piątek, 13 marca 2026

ЎЎЎ 88-1. Адубарыя Ігідэйка. Эдуард Пякарскі ў жыцьцяпісах. Сш. 88-1. 1995-1. Койданава. "Кальвіна". 2026.




    ...“Бацькам расійскага манголазнаўства” быў прызнаны Восіп Кавалеўскі. Былы выгнаньнік, ён змог стаць рэктарам Казанскага ўнівэрсытэта. Наш зямляк Іосіф Гашкевіч не толькі склаў першы японска-расійскі слоўнік, але і сабраў у Кітаі і Японіі багатую этнаграфічную калекцыю, за што атрымаў Дзямідаўскую прэмію. Навуковым подзьвігам можна назваць тытанічную працу ссыльнага Эдуарда Пякарскага, які стварыў слоўнік якуцкай мовы...

    /Наша Слова. Менск. № 20-22. 17-31 траўня 1995. С. 8./









 

                                                   БАЦЬКА ЯКУЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

    Калі ў студзені 1881 года дваццацітрохгадовага народніка Эдуарда Карлавіча Пякарскага саслалі ў міжрэчча Таты і Алдана, ён яшчэ не ведаў, што ў гэтым краі ён знойдзе сваё прызваньне. “А сродкаў да жыцьця няма (...), — пісаў Э. Пякарскі бацьку 22 лютага 1883 года. - І калі б не якуты, я павінен быў бы прапасьці з голаду”. Давялося вучыцца хлебаробству, разводзіць жывёлу, будаваць юрту, запасацца на зіму палівам і лёдам для вытопліваньня вады.

    Э. Пякарскі нарадзіўся 13 кастрычніка 1858 года ў фальварку Пятровічы паблізу мястэчка Сьмілавічы (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласьці). Яго маці памерла рана. Дзіця спачатку выхоўвалася ў сям’і беларускага селяніна, потым у цёткі ў Мінску, у дваюраднага дзеда у палескім маёнтку Барбараў. Жылося беднаму хлопчыку на правах “нахлебніка” нялёгка. У Мазырскай гімназіі, куды Эдуард неўзабаве паступіў, ён зарабляў на жыцьцё рэпэтытарствам. Пазьней Э. Пякарскі пераехаў вучыцца ў Таганроскую гімназію і там зьвязаў сваё жыцьцё з рэвалюцыйна настроенай моладзьдзю.

    Рэвалюцыйнай дзейнасьці Э. Пякарскі не пакінуў і ў Чарнігаве, прыехаўшы туды вучыцца. Тут юнак уступіў у падпольны гурток навучэнцаў і вёў рэвалюцыйную прапаганду сярод мясцовых рамесьнікаў, распаўсюджваў народніцкія газэты і забароненыя творы. Восеньню 1877 года ён паступіў у Харкаўскі вэтэрынарны інстытут. Калі пачаліся студэнцкія хваляваньні, а за імі і арышты кіраўнікоў хваляваньняў, Э. Пякарскі схаваўся ад прасьледаваньняў паліцыі ў Тамбоўскай губэрні. Завочна яго прыгаварылі да пяці гадоў ссылкі на Поўнач.

    Праз некалькі месяцаў у Княжа-Багародзкае валасное ўпраўленьне Тамбоўскага павета прыехаў прымаць справы ў п’яніцы пісара Цапенкі новы пісар Іван Пякарскі (так стаў называць сябе былы харкаўскі студэнт, каб сваім імем не выдзяляцца сярод рускіх сялян). З канца 1878 года народнік быў членам рэвалюцыйнага таварыства “Зямля і воля”. На Тамбоўшчыне ў гэты час было нямала такіх рэвалюцыянэраў, як ён – “валасных пісараў” і “фэльчараў”. Паліцыя высачыла падпольшчыка. Калі ў “Івана Кірылавіча” запатрабавалі пашпарт, ён вымушаны быў схавацца. Напярэдадні новага 1880 года яго арыштавалі ў Маскве. Мясцовы ваенна-акруговы суд прыгаварыў “дзяржаўнага злачынцу” Э. Пякарскага дэ пятнаццаці гадоў катаржных работ. Катаргу замянілі ссылкай на пасяленьне “ў аддаленыя мясьціны Сыбіры з пазбаўленьнем усіх правоў і маёмасьці”.

    У лістападзе 1881 года Э. Пякарскага прывезьлі ў 1-шы Ігідэйскі насьлег Батурускага вулуса, што знаходзіўся за 230 вёрст на паўночны ўсход ад Якуцка. Тут яму трэба было пражыць доўгія гады.

    Мясцовыя жыхары дапамагалі нашаму земляку апрацоўваць невялікі ўчастак, дзе ён сеяў збожжа і саджаў бульбу. Пякарскі заняўся і агародніцтвам, стаў разводзіць жывёлу, хадзіў лавіць рыбу, паляваць на зьвяроў.

    Прыстасавацца да мясцовых умоў “дзяржаўнаму злачынцу” дапамагала яго адданасьць ідэям рэвалюцыянэраў-народнікаў. Я думаў, — пісаў Пякарскі, - што ўвесь якуцкі народ — гэта ёсьць частка расійскага народа, і я буду працягваць рабіць тое, што я рабіў у Расіі, г.зн. весьці прапаганду”.

    Ссыльны рэвалюцыянэр дапамагаў якутам складаць афіцыйныя прашэньні (гэтаму ён навучыўся на Тамбоўшчыне), весьці судовыя працэсы, заступаўся за якутаў перад начальствам, дабіваўся ў судах рашэньняў заблытаных пытаньняў на карысьць беднякоў. Э. Пякарскі заваяваў сярод іх вялікі аўтарытэт.

    Каб размаўляць з якутамі, нашаму земляку давялося вывучаць іх мову, запісваць якуцкія словы з рускім перакладам.

    Працаваць яму было нялёгка, не хапала паперы, не было дапаможнікаў і слоўнікаў. Аднак упартай працай ссыльны рэвалюцыянэр дабіўся многага.

    У газэце “Неделя” за 1885 год ён прачытаў паведамленьне, быццам бы ў якуцкай мове маецца ўсяго тры тысячы слоў. Да 1887 года дасьледчык сабраў і растлумачыў ужо сем тысяч якуцкіх слоў, праз адзінаццаць год - дваццаць тысяч, а да 1930 года - дваццаць пяць тысяч слоў гэтай мовы. Многія якуты дапамагалі Э. Пякарскаму. Сярод іх былі сьвяшчэньнік Д. Папоў, алансахут М. Андросава-Іонава, лінгвіст С. Ноўгарадаў, студэнты Г. Баішаў, А. Нікіфараў.

    Працай Э. Пякарскага зацікавіўся Ўсходне-Сыбірскі аддзел Геаграфічнага таварыства. Энтузіяст разьвіцьця Сыбіры золатапрамысловец А. Сыбіракоў прапанаваў аддзелу даць грошы на друкаваньне слоўніка. Калі падыходзіў да канца тэрмін ссылкі 2 мая 1894 года, Э. Пякарскі пісаў бацьку: “Раней сканчэньня друкаваньня слоўніка мне няма чаго і думаць аб вяртаньні на радзіму, калі нават і будзе атрыманы на тое дазвол, таму што нельга кідаць працу, на якую патрачана трынаццаць гадоў лепшай пары жыцьця”. Праз пяць гадоў у Якуцку, куды дасьледчык змог перасяліцца на той час, зьявіўся першы выпуск яго слоўніка. Каб пракарміцца, тут даводзілася працаваць у некалькіх месцах.

    Набыты Э. Пякарскім вялікі вопыт вывучэньня быту якутаў падштурхнуў кіраўнікоў экспэдыцыі у Прыаянскі край зьвярнуцца да вучонага з просьбай праводзіць падворны перапіс эвенкаў Прыаянскага краю, запісваць зьвесткі пра іх быт. Ён даў згоду і адплыў з Якуцка на параходзе 11 чэрвеня 1903 года. Праз два тыдні плаваньня па рэках Алдан і Мая ён прыбыў у маленькае сяленьне Нелькан, а адсюль накіраваўся да Ахоцкага мора. Трэба было пераадолець хрыбет Джугджур.

    Ветлівасьць Э. Пякарскага выклікала да яго прыхільнасьць жыхароў тайгі. Дасьледчык частаваў эвенкаў тытунём і чаем. Эвенкі расказвалі вучонаму пра аленегадоўлю, паляваньне, рыбную лоўлю, перадавалі для музэя рэчы са свайго ўжытку. Сабраўшы матэрыялы, Э. Пякарскі вярнуўся назад.

    У 1905 годзе Акадэмія навук дабілася пераводу вучонага ў Пецярбург, каб ён змог там працягваць работу над слоўнікам. Цёпла разьвітвалася з Э. Пякарскім якуцкая інтэлігенцыя. У паднесеным яму адрасе выказвалася сьмелае пажаданьне, “каб далейшая дзейнасьць вучонага, што так удала супала з будучым абнаўленьнем грамадзкага і дзяржаўнага жыцьця... вызваленьнем ад сталёвых ланцугоў бюракратычнага самавольства, была такой жа плённай, як і раней”.

    І знаходзячыся ў сталіцы, якутазнавец не парываў сувязей са сваёй другой радзімай Якуціяй. Ён выдаў тры тамы “Узораў народнай літаратуры якутаў” на якуцкай мове, асобнымі выпускамі выходзіў капітальны “Слоўнік.якуцкай мовы” з багатымі паралелямі з блізкіх моў і падрабязным тлумачэньнем устарэлых слоў і зьяў быту. За гэтыя працы вучоны быў узнагароджаны залатымі мэдалямі Акадэміі навук і Рускага геаграфічнага таварыства.

    Вучоны выступіў у краснаярскай газэце “Сибирские вести” з артыкулам “Значэньне якуцкай мовы ў школах”. У ёй крытыкаваў губэрнатара і інспэктара вучылішчаў Якуцкай вобласьці, якія супрацьдзейнічалі адкрыцьцю школ з навучаньнем на якуцкай мове: “Хіба можа чалавек, які назірае вакол сябе жыцьцё, жыве сярод жывога і здольнага народа, як якуты, сказаць, што якуцкая мова мёртвая, за ёю няма мінулага і сучаснага”? Ці разумее пан інспэктар, што ён дазваляе сабе сьцьвярджаць у афіцыйнай паперы? Называць мёртвай мову, на якой гаворыць пагалоўна ўсё больш чым двухсоттысячнае насельніцтва Якуцкай вобласьці, якая распаўсюджана за межы апошняй...”

    У сваіх артыкулах Пякарскі асьвятляў цяжкасьці, якія перажываў якуцкі народ, патрабаваў рэарганізацыі судаводзтва ва улусах, папулярызаваў алонха, выступаў за неабходнасьць друкаваньня газэтных артыкулаў на якуцкай мове, дапамагаў атрымліваць шрыфты і абсталяваньне для друкарні газэты “Якутский край” у Якуцку. Гэтым ён садзейнічаў разьвіцьцю якуцкай культуры і прыцягваў да праблем краю ўвагу шырокай рускай грамадзкасьці.

    Пасьля рэвалюцыі вучоны працягваў сваю нястомную работу па дасьледаваньню якуцкай мовы, адшукваў для камісіі па вывучэньню Якуцкай АССР матэрыялы дарэвалюцыйных глебавых экспэдыцый у Якуціі.

    У канцы 1926 года грамадзкасьць Ленінграда і Якуціі адзначыла заканчэньне складаньня асноўнай часткі “Слоўніка якуцкай мовы”. 29 лістапада 1926 года Пякарскі пісаў этнографу В. Іахельсону: “29 кастрычніка скончыў “бясконцы слоўнік” і падпісаў: “канец”.

    Грамадзкасьць краіны адзначыла заканчэньне складаньня “Слоўніка”. У адрас юбіляра прыходзілі патокам віншавальныя тэлеграмы і пісьмы з Якуціі. А праўленьне якуцкага зямляцтва ў Ленінградзе паднесла дасьледчыку паэтычна складзены адрас на якуцкай мове. У адрасе, між іншым, гаварылася: “Одубар Хаарылабыс (Эдуард Карлавіч)!.. Вы прыбылі, лічачыся злачынцам, у нашу аддаленую і няшчасную краіну, што было няшчасьцем для вас і шчасьцем для нас... Магчыма, што ваша слаўнае імя ў тыя аддаленыя будучыя часы, (...) ператворыцца ў родны для “сахалараў” (якутаў. — В. Г.) сьветлы міт, як міт аб заступніку “сахаларскай мовы”, і будзе ўпамінацца юнакамі ў мове ўлюбёнага алонха і ўсхваляцца у песьнях дзяўчат”.

    ЦВК і Савет Народных Камісараў Якуцкай АССР назваў іменем Э. К. Пякарскага школу ў Ігідэйцах — мясьціне яго першапачатковай ссылкі. Па ініцыятыве вучонага Акадэмія навук СССР узяла шэфства над школай, ён перадаў школе сваю бібліятэку. Вучонага абралі ганаровым членам Якуцкага дасьледчага таварыства “Саха-Каскіле” і Усходне-Сыбірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР і яго ганаровым членам. Э. Пякарскі працягваў працу над апошнімі выпускамі слоўніка. Ужо пасьля выхаду слоўніка Пякарскі сабраў матэрыялы для дадатковага тома, якія, аднак, не пабачылі сьвет і захоўваюцца цяпер у архіве аднаго з пецярбурскіх інстытутаў.

    29 чэрвеня 1934 года вучоны памёр. Урад Якуцкай АССР увекавечыў яго памяць дзьвюма стыпэндыямі імя Пякарскага.

    Галоўная праца Э. Пякарскага — “Слоўнік якуцкай мовы” — годна ацанілі і ў краіне, і за мяжой. Адзін з заснавальнікаў якуцкай літаратуры Аляксей Кулакоўскі пісаў Э. Пякарскаму 18 лістапада 1912 года: “У нас не было літаратуры, а ваш слоўнік павінен паслужыць краевугольным каменем для яе стварэньня (...). Вы па-сапраўднаму заслугоўваеце назвы “бацькі якуцкай літаратуры”. Без вас не знайшлося б асобы, у якой хапіла б сьмеласьці прыняць на сябе такую каласальную працу, як ваш слоўнік”.

    Прызнаньнем заслуг Пякарскага зьявілася выданьне часткі яго “Слоўніка” ў турэцкім перакладзе ў 1945 годзе (рэдкі выпадак у слоўнікавай практыцы!) і асабліва стэрэатыпнае перавыданьне “Слоўніка” ў 1959 годзе. Гэтая кніга сапраўды стала настольнай для ўсіх, хто вывучае духоўнае багацьце якуцкага народа, яго культуру і літаратуру і працуе ў яго асяродзьдзі.

    Валянцін Грыцкевіч

    /Голас Радзімы. Мінск. № 42-43. 2 лістапада 1995. С. 4, 6./

 

 

 

 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz