“Галоўная мэта... — каб жыла Беларусь”
(Гісторыя ў лістах)
10 гадоў таму назад, 28 чэрвеня 1994 года, у далёкім Якуцку перастала біцца сэрца беларускага пісьменьніка, паэта-філёзафа, гісторыка-самавука, проста шчырага беларуса Івана Ласкова (1941-1994 гг.).
Жыцьцё і творчасьць Івана Антонавіча Ласкова не раз траплялі ў поле зроку дасьледчыкаў беларускай літаратуры. Дастаткова зьвярнуцца да наступных публікацый: Алесь Баркоўскі, Алесь Карлюкевіч, Беларускі адраджэнец з... Якуцка. — “Маладосць”, № 11, 1994 г., Алесь Карлюкевіч. У што ўкладзена душа... — “Голас Радзімы”. 28. 03. 1996 г., Святлана Клімковіч. Светлы след будзе вечна жывым. — “ЛіМ”, 23. 09. 1994 г., Мікалай Шуканаў. Іван Ласкоў: паэт-філосаф, чалавек і патрыёт. — “Гомельская праўда”, 20. 06. 1995 г., іншыя. Іван Ласкоў у пачатку 1970-х гадоў і да самай сьмерці жыў і працаваў (рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии” і часопіса “Полярная звезда”) у Якуціі. Але ён вёў вялікую перапіску са сваімі землякамі ў Беларусі. Пяць лістоў ад Івана Ласкова захаваліся і ў маім асабістым архіве. Некаторыя ўрыўкі з іх, напэўна, дапамогуць дапоўніць жыцьцёвую і творчую біяграфію гэтага цікавага і таленавітага чалавека.
*
І. А. Ласкоў — М. В. Шуканаву
Якуцк. 8. 01. 1989 г.
Паважаны Мікола Васільевіч! Атрымаў Ваш ліст ад 28 сьнежня. Дзякую за добрыя словы пра майго “Кульгу” (1)... Вашаму знаёмаму П. Капчыку (2) я і не ведаю, што парадзіць, бо і адпрэчваць ад Якуціі не хочацца, і страшнавата ўзяць на сябе адказнасьць за чалавека... Я жыву тут ужо 18-ты год і добра ведаю, што жыцьцё тут — не цукар. Шмат што і ад здароўя залежыць, ці ў стане чалавек пераносіць маразы да 50 і за 50, зімовыя туманы, летнюю сьпёку, дрэнны завоз прадуктаў і рэчаў шырокага спажываньня...
1) У 1985 годзе ў Мінску ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ўбачыла сьвет паэма Івана Ласкова “Кульга”, якая стала прыкметнай зьявай у беларускай літаратуры.
2) Пятрусь Міхайлавіч Капчык — настаўнік, пражываў ва Украіне, у 1980—90-х гадах выступаў у беларускім друку па праблемах нацыянальнага разьвіцьця. Зьбіраўся пераехаць у Якуцію.
*
І. А. Ласкоў — М. В. Шуканаву
Якуцк. 7. 04. 1992 г.
Шаноўны Мікола Васільевіч! Шчыра дзякую за добрыя словы пра мой артыкул “Адкуль пайшла беларуская мова” (1). Што ж да Вашай нязгоды з уплывам, які зрабіла царкоўная мова, то мабыць, яна зьвязаная з тым, што для “ЛіМа” я рыхтаваў скарочаны варыянт артыкула і мусіў не ўключыць дадатковыя аргумэнты наконт гэтага. Яны з гісторыі іншых моваў. Ацаніце, напрыклад, раманскую групу. Да прыходу рымлянаў Галія гаварыла на кельцкіх дыялектах, Іспанія — на Ібэрыйскіх (мабыць, блізкіх да грузінскіх), Румынія — на славянскіх. А ўрэшце ўтварыліся французская, іспанская, партугальская, румынская мовы, якія маюць у аснове лацінку. Як жа гэта сталася? Перавагай рымлянаў у колькасьці гэта не растлумачыш, бо рымляне сюды ішлі толькі ў якасьці военачальнікаў ды жаўнераў, без жанчын. У такіх умовах звычайна, наадварот, прыбышы (ці прыбыўшыя? — М. Ш.) раствараюцца ў мясцовым насельніцтве (як варагі на Русі). Шырокай школьнай адукацыі на пачатку нашай эры ў рымскіх правінцыях не было (ды ці была яна ўвогуле?). Хто ж утварыў букет раманскіх моваў? Толькі царква, з яе штодзённай казаньню на лаціне. Зразумела, што гэта цягнулася не год і не два, а шмат стагоддзяў.
Ці вазьміце былыя калёніі Англіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі. Шмат якія з іх цяпер гавораць на мовах былых мэтраполій... Хто ж іх тым мовам навучыў? Няўжо плянтатары? Вядома ж, не. Гэта зрабілі місіянэры, царква.
Моўны ўплыў царквы філёлягамі не закранаецца, асабліва ў нас, усё яшчэ бязбожнікаў...
1) Іван Ласкоў. Адкуль пайшла беларуская мова. — “ЛіМ”, 27. 03. 1992 г. Гэты артыкул выклікаў шырокі рэзананс.
*
І. А. Ласкоў — М. В. Шуканаву
Якуцк. 18. 12. 1993
Шаноўны Мікола Васільевіч! ...Адкажу на Вашае пытаньне адносна індзейцаў. Што яны прыйшлі ў Амэрыку з Азіі па Берынгавым мосьце, які нібыта існаваў каля 30-40 тыс. год назад, ужо агульнапрынятае, іншых галасоў, здаецца, і не чуваць... Падабенства археалягічных знаходак Амэрыкі і Паўночнай Азіі даводзіць ужо шмат гадоў Ю. А. Мачанаў, цяпер расійскі акадэмік (жыве ў Якуцку).
Людзей, падобных да індзейцаў, бачаць у насельніцтве азіяцкай Крайняй Поўначы (якутах, народах Таймыра ды інш.). Але, на мой погляд, зьвязваць індзейцаў з якім-небудзь этнасам Старога Сьвету было б неабачліва. Індзейскія мовы (а іх вельмі шмат: дзесяткі сем’яў) не агледжваюць нічога супольнага з мовамі Азіі, Эўропы, Афрыкі. Гэта сьведчыць аб тым, што продкі індзейцаў перайшлі ў Амэрыку яшчэ да ўзьнікненьня моваў і, зразумела, этнасаў.
Што ж да спроб убачыць штось агульнае паміж індзейцамі і беларусамі... то тут відавочна, што насельніцтва Беларусі цалкам належыць да эўрапеоіднай расы, а індзейцы — да мангалоіднай...
Ужо чатыры гады я кажу і паўтараю пра фіна-вугорскую складаючую беларусаў (1). Але мяне мала хто слухае. Мабыць, галоўная прычына ў тым, што сярод фіна-вуграў маюцца мангалоіды і народы пераходнага расавага тыпу, як комі ды ўдмурты. З гэтай супярэчнасьці мне ўдалося выйсьці вельмі нечаканым чынам. Аказалася, што ў пермскіх мовах (комі і ўдмурцкай) маюцца лацінскія, грэцкія, румынскія, альбанскія словы. Пермска-лацінскіх паралеляў да 150, пермска-грэцкіх — да 100, пермска-румынскіх — да 60, пермска-нямецкіх — да 40. Такім чынам, можна лічыць бясспрэчным, што на пачатку н. э. продкі пярмянаў жылі ў басэйне Дняпра, што пацьвярджае і гідранімія басэйна (да 30 пермскіх рачных назваў). Адсюль пярмяне ў III — IV стст. і рушылі на поўнач, у напрамку Польшчы, Беларусі, Урала, дзе з.мяшаліся з мясцовымі мангалоідамі. А дунайскія пярмяне былі, бясспрэчна, эўрапеоідамі, бо грэцкія ды румынскія аўтары пра суседзяў-мангалоідаў нічога не пішуць.
Я, нарэшце, скончыў кнігу пра ўсё гэта. Яе галоўная выснова — што Літва была пермскім племем, а не балцкім. Доказаў гэтаму дастаткова.
...Шчыра ўдзячны за спачуваньне (2). Пераяжджаць у Беларусь мне пакуль няма за што. Але рана ці позна зрабіць гэта прыйдзецца.
...Дарэчы, справы мае палепшыліся. Амаль што месяц працую ў дзіцячым часопісе, заробак — 150 тысяч. Гэта, лічы што, 150 рублёў часоў застою. Але жыць можна. Яшчэ чытаю лекцыі ў мясцовым унівэрсытэце, за што даюць 50 тысяч. На літаратурны заробак разьлічваць не прыходзіцца, бо ён мізэрны.
Апошні тыдзень усе мы тут жывем пад уражаньнем выбараў і перамогі Жырыноўскага (3), якую я прадчуваў. У Якуціі за ягоную хэўру прагаласавала болей за 50 працэнтаў (амаль усё расейскае насельніцтва).
...Наша ж галоўная мэта і мара — каб жыла Беларусь.
1) Гл. Іван Ласкоў. Племя пяці родаў — “ЛіМ”, 18. 08. 1989 г.
2) У апошнія гады жыцьця Івана Ласкова пачалася яго траўля з боку асобных чыноўнікаў якуцкай пісьменьніцкай арганізацыі. Справа ў тым, што ён апублікаваў шэраг дакумэнтаў з КДБ Якуцкай АССР.
3) Маюцца на ўвазе парлямэнцкія выбары ў Расіі ў сьнежні 1993 г., калі партыя Жырыноўскага ЛДПР заваявала шмат дэпутацкіх месцаў.
Падрыхтоўка да друку і камэнтарыі Мікалая Шуканава
/Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 28. 9 ліпеня 2004. С. 4./
Мікалай Васільевіч Шуканаў - нар. 3 кастрычніка 1962 г. у раённым цэнтры Лельчыцы Гомельскай вобласьці БССР (СССР).
Пасьля заканчэньня лельчыцкай сярэдняй школы № 1 і службы ў Савецкім войску Мікалай паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт на гісторыка-філялягічны факультэт. Працаваў настаўнікам у Мормальскай сельскай школе Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці.
Ад 1990 г. Шуканаў супрацоўнік Жлёбінскай раённай газэты “Камуніст” (з 1991 г. – “Новыя дзень”). Ён чалец Зьвязу журналістаў Беларусі, Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай эпархіі, Міжнароднай грамадзкай арганізацыі зьвязу пісьменьнікаў і майстроў мастацтваў, ляўрэат рэгіянальнай краязнаўчай прэміі імя рагачоўскіх мэцэнатаў ХІХ-ХХ стагоддзяў Ёлшыных, Гомельскай абласной прэміі імя Аляксандра Капусьціна. Неаднаразова адзначаўся граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, узнагароджаны нагрудным бронзавым знакам ЦК ВЛКСМ “Малады гвардзеец пяцігодкі”, памятным нагрудным знакам “За дапамогу і падтрымку Беларускага рэспубліканскага фонду «Паразуменьне і пагадненьне»”, граматай Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філярэта за публікацыі праваслаўнай тэматыкі, мэдалём Гомельскай эпархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў гонар Сьвятога праведнага Іяана Кармянскага, граматай Міністэрства спорту і турызму Беларусі за сэрыю публікацыяў пра “Залатое кола Гомельшчыны” ў рамках рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Спазнай Беларусь”.
İнакчана Жлябічанка,
Койданава
Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 году ў абласным месьце Гомель Беларускай ССР (СССР) ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і зьнік без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 году, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. Ад 1953 году Іван Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя Максыма Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 году працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзелу масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва. Ад 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопісу “Полярная звезда”, у 1993 годзе загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР ад 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 году ў прадмесьце Якуцку.
Юстына Ленская,
Койданава
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)