środa, 18 marca 2026

ЎЎЎ 91-3. Адубарыя Ігідэйка. Эдуард Пякарскі ў жыцьцяпісах. Сш. 91-3. 1998-3. Койданава. "Кальвіна". 2026.




















 

                                                      АД ВОЛМЫ I ПРЫПЯЦІ ДА ЛЕНЫ

                                                                    ЭДУАРД ПЯКАРСКІ

    Атрымалася, як у прымаўцы, упершыню пачутай ім, здаецца, яшчэ ў гады юнацтва, калі ўлетку адпачываў у стрыечнага дзеда ў мястэчку Барбароў. Яна гучала прыкладна так: “Калі шанцуе, дык і Хвілімон танцуе!”.

    Кідацца ў скокі і сапраўды было ад чаго. Праўда, яшчэ колькі часу назад Эдуард Карлавіч і падумаць не мог, што ўсё павернецца да яго гэтак спрыяльна. А пачалося з весткі, якая, не сказаць, каб надта ўзрадавала, аднак тым не менш і не магла прайсьці незаўважанай Пякарскім. Нехта з дзяцей гаспадара, ускочыўшы ў юрту, што ёсьць моцы крыкнуў: “У насьлег [* Насьлег — радавая, а пазьней сельская абшчына ў якутаў] сьвяшчэньнік завітаў!”

    Гэтая вестка не магла асабліва ўзрадаваць Эдуарда Карлавіча па той прычыне, што ён не належаў да тых, хто адносіў сябе да шчырых вернікаў, хоць ніколі і не выказваў адкрытага незадавальненьня служыцелямі культу. Яны ж, у чым меў магчымасьць неаднойчы пераканацца, да палітычных ссыльных ставіліся насьцярожана. Ва ўсякім разе на асаблівыя кантакты з імі не ішлі. Трымаліся на адлегласьці.

    А што вестка не прайшла незаўважанай, таксама няма чаму зьдзіўляцца. У тамашніх мясьцінах зьяўленьне прыежджага чалавека — заўсёды падзея і яно не можа быць непрыкметным. Тым больш, калі гэта сьвяшчэньнік. Людзям не стае новых кантактаў, уражаньняў, дый паспавядацца, адвесьці душу ніколі не лішне. Як-ніяк, а наўкола бясконцая тундра, і толькі мясьцінамі, быццам тыя невялікія астраўкі пасярод бязьмежнага мора, раскінуліся на вялікай адлегласьці адзін ад аднаго якуцкія паселішчы, уперамежку з якімі знаходзяцца і пасяленьні ссыльных.

    Юрты карэннага насельніцтва і будыніны прыежджых ці сасланых сюды, у край палярнага зьзяньня, доўгіх бясконцых начэй, не ставяцца побач. У лепшым выпадку за вярсту пабудова ад пабудовы, а то і болей. Такія мясцовыя звычаі, а “прыйшоўшы” ў госьці, свае парадкі ўсталёўваць не будзеш. У лепшым выпадку не зразумеюць. Таму і Пякарскі, калі будаваўся, звычай не парушыў. Упадабаў сабе мясьціну акурат за вярсту ад суседа-якута. І пачаў менавіта будавацца, а не ставіць юрту.

    Хоць і нялёгка даводзілася з матэрыяламі, не мог адмовіць сабе ў задавальненьні мець дом, няхай і не прасторны, і не дыхтоўны, але хоць вонкава падобны на тыя, што на далёкай радзіме. Сам выбіраў таўстыя дрэвы... Сам валіў іх... Сам абчэсваў... І толькі тады, калі ўзводзіў сьцены, паклікаў ужо на дапамогу якутаў. Затым з абчасаных старанна, быццам абгабляваных, плашак зрабіў падлогу. Крыху танчэйшыя выкарыстаў для нараў. Тут жа, побач з домам, праз некаторы час зьявіўся і сьвіран.

    Да суседа ж наведваўся, калі надаралася вольная хвіліна. Гэта было найчасьцей зімой, калі работы — толькі па гаспадарцы ўправіцца. Трымаў чатырох кароў, быка, некалькі цялят. Ды і каня меў. Неяк жа жыць трэба, на чужую дапамогу асабліва разьлічваць не выпадае. Як кажуць, што зробіш, тое і зьясі. Летам ва ўсю шчыраваў. Да стомы ў суставах, да поўнай зьнямогі. Не да адпачынку. Яно ж кароткае. Нейкія два з паловай месяцы. Іх і трэба выкарыстаць як мага лепей.

    Пад шчодрымі промнямі трава расьце хутка, што, здаецца, уважлівей прыгледзься, і заўважыш, як цягнуцца сьцябліны да сонца. Ды няма часу любавацца гэтым хараством. А прыгажосьць наўкола такая, што вочы не адвесьці. Быццам вялізны дыван нехта на зямлі разаслаў. Быццам не ў Якуціі знаходзісься, а дзе-небудзь у Беларусі. І не верыцца, што пройдзе крыху часу і нечакана рэзка пахаладае, неба завалакуць хмары, з дня ў дзень будуць ісьці бесьперапынныя, нудныя дажджы і ўсё неба ператворыцца ў сіта, з якога імжыць і імжыць... Не пасьпеў сена ўбраць, можаш ні з чым застацца. Памокне, згіне... Таму ў гэтыя месяцы кожная сям’я днюе і начуе на сенакосе.

    Не адставаў ад іншых і Пякарскі. Праўда, рупнасьць не заўсёды прыносіла жаданы плён. Нядаўна апынуўся ў вельмі цяжкім становішчы. Зіма толькі пачалася, а скаціну не было чым карміць. Сена назапасіў усяго нейкіх дванаццаць з паловай вазоў ды і тое згніло. Балазе, сьвет не без добрых людзей. Кіраўніцтва насьлега пайшло насустрач, аказалі дапамогу, выдзелілі для падтрымкі пяць вазоў добрага сена. Яго Пякарскі перамяшаў з гнілым і неяк пратрымаў сваю жывёлу да канца зімы.

    Дарэчы, падобная узаемадапамога ў якутаў была нормай, і сам Эдуард Карлавіч, калі наступалі лепшыя гады, ахвотна падтрымліваў іншых. А тады, навучаны горкім вопытам, усё наступнае лета правёў на сваім участку. Каб не марнаваць дарма час, зрабіў шалаш, у якім і адпачываў, і начаваў. А яшчэ адмовіўся ад касы-гарбушы, якой карысталіся якуты. Была яна прымацавана да крывой і кароткай ручкі, таму даводзілася замахвацца над галавой, нібы шабляй, а ў выніку трава не касілася, а секлася. І цяжка, і не прадукцыйна. Іншая рэч традыцыйная літоўка, якую, хоць і з цяжкасьцю, удалося прыдбаць. І працуецца ў ахвоту, і вынік адразу відаць. Хоць усё адно нямала поту пральеш, пакуль скосіш надзел. Ён жа немалы, калі абысьці ўвесь, тая ж вярста атрымаецца.

    А што вярста, не менш, упэўніўся, калі пачаў агароджу ставіць. Столькі жэрдак спатрэбілася! Як падумаеш, ажно страшна становіцца. Затое — выгода відочная. Можна быць упэўненым, што трава застанецца цэлай. А падобная перасьцярога зусім не лішняя. У якутаў жывёлу ніхто і ніколі не пасьвіў. Улетку і пад восень, пакуль зямля не пакрыецца сьнегам, а таксама раньняй вясной каровы і коні на самавыпасе, ходзяць дзе ўздумаецца... І на лузе, і ў лесе. Толькі глядзі ва ўсю, каб скаціна не пашкодзіла сенакос.

     Улетку работы хапала. А зімой... Зімой вольнага часу хапае. Адно кепска — мароз сіберны ды і палярная ноч доўгая. Але ж не першы год ён у Якуціі, да многага, калі не да ўсяго, прывык. Таму, як ні лютаваў мароз, як ні сваволіла мяцеліца, а да суседзяў рэгулярна завітваў. Асабліва да якута, які жыў за якую вярсту. Быў ён немалады ўжо, меў дружную сям’ю. Жыў, праўда, бедна. Як пераканаўся Эдуард Карлавіч, сярод якутаў часта назіраецца тое, што і ў іншых народаў. Глядзіш: бядняк-бедняком, а душа шчодрая! Многія заможныя толькі пазайздросьціць могуць і шчырасьці такой і адкрытасьці.

    Таму і цягнула Пякарскага да суседа, які даўно стаў яму блізкім. Аб чым толькі яны ні гаварылі, што ні абмяркоўвалі! Найбольш падабалася Эдуарду Карлавічу слухаць розныя мясцовыя гісторыі, а яшчэ якуцкія песьні — доўгія, працяжныя. Спачатку яны былі Пякарскаму незразумелыя, а калі асвоіўся ў якуцкай мове, пераканаўся, што ў гэтай манатоннасьці, у якой, як здаецца, на першы погляд, пераважаюць толькі самотлівыя, тужлівыя матывы, свая прывабнасьць. То сама душа якута спавядаецца, прамаўляючы пра цяжкае жыцьцё-быцьцё і знаходзячы някідкія словы, каб перадаць рэдкую радасьць, якая напаткоўвае чалавека сярод холаду, цемры, нястачы.

    Аднак гэтым разам завітаць у знаёмую юрту выпала іншая нагода. Нечакана захварэла суседава дачка. А Пякарскі пасьпеў зарэкамэндаваць сябе сярод якутаў добрым лекарам, таму да яго часта зьвярталіся за дапамогай. Іён заўсёды ахвотна ішоў насустрач, бо разумеў, як цяжка даводзіцца гэтым сумленным людзям.

    І цяпер, параіўшы, як лепей глядзець за хворай, сядзеў Эдуард Карлавіч ціха ля цяпельца, пакуль і не вывеў яго з засяроджанасьці гэты крык: “У насьлег сьвяшчэньнік завітаў!”

    ...Здрыгануўся, быццам засьпелі за нечым недазволеным, але хутка супакоіўся. Толькі падумалася: “Няхай і прыехаў, а мне якая справа да гэтага прыезду?”. Хоць, папраўдзе кажучы, сьвяшчэньніка Эдуард Карлавіч ведаў. Гэта быў Дзімітрыян Дзімітрыянавіч Папоў з суседняга пасяленьня Ытык-Кёль. Праўда, асабіста пазнаёміцца ім не выпала. Па ўжо вядомай прычыне, што служкі культу не вельмі цікавіліся ссыльнымі, а апошнія, у сваю чаргу, на “сяброўства” і не напрошваліся.

    Магчыма, і гэтая выпадковая сустрэча нічым не розьнілася з шэрагу падобных ёй, калі б праз некаторы час Пякарскі не апынуўся разам з айцом Дзімітрыянам у суседнім, як тут казалі, рускім доме. Гаспадар яго не прамінуў прывеціць у сябе саноўнага госьця, а да Пякарскага даўно меў прыязьнь. Але хоць і апынуліся Эдуард Карлавіч з Паповым амаль поруч, Пякарскі, каб не трапіць у незайздроснае становішча, калі айцец не адкажа на ўзаемнасьць узаемнасьцю, размовы не пачынаў.

    Першым крок насустрач усё ж зрабіў Папоў. Ён узяў чайнік, у якім ускіпела вада, і зьвярнуўся да Эдуарда Карлавіча, які цішком сядзеў воддаль ад стала:

    — Ці не жадаеце, шаноўны, папіць чайку са сьвяшчэньнікам?

    Пякарскі адмаўляцца не стаў. Падзякаваўшы за запрашэньне, прысеў бліжэй.

    Сама атмасфэра вымагала шчырасьці. Ініцыятыву ўзяў айцец Дзімітрыян:

    — Кажаце, Пякарскі — ваша прозьвішча? — запытаўся быццам для большай пэўнасьці, калі Эдуард Карлавіч назваў сябе.

    Адчувалася, што Папову хочацца пагаварыць.

    — З няблізкіх адсюль краёў няйначай? — ён вялікімі глыткамі адпіваў чай і нельга было не заўважыць, што пры гэтым айцец Дзімітрыян атрымлівае асалоду нават не столькі ад таго, што можа наталіць смагу, колькі ад магчымасьці пагаварыць з чалавекам, з якім пазнаёміўся і які, калі знайсьці да яго адпаведны падыход, пра многае зможа расказаць, бо ён нарэшце і сам даўно душэўна спакутаваўся ад адсутнасьці субяседніка, які б па-сапраўднаму мог зразумець яго.

    — З няблізкіх? — Эдуард Карлавіч адсунуў у бок кубак, пры гэтым на яго твары застыла дзіўная ўсьмешка. Цяжка было вызначыць, чаго больш у ёй — іроніі ці ўсё ж прыемнасьці ад таго, што ёсьць падстава хоць згадаць аб сваім перажытым, бо па непрыхаванай цікаўнасьці айца Дзімітрыяна Пякарскі зразумеў, што той — сама ўвага, гатовы слухаць, якой бы доўгай гэтая споведзь ні была. Але разумеў Пякарскі і іншае — ні ў якім разе нельга злоўжываць даверам чалавека. Таму і гаварыў толькі пра самае істотнае, што, як неўзабаве высьветлілася, мае непасрэднае дачыненьне і да Папова.

    Калі ўжо чайнік стаў пусты і налілі яго зноў, высьветлілася, што і айцец Дзімітрыян, як і Эдуард Карлавіч, працуе над складаньнем слоўніка якуцкай мовы. Больш таго, Папоў паабяцаў свае запісы перадаць яму.

    У такі нечаканы падарунак спачатку не хацелася верыць. Але Дзімітрыян Дзімітрыянавіч адразу ўнёс пэўнасьць:

    — Не аднеквайцеся, шаноўны пане Эдуард. — Ён уважліва паглядзеў на Пякарскага. — Прабачце, што вось так, ледзь не адразу, пачаў называць вас па імені. Даруйце... Але я ж стары чалавек ужо, значна старэйшы за вас, таму і дазволіў... А паколькі старэйшы, дык і мушу клапаціцца, каб пачатая мною справа была даведзена да канца. А вы акурат той, хто гэта і можа зрабіць. Так што цягнуць доўга не буду. Што сам перадам, а што праз дачку...

    Пасьля разьвітаньня з Паповым і прыгадалася Эдуарду Карлавічу прымаўка, упершыню пачутая ім, здаецца, яшчэ ў гады юнацтва, калі ўлетку адпачываў у стрыечнага дзеда ў мястэчку Барбароў. — “Калі шанцуе, дык і Хвілімон танцуе!”.

    А яму шанцавала... Яшчэ як шанцавала! Таму і хацелася кідацца ад радасьці ў скокі.

    Праўда, па вяртаньні дамоў гэтае жаданьне ўступіла месца іншаму. Штуршок жа яму таксама быў дадзены пры сустрэчы з айцом Дзімітрыянам, калі той запытаўся: “З няблізкіх адсюль краёў няйначай?”.

    За кубкамі гарачага, духмянага чаю Пякарскі толькі збольшага ўспомніў сваё колішняе жыцьцё. Толькі збольшага...

    Цяпер жа, слухаючы за вакном завываньне ветру, ён доўга варочаўся на нарах, якія чамусьці нечакана падаліся надта цьвёрдымі і мулкімі. Разумеў, што сон не прыходзіць ад таго, што столькі перажываньняў і асацыяцый выклікала гаворка з Паповым... Таму мяккія мятлікі чароту, сабраныя на возеры, якое знаходзілася не так і далёка ад пасяленьня, і пакладзеныя на нары замест матраца, не давалі ўтульнасьці, што адчувалася раней.

    Але яшчэ ён, гэты сухі чарот, нечакана пачаў пахнуць чымсьці даўно вядомым. Чым канкрэтна, зразумеў не адразу. І толькі тады, калі стаміўся, варочаючыся на нарах, урэшце рэшт зразумеў: прыкладна так пахне і аер! Аер, сабраны ў забалочаных мясьцінах Волмы, Прыпяці... Хоць пра Волму падумаў дарма, тады быў вельмі малы, каб нешта асабліва запомніць. А наконт Прыпяці — так. Сястра яго стрыечнага дзеда Рамуальда Пякарскага бабуля Валасецкая часам прыносіла сьцябліны аеру ў хату. Бабулю ён, праўда, не любіў ды і яна таксама не вельмі радавалася яго прысутнасьці ў доме.

    Ды Бог з ёй, з бабуляй Валасецкай! Столькі часу мінулася з гадоў знаходжаньня ў Барбарове! Але нішто не забываецца і нішто не праходзіць бясьсьледна. Раптоўна ўсплыве ў памяці, прытым выкліча дзіўныя асацыяцыі. Каб і сіліўся прыдумаць, наўрад ці можна паяднаць падобнае. Пах аеру з берагоў Прыпяці з пахам чароту з возера, што загубілася ў якуцкай тундры... Хоць, а што тут дзіўнага? Гэта ж усё часьцінка тваёй біяграфіі, першы адлік у якой зроблены гадоў дваццаць пяць назад. Калі ж будзе пастаўлена апошняя кропка — аднаму Богу ведама...

    ...Нарадзіўся Эдуард Пякарскі 25 кастрычніка 1858 года ў колішнім фальварку Пятровічы. Тады гэта быў Ігуменскі павет, а цяпер Смалявіцкі раён. Хлопчык стаў першынцам у сям’і Карла і Тарэзы Пякарскіх. Хоць бацька Эдуарда і належаў да старадаўняга шляхецкага роду, але не жыў у дастатку. Арандатарская праца, якой ён сябе прысьвяціў, не прыносіла ні славы, ні багацьця. Хіба што новых уражаньняў хапала з-за частага пераезду з месца на месца.

    Уражаньні ўражаньнямі, ад іх яшчэ ніхто сытым не быў. Ды і з жонкай не пашанцавала. Калі Эдуард толькі пачаў падрастаць, яна нечакана памерла. Давялося аддаць хлопчыка на выхаваньне ў сялянскую сям’ю. А праз некаторы час зжалілася родная цётка, якая жыла ў Мінску, і забрала пляменьніка да сябе. Дзякуючы ёй, Эдуард авалодаў граматай, навучыўся пісаць і па-польску, і па-руску.

    Сама час было думаць аб вучобе. Бацька накіраваў сына ў Мазырскую гімназію. Тады і пазнаёміўся Эдуард са стрыечным дзедам і яго сястрой, якія жылі ў палескім мястэчку Барбароў. Хлопца вабілі маляўнічыя мясьціны, але з-за дзедавай скупасьці (не кажучы ўжо пра скупасьць бабулі Валасецкай), з-за яго пастаяннага незадавальненьня ўсім і ўсімі, ён адчуваў сябе ў сваякоў вельмі няўтульна. Нарэшце, вырашыў праявіць прынцыповасьць. Загадзя параіўшыся з бацькам на канікулы застаўся ў Мазыры, а каб мець якую капейчыну на харчы, займаўся рэпэтытарствам з адстаючымі вучнямі. Яны паходзілі з багатых сем’яў і бацькі не шкадавалі грошай “настаўніку”, каб даць сваім недаросткам хоць якія веды.

    У 1873 годзе Пякарскі разьвітаўся з Мазыром і перабраўся ў Мінск. Рэч у тым, што гімназію рэарганізавалі ў прагімназію і ў ёй нельга было атрымаць сярэднюю адукацыю. Але і ў Мінскай гімназіі правучыўся нядоўга, усяго паўгода. Бацька даведаўся, што дырэктарам Таганроскай гімназіі стаў колішні дырэктар Мазырскай, і накіраваў туды сына. Благаславіў на вучобу ўнука і дзед.

    Вучоба ў Таганрогу стала для Пякарскага пачаткам рэвалюцыйнай дзейнасьці. Але гурток, у які ён уваходзіў, неўзабаве быў разагнаны ўладамі. Пачалі пагаворваць, што ўсіх выдаў правакатар. Падазрэньне пала на Пякарскага, таму ён, пакрыўджаны недаверам, пасьля завяршэньня навучальнага года перавёўся ў Чарнігаўскую гімназію. Ад працягу рэвалюцыйнай дзейнасьці не адмовіўся. Уладкаваўся ў шавецкую майстэрню, каб лепей было весьці прапагандысцкую работу сярод рамесьнікаў, рабочых.

    Нягледзячы на тое што гэта займала шмат часу, у гімназіі вучыўся добра, аднак, не знайшоўшы паразуменьня з асобнымі выкладчыкамі, падаў заяву аб адлічэньні. Гэтым разам занепакоенасьць праявіў Эдуардаў дзед Рамуальд Пякарскі. Як высьветлілася, яму зусім неабыякавы лёс унука. Паразумеліся на тым, што Эдуард даў слова працягваць вучобу і паступіў у Харкаўскі вэтэрынарны інстытут. Праўда, пры гэтым меў сваю мэту. Дзеду хацелася, каб унук стаў вэтэрынарным урачом. Унуку жадалася як мага хутчэй апынуцца ў самым цэнтры рэвалюцыйнага руху. А што цэнтар яго у вэтэрынарным інстытуце, катэгарычна сьцьвярджалі навучэнцы Чарнігаўскай гімназіі. І былі недалёка ад ісьціны.

    Што гэта і на самай справе так, на схіле свайго жыцьця Пякарскі прызнаваўся ў сваіх “Урыўках з успамінаў”, што ў 1924 годзе друкаваліся на старонках часопіса “Каторга и ссылка”. У іх ёсьць і такое сьведчаньне: “У 1877 годзе я паступіў на першы курс Харкаўскага вэтэрынарнага інстытута і адразу ж далучыўся не столькі да вучобы, колькі да знаёмства з маімі новымі сябрамі, і хутка акунуўся ў студэнцкае асяродзьдзе. У большасьці студэнтаў былі прагрэсіўныя і нават рэвалюцыйныя погляды. Такі быў тады агульны настрой моладзі, і мне лёгка было знайсьці таварышаў, блізкіх па духу, тэмпэрамэнту і настрою. Дзейнасьць студэнцкіх гурткоў цалкам захапляла чалавека, у якога былі хоць нейкія грамадзкія інстынкты, і я адразу ж пасьля паступленьня ў навучальную ўстанову — адну з самых свабодных, і, так сказаць, радыкальных для таго часу — аказаўся ў коле агульных студэнцкіх інтарэсаў, не пазбаўленых значнага рэвалюцыйнага адценьня”.

    Асаблівую актыўнасьць Пякарскі праявіў, уваходзячы ў гурток, які ўзначальваў студэнт мэдыцынскага факультэта Дзьмітрый Буцынскі. На фарміраваньне яго сьвядомасьці вялікі ўплыў аказалі тагачасныя палітычныя падзеі і, у першую чаргу, так званыя працэсы “50-ці” і “193-х”, калі царызм жорстка расправіўся з народнікамі. Лепшыя з іх сталі сапраўднымі народнымі героямі, у іх бок кідала позірк уся прагрэсіўная Расія. Найбольшая вядомасьць прыйшла да Пятра Аляксеева, з якім лёс і зьвёў Пякарскага ў Якуціі. А тады, у гады студэнцтва, ён, як і многія іншыя, не хаваў свайго захапленьня гэтым мужным чалавекам.

    Адбыліся хваляваньні і ў самім Харкаўскім вэтэрынарным інстытуце. Тых, каго ўлады палічылі зачыншчыкамі, арыштавалі. Да іх, безумоўна, адносіўся і Пякарскі, але яму ўдалося схавацца. Ужо знаходзячыся на нелегальным становішчы, ён даведаўся, што выключаны з інстытута без права паступленьня ў якую-небудзь іншую вышэйшую навучальную ўстанову. Акрамя таго, Э. Пякарскага завочна прысудзілі да пяці гадоў адміністрацыйнай ссылкі ў Архангельскую губэрню.

    Бунтаўшчык праз некалькі месяцаў “усплыў” у якасьці пісара Княжа-Багародзіцкага валаснога ўпраўленьня Тамбоўскага павета Івана Кірылавіча Пякарскага. Імя і імя па бацьку памяняў, каб не вельмі вылучацца сярод мясцовага насельніцтва. Эдуардаў, прытым Карлавічаў дагэтуль там ніхто не сустракаў. А ад рэвалюцыйнай дзейнасьці па-ранейшаму адмаўляцца не зьбіраўся. У хуткім часе зблізіўся з аграномам Міхаілам Дзевелем, памешчыкам Міхаілам (Гаціным, пісьмаводам, у якога пачаў працаваць з чэрвеня 1879 года, увайшоў у рэвалюцыйнае таварыства “ямля і воля”.

    Калі ж паліцыя выйшла на сьлед рэвалюцыянэраў, Пякарскі зноў пайшоў у падпольле, атрымаўшы з дапамогай сяброў пашпарт на імя мешчаніна Мікалая Палуніна. Хаваўся некаторы час у Смаленскай губэрні, але, паколькі ім зацікавіўся станавы прыстаў, перабраўся ў Маскву. На той час гэта былі так званыя Пятроўскія Выселкі, якія знаходзіліся даволі далёка ад цэнтра горада. Але Эдуарда Карлавіча і тут высачылі. І арыштавалі...

    Справа Пякарскага разглядалася 10-11 студзеня 1881 года ў Маскоўскім ваенна-акруговым судзе. Яго прызналі вінаватым у тым, што “належаў да тайнага таварыства, якое ставіла мэтай зьвергнуць шляхам насільля існуючы дзяржаўны лад”, а таксама, што “жыў пад чужым пашпартам”, а ў выніку “асудзілі да пазбаўленьня ўсіх маёмасных правоў і высылкі на катаржныя работы на пятнаццаць гадоў”. Праўда, адначасова “суд пастанавіў хадайнічаць перад Маскоўскім генэрал-губэрнатарам зьмякчыць Пякарскаму пакараньне на высылку на катаржныя работы на заводах на чатыры гады. П. (Пан.— А. М.). Маскоўскі губэрнатар, прыняўшы пад увагу маладосьць, легкадумства, хваравіты стан” падсуднага, прыняў канчатковае рашэньне — “выслаць Пякарскага замест катаржных работ на пасяленьне ў аддаленыя мясьціны Сыбіры”.

    Наперадзе была доўгая і цяжкая дарога... Наперадзе чакала невядомасьць, і ад гэтага на сэрцы станавілася самотліва. Ды наўрад ці выпадала ў гэтым вініць некага. На шлях рэвалюцыйнай барацьбы станавіўся сьвядома і ведаў, да чаго гэта можа прывесьці.

    У лютым 1881 года Пякарскага перавялі ў Вышневалоцкі палітычны астрог Цьвярской губэрні. Па вясьне ў арыштанцкім вагоне павезьлі ў Ніжні Ноўгарад. А пасьля давялося і на баржах плыць, і пехам ісьці, і на фурманках ехаць. А ў выніку апынуўся ў Краснаярску, а адтуль ужо дарога ляжала ў Іркуцк, у які трапіў 27 верасьня 1881 года з кайданамі на нагах і з запаленьнем лёгкіх, бо па дарозе захварэў.

    Далейшы лёс залежаў ад генэрал-губэрнатара Усходняй Сыбіры. Ён распарадзіўся адправіць Пякарскага 8 кастрычніка ў тагачасную Якуцкую губэрню. У Якуцк разам з канваірамі дабраўся толькі 2 лістапада. Яно і ведама, якая дарога! І берагам Лены ехалі, і па лёдзе... Прыняў Эдуарда Карлавіча сам якуцкі губэрнатар. Месцам пасяленьня для яго выбраў Першы Ігідзейскі насьлег Бутурускага ўлуса (па цяперашняму адміністрацыйнаму падзелу Аляксееўскі раён Рэспублікі Саха), а гэта нейкіх 230 вёрстаў на паўночны ўсход ад самога Якуцка.

    Па прыезьдзе ў Ігідзейцы Эдуарда Карлавіча прызначылі так званым гаспадаром міжводнай станцыі. Як быццам і добра. На станцыі праводзіліся розныя сходкі і можна было заўсёды знаходзіцца сярод людзей. А калі сходак не было, то заставаўся адзін. Падобная адзінота Пякарскага спачатку не гняла, наадварот, радавала, бо дазваляла мець шмат вольнага часу. Але праходзілі дні, тыдні і Эдуард Карлавіч пераканаўся, што тое, чаму ён так радаваўся, не задавальняе. Хацелася, каб поруч знаходзіўся нехта, з кім можна знайсьці агульную мову. А такі чалавек, на яго думку, жыў у суседнім Другім Балугурскім насьлезе. Гэта быў адміністрацыйны ссыльны Мікалай Кузьняцоў, з якім Пякарскі пасьпеў пазнаёміцца.

    З просьбай аб магчымым пераезьдзе зьвярнуўся да якуцкага акружнога спраўніка. Праўда, пакуль улады вырашалі, даваць згоду ці адмовіць у просьбе, даведаўся, што Кузьняцова там ўжо няма, яго перавялі на радзіму ў Томск. Але ад свайго першапачатковага рашэньня Эдуард Карлавіч не зьбіраўся адступаць. Ён чарговы раз настойвае аб пераезьдзе. Матывуе гэта тым, што ў Другім Балугурскім насьлезе жывуць рускія перасяленцы, якія пасьпяхова займаюцца земляробствам, а яму і самому хацелася б заняцца гэтым. На жаль, пераезд не дазволілі, таму і давялося Пякарскаму разьлічваць толькі на свае сілы.

    Спакваля справы пайшлі на лад. Але Эдуард Карлавіч рыхтаваўся не толькі выжыць у гэтых суровых і ў многім непрымальных для эўрапейскага чалавека ўмовах, а і жыць... А каб жыць (жыць, а не проста існаваць!), трэба было абавязкова знайсьці паразуменьне з мясцовым насельніцтвам. Дасягнуць жа гэтага куды прасьцей, калі авалодаць мясцовай гаворкай.

    Нездарма ж кажуць: мова — душа народа. А яму хацелася зазірнуць у гэту душу, адчуць усю яе глыбіню багацьце. А яшчэ вывучыць і палюбіць мясцовыя звычаі і традыцыі. А калі якуты, у сваю чаргу, адчуюць і зразумеюць, што ён зусім не чужы ім і не проста звычайны “прышлы”, можна будзе і прымаць захады, каб абудзіць гэты народ ад векавога сну, паступова далучаць яго да цывілізацыі.

    Значна пазьней Пякарскі прызнаецца: “Я думаў, што ўвесь якуцкі народ — гэта ёсьць частка расійскага народа, і я буду працягваць рабіць тое, што я рабіў у Расіі, гэта значыць весьці прапаганду”.

    Захопленасьць справай, якую хацелася працягваць, апантанасьць хутка прынесьлі першыя жаданыя посьпехі. Праз якія паўгода Эдуард Карлавіч не толькі мог размаўляць па-якуцку з карэнным насельніцтвам, а пры неабходнасьці прыходзіў на дапамогу насьлежнаму начальству, калі яму трэба было павесьці якія-небудзь перамовы з рускімі пасяленцамі.

    Першым настаўнікам Пякарскага ў авалодваньні якуцкай мовай (яна адносіцца да цюрскай групы і вельмі цяжкая для ўспрыманьня эўрапейскага чалавека, паколькі ёсьць гукі, якія можна правільна ўзнаўляць толькі пасьля доўгай трэніроўкі) стаў сьляпы бацька ўтрымальніка той міждваровай станцыі, дзе Эдуард Карлавіч працаваў некалькі месяцаў па прыезьдзе ў Ігідзейцы. Стары Ачокун (дарэчы, так яго называе сам Пякарскі, хоць у асобных публікацыях сустракаецца і імя Пачэкун) паказваў яму асобныя прадметы і тлумачыў, як іх назва гучыць па-якуцку. Падобным чынам ён знаёміў Эдуарда Карлавіча з гаспадарчымі прыладамі, часткамі цела. Як відаць, авалодваньне мовай адбывалася праз яе ўжытковае значэньне. Аднак не толькі...

    Пякарскі даведаўся, што ў 1858 годзе выйшла “Кароткая граматыка якуцкай мовы”, складзеная эпіскапам Дзіянісіем (Дзімітрыем Хітровым). Словы ў ёй былі пісаны лацінкай. Гэтая “Граматыка” стала для яго таксама свайго роду дапаможнікам. Акрамя таго, у рукі Пякарскага трапілі і некаторыя іншыя выданьні, выпушчаныя на якуцкай мове місіянэрскім таварыствам, — “Эвангельле”, “Дзеяньні апосталаў”, “Псалтыр”... З гэтых кніг ён выпісваў пэўныя якуцкія словы, каб затым знайсьці ім рускія адпаведнікі.

    Прыйшоў насустрач Эдуарду Карлавічу і П. Аляксееў, з якім яны пасябравалі і неаднаразова сустракаліся. А зрабіць гэта было не так і цяжка. Аляксееў таксама быў высланы ў Бутурускі улус і жыў за 18 вёрст ад Пякарскага. А паколькі абодва мелі коней, то, па неабходнасьці, лёгка дабіраліся адзін да аднаго. Аляксееў падарыў сябру рукапісную кнігу, прывезеную з Карыйскай крэпасьці, дзе ён перад гэтым адбываў пакараньне на залатых прыісках. Яе Аляксееву, у сваю чаргу, перадаў князь Тыцыянаў, што праходзіў па працэсу «50-ці» і знаходзіўся з Аляксеевым у таварыскіх адносінах.

    Падораную кнігу Пякарскі таксама выкарыстоўваў для запісаў. Ды і свой сшытак завёў. Так паступова праца рухалася. У кнізе занатоўваліся рускія словы з перакладам на якуцкую мову, у сшытку — якуцкія, пераўвасобленыя па-руску.

    Цяпер гэтая сустрэча з айцом Дзімітрыянам. І абяцаньне падтрымкі.

    “Шанцуе ўсё ж табе, Пякарскі! — падумалася, калі, нарэшце, прыйшоў сон. — Шанцуе».

    А Папоў стрымаў слова. Як і дамовіліся, пачаў перадаваць свае запісы. Часам іх прывозіла яго дачка. Пакрысе колькасьць сабраных якуцкіх слоў склала больш за тры тысячы. Эдуард Карлавіч не хаваў задавальненьня, што справа пасьпяхова зрушылася з месца і вынікі яе відавочныя. Але для гэтага была і іншая і, бадай, больш важная падстава.

    Як даведаўся Пякарскі з публікацыі ў газэце “Неделя” за 1885 год, у час аднаго з пасяджэньняў Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалёгіі і этнаграфіі знайшоўся выступоўца, які катэгарычна сьцьвярджаў, што якуцкая мова вельмі бедная і налічвае ўсяго тры тысячы слоў. Тады Эдуард Карлавіч, які ўжо змог пераканацца ў слоўным багацьці мясцовай гаворкі, не мог унутрана з гэтым пагадзіцца. Ды зьявілася і яшчэ адно пацьвярджэньне, што ён мае рацыю. Пякарскі змог пазнаёміцца з “Якуцка-нямецкім слоўнікам», складзеным пецярбургскім вучоным Ота Бёрлінгам. Два экзэмпляры яго аказаліся ў ссыльнага тэрарыста Мікалая Цютача. Адзін з іх ён падарыў Эдуарду Карлавічу. Хоць слоўнік О. Бёрлінга і быў і быў далёкі ад дасканаласьці, ён уключаў у сабе больш чатырох з паловай тысяч слоў.

    Значыць, Пякарскі не памыліўся. Багатая якуцкая мова! Таму трэба і надалей працаваць. І ён працаваў, хоць і даводзілася ўсё рабіць у вельмі цяжкіх умовах. На складаньне слоўніка ў асноўным ахвяраваў зіму. Не ставала грошай, не хапала самага неабходнага. Пазьней прызнаваўся, вяртаючыся ў гэтыя гады: «Часта не было пісьмовых прылад, даводзілася карыстацца кожнай васьмушкай паперы, у якой адзін бок чысты. Не было сьвечак і даводзілася чытаць, а калі-нікалі і пісаць, пры сьвятле камінка, рызыкуючы сапсаваць сабе вочы».

    Яшчэ цяжэй стала, калі ў 1896 годзе памёр айцец Дзімітрыян. На шчасьце, былі ўжо і новыя памочнікі, а сярод іх найперш ссыльныя, якія, апынуўшыся ў Якуціі, лічылі яе, як і Пякарскі, сваёй другой радзімай. Ананій Арлоў, Мікалай Віташэўскі, Марк Натансон ахвотна прапаноўвалі Эдуарду Карлавічу Пякарскаму свае пераклады якуцкіх слоў на рускую мову. А ссыльны Усевалад Іёнаў, як высьветлілася, некалькі гадоў займаўся складаньнем руска-якуцкага слоўніка. Свае матэрыялы ён перадаў Эдуарду Карлавічу, а работу па далейшаму збору ўжо працягваў пад яго непасрэдным кіраўніцтвам.

    Нарэшце, першы варыянт «Слоўніка якуцкай мовы» быў завершаны. Ён зьмяшчаў сем тысяч слоў. Вестка пра гэтую унікальную працу дайшла ажно ў Парыж. Вядомы мовазнаўца П. Якабі прыслаў Пякарскаму ліст, у якім пытаўся, калі гэты слоўнік убачыць сьвет і як набыць яго. Адначасова Якабі даваў шэраг парад. Эдуард Карлавіч мусіў прымаць захады па выданьню слоўніка. Як высьветлілася, зрабіць гэта было не так і проста. Паспрабаваў зьвязацца з М. Цютчавым, калі даведаўся, што таго зьбіраюцца адправіць на радзіму. Меркаваў, у Казані Цютчаў пра ўсё дамовіцца з вядомым усходазнаўцам Мікалаем Ільмінскім. Аднак, як стала неўзабаве вядома, Цютчава з Сыбіры выпускаць не зьбіраліся. Яго накіравалі на пасяленьне ў Краснаярск.

    І ўсё ж Цютчаў ад пісьмовай просьбы Пякарскага не адмовіўся. Ведаючы, што наглядчыкам Іркуцкага астрога зьяўляецца адзін з членаў Усходне-Сыбірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства і пад яго непасрэдным кіраўніцтвам ажыцьцяўляецца ўся навуковая работа ў гэтым рэгіёне Расіі, ён перадаў яму ліст Эдуарда Карлавіча. Ды наглядчык аказаўся звычайным бюракратам і пісьмо-просьба аказалася на стале Іркуцкага генэрал-губэрнатара А. Ігнацьева. Апошні, каб ва ўсім разабрацца, зрабіў запыт якуцкаму губэрнатару Сьвятліцкаму. А вось ён з разуменьнем паставіўся да справы і загадаў падначаленым зьвязацца з Пякарскім, каб той перадаў рукапіс ва Усходне-Сыбірскі аддзел геаграфічнага таварыства. Праўда, з-за далейшай валакіты гэтыя матэрыялы трапілі туды ў пачатку 1890 года.

    Працуючы над слоўнікам, Эдуард Карлавіч адначасова дасьледаваў побыт якутаў, іх звычаі, матэрыяльную культуру. І ў гэтым кірунку знаходзіў аднадумцаў, з якімі працавалася лягчэй і спарней. Напрыклад, разам ссыльным рэвалюцыянэрам Георгіем Асмалоўскім напісаў артыкул “Якуцкі род да і пасьля прыходу рускіх», што быў зьмешчаны ў “Памятной книжке Якутской губернии” ў 1896 годзе, а напісаны ён трыма гадамі раней. У згаданым штогодніку былі і іншыя публікацыі Пякарскага.

    І ўвогуле, нягледзячы на заканчэньне тэрміну ссылкі, ён пакідаць Якуцію пакуль не зьбіраўся. Пра гэта напісаў і ў лісьце бацьку 2 мая 1894 года: «Раней, чым закончыцца друкаваньне слоўніка, мне няма чаго і думаць пра вяртаньне на радзіму, хоць нават і будзе атрыманы на тое дазвол, бо нельга кідаць работу, якой аддадзена трынаццаць гадоў лепшай пары жыцьця». (Цытуецца па кніце В. Грыцкевіча «Эдуард Пякарскі», выпушчанай выдавецтвам «Полымя» ў 1989 годзе.)

    У 1894-1896 гадах Пякарскі ўдзельнічаў у экспэдыцыі Усходне-Сыбірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, якую праводзіў кіраўнік спраў аддзела ссыльны народнік Дзьмітрый Клеменц. Ён не мог не разумець, што значыць для разьвіцьця навукі дзейнасьць Пякарскага. Вось што ўспамінаў наконт гэтага сам Эдуррд Карлавіч: “Мой слоўнік якуцкай мовы Клеменц назваў тым канём, на якім можна будзе выехаць у тым выпадку, калі экспэдыцыя не дасьць чаканых вынікаў. Адзін толькі слоўнік можа пакрыць выдаткі на экспэдыцыю. У гэтым сэнсе Клеменц, відаць, вёў перагаворы з Сыбіраковым. Таму Сыбіракоў асыгнаваў на экспэдыцыю 10 000 рублёў і на выданьне слоўніка 2000 рублёў”.

    Дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы Сыбіракова слоўнік выйшаў у Якуцку ў 1898 годзе. Усяго ж Пякарскім на той час было запісана каля 20 тысяч слоў, а яго картатэка налічвала 15 тысяч картак. Эдуардам Карлавічам зацікавілася Расійская Акадэмія навук і па яе хадайніцтву Пякарскі змог у канцы 1899 года пасяліцца ў Якуцку. Акадэміяй яму была назначана дапамога памерам 400 рублёў у год. Але гэтага не ставала, каб неяк пратрымацца, таму ўладкаваўся на працу ў канцылярыю акруговага суда, а таксама шукаў пабочныя заробкі. І, вядома ж, даводзіў да ладу матэрыялы слоўніка. Акрамя таго, у 1900 годзе знайшоў памочнікаў, склаў “Кароткі руска-якуцкі слоўнік», які выходзіў двойчы.

    На 1903 год прыпадае ўдзел Пякарскага ў рабоце Нелькана-Аянскай экспэдыцыі. Яго задачай было дасьледаваньне побыту эвенкаў, а ў выніку зьявілася дасьледаваньне “Нарысы быту прыаянскіх тунгусаў”, якое для свайго часу стала сапраўдным навуковым адкрыцьцём, ды і па сёньняшні дзень не страціла свайго значэньня.

    Нарэшце настаў дзень разьвітаньня з якуцкай зямлёй. Эдуард Карлавіч не хаваў радасьці, што зможа цалкам прысьвяціць сябе навуцы — яго запрасіла Акадэмія навук у Пецярбург, каб завяршыў працу над слоўнікам. Разам з тым і сумна было — столькі гадоў аддадзена гэтаму суроваму краю, так шмат сяброў і знаёмых пакідае тут.

    У сталіцу Пякарскі прыбыў 14 верасьня 1905 года. На працягу пяці гадоў быў рэгістратарам калекцый у Этнаграфічным аддзеле Рускага музэя, а пасьля працаваў у Музэі антрапалёгіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага пры Акадэміі навук.

    Першы выпуск “Слоўніка якуцкай мовы” выйшаў у Пецярбургу ў 1907 годзе. А ўсяго іх было 13. Апошні пабачыў сьвет ужо ў 1930-ым. 1907 годам пазначаны першы том запісаных ім “Узораў народнай літаратуры якутаў” (заключны, трэці том выдадзены ў 1918 годзе). За першы выпуск слоўніка Пякарскі быў удастоены залатога мэдаля Акадэміі навук. А яшчэ за гэты выпуск і першы том “Узораў народнай літаратуры якутаў” атрымаў залаты мэдаль Рускага геаграфічнага таварыства.

    Працам была дадзена высокая ацэнка і выдатнейшымі вучонымі свайго часу. Вядомы цюрколяг В. Радлоў выказаўся наступным чынам: “Якуцкі слоўнік Эдуарда Карлавіча Пякарскага не толькі зьяўляецца цудоўным дапаможнікам для вывучэньня якуцкай мовы і для разуменьня якуцкіх тэкстаў, але дае нам цэласную карціну разумовага жыцьця народа, закінутага лёсам на далёкую поўнач Азіі, настолькі яна адлюстроўваецца ў багацейшай яго мове. Я не ведаю... ніводнай мовы, у якой не было пісьменнасьці, якая мова магла параўняцца па паўнаце сваёй і дэталёвасьці апрацоўкі з гэтай...”

    І сапраўды — якое багацьце адкрылася, дзякуючы слоўніку! 60 000 слоў! Але гэта не толькі слоўнік пэўнай мовы ў яго традыцыйным разуменьні. Э. Пякарскі не проста прыводзіў пэўныя словы ў алфавітным парадку, а і не абыходзіў увагай побыт, звычаі, вераваньні якутаў, расказваў пра народныя абрады... Як тут не пагадзіцца з той высокай ацэнкай, якую дае зробленаму нашым земляком В. Грыцкевіч: “За 45 гадоў быў зьдзейсьнены подзьвіг. Пякарскі стварыў не проста слоўнік якуцкай мовы, а сапраўдную энцыкляпэдыю ўсяго ўкладу жыцьця народа, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры”.

    А што значыў слоўнік для самога Пякарскага, добра відаць з артыкула вядомага фальклярыста М. Азадоўскага “Э. К. Пякарскі”, што зьявіўся ў часопісе “Советская этнография” (1934, № 5) адразу пасьля сьмерці вучонага (не стала Эдуарда Карлавіча 29 чэрвеня 1934 года). М. Азадоўскі прыгадвае, як хацеў прыцягнуць Пякарскага да працы над адным калектыўным навуковым дасьледаваньнем, дзе б яго веды асабліва спатрэбіліся. Але Пякарскі толькі даваў каштоўныя парады, а ад непасрэднага ўдзелу ў рабоце адмаўляўся: «Ведаеце, жыць мне засталося няшмат, і я павінен у што б там ні стала закончыць “Слоўнік”,— я не маю права браць свой час на што-небудзь іншае”.

    Той жа М. Азадоўскі ўспамінае і аб рабоце Пякарскага сакратаром часопіса “Живая старина”: “Часопіс працаваў на зусім іншых асновах, чым любы навуковы орган цяпер. Ні рэдактар, ні сакратар, ні рэцэнзэнты, ні члены рэдакцыйнай калегіі, ні самі супрацоўнікі не атрымлівалі ні капейкі ганарару — усё было выключна грамадзкай справай, і ў той жа час і рэдкалегія, і часопіс працавалі абсалютна бесьперапынна, строга захоўваючы ўсе тэрміны і падтрымліваючы акуратна сувязь са шматлікімі супрацоўнікамі, якія былі раскіданы па ўсёй краіне”.

    А кожны, хто больш-менш вядомы з газэтнай, журналісцкай дзейнасьцю, ведае, што штаб любой рэдакцыі — сакратарыят, а сакратар — свайго роду начальнік гэтага штаба. Калі ж сакратарыят прадстаўлены ў адной асобе, тым больш вельмі шмат у рэдакцыі залежыць ад канкрэтнага чалавека.

    На жаль, пастаянная занятасьць Пякарскага пасьля вяртаньня з ссылкі не дазваляла яму падтрымліваць цесныя сувязі з Бацькаўшчынай. На любай яго сэрцы Беларусі, як сьведчыць В. Грыцкевіч, Эдуард Карлавіч пабываў толькі ў маі ў 1906 года. Тады ў Пінску ён пабачыўся з мачахай, братам і сястрой. Яны жылі ў нястачы, таму праз хадайніцтва В. Радлова давялося ўладкаваць брата Восіпа на службу ў акцызнае ведамства. Паездка ж, заплянаваная ў 1924 годзе, не адбылася — увесь час забірала праца над слоўнікам: да апошніх дзён жыцьця ён працягваў сыстэматызаваць матэрыялы, і ў выніку зьявілася дадатковая картатэка з 15 тысяч адзінак.

    Куды цясьнейшымі былі сувязі Пякарскага з Якуціяй, у якой яго добра ведалі і памяталі, адкуль ён пастаянна атрымліваў жаданыя весткі і дзе яго інакш. як Адубар Хаарылабыс (Эдуард Карлавіч), не называлі... А адзін з пачынальнікаў якуцкай літаратуры Аляксей Елісеевіч Кулакоўскі яшчэ ў 1912 годзе пісаў Пякарскаму: “У нас не было літаратуры, а ваш слоўнік павінен паслужыць падмуркам для яе стварэньня... Вы сапраўды заслугоўваеце імя “бацька якуцкай літаратуры”. Без вас не знайшлося б асобы, у якой хапіла б дзёрзкасьці ўзяць на сябе такую каласальную працу, як ваш слоўнік”.

    “Слоўнік якуцкай мовы” Пякарскага і па сёньняшні дзень служыць высакароднай справе збліжэньня літаратур, збліжэньня народаў. Нездарма ў 1959 годзе зьявілася яго стэрэатыпнае выданьне. Зацікавіліся гэтай працай і ў Турцыі, дзе ў 1945 годзе ў перакладзе выйшла яго першая частка, што ахоплівае слоўны матэрыял у межах літар А—М.

    У Рэспубліцы Саха нашаму выдатнаму земляку прысьвечаны дзесяткі публікацый, а да 100-годдзя з дня яго нараджэньня ў 1958 годзе ў Якуцку пабачыла сьвет кніга “Эдуард Карлавіч Пякарскі”, у якой сабраны ўспаміны і артыкулы пра навуковую дзейнасьць. Мы ж упершыню па-сапраўднаму ўспомнілі пра свайго слаўнага сына дзякуючы В. Грыцкевічу. Дык, як кажуць, лепш позна, чым ніколі.

    /Алесь Марціновіч. Хто мы, адкуль мы... Гістарычныя эсэ, нарысы ў 2 кнігах. Кніга другая. Мінск. 1998. С. 109-128./

 

 

 

 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz