад намі ж суцэльнае мора густога туману. Там-сям на хвіліну агаляюцца вяршыні бліжэйшых гор і зноў патанаюць у моры. Карціна самая цудоўная. Паступова ўзьнімаемся да самай вяршыні. Сьцежка вузкая — тут трэба быць пільным, бо конь спатыкнецца і паляціш уніз. Я ступаю з вялікай асьцярожнасьцю, баючыся сарвацца са сьцежкі».
Рызыкаваць жыцьцём даводзілася часта. 30 жніўня паблізу ракі Алгагікан Пякарскі праяжджаў праз пажарышча: «Ледзь прабраліся паміж нагрувашчанымі ў адным месцы стваламі дрэў, якія паваліліся ад пажару. Справа ад мяне, паабапал сьцежкі, упалі два дрэвы — добра, што не ўпоперак. Конь не спалохаўся»...
Запісваць зьвесткі пра эвенкаў было нялёгка. Сырэла папера. Чарнілам карыстацца было нельга. Таму запісы рабіліся толькі ва урасах. Крэслаў не было, сталом служыла скрынка.
Пякарскі з цікавасьцю аглядаў абсталяваньне эвенкійскага жытла. Складзеная з жэрдак канічная ураса накрывалася раўдугай (замшай) або бяростай. Унутры да жэрдак падвешвалі сушыць вопратку і абутак. Для асьвятленьня жытла эвенкі выкарыстоўвалі вялікі ачаг. Калі гаспадары чакалі гасьцей, у ачагу бесьперапынна падтрымліваўся агонь. Старадаўнія крэмень, крэсіва і цэра з ужытку выходзілі. Іх замянялі запалкі.
Справа ад уваходу, дзе было больш сьвятла, займала месца гаспадыня. Побач з маці ў берасьцяную калыску клалі дзяцей. У глыбіні ўрасы, на ганаровым месцы сядзелі мужчыны, госьці.
Жыць ва ўрасе, асабліва эўрапейцу, было нязручна. «Паколькі комінаў тут не робяць, — пісаў пра жытло эвенкаў Пякарскі, — дым выходзіць праз шчыліны і ўваходную адтуліну. Унутры урасы ён часта бывае настолькі густы, што не відаць людзей, што сядзяць на другі бок ачага. Белая міткалевая тканіна, якая пакрывае урасу, цямнее да непазнавальнасьці. Нават самі тунгусы з цяжкасьцю пераносяць такое паветра, а нязвыкламу наведвальніку немагчыма прабыць у ім і паўгадзіны. Гэтая нязручнасьць... відаць, паўплывала пры выцясьненьні урасы іншымі, больш зручнымі тыпамі жытла па якуцкаму і рускаму ўзорам.
Пякарскі адзначыў, што эвенкі ахвотна куплялі мыла і часта ім карысталіся. Раней жа яны для мыцьця твару ўжывалі попел. У дзёньніку чытаем: «Увогуле прыаянскія тунгусы трымаюць сябе даволі ахайна... Пры непралазнай жа гразі і частых дажджах у пэрыяд пераездаў пры першабытнасьці промыслаў, непрагляднай копаці ва урасе ў зімовы час, сапраўды, нягледзячы на ўсё жаданьне, цяжка захаваць чысьціню».
Вучоны зьвярнуў увагу на маёмасную няроўнасьць сярод эвенкаў. Працоўная бедната ўсё больш галела і трапляла ў залежнасьць ад багатых аленяводаў. Прыгнёт асабліва адчуваўся з боку царскіх чыноўнікаў і купцоў.
Калі Пякарскі пазнаёміўся з эвенкам Хведарам Амосавым, ён адразу аднёс апошняга да заможных: у Амосава да чаю падаваліся «крупчатая ляпёшка, цукар, аленевае малако, якое чэрпалася з эмаліраванага посуду сярэбранай лыжкай; гаспадыня была ў чыстай кашулі і новых саф’янавых тарбасах».
Але зайшоўшы да старасты Васіля Карамзіна, Эдуард Карлавіч мог наглядна пераканацца ў тым, што такое «заможны». Каля абцягнутай бязьзю урасы Карамзіна тоўпілася некалькі дзесяткаў аленяў. Збоку, на лужку, былі акуратна раскладзены зграбныя маленькія цюкі, зробленыя з бяросты і абшытыя скурай, упрыгожанай узорыстымі нашыўкамі з чырвонага сукна або чорнага плісу. Кожны цюк быў накрыты дыванком, сшытым з рознакаляровых кавалкаў футра. Па дрэвах віселі ўпрыгожаныя буйным сінім і чырвоным бісэрам і такога ж колеру стужкамі аброці. Цюкі, напоўненыя рысам, крупчаткай, чаем, посудам і вопраткай, прыкрываліся ў дождж шчыльным брызэнтам.
Вакол невялікага, слаба тлеючага вогнішча ва урасе зьмяшчалася на ноч чалавек з дзесяць. Яны падсьцілалі мядзьведжыя і аленевыя скуры, накрываліся байкавымі і заячымі коўдрамі. У гаспадара ж коўдра была пашыта з птушыных скурак, прыгожа абмалявана зялёнымі, шызымі і залацістымі галоўкамі. З выпадку прыезду госьця з сумак дасталі эмаліраваныя чайныя кубкі, талеркі, сярэбраныя лыжкі. Як гаспадары, так і ўся чэлядзь апрануліся ў яркае сьвяточнае адзеньне, між іншым, не нацыянальнага, а мяшанага, якуцка-рускага крою. У глухой тайзе, акружанай дзікімі скаламі, уся гэта карціна рабіла ўражаньне штучнасьці, здавалася больш да месца на тэатральных падмостках.
Гледзячы на гэты дастатак, Пякарскі не мог не згадаць жытло бедных эвенкаў. У аднаго знаёмага, заўсёды апранутага ў рваную куртку з аленевай скуры і замшавыя штаны да каленяў, шалаш быў збудаваны з кары лістоўніцы. Паляваў ён старым ружжом або лукам. Параскіданыя па зямлі пашарпаныя і зьлінялыя аленевыя скуры служылі замест пасьцелі. Аленяў не было. Улетку эвенк жыў рыбай і дзічынай, зімою паляваў на пушнога зьвера, абменьваючы пушніну на муку і чай.
Пякарскі размаўляў з эвенкамі па-якуцку, бо рускай мовы яны не ведалі.
Работа дасьледчыка ішла пасьпяхова. «У паведамленьні зьвестак, — чытаем у дзёньніку, — кожны з тунгусаў прымае пасільны ўдзел. Даючы ж зьвесткі, яны не кіруюцца якімі-небудзь пабочнымі меркаваньнямі, не чакаюць пры апытаньні ...падману ...а стараюцца праўдзіва паведаміць тое, што ад іх патрабуецца. Ніякага дакумэнта я ім не прад’яўляў, паводжу сябе вельмі проста... мне здаецца, нібыта гэтыя тунгусы дапамагаюць мне з усьведамленьнем важнасьці маёй задачы...»
У сваіх запісах Пякарскі адзначыў, што ў эвенкаў свая родавая арганізацыя, якая іх аб’ядноўвае і згуртоўвае. У ёй свае парадкі. На чале роду — правадыр (у рускіх дакумэнтах яго называлі старастам), а на чале двух-трох родаў — князь. У руках старасты і князя — уся выканаўчая ўлада. Заканадаўчую ўладу ажыцьцяўляў агульны сход дарослых мужчын — сухлен (г. зн. «згода»). Падачай галасоў і іх большасьцю выбіралі старасту. Меншасьць згаджалася з большасьцю. Скаргаў не было ніколі. Кандыдатамі на пасаду князя звычайна вылучалі заможных, радавітых і кемлівых эвенкаў. «Першыя дзьве якасьці пераважаюць над апошняй, а калі няма кандыдата, які адпавядаў бы ўсім тром патрабаваньням, то выбіраюць заможнага і радавітага, хоць ён быў і прыдуркаваты», — пісаў Пякарскі.
У абавязкі старасты ўваходзілі разьмеркаваньне і збор падаткаў, вусны разбор скаргаў, апякунства над беднымі.
Вялікую пашану ў родзе мелі старыя. Нічога не рабілася без іх парады і згоды. Пякарскі падкрэсьліваў, што эвенкі «старых шануюць; пры сустрэчах з імі ў знак пашаны падаюць дзьве рукі, а не адну, як астатнім. У час перасяленьняў старых даглядаюць; калі ж стары зьняможа, усе спыняюцца і стаяць да таго часу, пакуль ён зьбярэцца з сілай».
Кожнае лета члены рода, суродзічы зьбіраліся на беразе багатых рыбай ракі або возера. Станавіліся ў круг і выконвалі рытуальны танец. Я. Стафановіч, што як і Пякарскі, не раз прысутнічаў на такіх сьвятах, маляўніча апісваў танец у сваёй працы «Ад Якуцка да Аяна»: «Варта аднаму выйсьці на двор і гучна крыкнуць «ходжа!»* [Заклік да танца.], як зьбягаюцца мужчыны і жанчыны, бяруцца за рукі і, утварыўшы круг, пачынаюць з прыскокам кружыцца, вымаўляючы нарасьпеў невядомыя словы. Круг круціцца, то набліжаючыся да кастра, то аддаляючыся ў цемру. Некаторыя праяўляюць асаблівае захапленьне, энэргічна размахваючы рукамі і амаль прысядаючы да зямлі. Пачынаюць танец у этэрбесах* [Футраны абутак.], але неўзабаве абутак скідваюць. Мужчыны здымаюць і верхняе адзеньне, застаючыся ў кашулях і штанах, не зьвяртаючы ўвагі на дождж.
Склад круга часта мяняецца: адны ўваходзяць у ланцуг, другія выходзяць, прысядаючы каля кастра адпачыць або пакурыць люльку. Здаралася, што танцораў заставалася двое, ды і гэтыя ўрэшце рэшт прысядалі на траву і змаўкалі. Але зноў хто-небудзь з заклікам «ходжа!» адыходзіў ад кастра і танец пачынаўся нанава».
Эвенкі не мелі пісаных законаў. Не ведалі яны паліцыі і астрогаў, у іх не было крадзяжу і іншых крымінальных злачынстваў. «Асоба, маёмасьць, паляўнічая здабыча, — пісаў Я. Стафановіч, — карыстаюцца тут поўнай недатыкальнасьцю і бясьпекай. На сумленнасьці тунгусаў, на строгім выкананьні імі нічым не гарантаваных абавязацельстваў заснаваны ўсе іх зьдзелкі з рускімі і якуцкімі гандлярамі». Пякарскі таксама адзначыў, што суплыў даўніны на норавы тунгусаў яшчэ моцны: сумленнасьць, ветлівасьць, паслухмянасьць без прыніжанасьці ў адносінах з чужымі, шчырасьць і праўдзівасьць зьяўляюцца агульнымі іх рысамі... Тунгусы сьвята захоўваюць абавязанасьць плаціць пазыкі і без усялякіх дакумэнтаў. Даўгі, не заплачаныя асобай, што зрабіла іх, пераходзяць на яго сыноў або нашчадкаў». Тая ж думка падкрэсьліваецца ў дзёньнікавым запісу 22 ліпеня: «Па словах старога (Амосава), крадзяжоў тут не бывае. Здараецца часам, што хто-небудзь возьме адну-дзве юколы (вяленыя рыбіны—В. Г.), але за гэта не караюць — няхай есьць».
Жыцьцё эвенкаў было прасякнута духам ўзаемадапамогі і сяброўства. Яны чула клапаціліся пра інвалідаў і сірот. Дзяцей і калек, што засталіся пасьля сьмерці кармільца, бралі на ўтрыманьне родзічы. Паводле Пякарскага, «не было яшчэ выпадку, каб тунгус загінуў з-за таго, што не атрымаў своечасовай падтрымкі»...
Бывала, што чужая сям’я выхоўвала не толькі сірот, але і дзяцей, якія мелі бацькоў, але вельмі бедных. Больш таго, сям’я, калі ёй даручалі на выхаваньне дзяўчынку, яшчэ аддавала аднаго аленя. Калі дзяўчынка падрастала і пачынала дапамагаць выхавацелям па гаспадарцы, яе бацькам што-небудзь дарылі.
Эвенкі вызначаліся гасьціннасьцю. Любы член суполкі мог колькі захоча гасьцяваць у сваіх родзічаў і знаёмых. Выпадковы падарожнік, які заходзіў у чум эвенка, ведаў, што яго і накормяць, і пакладуць спаць. Любілі эвенкі падарункі, але на іх заўсёды адказвалі «аддарункамі».
Па назіраньнях Пякарскага, адной з прычын цяжкага становішча эвенкаў былі падаткі. Улады іх зьбіралі пры пасрэдніцтве старшын. «Выплата падаткаў, высокіх па сваіх памерах і для сярэдняга тунгуса... асабліва цяжкая для беднякоў, — спачуваў Пякарскі. — Цяжар узмацняецца тым, што наяўных грошай у большасьці тунгусаў не бывае і, калі наступае час плацяжу, даводзіцца зьвяртацца да тых жа гандляроў з просьбай, каб за іх заплацілі з абавязкам адпрацаваць пазыку... Не дзіва, што цяжар падаткаў нярэдка канчаткова падрываў гаспадарку тунгуса».
— Падаткі нас забіваюць! Чаму яны такія вялікія? — скардзіўся нашаму земляку эвенк Яўсей Гавузін.
Пякарскі падкрэсьліваў, што «агульная нераўнамернасьць і велічыня абкладаньня падаткамі таксама зьяўляюцца ненармальнасьцю. Асноўнай яе прычынай служыць кругавая парука, якая ўскладаецца на кожны год, а таксама застылая на 10-м народным перапісе статыстыка плацельшчыкаў [* Гэты перапіс быў праведзены за сорак шэсьць гадоў да таго часу, як Пякарскі пабываў на Ахоцкім узьбярэжжы.]... Нельга прымушаць членаў тунгускага рода расплачвацца за памёршых плацельшчыкаў, а яшчэ больш нельга ў выпадку зьмяншэньня роду ад вялікай сьмяротнасьці прымушаць плаціць за «мёртвыя душы», указаныя пры 10-м перапісе, садзейнічаючы далейшаму выміраньню рода павышэньнем памеру падатку».
Царскі ўрад імкнуўся захаваць у эвенкаў родавую сыстэму і ўмацаваць аўтарытэт старасты, каб больш зручна было кіраваць. Аднак спыніць ход гісторыі нельга. У часовыя пасяленьні прыяжджалі купцы і прыўносілі ў жыцьцё эвенкаў новыя, капіталістычныя адносіны. Пашыраўся гандаль. Яго вялі ў асноўным старасты і багатыя аленяводы: не ўсе сародзічы маглі прыехаць здалёку на штогадовае зборышча, таму старасты закуплялі ўсё неабходнае і затым развозілі па стойбішчах. Там яны мянялі тавары на пушніну ці раздавалі іх у крэдыт.
Значна павялічваліся перавозкі грузаў. На тракце паміж Аянам і Нельканам наладзілася так званая «чаявозка». Морам у Аян прывозілі цюкі кітайскага чаю ў брыкеціках. Таежнымі сьцежкамі і горнымі пераваламі іх дастаўлялі ў Якуцк. Шлях да Нелькана быў нядоўгі — 204 вярсты, але вельмі стамляючы. Па глыбокаму сьнегу груз везьлі на нарах. Шмат клопатаў дастаўлялі наледзі ля хуткіх горных рэчак, цьвёрдая сьнежная скарынка, якую даводзілася прабіваць лыжамі, а таксама моцныя вятры на перавале праз Джугджур. Мяцеліцы затрымлівалі там возчыкаў на некалькі тыдняў. Па дарозе не хапала аленевага корму, а ў час папасаў на аленяў нападалі воўчыя зграі.
Па словах Я. Стафановіча, эвенкі спачатку адмаўляліся перавозіць чай, баючыся, што злыя духі загубяць за гэта аленяў. Але гандляры прываблівалі возчыкаў тым, што давалі наперад тавары і паляўнічыя прыпасы. Даўжнік трапляў у іх сетку і выбрацца ўжо не мог. «Калі падлічыў з гандляром доўг, то аказалася, што я павінен завезьці яму чаю, каб разлічыцца; свой чалавек, як-небудзь разьлічымся. Каб я ўзяў цюкі, прыбавіў мне тавараў і прыпасаў», — расказаў Пякарскаму эвенк Інакенцій Пракоп’еў.
Карыстаючыся бязвыхадным становішчам перавозчыкаў, гандляры паступова нарошчвалі вагу грузаў без надбаўкі платы. Пры першым такім павелічэньні перавозчыкі ўзбунтаваліся. Яны разьбілі скрынкі і выкінулі адтуль лішнія брыкецікі чаю. Але гандляры строга спагналі за непастаўлены груз і ўрэшце перасталі заключаць з эвенкамі кантракты. «Навошта пісаны кантракт, калі існуе кантракт галечы?.. Усё роўна б’ешся, колькі можаш, і без кантракта... Калі не вывезьці цюкі, якія ты павінен па кантракту, то гандляры моцна лаюць», — скардзіўся вучонаму эвенк Трафім Карамзін.
Пякарскі пераканаўся, што ў гэтых мясьцінах «з гандляроў і багатых тунгусаў склалася энэргічная кампанія, якая моцна трымала і сярэдніх і бедных тунгусаў у сваіх руках. Выгады гэтай кампаніі коратка можна выказаць у наступных лічбах: як падрадчыкі на дастаўку чаю яны атрымоўваюць трэцюю частку перавознай платы, а як гандляры, што бяруць падвойныя цэны за тавары і прыпасы, — яшчэ адну трэць перавознай платы; астатняя трэцяя частка можа быць аднесена да сапраўднай заработнай платы дробных перавозчыкаў».
Назіраньні прывялі дасьледчыка да несуцяшальных думак: «Такім чынам, прыаянскія тунгусы — людзі заняволеныя. Поўная эканамічная залежнасьць прымусіла іх цалкам падпарадкавацца ўмовам, якія ставілі ім гандляры... Патрэба ў харчах і таварах прыводзіла да закабаленьня і астатніх тунгусаў. Амаль не канкурыруючы паміж сабой, ведаючы, што тунгусам больш няма да каго зьвярнуцца, гандляры трымалі высокія цэны на тавар: у параўнаньні з якуцкімі цэны ў 1903 годзе былі вышэй прыкладна на 50 працэнтаў. Некаторыя гандляры павышалі цэны зусім самавольна. Забясьпечыўшы тунгуса харчам і таварамі, яны станавіліся яго гаспадарамі».
Вучоны з лічбамі ў руках паказаў, як расслоілася мясцовае грамадзтва пад узьдзеяньнем капіталізму. На 56 працэнтаў беднага эвенкійскага насельніцтва даводзілася толькі 19 працэнтаў агульнага прыбытку; на 18 працэнтаў сераднякоў — 15, а на чвэрць багацеяў — ажно 66 працэнтаў усяго прыбытку. У старасты Васіля Карамзіна быў статак з чатырохсот аленяў. Для перавозкі чаю ён арандаваў аленяў у бацькі і цёткі, плацячы ім па восем рублёў за пару.
Цана на ездавых аленяў павышалася. Мець вялікі статак стала выгадна. Зьявіліся семьі, у чыіх руках былі сотні жывёлін. У выніку ўзьніклі вандроўныя групы, дзе традыцыйная ўзаемадапамога цесна спалучалася з элемэнтамі эксплуатацыі. Усім стала зразумела: без аленяў нельга заняцца выгаднай справай — перавозкай чаю.
Ацаніць магчымасьці аянскіх аленяў Пякарскі змог у час паездак па адгор’ях горнага хрыбта Джугджур. Калі вучоны і яго спадарожнікі ехалі ў Аян на конях, ім даводзілася выбіраць начлег не там, дзе было суха і шмат дроў, а ў сырых мясьцінах, каб можна было накарміць коней. А потым ён пабачыў, што эвенкі спыняюцца якраз на сухіх мясьцінах, дзе многа ягелю (лішайніку), які служыць кормам для аленяў. Вось тут Эдуард Карлавіч і зразумеў, што алень нібы спэцыяльна створаны для горнай тайгі. Гэта і сродак транспарту, і крыніца харчаваньня, і пастаўшчык скур. Для аленяў не трэба спэцыяльна нарыхтоўваць корм і будаваць цёплы хлеў.
Аленяводзтва — гэтую бадай ці не самую выгадную галіну жывёлагадоўлі заснавалі эвенкі і іншыя паўночныя народы. Алені круглы год пасьвіліся ў тайзе без пастухоў, без нагляду. Летам жывёла трымалася бліжэй да дымакураў, якія эвенкі разводзілі каля сваіх урасаў. «Пастухом» быў гнус — машкара. Хаваючыся ад яе, статак карміўся па начах. Восеньню, з наступленьнем прахалоды, гнусу рабілася менш, і тады жывёла сыцілася грыбамі. Каб алені не разыходзіліся, эвенкі прывязвалі каля чумаў алянят: аленіхі прыходзілі карміць цялят, а ўсьлед за самкамі цягнуліся і самцы.
Аленям трэба многа корму, таму іх уладальнікі вымушаны няспынна вандраваць. Пасьля двух-трохдзённай стаянкі эвенкі перабіраюцца на новае месца. У час паездак уздоўж Джугджура Пякарскі зразумеў, у якой ступені жыцьцё жыхара Поўначы залежыць ад яго статку. У залежнасьці ад аленевых пашаў трэба было перамяшчацца з месца на месца амаль кожны дзень. Зборы пачыналіся з самай раніцы. Мужчыны разыходзіліся ў розныя бакі зьбіраць статак. Адусюль чуліся дзіўныя гарлавыя крыкі: так склікалі заблуданых жывёлін. Паволі мужчыны прыганялі па некалькі аленяў і зноў ішлі — за іншымі. Жанчыны ў гэты час укладвалі урасу і хатнія рэчы. Так працягвалася да поўдня. Калі статак зганялі ў кучу, высьвятлялася, што двух-трох дзесяткаў усё ж не хапае. Адны эвенкі працягвалі пошукі, другія ж пры дапамозе аркана вылоўлівалі са статка ездавых. Жанчыны прывязвалі іх да дрэва, сядлалі і ўючылі. На сьпіну, каля самай шыі, накладвалі так званае хонха, зробленае з дрэва або аленевых рагоў, з мяккай, абцягнутай скурай асновай. На хонха накладвалі вялікія торбы (туды ўлазіла да трох пудоў паклажы), накрывалі іх футравымі дыванкамі і перавязвалі падпругай, якая ўнізе зашпільвалася. Да кожнага аленя, асядланага пад чалавека, прывязвалі цугам некалькіх ўючных.
Нарэшце ўсё гатова да дарогі. Пяць-шэсьць аленяў так і не знаходзілі, але краналіся з месца, спадзеючыся, што яны дагоняць статак.
На сёдлах спачатку разьмяшчалі дзяцей, побач усаджваліся дарослыя. Гэта патрабавала ўмельства, сапраўднага спрыту, бо алень не стаіць спакойна, супраціўляецца, не дае на сябе сесьці. Нават калі і ўдасца скочыць на яго, ён стараецца пазбавіцца ад седака — нахіляецца набок і вырабляе розныя шалёныя рухі. Сядок, каб не зваліцца, упіраецца ў зямлю палкай, б’е жывёліну нагамі па баках, і яна вельмі хутка скараецца перад сваім лёсам.
Усё гэта вельмі цікава апісваў Пякарскі ў сваіх назіраньнях. Ён прыкмеціў таксама, што страмёнаў эвенкі не ведалі, а сядло ў іх было без пярэдняй і задняй лукі, з круглай, талеркападобнай дужкай. Таму сядок не мог самкнуць калені і свабодна матляў нагамі. Мацавалася сядло ўсяго адной падпругай і лёгка пераважвалася з аднаго боку на другі. Уседзець на ім неспрактыкаванаму чалавеку даволі цяжка: даводзіцца ўвесь час гайдацца адпаведна рухам жывёліны. Сядок звычайна балянсаваў з дапамогай палкі, страціўшы ж раўнавагу, імкнуўся саскочыць на зямлю. Потым зноў ускокваў на сядло, якое разьмяшчалася, як і хонха, не на спіне, а на зашыйку (у аленя вельмі нетрывалая сувязь сьпінных пазванкоў).
За караванам ішоў статак свабодных аленяў, якіх падганялі ззаду. На ўсім шляху чуліся крыкі мужчын і жанчын: такім чынам яны склікалі жывёлу, што разьбягалася па ўзбоччы.
Збоку шэсьце эвенкаў выглядала вельмі прыгожа. Гружаныя алені ішлі лёгка і хутка, грацыёзна ўзьняўшы галовы з вялізнымі галінастымі рагамі. Даводзілася толькі зьдзіўляцца, як спрытна яны ўхітраліся не зачапіць імі ні за сукі, ні за камлі дрэў. Па купінах алені беглі з такой жа ўпэўненасьцю, як і па роўнай дарозе.
Хадзілі алені па тайзе многа хутчэй за коней. Пякарскі апісвае, як Ягор Мартынаў праехаў сто вёрст за адны суткі. Праўда, палавіну дарогі ён бег побач з аленем. Па словах тунгусаў, той жа шлях на конях прыйшлося б пераадольваць чацьвёра сутак.
Любімым заняткам эвенкаў было паляваньне. Паводле Пякарскага, вавёрчына шкурка рэдка знаходзіла ўжытак сярод саміх паляўнічых; яна пераважна ішла «за даўгі, на аплату дробных расходаў і ў продаж». Таму звычайна хадзілі на дзікіх аленяў, горных бараноў. Ваўкоў баяліся і не палявалі на іх. Мядзьведзяў бралі на рагаціны, зайцаў здабывалі ў пасткі, лісаў труцілі на прынаду. За футра купцы давалі жалеза, посуд, упрыгожаньні, чай, цукар, тытунь, порах, ружжы... Да зьяўленьня ружжаў на паляваньне хадзілі з лукам і стрэламі.
Калі пачалася кампанія па перавозцы чаю, паляваньне адышло на другі плян. Стары Іван Амосаў скардзіўся Пякарскаму: «Цяперашнія эвенкі... прызвычаіліся да перавозкі чаю, не ўмеюць і страляць з ружжаў». Далей дасьледчык запісаў: «Гэта фраза зусім дакладна характарызуе цяперашніх прыаянскіх тунгусаў: яны сталі батракамі гандляроў, хоць, мабыць, і больш забясьпечанымі; яны адвыклі ад ранейшага вольнага жыцьця паляўнічага, сталі такімі ж дрэннымі стралкамі, як і рыбакамі».
Вясной выходзілі на цюленяў. Эвенкі падпаўзалі з ружжамі па лёдзе да самых логавішчаў і стралялі. Цюленевы тлушч ішоў у ежу, а скуры — на апрацоўку: яны былі больш трывалымі, чым аленевыя. Аднак промысел на цюленяў стрымліваўся тым, што ў паляўнічых былі кепскія ружжы, не ставала пораху і сьвінцу для куляў.
Займалася мясцовае насельніцтва і рыбнай лоўляй. Здабывалі галоўным чынам кету, гарбушу і іншую нерастовую рыбу, якая ўваходзіла ў рэкі класьці ікру. Рэкі перагароджвалі сеткамі, ужывалі восьці і вудачкі. У той час, калі там жыў Пякарскі, чаўны для промыслу майстраваў сваім аднапляменьнікам Сафрон Вінакураў.
Вандроўнаму спосабу жыцьця эвенкаў адпавядала іх вопратка. Шылі яе з замшы або футра ў залежнасьці ад пары года. Кароткая вопратка шчыльна прылягала да цела. Летняе адзеньне і абутак упрыгожваліся вышыўкай з пацерак.
Асноўнай стравай летам была вараная без солі рыба; для прыправы ўжывалі дзікую цыбулю. У гандляроў эвенкі куплялі муку, масла, рыс. Харчаваньне залежала ад посьпехаў у паляваньні і рыбалоўстве. Па расказах мясцовых жыхароў, Пякарскі запісаў: «Рэдкую вясну эвенкі добра зводзілі канцы з канцамі. У большасьці ж выпадкаў, пасьля заканчэньня зімовага паляваньня на зьверыну, пераходзячы з тайгі да рэк для заняцьця рыбалоўствам, цярпелі страшэнную галечу: рыба ў рэках зьяўлялася не хутка, запасу харчоў амаль не было; пачынаўся сапраўдны голад. Вось тады эвенкі, якія мелі аленяў, выкарыстоўвалі іх, каб такім крайнім чынам выратавацца ад галоднай сьмерці. Для тых жа, у каго аленяў не было, складалася бязвыхаднае становішча: яны павінны былі абыходзіцца мізэрнай ежай».
Калі прыходзіў голад, харчаваліся варанай хваёвай карой, здробленай на муку. Беднякі прабаўляліся цюленевымі шкурамі, спэцыяльна пакінутымі раней са слоем тлушчу (таўшчынёй з палец). Поўсьць счышчалі, скуру разразалі на кавалачкі і варылі...
Тым не менш не гінулі. Трапіўшы ў бяду, эвенкі знаходзілі падтрымку ў сваіх суродзічаў. Пякарскі меў падставу ўсумніцца ў зьвестках аднаго дасьледчыка, які абапіраўся на спавядальныя запісы папоў. Той сьцьвярджаў, што эвенкі паволі выміраюць. Пры распытваньнях аднак аказалася, што да споведзі ходзяць далёка на ўсе мясцовыя жыхары. Такім чынам наш зямляк пераканаўся, што зьвесткі аб выміраньні недакладныя. Яны не давалі ўяўленьня аб сапраўднай колькасьці насельніцтва, не ўлічвалі пастаянныя перасяленьні эвенкійскіх родаў.
Цікавіўся Эдуард Карлавіч і вераваньнямі гэтага паўночнага народа, падрабязна запісваў расказы мясцовых жыхароў. Афіцыйна эвенкі лічыліся праваслаўнымі. У свой час спецыяльныя вайсковыя каманды сілай «пераводзілі» іх у хрысьціянства. «Лоўля тунгусаў, прымусовае хрышчэньне іх разам з жонкамі і дзецьмі была нармальнай зьявай». На самай жа справе эвенкі заставаліся «язычнікамі», — чытаем у дзёньнікавых запісах вучонага.
Эвенкі ўяўлялі, што ад добрых і злых духаў залежала жыцьцё чалавека, яго здароўе, посьпех на паляваньні. Верылі яны і ў тое, што асобныя людзі могуць узьдзейнічаць на духаў і што такія людзі — шаманы — надзелены адпаведным талентам. Аднак, калі паявіўся чай, залежнасьць ад сіл прыроды зьменшылася. Гаспадаром жыцьця станавіўся не таямнічы дух, а зусім рэальны падрадчык-гандляр.
З пашырэньнем прыватнай уласнасьці разьвівалася эксплуатацыя бедных суродзічаў, якія страцілі аленяў, або мала іх мелі. «Заробак, атрыманы ад перавозкі чаю, лічыцца выключна прыватнай уласнасьцю працаўніка; у дачыненьні да яго ў тунгусаў няма звычаю дарыць частку другому, як у старадаўніх промыслах: рыбалоўстве, зьвералоўстве, марскім промысьле. Брацкая падтрымка, што назіралася ў тунгусаў раней... уступае месца новым, індывідуалісцкім тэндэнцыям. Працэнт багацеяў, якія вывозілі больш як 100 месц чаю, вельмі нязначны, беднякоў жа налічваецца трыццаць працэнтаў», — запісвае вучоны. Апошнія вандравалі разам з заможнымі аленяводамі. Багаты карміў і апранаў беднага, а той выконваў найбольш цяжкую работу ў аб’яднаным аленевым статку.
Пякарскаму кідалася ў вочы тое, што наёмная праца вельмі разьвілася ў ваколіцах Аяна: члены трыццаці васьмі сем’яў з шасьцідзесяці шасьці былі работнікамі. У наёмнікі ішлі тыя, хто не меў сталай гаспадаркі — атрымаў ад бацькоў нязначную спадчыну або зусім не атрымаў яе.
Праца работніка на працягу года была самай разнастайнай: даглядаць аленяў, лавіць для гаспадара рыбу і цюленяў, хадзіць і езьдзіць па розных даручэньнях, высякаць жэрдкі для урасы, насіць ваду, разводзіць дымакуры, паляваць на зьверыну. Жонка наёмніка даіла аленяў, шыла для сям’і гаспадара адзеньне, варыла ежу, гатавала ваду для чаю, мыла бялізну, а іншы раз хадзіла нават правадніком пры гандлярах чаем.
Распытваючы эвенкаў, вучоны даведаўся, што наёмнікаў у гаспадароў затрымлівала тое ж, што і возчыкаў чаю ў купцоў: заробак выдаваўся не грашыма, а таварамі. Прытым работнікі бралі тавары ў доўг і траплялі ў кабалу. Пры разьліку аказвалася, што, каб выплаціць доўг, трэба яшчэ многа працаваць на гаспадара...
Пякарскі не ідэалізаваў адмоўныя бакі штодзённага побыту эвенкаў. Ён адзначаў, што жаніцьба ў іх фактычна зьяўлялася купляй нявесты, што да жонак і дзяцей мужчыны адносіліся «не зусім гуманна», білі іх; непаўналетніх сірот браты або родзічы крыўдзілі пры падзеле маёмасьці. Аднак усё гэта не засланяла вочы вучонага на тое станоўчае, што было ў эвенкійскім родавым грамадзтве.
Як і ў Якуціі, Пякарскі і тут не застаўся пабочным назіральнікам: ён прапанаваў адкрыць школы, выступаў супраць вялікіх падаткаў. Вучоны нават унёс прапанову ліквідаваць кругавую паруку. У працы «Нарысы быту прыаянскіх тунгусаў» наш зямляк востра крытыкаваў дзеяньні царскай адміністрацыі. «Да цяперашняга часу казна занадта мала клапацілася пра дабрабыт тунгусаў... Мала таго, што ім даюць недастаткова прыпасаў (зброя, порах, хлеб, соль), — тунгусы скардзяцца на павышэньне казённых цэн. У доўг тавараў з казённых магазынаў ім не адпускаюць. Усё гэта робіць дапамогу казны і яе ўплыў на цэны зусім мізэрнымі», пісаў ён.
Эдуард Карлавіч паставіў перад адміністрацыяй пытаньне, каб у казённых магазынах эвенкам прадавалі добрыя ружжы і па таннай цане — у растэрміноўку і ў доўг. ён прапанаваў таксама, каб усе тавары і прыпасы, якія насельніцтва купляла ад гандляроў, прадавалі таксама ад казны — з ільготамі пры разьліку.
У сваіх навуковых і папулярных працах Пякарскі пераканаўча паказаў, што прыаянскія эвенкі добра прызвычаены да суровых умоў Поўначы, што іх культура не была прымітыўнай і архаічнай, што гэты народ здольны да самастойнага існаваньня і разьвіцьця. А цяжкае эканамічнае становішча эвенкаў Аянскага ўзьбярэжжа Ахоцкага мора было вынікам іх безабароннасьці перад эксплуататарамі. Пра ўсё гэта сьведчылі прыведзеныя дасьледчыкам факты.
Дарэчы, мэтад падворнага перапісу эвенкаў, які прымяняў у навуковых экспэдыцыях Пякарскі, і цяпер лічыцца адным з самых рацыянальных мэтадаў вывучэньня гаспадаркі асобных этнічных груп. Як сьведчыць I. Гурвіч, яго шырока прымяняюць савецкія этнографы.
Сучасны дасьледчык ахоцкіх эвенкаў В. Тугалукаў лічыць, што з прац, прысьвечаных гэтай групе жыхароў Далёкага Ўсходу, «самай каштоўнай ва ўсіх адносінах трэба прызнаць работу Э. К. Пякарскага». У яго апісаньні «падрабязна разгледжаны пытаньні, якія адносяцца да матэрыяльнай культуры ахоцкіх эвенкаў — да іх гаспадаркі, жыльля, адзеньня, ежы. Па сутнасьці, гэта адзінае апублікаванае ў друку дасьледаваньне, якое цалкам прысьвечана ахоцкім эвенкам».
Сваімі «Нарысамі быту прыаянскіх тунгусаў» Пякарскі імкнуўся абудзіць павагу да эвенкаў. Хоць яны былі далёкімі ад эўрапейскай цывілізацыі, непісьменнымі і забабоннымі, прыціснутымі галечай і эксплуатацыяй, у іх дзеяньнях, паўсядзённым жыцьці выразна праяўляўся прыродны розум.
Паездка ў Прыаянскі край пашырыла кругагляд вучонага, дала магчымасьць папоўніць якуцка-рускі слоўнік прыкладамі і паралелямі з мовы эвенкаў.
...Адышло ў мінулае цяжкае жыцьцё. Эвенкі цяпер вучацца ў школах, маюць сваю пісьменнасьць, жывуць у добраўпарадкаваных пасёлках, добра апранаюцца і харчуюцца. Тым больш цікава для сёньняшняга чытача ўсё тое, што напісаў Пякарскі. Працы нашага земляка даюць магчымасьць яскравей убачыць і лепш ацаніць тыя зьмены, што адбыліся на працягу ледзь не аднаго пакаленьня ў быце далёкага ад нас народа.
У РАСІЙСКАЙ СТАЛІЦЫ
Работа над слоўнікам працягвалася. Але Эдуард Карлавіч добра разумеў, што без кансультацыі спэцыялістаў, якія жылі за многія тысячы вёрст, у Пецярбургу, яна зацягнецца на доўгія гады.
Сябры дасьледчыка, якія ўжо жылі ў сталіцы, усімі сіламі стараліся дапамагчы яму. 7 красавіка 1904 года Клеменц пісаў яму: «Перш за ўсё пра Ваша перасяленьне. Не ведаю, ці дасьць Вам Акадэмія, г. зн. ці зможа даць пастаянную дапамогу. Паспрабуем зрабіць гэта праз Усходні камітэт. Магчыма, ён вызначыць Вам стыпэндыю рублёў 600 у год. Маючы такую падтрымку, работу рублёў на сто Вы знойдзеце. Майце на ўвазе, што ў Пецярбургу справы Вашы пойдуць у чатыры разы хутчэй; якое-небудзь сумненьне, тэхнічная цяжкасьць, неабходныя даведкі, нарэшце, ухвала тых асоб, думка якіх сапраўды важная, цікавасьць спэцыялістаў да Вашай работы — усё гэта стымулы! Трэба трохі рызыкнуць. Я пісаў ужо Вам, наколькі я зацікаўлены Вашай экспэдыцыяй, і я раіў бы Вам апублікаваць Вашы дзёньнікі без усялякай манернасьці і сарамлівасьці, так як ёсьць (так!), без правак, якія называюцца «апрацоўкай». Праўце пасьля асобныя пытаньні для манаграфіі, па частках. Ды і якая вычарпальная работа магчыма ў Якуцку!».
У 1905 годзе па хадайніцтву Акадэміі навук з Пякарскага было зьнята абмежаваньне ў пераездах. Вядомы цюрколяг В. Радлоў і іншыя ўсходазнаўцы сталіцы, якія рэдагавалі новае, акадэмічнае, выданьне яго слоўніка, дабіліся запрашэньня вучонага ў Пецярбург, каб там ён змог пасьпяхова працаваць над слоўнікам.
2 жніўня 1905 года якуцкая грамадзкасьць паднесла нашаму земляку на разьвітаньне адрас. Гэта стала фактам глыбокай павагі да стваральніка слоўніка. У адрасе гаварылася, што Пякарскі прыбыў у Якуцію чвэрць стагодзьдзя назад яшчэ маладым і надзвычай энэргічным чалавекам. «Вядома, не па сваёй добрай волі, не для шырокай разумовай або грамадзкай дзейнасьці пасяліліся Вы сярод нас і выбралі нашу краіну сваёй другой радзімай. Гэта было вынікам цяжкага бюракратычнага рэжыму, які ахутаў сьвінцовай цемрай самасьвядомасьць рускага народа і зьвязаных з ім сваім лёсам плямён, якія пачалі абуджацца». Далей гаварылася, што натура Пякарскага, «якая прагнула бурнай дзейнасьці», знайшла ў Якуціі вартую работу над слоўнікам: «Мы глыбока верым, што яна зойме належнае месца ў гісторыі нашага народа... Мы гаворым пра Вашу дзівосную па сваёй стараннасьці, надзвычайную па працягласьці работу па зьбіраньню нашага фальклёру і па складаньню слоўніка нашай мовы, над якім Вы нястомна працавалі цэлых дваццаць чатыры гады і якому аддалі самыя лепшыя свае гады. Гэтая капітальная праца адна, не кажучы ўжо пра іншыя галіны Вашай дзейнасьці сярод нас, абавязвае выказаць Вам пры разьвітаньні з Вамі наша шчырае і глыбокае прызнаньне за Вашу працу і выказаць наша душэўнае пажаданьне, каб далейшая Ваша дзейнасьць на новым месцы, якая так удачна супала з будучым пераўтварэньнем грамадзкага і дзяржаўнага жыцьця на ўсёй прасторы Расійскай імпэрыі, вызваленьнем ад усіх ланцугоў бюракратычнага насільля, была такой жа плённай, як і раней».
Адрас падпісалі два члены Якуцкага сельскагаспадарчага таварыства, пяць настаўнікаў, «прадстаўнік далёкіх тундраў Вілюйскай акругі» і яшчэ трыццаць тры чалавекі. У ліку тых, хто падпісаўся, быў Амосаў — у будучым, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, старшыня ЦВК Якуцкай АССР. Цікава, што ў адрасе, напісаным у 1905 годзе, царызм адкрыта называецца «цяжкім бюракратычным рэжымам», што складальнікі спадзяваліся на «будучае абнаўленьне жыцьця» і «вызваленьне ад стальных ланцугоў бюракратычнага насільля».
У Якуціі засталіся сябры, сувязі з імі Пякарскі не парываў да канца жыцьця...
6 жніўня 1905 года з борта парахода «Громаў», які назаўсёды адвозіў Пякарскага з Якуціі, дасьледчык пісаў свайму брату Восіпу, што ў каюце ён працягвае апрацоўваць слоўнік — ад літары «С» да «Я».
У сталіцу Пякарскі прыбыў 14 верасьня 1905 года. Да 1910 года ён працаваў рэгістратарам калекцый ў этнаграфічным аддзеле Рускага музэя, а з 1911 года — у Музэі антрапалёгіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага пры Акадэміі навук.
У Пецярбургу Пякарскі пастаянна зьвяртаўся за кансультацыямі да акадэмікаў В. В. Радлова і К. Г. Залемана. Яны праглядалі карэктуру кожнага ліста слоўніка, калі той рыхтаваўся да друку. Па прапанове Радлова, да якуцкіх слоў пачалі даваць паралелі з іншых моў — мангольскай, эвенкійскай.
У 1907 годзе Акадэмія навук выдала першы выпуск «Слоўніка якуцкай мовы». А герой нашага апавяданьня быў удастоены залатога мэдаля Акадэміі навук.
З 1907 па 1918 год пад рэдакцыяй Пякарскага выйшлі восем выпускаў трохтомнага выданьня «Узоры народнай літаратуры якутаў». Да гэтага на якуцкай мове ўбачылі сьвет толькі нямногія фальклёрныя творы.
«Узоры» выклікалі вялікую цікавасьць сярод якуцкіх чытачоў. У гэты ж час у друку зьявіліся першыя літаратурныя творы на якуцкай мове, і выданьне Пякарскага стымулявала творчасьць многіх якуцкіх паэтаў і празаікаў. Пры падрыхтоўцы выпускаў дасьледчык уважліва вывучыў тэксты, запісаныя часам малапісьменнымі людзьмі, і выдаў іх у стараннай навуковай апрацоўцы. Доўгі час «Узоры» былі, па словах усходазнаўцы акадэміка А. Самайловіча, адзінай значнай «публікацыяй узораў надзвычай каштоўнага ў навуковых і мастацкіх адносінах фальклёру якутаў».
За «Слоўнік якуцкай мовы» і першы том «Узораў народнай літаратуры якутаў» Пякарскага ўзнагародзілі Залатым мэдалём Рускага геаграфічнага таварыства.
Вучоны апублікаваў таксама нямала дасьледаваньняў па этнаграфіі якутаў, працаваў у Этнаграфічным аддзеле Рускага геаграфічнага таварыства, часопісе «Живая старина». Вядомы фалькларыст М. Азадоўскі многа гадоў пасьля так успамінаў пра Пякарскага: «На працягу доўгага часу ён быў сакратаром Этнаграфічнага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства і сакратаром часопіса « Живая старина»... Часопіс працаваў на зусім іншых асновах, чым любы навуковы орган цяпер. Ні рэдактар, ні сакратар, ні рэцэнзэнты, ні члены рэдакцыйнай калегіі, ні самі супрацоўнікі не атрымоўвалі ні капейкі ганарару — усё было выключна грамадзкай справай, і ў той жа час і рэдкалегія, і часопіс працавалі абсалютна бесьперабойна, строга захоўваючы ўсе тэрміны і падтрымліваючы акуратна сувязь са шматлікімі супрацоўнікамі, якія былі раскіданы па ўсёй краіне».
Увесь час Пякарскі заставаўся верным сваім ранейшым прынцыпам. Неяк у лютым 1908 года ў Этнаграфічным аддзеле Геаграфічнага таварыства магістар філязофіі К. Жакаў чытаў даклад «Пра зыран» (народ комі). Дакладчык імкнуўся даказаць, нібыта мясцовая інтэлігенцыя і палітычныя ссыльныя зьяўляюцца нягоднікамі, бо вучаць зыранскіх сялян падпальваць сядзібы сваіх памешчыкаў. Лектара падтрымаў нейкі рэакцыйны настаўнік гімназіі Ш. (прозьвішча яго ўстанавіць не ўдалося). Папрасіў слова Пякарскі. І хаця выступіць яму не далі, вучоны ўстаў і з месца заявіў: «Пан Ш. вёў сябе непрыстойна... Мяне пан старшыня пазбавіў слова, але ён не падумаў спыніць пана Ш., які дапусьціў у сваёй прамове паклёп на інтэлігенцыю, паклёп на палітычных ссыльных... Паводзіны пана Ш. непрыстойныя ў сьценах навуковага таварыства».
Вучоны неаднаразова падкрэсьліваў вялікія разумовыя здольнасьці і душэўныя якасьці якуцкага народа, яго таленавітасьць. Яны былі залогам далейшага разьвіцьця, далучэньня да вышынь сусьветнай культуры. У дакладзе «Пра расьсяленьне якутаў па Якуцкай вобласьці», прачытаным на пасяджэньні Геаграфічнага таварыства 2 лістапада 1910 года, Пякарскі на наглядных прыкладах паказаў, што «гэты здольны і таленавіты народ, які захаваў... сваю багатую мову і своеасаблівыя звычаі, распаўсюджвае сваю культуру сярод іншых народнасьцей Якуціі».
Тое ж дасьледчык сьцьвярджаў у артыкуле «Качавое ці аседлае племя якуты?»: «Цяпер, па майму разуменьню, у справе абароны сваёй асабістай годнасьці, сваіх асабістых правоў, а таксама інтарэсаў грамадзтва, калі апошняе прыходзіць у сутыкненьне з інтарэсамі адміністрацыі, — якуты стаяць нічуць не ніжэй і нават вышэй за рускіх сялян».
Аб тым, што Пякарскі быў актыўным змагаром за разьвіцьцё якуцкай культуры, красамоўна сьведчыць запіска «Пра значэньне якуцкай мовы ў школе», складзеная ім 4 красавіка 1906 года. Яна была накіравана ў Дэпартамэнт народнай асьветы, а копія — у Якуцк. Толькі праз дзевятнаццаць гадоў вучоны выпадкова даведаўся (ад бібліятэкара М. Вінакурава), што тая запіска была апублікавана ў першых двух нумарах новай краснаярскай газеты «Сибирские вести» (ад 21 і 25 ліпеня 1906 г.) пад загалоўкам «Значэньне якуцкай мовы ў школах (з запіскі, прадстаўленай у Дэпартамэнт народнай асьветы)».
Запіску Пякарскі склаў у сувязі з тым, што якуцкая інтэлігенцыя якраз хадайнічала перад царскай адміністрацыяй аб адкрыцьці «Таварыства распаўсюджаньня асьветы ў Якуцкай воласьці». Мясцовая адміністрацыя сустрэла праект у штыкі. Губэрнатар быў асабліва абураны другім параграфам праекта статуса «Таварыства», паводле якога апошняму давалася права адкрываць школы з выкладаньнем на якуцкай мове. Царскі чыноўнік пагардліва меркаваў, нібыта «нікчэмныя веды, засвоеныя ў такіх школах на якуцкай мове, могуць атрымаць прымяненьне выключна сярод якутаў у межах іх стойбішчаў».
Насуперак думцы губэрнатара Пякарскі настойваў якраз на ўвядзеньні ў краі якуцкіх школ. Вучоны спасылаўся на тое, што рускія народныя і царкоўнапрыходзкія школы не давалі якуцкім дзецям належнай адукацыі. «Я магу прывесьці шмат прыкладаў, — працягваў аўтар запіскі, — калі якуцкія дзеці вучыліся рускай мове на сваёй роднай мове, цудоўна засвойвалі рускую мову, гаварылі на ёй вельмі чыста, паступалі ў рэальныя вучылішчы і гімназіі і працягвалі сваю адукацыю да канца; але я павінен агаварыцца, што такія посьпехі ў рускай мове былі не ў народнай школе і тым больш не ў царкоўнапрыходзкіх школах, а ў прыватных настаўнікаў».
Пякарскі падкрэсьліваў, што ў якуцкіх школах руская мова, бясспрэчна, павінна выкладацца як асобны прадмет. Дзякуючы гэтаму, якуты потым змогуць даць сваім дзецям сярэднюю і нават вышэйшую адукацыю. Дарэчы, многія вядомыя асобы, што падпісаліся пад пратаколам у якасьці заснавальнікаў Таварыства, якраз мелі сярэднюю адукацыю.
Рэзка крытыкаваў дасьледчык сьцьвярджэньне губэрнатара пра беднасьць якуцкай мовы і адсутнасьць якуцкай літаратуры. З палемічным запалам Пякарскі пісаў пра ўласныя назіраньні над якуцкай мовай. Назіраньні прывялі яго да вываду, што якуты «бясспрэчна культурны народ, бо толькі такі народ можа выпрацаваць падобную мову... Паняцьце літаратуры не вычэрпваецца адной толькі пісьмовай літаратурай — ёсьць яшчэ літаратура вусная, прадукт народнай творчасьці ў выглядзе былін, казак, песьняў, замоў, прыказак, прымавак, і ў гэтым сэнсе якуты маюць досыць багатую і зьмястоўную літаратуру».
Смела выступіў Пякарскі супраць асымілятарскіх тэндэнцый царскіх улад. Асабліва недарэчнай здавалася яму думка губэрнатара і яго падначаленага — інспэктара народных вучылішчаў, нібы «заснаваньне школ на якуцкай мове і штучнае стварэньне якуцкай пісьменнасьці, літаратуры і бібліятэк прынясе не карысьць справе асьветы, а хутчэй шкоду». Вучоны даказваў, што «пра штучнае стварэньне якуцкай пісьменнасьці не можа быць і гаворкі, паколькі яна ўжо створана пры дапамозе тых самых рускіх школ, пра адкрыцьцё якіх так настойліва, але непераканаўча клапоцяцца губэрнатар і інспэктар народных вучылішчаў... Калі б Таварыства і сапраўды мела мэтай стварэньне якуцкай літаратуры, то якім чынам гэтая задача, сапраўды зьвязаная з асьветай, можа прынесьці шкоду, а не карысьць справе асьветы — застаецца незразумелым...; дагаварыцца да такіх рэчаў у цяперашні час... можна толькі... не бачачы нічога вакол сябе. Хіба можа чалавек, які ўмее назіраць за жыцьцём вакол сябе, які жыве сярод такога жывога і здольнага народа, як якуты, сказаць, што «якуцкая мова мёртвая, за ёй няма мінулага і сучаснага, а гэта значыць, не можа быць і будучыні?» Ці разумее пан інспэктар сам тое, што ён дазваляе сабе сьцьвярджаць у афіцыйнай паперы? Называць мёртвай такую мову, на якой гаворыць выключна ўсё насельніцтва, а яго больш за дзьвесьце тысяч, Якуцкай вобласьці, ды мова гэта распаўсюджана далёка за межы апошняй — на ўсход, на поўдзень, на захад, будзе па меншай меры несправядліва, яшчэ больш несправядліва, што за гэтай мовай няма мінулага, таму што цюрская мова і цюрская пісьменнасьць існавалі тады, калі рускія яшчэ не выступалі нават на арэну гісторыі».
Інспэктар народных вучылішчаў сьцьвярджаў, нібыта «прайшлі сотні гадоў, а якут не пакінуў за сабой амаль ніякага сьледу». У адказ Пякарскі ўськлікваў: «I гэта гаворыцца адносна народа, без якога Якуцкая вобласьць да гэтага часу ўяўляла б сабой абсалютна бязьлюдную пустыню, які змог так прыстасавацца да суровых кліматычных умоў, што зрабіў яе даступнай для жыцьця на ёй прышэльцаў, і які да гэтага часу застаецца адзіным вытворчым элемэнтам у краі!».
Запіскі Пякарскага дапамагалі якуцкаму народу абараняць сваё права на самастойнае культурнае разьвіцьцё.
Сувязей з Якуціяй вучоны не губляў і далей. У сваіх артыкулах ён патрабаваў удасканаліць вядзеньне суда ў якуцкіх улусах, крытыкаваў нераўнамернасьць размеркаваньня зямлі сярод якутаў, захоп лепшых участкаў багацеямі. У «Живой старине» Пякарскі апублікаваў зьмест адной з гераічных былін у сувязі з яе пастаноўкай на сцэне ў Якуцку. Для друкарні газэты «Якутскнй край» ён дапамог дастаць шрыфты і абсталяваньне. Потым выступаў за тое, каб друкаваць на якуцкай мове хаця б асобныя газэтныя артыкулы.
Пякарскаму пісалі шматлікія сябры з Якуціі. Так, 21 мая 1906 года В. Іёнаў паведамляў пра маладзёжны рух сярод юнакоў і дзяўчат Якуцка: «Тут утварыўся саюз навучэнцаў, у які ўвайшлі гімназісткі, сэмінарысткі і рэалісты. Адкрылі свой клюб. Начальства закрыла і саюз, і клюб, але не задаволілася гэтым і дапякае на экзамэнах былых саюзьнікаў і саюзьніц.
Быў утвораны «Саюз настаўнікаў». На запыт начальства Агароднікаў (адзін з якуцкіх дзеячаў — В. Г.) даў адказ, што «Саюз» імкнецца выключна да вучэбна-выхаваўчых мэт і ўзаемадапамогі. Тым не менш прызналі, што саюз супрацьзаконны, і начальства яго закрыла. Агароднікаву пагражае яшчэ сьледзтва. Як адносяцца якуты да арышту камітэтчыкаў, вы, відаць, здагадваецеся і самі».
Іншы карэспандэнт Пякарскага, якут М. Говараў, 30 красавіка 1907 года пісаў, што ў «Якуцкім клюбе», які адкрыўся за паўгода да гэтага, ён чытаў якуцкую казку «Чачахан», прысланую Пякарскім. На вечары прысутнічаў паліцэйскі — «на выпадак дэбатаў агітацыйнага характару, якія маглі адбыцца з нагоды прачытанага».
Прывяду таксама ўрывак з пісьма настаўніка Вілюйскага гарадзкога вучылішча, датаванага 10 лістапада 1912 года: «Я захапляюся роднай паэзіяй, а гэта значыць... якуцкімі казкамі і песьнямі... Вашы два выпускі (слоўніка — В. Г.) многа паднялі мае веды. З нецярплівасьцю чакаю наступных выпускаў і малю лёс, каб ён прадоўжыў Ваша дарагое для нас жыцьцё і каб тым самым ён даў Вам магчымасьць выдаць увесь Ваш матэрыял... У лёсе няшчаснай якуцкай народнасьці Вы адыгралі важную ролю. Вы давялі да ведама вучонага сьвету пра такую нікчэмную народнасьць, якой зьяўляюцца якуты, народнасьць, закінутая кудысьці да берагоў палярнага мора».
Далей настаўнік працягвае пералік заслуг Пякарскага перад якуцкім народам: «...2) У нас не было літаратуры, а Ваш слоўнік павінен паслужыць краевугольным каменем для яе стварэньня. 3) Непасрэдны і практычны сэнс слоўніка зразумелы кожнаму. Вы сапраўды заслугоўваеце, каб Вас называлі «бацькам якуцкай літаратуры». Без Вас не знайшлася б асоба, у якой хапіла б адвагі ўзяць на сябе такую велізарную працу, як Ваш слоўнік». Пісьмо падпісаў Аляксей Елісеевіч Кулакоўскі. Пасьля гэты сьціплы вілюйскі настаўнік стаў вядомым паэтам, клясыкам якуцкай літаратуры.
Настаўніца Марыя Ягораўна Мікалаева пісала вучонаму: «Ад усіх жахсогінцаў і чурапчынцаў Вам, Эдуард Карлавіч, вялікі паклон, часта ўсе ўспамінаюць Вас, усё распытваюць мяне, як жыве, і г. д.»
Іх многа, такіх пісем з Якуціі. Захоўваюцца яны сёньня ў архіве Ленінградзкага аддзяленьня Акадэміі навук.
Да апошніх сваіх дзён Пякарскі цікавіўся патрэбамі маладой культуры Якуціі, падтрымліваў сувязі з інтэлігенцыяй гэтага краю. У 1926 годзе ён паведамляў свайму даўняму карэспандэнту А. Папову: «Я бясконца радуюся, што сярод якуцкай інтэлігенцыі знаходзяцца людзі, якія заняліся ўсебаковым вывучэньнем свайго народа».
Значную частку работы па вывучэньню якуцкай мовы і культуры Эдуард Карлавіч Пякарскі зрабіў яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Выйшла некалькі выпускаў яго слоўніка. Але закончыць гэта выданьне яму ўдалося толькі пры савецкай уладзе, калі працамі дасьледчыка зацікавіўся ўрад Якуцкай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, калі ў краі. дзе вучоны правёў доўгія гады, пачалося бурнае культурнае будаўніцтва.
ВЫНІК ЖЫЦЬЦЯ
Пасьля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ўмовы для навуковай работы карэнным чынам зьмяніліся, і Пякарскі больш засяроджана працаваў над слоўнікам. З радасьцю даведаўся ён пра стварэньне ў складзе РСФСР Якуцкай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Яе ўрад за свой кошт пачаў выдаваць наступныя выпускі слоўніка, а ў 1924 годзе прызначыў вучонаму пэнсію. Старшыня Савета народных камісараў Якуціі М. Амосаў у сувязі з гэтым прыслаў вучонаму віншаваньне.
Савецкія ўстановы Якуціі неаднойчы зьвярталіся да нашага земляка за дапамогай. Калі была створана Камісія па вывучэньню Якуцкай АССР, актыўны ўдзел у яе рабоце прымаў Эдуард Карлавіч. Па просьбе Амосава ён адшукаў і вывучыў матэрыялы дарэвалюцыйных экспэдыцый, якія дасьледавалі глебы Якуціі. Заслугі Пякарскага грамадзкасьць дастойна ацаніла, выбраўшы яго ганаровым членам якуцкага навукова-даследчага таварыства «Саха-кескіле».
Выключная занятасьць не давала Пякарскаму магчымасьці наведвацца ў родныя мясьціны. Упершыню пасля ссылкі ён пабываў там у маі 1906 года. Зьезьдзіў тады ў Пінск, пабачыўся з мачахай, братам Восіпам, сястрой. Родзічы яго жылі вельмі бедна, і Пякарскаму давялося прасіць акадэміка Радлова дапамагчы ўладкаваць Восіпа на службу ў акцызнае ведамства.
У 1924 годзе Пякарскі зноў надумаў пабываць у Беларусі. Францу Вікеньцьевічу Абрамовічу, сыну былога служачага ў Барбароўскім маёнтку, які з часам стаў вядомым хірургам і працаваў тады ў Мазыры, Эдуард Карлавіч паслаў пісьмо з просьбай даведацца, ці можна на лета наняць у Барбарове дачу. Пра свой намер вучоны паведаміў у сьнежні 1924 года былому калегу па Акадэміі навук Уладзіславу Котвічу (тады выкладчыку Львоўскага унівэрсытэта): «Наступным летам думаю наведаць родныя мясьціны на рацэ Прыпяці ў Рэчыцкім павеце, дзе я некалі, будучы гімназістам і студэнтам, праводзіў канікулы. Цягне мяне туды...»
Выконваючы просьбу, Абрамовіч зьезьдзіў у Барбароў і затым адказаў Пякарскаму, што там яшчэ засталіся людзі, якія памятаюць унука старога Рамуальда, — браты Яўген і Якаў Залатарэнкі, былы садоўнік Яўстрат і кравец Нодэльман.
Эдуард Карлавіч узрадаваўся, атрымаўшы такія зьвесткі. ён пісаў Абрамовічу: «Калі давядзецца вам бываць яшчэ ў Барбарове, вельмі прашу вас перадаць маё шчырае прывітаньне людзям, якія мяне памятаюць, я ж памятаў выразна толькі краўца Нодэльмана, са слоў якога запісаў у дзяцінстве драматычную сцэнку пра Амана [* Аман — біблейскі пэрсанаж, міністар пэрсыдзкага цара Артаксеркса. Сюжэт пра Амана ў літаратуры XVI-XVII стагоддзяў выкарыстоўвалі Францыск Скарына і Сімяон Полацкі.] на польска-яўрэйскім жаргоне».
Аднак мара яшчэ раз пабываць на радзіме так і засталася марай. Не хапала часу нават на перапіску. Калі якуцкі карэспандэнт папрасіў Пякарскага падзяліцца ўспамінамі пра работу ў Якуцку, вучоны адказаў: «Я вырашыў новага нічога не пісаць, бо няма на гэта часу. Слоўнік у мяне на першым пляне, і мне проста цяжка цяпер адрывацца нават на перапіску з сябрамі».
Работа над асноўнай часткай слоўніка закончылася толькі ў канцы 1926 года. Былому нарадавольцу, свайму сябру па якуцкай высылцы, этнографу Іёхельсону Эдуард Карлавіч паведаміў: «29 лістапада закончыў «бясконцы слоўнік».
За 45 гадоў быў зьдзейсьнены подзьвіг. Пякарскі стварыў не проста слоўнік якуцкай мовы, а сапраўдную энцыкляпэдыю ўсяго ўкладу жыцьця народа, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сабраны і апрацаваны на працягу дзесяцігодзьдзяў велізарны матэрыял уяўляе сабой, як пісаў усходазнаўца В. Радлоў, «карціну разумовага жыцьця народа, закінутага лёсам на далёкую поўнач Азіі».
У слоўніку зарэгістравана 60 000 якуцкіх слоў з усебаковай іх характарыстыкай. Пякарскі прывёў шмат зьвестак пра побыт, вераваньні, звычаі якутаў. Тлумачачы значэньне якога-небудзь слова, ён адначасова апісваў абрады, прыкметы, бытавыя падрабязнасьці (напрыклад, тэхніку вырабу якога-небудзь прадмета хатняга ўжытку). У слоўніку побач з лінгвістычнымі прыводзяцца этнаграфічныя, фальклёрныя і міталягічныя зьвесткі.
Заканчэньне работы над слоўнікам было адзначана грамадзкасьцю Ленінграда і Якуціі. 23 лістапада 1926 года ў Ленінградзкім інстытуце жывых усходніх моў адбылося ўрачыстае пасяджэньне Савета цюркалягічнага сэмінара, прысьвечанае гэтай падзеі. Прысутнічалі прадстаўнікі Акадэміі навук, Навукова-дасьледчага інстытута параўнальнай гісторыі літаратуры і мовы Захаду і Ўсходу пры Ленінградзкім унівэрсытэце, Ленінградзкага аддзяленьня таварыства былых паліткатаржан і ссыльных пасяленцаў. Праз тры дні ўшанаваньне Э. К. Пякарскага адбылося ў памяшканьні Таварыства паліткатаржан. Прыйшло некалькі соцень тэлеграм — ад павуковых арганізацый і вучоных Масквы і Ленінграда, з Якуціі.
Члены праўленьня Якуцкага зямляцтва ў Ленінградзе паднесьлі вучонаму вершаваны адрас на якуцкай мове. Зьвяртаючыся да «Адубара Харылабыса» (так па-якуцку гучала імя і імя па бацьку Пякарскага), аўтары адраса пісалі: «Вы прыехалі ў нашу далёкую краіну, калі Вас лічылі злачынцам, што было няшчасьцем для Вас і шчасьцем для нас. У гэты выключны час Ваш слоўнік, канчаткова і поўнасьцю надрукаваны, паслужыць вялікай падмогай для мовы і сахаларскай (якуцкай) літаратуры, якая толькі што нараджаецца і жывіцца з невычэрпнай крыніцы Вашага слоўніка...»
Праз чатыры гады, 1 лютага 1931 года, Пякарскі быў выбраны ганаровым членам Акадэміі навук СССР. А 21 сьнежня 1931 года прэзыдыюм Якуцкага ЦВК узнагародзіў яго граматай за «шматгадовую працу па складаньню якуцкага слоўніка, які зьяўляецца каштоўным укладам у навуку для вывучэньня культуры Якуціі».
Нягледзячы на выданьне слоўніка, Пякарскі не спыняў збору матэрыялаў. Калі ў верасьні 1930 года выйшаў у сьвет апошні том слоўніка, ён пісаў у савет Таварыства па вывучэньню якуцкай мовы: «Я далёкі ад думкі лічыць слоўнік закончаным у яго цяперашнім выглядзе». Да канца жыцьця вучоны назапасіў яшчэ 15 тысяч картачак з тлумачэньнем якуцкіх слоў. Яны папоўнілі багатую картатэку — аснову акадэмічнага слоўніка якуцкай мовы, якая захоўваецца ў Архіве ўсходазнаўства Ленінградзкага аддзяленьня Інстытута ўсходазнаўства АН СССР. У «Нарысе гісторыі вывучэньня якуцкай мовы» А. Убратавай пра гэту картатэку гаворыцца наступнае: «Калі разьбіраеш яе, кожны раз зьдзіўляешся таму, колькі працы, колькі павагі і любві ўнесена ў гэту грандыёзную пяцідзесяцітомную работу».
Памятаў Пякарскі і пра школу, якая насіла яго імя. Захавалася перапіска вучонага з яе вучнямі. Перад Камісіяй па вывучэньню Якуцкай АССР ён хадайнічаў аб ператварэньні школы з пачатковай у сямігадовую. Дзякуючы гэтаму ў маі 1930 года яна была перайменавана ў «школу другога канцэнтра» — так тады называлі сямігодкі. У пісьмах да Эдуарда Карлавіча школьнікі паведамлялі пра сваю вучобу, пра тое, што ў іх створаны вучнёўскі каапэратыў пад назвай «Пякарац». «Дарагі наш дзядуля! Пішам мы — вашы маленькія ўнукі з далёкай Якуціі»,— так пачыналася адно з пісем, у якім школьнікі прасілі вучонага прыслаць ім свой партрэт. Якуцкім вучням савецкі вучоны завяшчаў частку сваёй бібліятэкі.
Школа імя нашага земляка і сёньня існуе ў Якуціі.
29 чэрвеня 1934 года Пякарскі памёр. Нэкралёг зьмясьцілі многія газэты, а таксама навуковыя часопісы Савецкага Саюза, Вэнгрыі, Польшчы. Урад Якуцкай АССР ушанаваў памяць вучонага ўстанаўленьнем дзьвюх стыпэндый яго імя.
Значэньне прац Пякарскага з цягам часу не зьмяншалася, а ўзрастала. Выпрабаваньне часам вытрымаў і яго фундамэнтальны слоўнік. Сёньня ён карыстаецца папулярнасьцю не толькі ў Савецкім Саюзе, але і за мяжой. Лінгвістычнае таварыства Турцыі зрабіла пераклад слоўніка на турэцкую мову. Як ужо гаварылася, у 1945 годзе ў Стамбуле выйшла ў сьвет першая яго частка (на літары «А — М»).
У Эдуарда Пякарскага — дзьве радзімы. Першая, Беларусь, яго ўзгадавала. Другая, Якуція, прытуліла ў цяжкую часіну жыцьця. Не маючы магчымасьць працаваць на карысьць першай, гэты мужны чалавек прысьвяціў другой сваёй радзіме дзесяткі гадоў нястомнай працы. Прысьвяціў розум і сэрца.
ЛІТАРАТУРА
Азадовский M. К. Э. К. Пекарский // Сов. этнография. 1934. № 5.
К. М. А. Революционер-ученый // Сб. тр. исслед. об-ва «Саха-Кескеле». Якутск, 1917. Т. 1.
Оконешников Е. И. Э. К. Пекарский как лексикограф. Новосибирск, 1982.
Охлопков В. Якутский период ссылки Э. К. Пекарского // Полярная звезда. 1973. № 1.
Охлопков В. Новое о Э. К. Пекарском и В. Л. Серошевском (по материалам ЦГА Якутской АССР) // Тр. Ин-та этнографии им. H. Н. Миклухо-Маклая. Т. 104 (Л.). 1977.
Петров Н. Б. О графических особенностях и орфографии «Словаря якутского языка» Э. К. Пекарского // Тр. Ин-та языка и лит. (АН Каз. ССР). Алма-Ата, 1961. Т. 2.
Петров Н. Б., Барашков И. И. О «Словаре якутского языка» Э. К. Пекарского: К 100-летию со дня рождения Э. К. Пекарского. // Изв. Академии паук Казахской ССР. Сер. филологии и искусствоведения. Алма-Ата, 1959. Вып. 1 (2).
Самойлович А. Н. Памяти Э. К. Пекарского // Изв. АН СССР. VII сер. Отд. обществ, наук. 1934. № 10.
Сафронов Ф. Г. Ссылка в Восточную Сибирь в XVII веке. Якутск, 1967.
Эдуард Карлович Пекарский: К столетию со дня рождения. Якутск, 1958.
Э. К. Пекарскага суруктартан // Хотугу сулус. 1969. № 5. (На якут, яз.)
Armón W. Polscy badacze kulturv Jakutów. Wroclaw, 1977.
Bataakap S. O. Q. Bekeeriskej ylete // Кыыт. 1931. nr 142.
Edvard Pekarskiy ölüinünün 10-uncu у dönümü // Ankara Universiteśi Dil, Tarih ve Cografya Fakültesi Degrisi. 11. 1944. N 5.
Ettinger P. Edward Piekarski // Wiadomości literackie. 1927. 20 marca. N 12.
Inan Abdülkadir. Eduard Pekarski ve eserleri // Ulkü. XII. Ankara. 1939. N 71.
Kotwicz W. Edward Piekarski: Nekrolog // Rocznik orientalistyczny. 1934. T. 10.
Pekarskiy E. Yakut Dili Sözlügü. I. («A—M»). Istanbul 1945.
Poppe N. Edward Piekarski // Ungarische Jahrbücher, 1927. В. 7. H. 3-4
[C. 3-95.]
ОТ ПРИПЯТИ ДО ЛЕНЫ
В последнее время в Белоруссии в значительной степени возрос спрос на историческую литературу. Это объясняется тем, что каждая нация на определенном этапе своего развития испытывает острую необходимость критически осмыслить свое прошлое.
К числу исследователей прошлого относится и Валентин Петрович Грицкевич. Врач по образованию, он стал известен широкому кругу читателей своими книгами и статьями, которые посвящены белорусам, внесшим вклад в развитие культуры и науки народов Сибири и Дальнего Востока, в том числе и Якутии. Так, с большим интересом была встречена читателями книга «От Немана к берегам Тихого океана».
И вот в этом году в Минске вышла новая книга В. П. Грицкевича (на белорусском языке) «Эдуард Пекарский». Это биографическое эссе о жизни и деятельности славного сына белорусского и якутского народов Эдуарда Карловича Пекарского. Он прославился тем, что, будучи сосланным за революционную деятельность в Якутию, не только оставил среди якутов о себе добрую память своим человеческим отношением к этому народу, но и создал фундаментальный труд — словарь якутского языка, описание быта, верований, культуры якутского народа. В книге Грицкевича читатели смогут ознакомиться со многими малодоступными массовому читателю историческими фактами революционного движения в России во второй половине XIX века, больше узнать о быте и нравах якутов, о прекрасной северной природе.
Эта книга свидетельствует, что несмотря на географическую отдаленность белорусского и якутского народов, между ними существуют давние культурные связи.
Н. Шуканов.
Гомельская область.
[С. 3.]
С. Акуліч
НАШ СЛАВУТЫ ЗЯМЛЯК
Ганарыцца славаю сваіх продкаў
не толькі можна, але і неабходна:
не шанаваць яе ёсьць ганебнае маладушша.
А. С. Пушкін.
Жыхары Смалявіччыны ганарацца сваім земляком Пякарскім Эдуардам Карлавічам (1858-1934) які стаў славутым савецкім вучоным у вобласьці этнаграфіі, лінгвістыкі, геаграфіі. Прызнаньнем заслуг вучонага было выбраньне яго членам карэспандэнтам Акадэміі навук СССР у 1927 годзе, ганаровым акадэмікам Акадэміі навук СССР у 1931 годзе. Гэта быў сапраўды дапытлівы кемлівы ад прыроды чалавек, які валодаў найвышэйшымі ступенямі даравітасьці дасьледчыка. вучонага. Ён амаль першы сярод вучоных, выхадцаў з Беларусі, зьведаў на сваім горкім вопыце, што ў навуцы няма шырокай слупавай дарогі бальшака. І таму ён здолеў дасягнуць яе зьзяючых вяршынь, не баючыся стомленасьці карабкацца па яе камяністых абрывах.
Адкуль жа паходзіў гэты славуты дасьледчык, таленавіты сын беларускага народа? Дзе ён нарадзіўся, узрос, вучыўся і працаваў? А нарадзіўся ён у беднай шляхецкай сям’і на хутары, у невялікім фальварку Пятровічы, што разьмяшчаўся за 25 кілямэтраў на поўдзень ад мястэчка Смалявічы Мінскай губэрні. Тады гэта быў глухі закутак, край дрымучых лясоў, які ахутвалі туманы ды сьцюжы. Не зьвязваўся ён ні з якімі шляхамі зносін, існавала бездарожжа. Цяпер жа вялікая вёска Пятровічы — цэнтар сельсавета. куды вядуць з усіх бакоў асфальтаваныя дарогі.
Калі знаёмісься з біяграфіяй Э. К. Пякарскага. то дзіву даесься, як ён мог толькі выжыць і яшчэ стаць вялікім вучоным. На яго жыцьцёвым шляху было наканавана перанесьці ўсе выпрабаваньні. Зьведаць і холад, і голад, нават і ўмовы няволі. Адным словам. яго шлях у навуку быў цяжкім, цярністым. Але нішто не зламала яго вялікай сілы волі, аптымізму, прагі да жыцьця, а пражыў ён 76 гадоў.
У Эдуарда Карлавіча Пякарскага рана памерла маці. Хлопчык спачатку выхоўваўся ў сям’і беларускага селяніна, затым жыў у цёткі ў Мінску і ў палескім маёнтку Барбараў у дваюраднага дзеда. Жылося хлопцу на правах нахлебніка нялёгка. У мазырскай гімназіі, куды Эдуард ускорасьці наступіў, ён зарабляў на жыцьцё рэпэтытарствам. Пазьней пераехаў у Таганрог вучыцца ў гімназіі. Там ён і зьвязаў сваё жыцьцё з рэвалюцыйна настроенай моладзьдзю, якую ўзначальваў студэнт Ісак Паўлоўскі. Ён кватараваў у мешчаніна Паўла Чэхава, бацькі будучага пісьменьніка Антона Паўлавіча. Юнакі разам чыталі творы В. Р. Бялінскага, А. І. Герцэна, М. Р. Чарнышэўскага, М. А. Дабралюбава, Д. І. Пісарава.
Рэвалюцыйнай дзейнасьці Э. Пякарскі не пакінуў і ў Чарнігаве, куды ён пераехаў працягваць вучобу. Тут ён уступіў у падпольны гурток В. Варзара, вёў рэвалюцыйную прапаганду сярод шаўцоў і гімназістаў, рамесьнікаў. Восеньню 1877 года паступіў у Харкаўскі вэтэрынарны інстытут, дзе ўзначаліў студэнцкія хваляваньні. Зімой 1877 года пачаліся арышты. Э. Пякарскі, ратуючыся ад прасьледаваньняў паліцыі, пераехаў у Тамбоўскую губэрню. Дзевятнаццацігадовы юнак быў завочна прыгавораны
(ІІрацяг у наступным нумары)
/Ленінскі заклік. Смалявічы. № 103. 29 жніўня 1989. С. 2./
С. Акуліч
НАШ СЛАВУТЫ ЗЯМЛЯК
(Працяг. Пачатак у № 103).
да пяці гадоў ссылкі на Поўнач.
Праз некалькі месяцаў у Княжа-Багародзіцкае валасное ўпраўленьне Тамбоўскага павета прыехаў прымаць справы ў п’яніцы пісара Цапенкі новы пісар Іван Кірылавіч Пякарскі. Так стаў называть сябе былы харкаўскі студэнт, каб не вылучацца сваім імем сярод рускіх сялян.
Э. Пякарскі разумеў. што не заваюе давер’я сялян, калі не будзе ім карысным. І дзень, і ноч сядзеў над паперамі да тае пары, пакуль не асвоіў справаводзтва. Ні адной паперы ён не затрымліваў, усе даведкі і пашпарты выдаваў мужыкам своечасова.
З канца 1878 года наш зямляк быў членам таварыства “Зямля і воля”. На Тамбоўшчыне ў гэты час было нямала такіх, як ён, “валасных пісараў” ды “фэльчараў” — рэвалюцыянэраў. Аднак паліцыя напала на сьлед падпольшчыкаў. Калі ў “Івана Кірылавіча” запатрабавалі пашпарт, ён вымушаны быў схавацца. Яго арыштавалі ў Маскве ў сьнежні 1879 года. Тады яму быў 21 год. Праз 13 месяцаў мясцовы ваенна-акруговы суд прыгаварыў Пякарскага як “дзяржаўнага злачынцу” на 15 гадоў катаржных работ. Але гэту меру пакараньня замянілі потым высылкай на пасяленьне ў аддаленыя месцы Сыбіры — Якуцію з пазбаўленьнем усіх правоў. У студзені 1881 года дваццацітрохгадовага Эдуарда Карлавіча Пякарскага саслалі ў паміжрэчча Татты і Алдана. Нават не думаў і не гадаў, што вандруючы па беламу сьвету, увойдзе ў бесьсьмяроцьце як славуты вучоны.
У лістападзе 1881 года Пякарскага прывезьлі у першы Ігідзейскі насьлег Батурускага ўлуса – павета, які знаходзіўся за 320 вёрст на паўночны ўсход ад Якуцка. Тут яму было наканавана правесьці доўгія гады ссылкі. Так, у далёкі край Э. Пякарскі трапіў не па сваёй волі: яго саслалі ў Якуцію за ўдзел у народавольчым руху.
Э. Пякарскага зьмясьцілі ў юрце гаспадара міждворнай станцыі. Мясцовасьць гэта была бедная, прадукты дарагія. «А сродкаў для жыцьця няма... — пісаў Э. Пякарскі бацьку 22 лютага 1883 года. — І калі б не якуты. прапаў бы з голаду». Давялося вучыцца хлебаробскай справе: разводзіць жывёлу, будаваць юрту па якуцкаму ўзору. запасацца на зіму палівам і лёдам для адтайваньня вады. Мясцовыя жыхары дапамагалі нашаму земляку апрацаваць невялікі ўчастак зямлі, дзе ён сеяў зернявыя, саджаў бульбу, займаўся агародніцтвам, разводзіў жывёлу, лавіў рыбу. хадзіў на паляваньне.
“Я думаў, — пісаў Пякарскі. — што ўвесь якуцкі народ — гэта частка расійскага народа і я буду працягваць рабіць тое, што я рабіў у Расіі, гэта значыць весьці прапаганду”. Ссыльны рэвалюцыянэр дапамагаў якутам складаць афіцыйныя прашэньні (гэтаму ён навучыўся на Тамбоўшчыне), весьці судовыя працэсы, заступаўся за іх перад наяжджаўшым начальствам, дабіваўся ў судах рашэньняў заблытаных пытаньняў у карысьць беднякоў. Э. К. Пякарскі, такім чынам. хутка заваяваў сярод якутаў вялікі аўтарытэт, павагу.
(Працяг будзе).
/Ленінскі заклік. Смалявічы. № 104. 31 жніўня 1989. С. 2./
С. Акуліч
НАШ СЛАВУТЫ ЗЯМЛЯК
(Працяг. Пачатак у №№ 103, 104).
Каб размаўляць з якутамі. Э. Пякарскаму давялося вывучаць іх мову, запісваць якуцкія словы з рускім перакладам. Працаваць пры дрэнным асьвятленьні было нялёгка, не хапала паперы, не было дапаможнікаў, слоўнікаў. Аднак упартай працай ссыльны рэвалюцыянэр дабіўся многага.
У газэце “Неделя” за 1885 год ён прачытаў паведамленьне, быццам бы ў якуцкай мове налічваецца 3 тысячы слоў. Да 1887 года дасьледчык сабраў ужо сем тысяч якуцкіх слоў, праз 11 гадоў — 20 тысяч, а к 1930 году — 25 тысяч слоў.
Слоўнікам Э. Пякарскага зацікавіўся Усходне-Сыбірскі аддзел Геаграфічнага таварыства. Энтузіяст разьвіцьця Сыбіры золатапрамысловец А. М. Сыбіракоў прапанаваў аддзелу даць грошы на друкаваньне слоўніка.
Калі падыходзіў да канца тэрмін ссылкі, Э. К. Пякарскі пісаў бацьку: “Раней чым надрукаваць слоўнік, мне няма чаго і думаць аб вяртаньні на радзіму, калі нават і будзе атрыманы на тое дазвол, бо нельга кінуць работу, на якую патрачана трынаццаць гадоў лепшай пары жыцьця”. У 1899 годзе ў Якуцку, куды да пачатку наступнага года дасьледчык змог перасяліцца, выйшла першае выданьне слоўніка Э. Пякарскага.
Вялікі вопыт Э. Пякарскага ў вывучэньні побыту якутаў прымусіў кіраўнікоў экспэдыцыі ў Прыаянскі край зьвярнуцца да вучонага з просьбай зрабіць падворны запіс эвенкаў у гэтым рэгіёне, запісваць зьвесткі аб іх побыце. Наш зямляк даў згоду і адплыў з Якуцка на параходзе 11 чэрвеня 1903 года. Праз два тыдні плаваньня па рэках Алдан 1 Мая ён прыбыў у маленькае, з шасьці двароў, пасяленьне Нелькан. Адсюль адправіўся да Ахоцкага мора. Давялося пераваліць праз хрыбет Джугджур.
Нарэшце, 20 ліпеня на бераг ракі Алдан сталі зьяжджацца на аленях жыхары тайгі. Ветлівасьць Э. Пякарскага прыцягвала да сябе людзей. Дасьледчык частаваў эвенкаў тытунём і чаем, узамен прасіў для музэя розныя рэчы з іх ужытку. Эвенкі танцавалі перад дасьледчыкам, расказвалі пра аленегадоўлю, паляваньне, рыбную лоўлю.
У жніўні 1903 года лета на беразе Ахоцкага мора было халоднае. Яшчэ халадней было на прыбярэжным крутым хрыбце Аёмакіт, на які ўзьбіраўся невялікі атрад з трох чалавек — удзельнікаў экспэдыцыі, што вывучала побыт якутаў і эвенкаў Прыаянскага краю, прылягаючага да Ахоцкага мора. Кіраўнік атрада Эдуард Пякарскі запісваў на прывале ў дзёньніку: “Сьцежка — суцэльны камень, востры, рэжа ногі, для якіх слабай аховай служаць надзетыя сёньня тарбасы... Вось мы на ўзроўні туману, які расьсьцілаецца на вяршынях суседніх гор. Месяц слаба сьвеціць скрозь туман. Пад намі цэлае мора густога туману, хвалюемага ветрам. Дзе-нідзе на хвіліну агаляюцца вяршыні больш нізкіх гор і зноў патанаюць у моры. Карціна цудоўная. Паступова падымаемся да самай вяршыні. Сьцежка вузкая, — толькі і глядзі, конь аступіцца і паляціць уніз. Я ступаю вельмі асьцярожна, баючыся сарвацца са сьцежкі”. Зрабіўшы неабходныя запісы і сабраўшы матэрыялы, Э. Пякарскі вярнуўся назад.
У 1905 годзе па хадайніцтву Акадэміі навук яму дазволілі вярнуцца у эўрапейскую частку краіны. Яго запрасілі ў Пецярбург працягваць працу над слоўнікам. З 1907 па 1930 год выходзіла акадэмічнае выданьне “Словаря якутского языка”. Э. Пякарскага з багатымі паралелямі з роднасных моў і падрабязным тлумачэньнем старых слоў і зьяў побыту.
У 1907-1918 гадах пад рэдакцыяй вучонага выходзяць тры тамы “Образцов народной литературы якутов” на якуцкай мове.
Вучоны выступаў у Краснаярскай газэце “Сибирские вести” з артыкулам “Значэньне якуцкай мовы ў школах”, дзе падверг крытыцы губэрнатара і інспэктара вучылішча Якуцкай вобласьці, якія карысталіся выступленьнем рэакцыі, супраціўляліся адкрыцьцю школ на якуцкай мове. Пякарскі пісаў: “Хіба можа чалавек. назіраючы вакол сябе жыцьцё, жывучы сярод жывога і здольнага народа, як якуты, сказаць, што “якуцкая мова мёртвая, за ёй няма мінулага і сучаснага?” Ці разумее пан інспэктар, што ён дазваляе сабе сьцьвярджаць у афіцыйных паперах? Называць мёртвай мовай, на якой размаўляе пагалоўна ўсе звыш двухсоттысячнае насельніцтва Якуцкай вобласьці, якая распаўсюджана за межы апошняй...».
За “Словарь” і “Образцы литаратуры” Э. Пякарскага ўзнагародзілі залатымі мэдалямі Акадэміі навук і Рускага Геаграфічнага таварыства.
Пасьля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі 1917 года вучоны працягваў работу у камісіі па вывучэньню мовы і культуры Якуцкай АССР. Шматгадовая праца над асноўнай часткай слоўніка падыходзіла да канца. 29 лістапада 1926 года Э. Пякарскі пісаў этнографу В. Іахельсону. “29 кастрычніка закончыў “бясконцы слоўнік” і падпісаў: “канец”.
Напярэдадні гэтага, у ліпені 1926 года, ён зьезьдзіў нарэшце на роднае Палесьсе. Магчыма, спатканьне з роднымі мясьцінамі выклікала ў 68-гадовага вучонага прыліў сіл. Магчыма, ён упершыню за 45 гадоў дазволіў сабе адпачыць у блізкіх сэрцу мясьцінах перад завяршэньнем працы.
(Працяг будзе).
/Ленінскі заклік. Смалявічы. № 105. 2 верасня 1989. С. 2./
С. Акуліч
НАШ СЛАВУТЫ ЗЯМЛЯК
(Заканчэньне. Пачатак у №№ 103-105).
А за 45 гадоў было зроблена шмат. Паводле слоў вучоных, «быў створаны не проста дапаможнік па якуцкай мове..., а сапраўдная энцыкляпэдыя ўсяго ўкладу жыцьця якуцкага народа, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры”.
Грамадзкасьць краіны адзначыла заканчэньне складаньня “Словаря”. У адрас юбіляра прыходзілі сотні віншавальных тэлеграм.
Па рашэньню ЦВК і Савета Народных Камісараў Якуцкай АССР імем Э. Пякарскага назвалі школу ў Ігідзейску — месца яго першапачатковай ссылкі. Вучонага выбралі ганаровым членам Якуцкага дасьледчага таварыства “Саха-Кескіле” і Усходне-Сыбірскага аддзела Рускага Геаграфічнага таварыства, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, пазьней яе ганаровым членам.
Вучоны працягваў работу па друкаваньню апошніх выпускаў слоўніка. Ужо пасьля выхаду слоўніка Э. К. Пякарскі сабраў матэрыялы для дадатковага тома.
Памер вучоны 29 чэрвеня 1934 года. Урад Якуцкай АССР увекавечыў яго памяць дзьвюма стыпэндыямі імя Э. Пякарскага для студэнтаў гэтай рэспублікі.
Галоўную працу Э. Пякарскага — “Словарь якутского языка” па заслугах ацанілі ў Якуціі. Заснавальнік пісьменнай якуцкай літаратуры А. Кулакоўскі пісаў вучонаму 18 лістапада 1912 года: “У нас не было літаратуры, а ваш слоўнік павінен паслужыць краевугольным каменем для яе стварэньня. ... Вы сапраўды заслугоўваеце назвы “бацькі якуцкай літаратуры”. Без вас не знайшлося б асобы, у якой хапіла б дзёрзкасьці зрабіць такую велізарную працу, як ваш слоўнік”.
Навуковы сьвет высока ацаніў “Словарь”. Дасьледчык цюрскіх моў акадэмік В. Радлаў яшчэ наконт першага выданьня слоўніка пісаў: “Я не ведаю ніводнай мовы, не маючай пісьменнасьці, якая можа параўнацца па паўнаце сваёй і стараннасьці апрацоўкі з гэтым сапраўдным скарбам якуцкага слоўніка, ды і для многіх літаратурных моў падобны слоўнік, на жаль, застаецца яшчэ надоўга недаступнасьцю”.
Першую частку “Словаря” Э. Пякарскага пераклалі на турэцкую мову і выдалі ў 1945 годзе ў Стамбуле, а ўвесь “Словарь” перавыдалі ў краіне ў 1959 годзе.
/Ленінскі заклік. Смалявічы. № 106. 5 верасня 1989. С. 2./
Іван Ласкоў
ЗЯМЛЯК, А МОЖА, АДНАПЛЯМЕНЬНІК?
З вялікай прыхільнасьцю сачу за навукова-папулярызатарскай дзейнасьцю ленінградзкага гісторыка Валянціна Грыцкевіча. Памятаю, надзвычай зацікавіла ягоная, здаецца, першая кніжка «Путешествия наших земляков», што выйшла ў Мінску ў 1968 годзе. Вельмі ўразіла мяне тое, што наш сухапутны край даў людзей, якія зьведалі, і яшчэ за даўнімі часамі, і Турцыю, і Паўднёвую Амэрыку, і Гавайскія астравы... Адно крыху азмрочвала настрой: амаль усе гэтыя падарожнікі з іх каталіцкімі імёнамі здаваліся небеларусамі. Дый сам аўтар не сьпяшаўся пераканаць у адваротным. Нездарма ж ён і кнігу назваў «Путешествия... земляков», і ў тэксьце не гаварылася, што гэтыя «землякі» нам не чужыя крывёю.
Не ведаю, ці то было пачатковае ўспрыманьне сваіх пэрсанажаў самім В. Грыцкевічам, ці праца нядрэмнай цэнзуры.
Зрэшты, тое «нядрэмнае вока» сядзіць у кожным з нас, прымушаючы рэдагаваць саміх сябе ў кампрамісным кірунку. Нас жа вучылі дзесяцігодзьдзі, дый не проста вучылі, а ўбівалі ў галовы, што беларусы не мелі свайго дваранства. Шляхта?! Ужо само слова гаворыць, што гэта было дваранства польскае. А раз шляхта ўладарыла ў Беларусі, значыць, палякі яе заваявалі...
Толькі зусім нядаўна нарэшце зразумелі, што палякі нас не заваёўвалі, а так званая «польская» шляхта, якая ўладарыла ў Беларусі, была беларускім дваранствам, што прыняло польскую мову і «рымскую веру» — каталіцызм.
Але няўпэўненасьць у тым, што Беларусь мела дастаткова сваіх гістарычных асоб, сядзіць у нас яшчэ вельмі моцна. Зьвяртаючыся да такіх постацяў. мы занадта доўга ўзважваем, перш чым прызнаць, што яны — беларусы, а як толькі чуецца вокрык збоку, тут жа гатовы ўзяць сваё меркаваньне назад.
Не пасьпелі яшчэ як сьлед прывыкнуць, што маем такую славутасьць, як Мікола Гусоўскі, і вось ужо гучыць зьбянтэжаны голас паважанага дасьледчыка: «Бачыце... Палякі высьветлілі, што, аказваецца, ёсьць у іх вёска Гусава, і Мікола Гусоўскі з той вёскі». І ўжо быццам не мае значэньня, што сам Гусоўскі пісаў: «Край свой (цяпер ужо ўласнасьць Кароны) калісьці я перамераў удоўжкі і ўпоперак пешшу». А тым часам, што азначаюць гэтыя два радкі, дакладней першы? Што калі Гусоўскі нарадзіўся, ягоны край належаў Вялікаму княству Літоўскаму, нашай дзяржаве, і толькі пасьля адышоў да Кароны.
Трэба сказаць, што тыя ж палякі ставяцца да вызначэньня, хто паляк, больш рашуча. Мяркую пра гэта па кнізе Вітальда Армана «Польскія дасьледчыкі культуры якутаў» (1977), што зьмяшчае шэраг імёнаў, якія маюцца і ў кнігах В. Грыцкевіча. Без аніякіх хістаньняў В. Арман залічвае ў палякі не толькі прадстаўнікоў беларускай шляхты А. Каменскага-Длужыка, Л. Сяніцкага, Я. Чэрскага, Э. Пякарскага, але і беларускага селяніна Т. Аўгусьціновіча, што стаў вядомым доктарам і пакінуў этнаграфічныя назіраньні над жыхарамі Крайняй Поўначы. В. Грыцкевіч у сваёй кнізе «От Немана до берегов Тихого океана» (1986) такую рашучасьць паказвае не заўсёды, дакладней, рашучасьці зусім не мае. У адносінах да названых людзей часьцей за ўсё гучыць бясспрэчнае «наш зямляк».
Вось і ў новай кнізе В. Грыцкевіча пра Эдуарда Пякарскага [* Валянцін Грыцкевіч. Эдуард Пякарскі. – Мн., 1989.] славутага складальніка «Слоўніка якуцкай мовы», гаворыцца зноў-такі «наш зямляк». Між тым сам аўтар паказвае, што першы вядомы продак Э. Пякарскага «прыбыў з нізоўяў Віслы ў Брэст і атрымаў ад вялікага князя літоўскага» маёнтак у межах сучаснага Брэста яшчэ ў XVI стагодзьдзі. Зразумела, што за трыста гадоў, якія аддзялялі гэтага продка ад Эдуарда Карлавіча, жывучы сярод беларусаў, Пякарскія не маглі не «натуралізавацца», тым болей, што для іх шлюбу з беларускімі шляхцянкамі рэлігійных перашкод не было.
Чытач маіх радкоў можа заўважыць, што гэта былі стагодзьдзі, калі беларуская шляхта сама паланізавалася, дык як маглі ў такіх умовах абеларушвацца палякі?
Вазьму на сябе адвагу падзяліцца меркаваньнем, што беларуская паланізаваная шляхта была не тым самым, што «каронная», сапраўдная польская шляхта. Розьніца гэтая даволі тонкая, але яе можна адчуць.
Галоўнае адрозьненьне беларускай паланізаванай шляхты ад уласна польскай было ў тым, што беларуская не лічыла сваімі інтарэсы польскай дзяржавы. У палітычных складанасьцях XVIII-XIX стагоддзяў яна займала сваю пазыцыю, якая часта з пазыцыяй уласна польскай шляхты не супадала. Пасьля таго, як Рэч Паспалітая не змагла адбіць царскую агрэсію і Беларусь увайшла ў склад Расійскай імпэрыі, беларуская шляхта, застаючыся польскай па мове і каталіцкай па веравызнаньні, тым не меней сувязі з уласна польскай шляхтай фактычна парывае. Яна амаль не падтрымлівае, асабліва ўсходнебеларуская, паўстаньні 1794 і 1830 гадоў, шматлікія нацыянальна-вызваленчыя польскія змовы і акцыі гэтага часу. Найбольш актыўна яна ўдзельнічае ў паўстаньні 1863 года, але гэта ўжо быў час абуджэньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, дэтанатарам якога і стала пэўная частка беларускай шляхты.
Для пэрыяду пасьля 1863 года характэрна, што прадстаўнікі беларускай шляхты ўдзельнічаюць у рускім рэвалюцыйным руху, а ў польскім нацыянальна-вызваленчым удзелу не прымаюць. «Польская справа» робіцца для іх зусім чужой.
Такім чынам, калі ўзьнікае патрэба вызначыць нацыянальнасьць ураджэнца Беларусі гэтага пэрыяду, можна сьмела адштурхоўвацца ад таго, у якім рэвалюцыйным руху ён удзельнічае: рускім або польскім.
Адносна Пякарскага В. Арман падкрэсьлівае, што, паводле сьведчаньня адной асобы, Пякарскі «гаварыў чыста па-польску і выпісваў польскую газэту», а калі ў польскім друку зьявіліся ягоныя працы, выказаў глыбокую радасьць, што нарэшце яго артыкулы пачынаюць друкавацца на польскай мове. Аднак мы ведаем, што на польскай мове тады гаварыла практычна ўся беларуская шляхта. I што дзіўнага, калі чалавек, які валодае нейкай мовай, выпісвае газэту на ёй? Я, напрыклад, таксама выпісваў у Якуцку «Szpilki» і «Міś», хоць і не паляк. Куды больш важным для разуменьня нацыянальнай прыналежнасьці Пякарскага здаецца наступнае сьведчаньне.
Адначасова з Пякарскім на выгнаньні ў Якуціі знаходзіўся вядомы польскі пісьменьнік, аўтар капітальнай этнаграфічнай працы «Якуты» Вацлаў Серашэўскі. Гэта быў, акрамя таго, адзін з найяскравейшых прадстаўнікоў польскага нацыянальнага руху. Бацька Серашэўскага Леапольд удзельнічаў у паўстаньні 1863 года, дзед Каэтан – у паўстаньні 1830-га, прадзед – у паўстаньні 1794 года. Сам Вацлаў, уступіўшы ў польскі сацыялістычны рух зусім юнаком, пасьля прайшоў амаль саракагадовы шлях турэмных зьняволеньняў, якуцкага выгнаньня, эміграцыі, а ў 1914 годзе, ва ўзросьце 56 гадоў (!) далучыўся радавым жаўнерам да легіёнаў Пілсудскага. Я пішу пра Серашэўскага з такімі падрабязнасьцямі для таго, каб было ясна, як гэты чалавек ставіўся да польскай нацыянальнай справы.
Серашэўскі і Пякарскі пэўны час на якуцкім выгнаньні жылі паблізу. Абодва вывучалі якутаў: Пякарскі — мову і фальклёр, Серашэўскі — побыт, звычаі, гаспадарку, грамадзкі лад, гісторыю. Здавалася б, два такія чалавекі, з адною роднай мовай, з блізкімі інтарэсамі проста не маглі не пасябраваць. Але сяброўства не склалася. Чаму?
У сваіх мэмуарах. напісаных пад канец 1930 гадоў, Серашэўскі згадаў пра гэта. Зносіны не наладзіліся таму, што Пякарскі, якога Серашэўскі называе «зруселым», і слухаць не хацеў пра «польскую справу». Серашэўскі гэта ўспрыняў як здраду і перастаў бачыцца з ім, хоць знаёмства з Пякарскім яму ані не зашкодзіла б, бо Пякарскі быў выдатным знаўцам якуцкай мовы, а Серашэўскі, як заўважае В. Арман, «не меў вуха» да іншых моў.
Што Серашэўскі і Пякарскі не сябравалі, ёсьць сьведчаньне і з «лягера» Пякарскага, ад блізкага памочніка Эдуарда Карлавіча ў складаньні «Слоўніка якуцкай мовы» Усевалада Іёнава. У 1914 годзе, крытыкуючы ў часопісе «Живая старина» працу Серашэўскага «Якуты» пераважна за неахайнае напісаньне якуцкіх слоў, У. Іёнаў зазначаў: «В. Л. Серашэўскі жыў адзін час недалёка ад Э. К. Пякарскага, што ўжо працаваў над сваім слоўнікам і ніколі не адмаўляў ва ўказаньнях і тлумачэньнях. Усе, хто цікавіўся тым ці іншым бокам якуцкага побыту... заўсёды зьвярталіся да яго, чаму ж В. Л. Серашэўскі не карыстаўся яго паслугамі» (цытую па кнізе В. Армана).
Вось гэта — спрадвечнае існаваньне роду Пякарскіх на беларускай зямлі, абыякавасьць Э. Пякарскага да польскай нацыянальнай справы і дае, мяркую, падставы лічыць яго не проста нашым земляком, а аднапляменьнікам, як лічаць рускія рускімі Пушкіна, Лермантава, Даля, Блока і шмат іншых выдатных дзеячаў, у жылах якіх цёк і струмень чужой крыві.
Можа, які дасьведчаны чытач скажа, што і сам аўтар гэтых радкоў не без граху, бо, рэцэнзуючы кнігу В. Армана адзінаццаць гадоў назад у часопісе «Полярная звезда», не аспрэчыў польскага дасьледчыка адносна нацыянальнасьці пералічаных вышэй Каменскага-Длужыка, Сяніцкага, Аўгусціновіча і інш. Што ж, нічога не застаецца, як прызнаць сваю памылку, выкліканую тагачаснай недасьведчанасьцю. Пры гэтым павінен прызнацца, што задумацца над усім сказаным прымусілі мяне якраз кнігі В. Грыцкевіча і невялікая перапіска з ім, зьвязаная з друкаваньнем у «Полярной звезде» яго гістарычных нарысаў. што пазьней увайшлі ў кнігу «От Немана до берегов Тнхого океана».
Невялічкая спрэчка з В. Грыцкевічам у якасьці ўступу да разгляду ягонай кнігі зусім не азначае, што яна не спадабалася. Наадварот: спадабалася. А гэтая «спрэчка» — фактычна разьвіцьцё ідэй самога В. Грыцкевіча, што ўжо столькі гадоў выводзіць да беларускага чытача невядомыя або малавядомыя постаці нашых аднапляменьнікаў, абуджаючы законны гонар за нашу шматвяковую гісторыю.
Кнігі В. Грыцкевіча, нягледзячы на іх невялікі аб'ём і папулярызатарскі стыль,— грунтоўныя навуковыя працы. Аўтар валодае шэрагам моў. Гэтае багацьце яго не ляжыць марна «ў куфры», а выкарыстоўваецца ім для вывучэньня гісторыі роднага краю па іншамоўных крыніцах, што можна адзначыць і ў новай кнізе. В. Грыцкевіч карыстаецца рускімі, польскімі, якуцкімі, турэцкімі, венгерскімі крыніцамі, што дае магчымасьць узнавіць найболей поўную і падрабязную біяграфію Э. Пякарскага з усіх вядомых.
Аўтар паказвае паходжаньне свайго героя, яго акружэньне ў дзяцінстве, шматлікую цікавую радню. Шкада, што ён пры гэтым практычна нічога не піша пра такіх вядомых родных Э Пякарскага, як рускі акадэмік П. Пякарскі, кампазытар Раманоўскі. Я, напрыклад, пра гэтых людзей нічога не ведаю, а хацелася б ведаць, бо яны ж – нашы выдатныя аднапляменьнікі.
Падрабязна і цікава паказаны гады вучобы Пякарскага, ягоны шлях у расійскі рэвалюцыйны рух, зьняволеньне, выгнаньне, праца над «Слоўнікам якуцкай мовы», падарожжа «скрозь туманы Джугджура» і, нарэшце, плён саракапяцігадовай працы ганаровага акадэміка.
Але я думаю, што па-сапраўднаму поўны жыцьцяпіс Э. Пякарскага яшчэ наперадзе. І хацелася б верыць, што давядзе яго да канца сам В. Грыцкевіч. Але для гэтага яму перш-наперш спатрэбіцца папрацаваць у Якуцку.
Э. Пякарскі, як вядома, знаходзіўся на выгнаньні ў Якуціі болей за дваццаць гадоў. Увесь гэты час ён быў пад пільным паліцэйскім наглядам. Зразумела, што ў Дзяржаўным архіве ЯАССР у сувязі з гэтым назьбіралася нямала дакумэнтаў, здольных праліць дадатковае сьвятло на Пякарскага. Дасьледаваныя яны яшчэ не цалкам.
Папрацаваўшы ў Якуцку, болей рэалістычна можна было б паказаць стаўленьне якутаў да Пякарскага. Тут не ўсё на паверхні, шмат хаваецца і ў глыбіні. Адчуць гэта здалёк немагчыма. Сам я доўгі час не мог зразумець, чаму ў Якуціі ставяцца да Пякарскага так неадэкватна яго заслугам перад якуцкай культурай. Да гэтага часу ў гонар Пякарскага названа толькі ўскраінная вуліца ў Якуцку ды школа ў далёкім раёне, дзе Пякарскі жыў на выгнаньні. «Слоўнік» яго перавыдадзены толькі аднойчы, дый тое... у Вэнгрыі — кажуць, з дапамогай вядомага М. Ракашы, што меў жонку-якутку. А галоўнае, не раз і не два даводзілася чуць намёкі, што хоць Пякарскі і вялікі вучоны — склаў слоўнік, але перад якутамі ёсьць за ім і правінка, прычым немалая.
Што ж давялося высьветліць выпадкова не так даўно?
В. Грыцкевіч цытуе ліст пачынальніка якуцкай літаратуры А. Кулакоўскага да Пякарскага: «...2) У нас не было літаратуры, а Ваш слоўнік павінен паслужыць краевугольным каменем для яе стварэньня. 3) Непасрэдны і практычны сэнс слоўніка зразумелы кожнаму. Вы сапраўды заслугоўваеце, каб Вас называлі “бацькам якуцкай літаратуры”. Без Вас не знайшлася б асоба, у якой хапіла б адвагі ўзяць на сябе такую велізарную справу. як Ваш слоўнік». Гэтыя словы паўтораны і К. Тарасавым у прадмове.
Здавалася б, проста выдатна: якая высокая ацэнка натхнёнай працы нашага аднапляменьніка з вуснаў першага якуцкага паэта! Але, на жаль. Кулакоўскаму належаць і іншыя выказваньні як пра самога Пякарскага, так і пра яго слоўнік.
Ліст, які цытуе В. Грыцкевіч, быў пасланы Пякарскаму ў лістападзе 1912 года. А паўгодам раней, у траўні, у публіцыстычным творы пад назвай “Якуцкай інтэлігенцыі” той самы Кулакоўскі пра Пякарскага пісаў (падаю ў арыгінале, захоўваючы яго асаблівасьці. Твор напісаны па-руску):
«Гостил он у нас долго: приехал молоденьким, вертлявеньким, поджареньким, а уехал стареньким, ехидненьким. Сотрапезничал он с нами десятки лет, похваливая наши «тар», «ёрэ» и «бутугас». Хвалил он и любил нашу девицу-красавицу (ныне покойницу), с которой он коротал долгие зимние вечера под музыкой северной вьюги... Будучи молод и полон жизненных потребностей, он увлекался дикаркой и сильно обескураживался, когда она не понимала его мыслей и... желаний, а он — ее. Во-первых, поэтому, во-вторых, от нечего делать он стал записывать лепет своей подруги и учить ее своему языку. Но, так как сам всецело подпал под ее обаятельную власть, то не смог ее научить своему языку, наоборот, — сам научился от нее разговорному и любовному языку якутов, которого сделал своим коньком и на котором сначала поехал в Питер, а теперь едет вверх — по пути славы и великих почестей...»
Далей ідзе складзены самім Кулакоўскім брыдкі вершык з шасьці чатырохрадкоўяў, дзе маецца такое прароцтва ў адносінах да слоўніка Пякарскага: «...труд его погибнет так бесславно, ничей не радуя и взор».
Чым жа так угнявіў Пякарскі Кулакоўскага, што той апусьціўся да бруднай пісаніны на «бацьку якуцкай літаратуры»? Адказ на гэта зьмяшчаецца ў творы Кулакоўскага. Кулакоўскі поўны абурэньня тым, што Пякарскі на нейкім «зьезьдзе вучоных у Томску» нібыта высунуў прапанову перасяліць якутаў на Крайнюю Поўнач (ёсьць, як я пісаў ужо аднойчы, і ў Якуціі свая Поўнач!). а на іх землях уладкаваць перасяленцаў з Расіі. Пры гэтым Кулакоўскі спасылаецца на часопіс «Сибирские вопросы» (без адзнакі года і нумара), у якім нібыта было паведамленьне на той конт.
Давялося зьвярнуцца да гэтага часопіса, што выдаваўся ў Пецярбургу з 1907 года, і адзін за адным перагледзець усе яго нумары аж да мая 1912 года.Шчыра кажучы, калі б нават такое паведамленьне знайшлося сапраўды, я б яму не паверыў. Уявіць, каб рэвалюцыянэр, выгнаньнік пайшоў на бессаромную змову з царызмам? Немагчыма. Працаваць усё жыцьцё над слоўнікам якуцкай мовы і асудзіць яе носьбітаў на выміраньне? Дык гэта ж было б вар’яцтвам! Але, прызнаюся, быў момант, калі з часопісных старонак на мяне нібыта лінулі варам.
1910 год. Падвойны нумар 42-43 (25 лістапада). Старонка 65. «Два доклада об Якутской области»: «Якуцкай вобласьці пашанцавала наконт дакладаў: на працягу аднаго дня ў Геаграфічным таварыстве зроблены два паведамленьні — п. Пякарскага аб «расьсяленьні якутаў» (В. Грыцкевіч згадвае гэты даклад на стар. 87.— I. Л.). і п. Астроўскіх «Новыя даныя па Якуцкай вобласьці». Калі даклад п. Пякарскага і адзначаны тэндэнцыйнасьцю і пэўнай бяздоказнасьцю, дык, прынамсі, аб ім можна сур’ёзна спрачацца. Тэндэнцыйнасьць адчуваецца ў самой думцы расьсяленьня, г. зн. выдаленьня са спрадвечна наседжаных месцаў, з багатых пашаў, з раёнаў з больш мяккімі кліматычнымі і глебавымі ўмовамі, на поўнач, да вечных ільдоў, на промыслы, поўныя рызыкі, але бедныя здабычай, на адвечную мерзлату з мізэрнай расьліннасьцю. Вядома, расьсяленьне — выгаднае з пункту гледжаньня сучаснай палітыкі (маецца на ўвазе сталыпінская палітыка перасяленьня сялян на «вольныя» сыбірскія землі.— I. Л.): угодзьдзі, што вызваляцца, можна пусьціць пад калянізацыю (...). Якуты такія энэргічныя, багатыя ініцыятывай і самадзейнасьцю, і раптам сядзяць па сваіх далінах, гадуюць быдла ды бабяцца! Трэба не даць загінуць гэтым каштоўным якасьцям іншародца. неабходна скарыстаць іх шляхам прыкладаньня ў змаганьні з холадам, ільдамі, напалову галодным жыцьцём. (...). Зразумела, значны працэнт загіне ў змаганьні за існаваньне, ды без ахвяр ніводная вялікая справа не рабілася. Затое ўжо, хто выйдзе пераможцам, той стане трывалай нагой у ледзяной пустыні». Подпісу пад нататкай няма. Няўжо гэта праўда?! Па ранейшым чытаньні «Сибирских вопросов» я заўважыў, як шмат абвяржэньняў друкуе гэты часопіс на зьмешчаныя ў ім матэрыялы. Дык няўжо Пякарскі праглыне гэты зьедлівы артыкул, прызнае яго праўдзівасьць?
Не! Ужо ў наступным нумары (44) з палёгкай бачу «Ліст у рэдакцыю»: «Наўрад ці хто-небудзь з прысутных на дакладзе, сярод якіх былі таксама і якуты, угледзеў у ім падобную тэндэнцыйнасьць. Для таго, каб вывудзіць з майго даклада думку гвалтоўнага расьсяленьня якутаў, трэба было не прысутнічаць на самім дакладзе, або не чуць яго, або проста не разумець таго, што чуеш. Верагодней за ўсё. што аўтар артыкула пабудаваў усе свае меркаваньні на падставе няправільна вытлумачанага ім загалоўка майго даклада, дапусьціўшы, што тэмай яго было пытаньне, як расьсяляць якутаў, у той час як у ім гаварылася пра тое, як якуты расьсяляліся самі. (...) Палка пра тэстую супроць, мякка кажучы, «тэндэнцыйнасьці», што прыпісваецца мне».
Не! Ані не мог Пякарскі выступіць з тым, што яму прыпісалі! Наадварот, яшчэ за два гады да таго, у тых самых «Сибирских вопросах», у артыкуле «Зямельнае пытаньне ў якутаў» ён пісаў: з-за таго, што зямля, на якой жывуць якуты, заканадаўча за імі не замацаваная (лічылася дзяржаўнай). у якутаў «ёсьць няўпэўненасьць у трываласьці валоданьня землямі, на якіх яны жывуць...», «спараджаючы рознага гатунку чуткі аб будучым выцясьненьні іх рускім элемэнтам. Гэтыя чуткі, пры ўсёй іх заўчаснасьці. знаходзяць для сябе грунт у самім законе».
Як бачым, са слоў Пякарскага вынікае, што пытаньне пра перасяленьне ў Якуцію «рускага элемэнта» тады зусім не стаяла, трывога якутаў была заўчаснай, але Пякарскі стаіць за тое, каб яе не было зусім. «Было б таму, — настойвае ён, — у найвышэйшай ступені своечасовым якім-небудзь заканадаўчым актам пацьвердзіць, у якой меры якуцкія гміны могуць разьлічваць на недатыкальнасьць і неадчужальнасьць земляў, якія яны цяпер займаюць» (1908, № 17-18, с. 16-17). У іншым артыкуле «Качавое ці аселае племя якуты» крыху пазьней (1908, № 37, с. 34-40) Пякарскі даводзіць, што якуты — аселыя, і заклікае да таго, каб іх аселасьць была прызнаная дзяржаваю. Гэта патрэбна «для доказу, што хлебаворыўныя землі ўжо сталі патрэбныя і каштоўныя для саміх якутаў і адчужэньне іх на карысьць рускіх нанясе істотную страту карэннаму насельніцтву»...
Такім чынам. выходзіць, што Кулакоўскі не сам узводзіць паклёп, а толькі паўтарае. Але гэта не вызваляе яго ад адказнасьці. Прачытаўшы абвінавачваньне ў адрас Пякарскага, ён жа не мог за паўтара года не прачытаць і абвяржэньні! А калі б не заўважыў сам, то абавязкова пачуў пра яго ад людзей. Прагрэсіўныя «Сибирские вопросы», ў Якуцку былі часопісам вельмі папулярным, яго чытала ўся інтэлігенцыя, пра што сьведчаць лісты якуцян у часопіс.
Калі Кулакоўскі не чытаў абвяржэньне, то чаму, абліўшы брудам імя Пякарскага ў траўні, ужо ў лістападзе 1912 года ён піша лісьлівы ліст, называючы ў ім Пякарскага «бацькам якуцкай літаратуры»? Давайце, дарэчы. уважлівей прыгледзімся до гэтага ліста. Выдаўшы пахвальбу Пякарскаму (і, сказаў бы я, законную пахвальбу!), Кулакоўскі пераходзіць да «дзелавой» часткі свайго пасланьня. Выяўляецца, ён піша славутаму вучонаму не проста так, а з патрэбы. У яго дзьве просьбы: адна — уладзіць друкаваньне ўласных прац Кулакоўскага па фальклёры і ягоных мастацкіх твораў, другая — такога гатунку: «Ці не прымеце Вы мяне да сябе. каб я працаваў па выданьні Слоўніка над Вашым кіраўніцтвам. Калі мы разам скончым выданьне за два гады, то Акадэмія няўжо не выдасьць цалкам прызначаныя Вам 10 000 рублёў? Я думаю, што Вам Слоўнік надакучыў жахліва. Хутчэй бы адкараскаліся. Гонар складаньня Слоўніка ўсё адно не паменшыцца. Магу да Вас зьявіцца ўлетку 1913 г.» («Кулаковский». Сб. Докладов к 85-летию со дня рождения. Якутск, 1964, с. 83).
I сапраўды, улетку 1914 года Кулакоўскі, прыехаўшы ў Пецярбург. завітаў да Пякарскага. Але вучоны яго не прыняў. Ён не мог не ведаць пра пасквіль, напісаны Кулакоўскім, бо хоць той і не быў надрукаваны. але хадзіў па руках, у Якуцку ж у Пякарскага заставалася шмат прыязных да яго людзей, якіх не магла не абурыць такая несправядлівая пісаніна...
У лісьце Кулакоўскага зьвяртае на сябе згадка пра 10 000 рублёў, якія Пякарскі нібыта меўся атрымаць ад Акадэміі за Слоўнік. На самай справе гэтыя грошы прадугледжваліся на яго выданьне. I ці былі яны атрыманы, невядома. «Сибирские вопросы» [1910, № 14-15, с. 92] паведамлялі, што «2 сакавіка за № 5942 міністэрства народнай адукацыі ўнесла ў Дзяржаўную Думу праект аб адпушчэньні Э. К. Пякарскаму дзесяці тысяч рублёў на выданьне «Слоўніка якуцкай мовы». Кулакоўскі зразумеў паведамленьне, як хацеў...
Трэба сказаць, што першы якуцкі паэт быў надзвычай супярэчлівай постацьцю. Час ад часу выказваючыся на карысьць простага люду, ён у тым самым творы «Якуцкай інтэлігенцыі» фактычна накрэсьлівае плян капіталістычнага пераўтварэньня Якуціі з мэтай узбагачэньня не народа, а якуцкіх гандляроў і прадпрымальнікаў. Палітычны шлях ягоны быў далёка не просты: за 1917-1923 гады Кулакоўскі пасьпеў папрацаваць на чатыры контррэвалюцыйныя ўрады (часовы, калчакоўскі і два нацыяналістычныя), і толькі калі грамадзянская вайна ў Якуціі скончылася (1923), пачаў супрацоўнічаць з Савецкай уладай.
У жыцьці гэта быў таксама чалавек складаны. З ягоных лістоў відаць, што паэт жыў «як паэт»: паважаў віно і карцёж і, відаць, імкнуўся разбагацець. Ці не дзеля гэтага першы раз ажаніўся з непрыгожай і нялюбай дачкой багацея Аросіна, разьлічваючы на вялікі пасаг («Кулаковский», с. 14)? Але стары ўзяў калым (800 рублёў), а пасагу практычна не даў. За гэта Кулакоўскі заклеймаваў цесьця ў сатыры «Скупы багацей». У далейшым Кулакоўскі браўся за розныя грашовыя справы: удзельнічаў у будаўніцтве тэлеграфнай лініі Якуцк — Ахоцк, працаваў хатнім настаўнікам мільянэра Барашкава («Кулаковский», с. 15). З ліста да Пякарскага можна даведацца, што Кулакоўскі будаваў у Якуцку бальніцу «за 20 000 рублёў» («Кулаковский», с. 80). Прапанова Пякарскаму сваіх паслуг у складаньні слоўніка была, такім чынам, працягам тых самых прадпрымальніцтваў.
Спрэчкі вакол Кулакоўскага вядуцца ў якутаў да гэтага часу. Есьць людзі, якія, прымаючы Кулакоўскага як паэта і фальклярыста, крытычна ставяцца да яго як асобы і палітычнага дзеяча (прафэсар Ф. Р. Сафронаў, дацэнт Г. Г. Окаракаў і інш.). Але ёсьць і такія, для каго Кулакоўскі — сьцяг і сымбаль нацыянальнага адраджэньня напярэдадні рэвалюцыі. Такія дасьледчыкі імкнуцца выбеліць Кулакоўскага, усё станоўчае перабольшыць, а адмоўнае схаваць.
Твор «Якуцкай інтэлігенцыі» цалкам да гэтага часу не надрукаваны (частка грамадзкасьці патрабуе гэтага). Але паклёп на Пякарскага. зьмешчаны ў ім, паўтораны ў друку. Яго ўзнавіў, цытуючы Кулакоўскага, у свогіі кнізе «Три якутских реалиста-просветителя» гісторык Г. П. Башарын.
Кніга Башарына выйшла ў 1914 годзе. У 1952-м (па матывах не зьвязаных з імем Пякарскага) яна была забаронена. Але, зразумела, за восем гадоў, што падзялялі выданьне і забарону, яна пасьпела цалкам разысьціся.
Мяркуючы па працах Башарына, ён чытаў «Сибирские вопросы» не меней уважліва, чым аўтар гэтых радкоў. Такім чынам, Башарын мог выправіць Кулакоўскага. Але гэта кінула б цень на пачынальніка якуцкай літаратуры. І дасьледчык яшчэ згусьціў цень, кінуты на Пякарскага, абвясьціўшы ў сваёй кнізе, быццам Пякарскі браў слова не на «зьезьдзе вучоных у Томску» (як пісаў Кулакоўскі), а на нейкай спэцыяльнай урадавай нарадзе: «Дакладная Маркграфа абмяркоўвалася на спэцыяльнай нарадзе, куды быў запрошаны Э. К. Пякарскі як знаўца Якуціі. На гэтай нарадзе паны дамовіліся, што ў Якуцкую вобласьць, згодна з плянам Маркграфа, можна засяліць каля 2 млн. чалавек, для чаго варта толькі перасяліць усіх якутаў з паўднёвых раёнаў Якуціі на поўнач, у тундравую паласу. Гэты плян быў ухвалены Пякарскім, які ў якасьці знаўцы сказаў, што так будзе мэтазгодней, бо якуты прывыклі да холаду, да суровых умоў прыроды і могуць жыць у тундравай паласе. Гэта была гнюсная, пачварная, рэакцыйная палітыка. Супроць такой вынішчальнай для якуцкага народа палітыкі Сталыпіна і выступіў Аляксей Елісеевіч Кулакоўскі» (Башарин Г. П. «Три якутских реалиста-просветителя». Якутск, 1944, с. 30).
Пры гэтым Башарын на аніякія крыніцы не спасылаецца. Плянаў жа перасяліць у Якуцію два мільёны чалавек увогуле не было, камандзіраваны сюды чыноўнік ляснога ведамства Маркграф займаўся толькі вывучэньнем ёмістасьці краю, гэта значыць высьвятляў пытаньне, колькі б тут магло людзей пасяліцца. А 13 верасьня 1912 года якуцкім губэрнатарам Крафтам было афіцыйна абвешчана праз газэту «Якутская окраина», што ніякага перасяленьня ў Якуцію не будзе.
Такім чынам, і Кулакоўскі, і Башарын узводзілі паклёп на Пякарскага як бы сьвядома. Узьнікае пытаньне: навошта?
Склалася так, што яшчэ і пад канец XIX стагодзьдзя якуцкі народ у пераважнай масе заставаўся непісьменным, і ўсебаковае вывучэньне якуцкай культуры ўзялі на сябе палітычныя выгнаньнікі, прадстаўнікі зусім іншых народаў. Дзякуючы іх зацікаўленасьці, таленту, энэргіі якутазнаўства зрабіла такія вялікія посьпехі, што для ўласна якуцкіх дасьледчыкаў, якія прыйшлі пазьней, мала што і засталося для вывучэньня. Зразумела, большая частка сучасных якутаў глыбока ўдзячная іншапляменным энтузіястам, што . стварылі не падмурак — сам гмах якутазнаўства. Але ёсьць і такая частка якуцкай інтэлігенцыі, што згадвае іх імёны з прыкрасьцю. У тым, што якутазнаўства было створана неякутамі, ім бачыцца нейкая страта для якуцкай годнасьці. Такія інтэлігенты — гісторыкі, мовазнаўцы і г. д. усяляк імкнуцца прынізіць подзьвіг палітычных выгнаньнікаў, адшукаць у іх учынках карысьлівасьць («научился... языку якутов, которого сделал своим коньком и на котором сначала поехал в Питер, а теперь едет вверх — по пути славы и великих почестей»), адшукаць хібы ў іх клясычных працах, кінуць цень на іх біяграфіі. Так, Серашэўскага той самы Башарын называе нават «ідыёлягам польскага фашызму». (Башарын Г. П. «Обозрение историографии дореволюционной Якутии». Якутск, 1965, с. 11). Тое самае і з Пякарскім. Калі нельга прыдрацца да «Слоўніка», то хоць дыскрэдытаваць аўтара.
Першымі якутазнаўцамі пры гэтым нярэдка абвяшчаюцца Кулакоўскі і складальнік аднаго з якуцкіх алфавітаў С. Наўгародаў. Прывяду характэрны прыклад з прадмовы да «Диалектологического словаря якутского языка» (М., 1976, с. 10): «Пачатак вывучэньню дыялектнай лексыкі паклаў пачынальнік якуцкай мастацкай літаратуры А. Е. Кулакоўскі, які сабраў па раёнах Якуціі мясцовыя словы, што склалі пасьля асноўны матэрыял яго дыялекталягічнай працы. Яшчэ болей вялікі матэрыял па дыялектнай лексыцы зьмяшчае фундамэнтальны «Слоўнік якуцкай мовы» Э. К. Пякарскага, што выдаваўся ў 1907-1930 гг.».
Як бачыць чытач, Пякарскі быццам бы і не забыты, і прызнана, што ім сабрана дыялектнай лексыкі значна больш, чым Кулакоўскім, але Кулакоўскі чамусьці абвяшчаецца папярэднікам Пякарскага ў гэтай справе. хоць зьвярнуўся да зьбіраньня якуцкай лексыкі на дваццаць-трыццаць гадоў пазьней за Пякарскага, а яго адзіная праца па дыялекталёгіі была напісана толькі ў 1925 годзе (гл. Кулаковский А. Е. Научные труды. Якутск, 1970, с. 389-413).
З моманту зьяўленьня кнігі Башарына прайшло 45 гадоў. Але да гэтага часу не знайшлося чалавека, які абараніў бы гонар Пякарскага.
Вяртаючыся да кнігі В. Грыцкевіча, прывяду заўважаныя мною хібы, выкліканыя няпоўным веданьнем якуцкіх рэалій.
Адзін з разьдзелаў кнігі называецца «Пад паўночным зьзяньнем», трапляецца «стасутачная ноч». Але на шыраце ўлуса, дзе жыў на выгнаньні Пякарскі, палярнай ночы зусім не бывае, а палярнае зьзяньне здараецца вельмі рэдка.
«Вочы (у эвенкаў) цёмныя, але не раскосыя», — піша В. Грыцкевіч. Гэта недакладнасьць. Эвенкі, як і якуты, — мангалоіды, і вочы ў іх, бадай што, вузейшыя, чым у якутаў.
Эвенкаў, чытаем яшчэ, у часы Пякарскага «часам» звалі тунгусамі. Не часам. Да рэвалюцыі эвенкаў і эвенаў звалі выключна тунгусамі. (Болей за тое: слова «тунгус» ужывалася яшчэ і ў дваццатыя гады ва ўрадавых пастановах.) Гэта яскрава відаць і па цытатах з працы Пякарскага, дзе «тунгус», «тунгусы» ўжыта болей за 10 разоў. У адной жа цытаце з Пякарскага (с. 80) чамусьці зьяўляюцца «эвенкі». Няма сумненьняў, што гэта — скажэньне цытаты.
«У залежнасьці ад аленевых пашаў трэба было перамяшчацца з месца на месца амаль кожны дзень». Так не робіцца. Звычайна эвенкі-паляўнічыя, што маюць аленяў, затрымліваюцца на адным месцы да месяца, пакуль вакол не скончыцца здабыча.
На с. 93 сказана, што «у слоўніку (Пякарскага) зарэгістравана 60 000 якуцкіх слоў». Напраўду — 38 000, а без варыянтаў і анамастыкі — 25 000.
«У ліку тых, хто падпісаўся (пад вітальным адрасам Пякарскаму. — I. Л.), быў Амосаў — у будучым, пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі, старшыня ЦВК Якуцкай АССР» (с. 85). Гутарка тут ідзе пра адрас, складзены ў 1905 годзе. Тады М. К. Амосаву было... 8 гадоў, і, зразумела, ніякіх адрасоў яму падпісваць не давалі.
Недакладна перадаюцца асобныя словы: «аланхосут» (трэба — аланхасут), «раўдуга» (устарэлае. Трэба — роўдуга).
На с. 65 В. Грыцкевіч адно ў зносцы паведамляе, што Пякарскі ажаніўся «з мясцовай жыхаркай». А чаму б не сказаць проста — з якуткай? Дый увогуле, пішучы такую падрабязную біяграфію Пякарскага, можна было б і не ў зносцы, а непасрэдна ў тэксьце штось расказаць і пра ягоную жонку, і пра дзяцей.
Есьць недахопы ў асьвятленьні ролі іншых вучоных — якутазнаўцаў. Так, заніжаецца значэньне прац папярэдніка Пякарскага акадэміка О. М. Бётлінгка, зусім не згадваецца С. В. Ястрэмскі, фальклярыст і аўтар якуцкай граматыкі. Шмат недакладнасьцей у перадачы на беларускай мове прозьвішчаў і ініцыялаў: замест Бётлінгк — Бётлінг, Радлаў — Радлоў, Іяхельсон — Іёхельсон, У. Тан-Багараз (Уладзімір) — В. Тан-Багараз, У. Іёнаў (Усевалад) — В. Іёнаў і інш.
Шкада, што не згаданы ўдзел у падрыхтоўцы «Слоўніка якуцкай мовы» Пякарскага яшчэ аднаго нашага аднапляменьніка — А. А. Бялыніцкага-Бірулі, падарожніка-натураліста, аднаго з герояў кнігі «От Немана до берегов Тихого океана».
Асобнае пытаньне — аб перадачы на беларускай мове шматлікіх архіўных спасылак таго часу. У асноўным В. Грыцкевіч дае рады гэтаму. Але часам згадзіцца цяжка. На с. 25 у цытаце з дакумэнта чытаем: «зачыншчыкі абурэньня». Гэта зусім не тое, што «зачинщики возмущения» — бунту. мяцяжу. «Пазбавіць яго маёмасных правоў» (с. 37). Наколькі мне вядома з архіўных дакумэнтаў, правы выгнаньнікаў на маёмасьць захоўваліся, каралі ж іх (у тым ліку і Пякарскага) пазбаўленьнем «прав состояния» — саслоўных правоў, правоў стану. Для Пякарскага такі прысуд азначаў пазбаўленьне яго дваранства. Відавочна, слова «состояние» В. Грыцкевічам у дадзеным выразе ўспрынятае ў іншым яго значэньні — «богатство, зажиточность, именье, достаток» (У. Даль). Калі падсудны пазбаўляўся маёмасных правоў, прысуд гучаў: «лишить имущественных прав». На с. 43 «Ботурусская инородная управа» перакладзена як «Батуруская ўправа для іншародцаў». Тут лёгіка перакладу для мяне зусім незразумелая. «Инородные управы» былі зьвяном адміністрацыйнага самакіраваньня ў якутаў на ўзроўні ўлусаў. Кіраваліся яны абранымі асобамі з ліку саміх «іншародцаў» (якутаў). Дык адкуль узялося гэтае «для іншародцаў»? Дакумэнтальнае слова «неблагонадежный» на с. 37 правільна пададзена як «нядабранадзейны». Але чаму на с. 30 стаіць «неблаганадзейны»?
Думаецца, што пралікі В. Гріцкевіча ў гэтым пляне – наша агульная недапрацоўка. Мала яшчэ ў нас кніг на беларускай мове, аўтары якіх актыўна скарыстоўвалі б гістарычныя дакумэнты з іх своеасаблівай мовай. Застаецца спадзявацца, што далейшае выданьне гістарычных дасьледаваньняў, разьвіцьцё гістарычнага рамана, гістарычнай драмы пакрысе выпрацуе моўныя «калодкі», з дапамогай якіх можна будзе лёгка і проста перакладаць усе гэтыя «права состояния», «инородные управы», «призывы к возмущению» і г. д.
Біяграфічны нарыс пра Пякарскага вырас, можна сказаць, з невялікага артыкула пра рэвалюцыянэра і вучонага, зьмешчанага ў кнізе «От Немана до берегов Тихого океана». Міжволі падумалася, што і шмат якія іншыя героі В. Грыцкевіча заслугоўваюць асобнай кнігі. Дык, можа, так і будзе? Пажадаем жа посьпеху на гэтым кірунку дасьледчыку і папулярызатару айчыннай гісторыі.
/Полымя. № 12. Мінск. 1989. С. 198-206./