sobota, 22 sierpnia 2026

ЎЎЎ 112-1. Адубарыя Ігідэйка. Эдуард Пякарскі ў жыцьцяпісах. Сш. 112-1. 2019-1. Койданава. "Кальвіна". 2026.











































 

                                                        ПІЯНЕР — ЗНАЧЫЦЬ ПЕРШЫ

                                                                 ЭДУАРД ПЯКАРСКІ

                                            “ПЯРЭЧАННЕ” ПРАЗ ДЗЯСЯТКІ ГАДОЎ

    Табе, бадай, неаднойчы казалі, што мова кожнага народа на дзіва мілагучная, непаўторная. Гэта сапраўды так. У кожнай мове свае адметнасці. Абавязкова ёсць тое, чаго ў іншых мовах не знойдзеш. У якуцкай мове, напрыклад, не адна сотня значэнняў для абазначэння снегу.

    Дзеля чаго я гэта ўспомніў? Каб засведчыць: нельга па-сапраўднаму любіць народ, калі не любіш яго мову. Таксама па-сапраўднаму. На жаль, па-ранейшаму існуе прадузятасць да некаторых моў. Такое стаўленне да сябе перажыла некалі і якуцкая мова. Некаторыя навукоўцы лічылі яе надта беднай. Запэўнівалі, што ў ёй нібыта ўсяго тры тысячы слоў.

    Такое меркаванне прагучала ў 1885 годзе на пасяджэнні Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Ніхто не запярэчыў. Бо, каб пярэчыць, трэба было якуцкую мову ведаць. Яе ж з прысутных ніхто не ведаў.

    «Пярэчанне» прагучала толькі праз некалькі дзясяткаў гадоў. З вуснаў нашага зямляка Эдуарда Пякарскага. Не на навуковай ці на якой-небудзь іншай канферэнцыі выступаў. Не ў друку. Наколькі багатая якуцкая мова, ён даказаў сваім “Слоўнікам якуцкай мовы”, які стаў першым дасканалым і аб’ёмным слоўнікам гэтай мовы. Працаваў над ім Эдуард Карлавіч у той час, калі быў сасланы ў Якуцію.

                                                   ХАЦЕЎ АГІТАВАЦЬ РАБОЧЫХ

    Нарадзіўся Пякарскі 25 кастрычніка 1858 года ў фальварку Пятровічы. Гэта быў Ігуменскі павет Мінскай губерні. Цяпер аднайменная вёска ў Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці. Хлопчык стаў першынцам у сям’і Карла і Тэрэзы Пякарскіх.

    Карл Пякарскі належаў да старадаўняга шляхецкага роду. Займаўся арандатарствам. Але гэтая праца не прыносіла яму ні славы, ні багацця. Не пашанцавала і з жонкай. Калі Эдуард толькі падрастаў, яна захварэла. Памерла нечакана.

    Хлопчыка выхоўвала адна сялянская сям’я. Праз некаторы час пляменніка пашкадавала родная цётка. Забрала яго да сябе ў Мінск. Эдуард авалодаў граматай. Навучыўся чытаць па-руску і па-польску. Потым бацька накіраваў яго вучыцца ў Мазырскую гімназію. Тады ён пазнаёміўся са сваім стрыечным дзедам і яго сястрой. Яны жылі ў палескім мястэчку Барбароў.

    Хлопчыка вабілі прыгожыя навакольныя мясціны. Аднак у сям’і сваякоў адчуваў сябе няўтульна. Яны, асабліва бабуля, былі надта скупыя. Да ўсяго ў дзеда ўсё і ўсе пастаянна выклікалі незадавальненне.

    Параіўшыся з бацькам, Эдуард на чарговыя канікулы ў Барбароў не паехаў. Застаўся ў Мазыры. Зарабляў рэпетытарствам - займаўся з вучнямі, якія адставалі. Дый з Мазыром хутка развітаўся.

    Гімназію рэарганізавалі ў прагімназію. Яна не давала сярэднюю адукацыю. Пякарскі паступіў у Мінскую гімназію. Аднак правучыўся ў ёй усяго паўгода. Падаўся ў Таганрог.

    Чаму так далёка? Дырэктарам Таганрогскай гімназіі стаў колішні дырэктар Мазырскай. Карл Пякарскі і накіраваў туды свайго сына.

    У Таганрозе Эдуард не толькі вучыўся. Займаўся і рэвалюцыйнай дзейнасцю. Ды ўлады неўзабаве падпольны гурток разагналі. Пагаворвалі, што знайшоўся правакатар. Падазрэнне пала на Пякарскага. Пакрыўджаны, Эдуард перавёўся ў Чарнігаўскую гімназію.

    У Чарнігаве прадоўжыў і рэвалюцыйную барацьбу. Нават уладкаваўся ў шавецкую майстэрню. Хацеў быць бліжэй да рамеснікаў, рабочых. Каб агітаваць іх змагацца супраць самадзяржаўя.

                                                НЯДОЎГА “ЖЫЎ”... ІВАН ПЯКАРСКІ

    Развітаўся, аднак, і з Чарнігаўскай гімназіяй. З-за непаразуменняў з некаторымі выкладчыкамі. Тут і высветлілася, што дзеду неабыякавы лёс ўнука. Рамуальд Пякарскі стаў угаворваць яго паступаць у Харкаўскі ветэрынарны інстытут. Эдуард згадзіўся.

    Праўда, у кожнага з іх была свая мэта. Дзед бачыў унука ветэрынарным урачом. Эдуарда Харкаў прыцягваў па іншай прычыне. Гэта быў адзін з цэнтраў рэвалюцыйнага руху. Хацеў хутчэй трапіць у гэты асяродак. Толькі не пашанцавала. Студэнтам стаў. Аднадумцаў знайшоў. Але студэнцкія хваляванні паставілі крыж на яго лёсе як рэвалюцыянера.

    Зачыншчыкі былі арыштаваны. Іншых шукала паліцыя. Эдуард, праўда, своечасова схаваўся. З інстытута быў выключаны завочна. Без права паступлення ў якую-небудзь іншую навучальную ўстанову. Прысудзілі і да пяці гадоў ссылкі ў Архангельскую губерню. Таксама завочна. Трэба было падавацца далей ад Харкава.

    Пякарскі паехаў на Тамбоўшчыну. Уладкаваўся пісарам Княжа-Багародзіцкага валаснога ўпраўлення Тамбоўскага павета. Прозвішча сваё захаваў. Імя ж і імя па бацьку памяняў. Стаў Іванам Кірылавічам Пякарскім. Гэта не так кідалася ў вочы, як Эдуард. Ды яшчэ Карлавіч.

    Аднак сваім ідэалам не здрадзіў. Увайшоў у рэвалюцыйнае таварыства “Зямля і воля”. Толькі “жыў” Іван Пякарскі нядоўга. Стаў мешчанінам Мікалаем Палуніным.

    З пашпартам на яго імя некаторы час хаваўся ў Смаленскай губерні. Там ім зацікавіўся прыстаў. Каб не выпрабоўваць лёс, перабраўся ў Маскву. Пасяліўся ў так званых Пятроўскіх выселках. Далёка ад цэнтра горада. Ды там яго ўсё ж высачылі і арыштавалі.

    Справу Пякарскага разглядаў Маскоўскі ваенна-акруговы суд. Пазбаўленне ўсіх маёмасных правоў і пятнаццаць гадоў катаргі - такім быў прысуд. Аднак звярнуліся і да маскоўскага генерал-губернатара. Прасілі зменшыць катаржныя работы да чатырох гадоў. Генерал-губернатар праявіў сардэчнасць. Катаргу замянілі пасяленнем. Улічылі “маладосць, легкадумнасць, хваравіты стан” маладога бунтаўшчыка.

                                                             ЯКУТ — СЯБРА, АЛЕ...

    У лютым 1881 года Пякарскага перавялі ў Вышневалоцкі палітычны астрог Цвярской губерні. Так пачаліся яго выгнанніцкія дарогі. Па вясне ў арыштанцкім вагоне павезлі ў Ніжні Ноўгарад. Пасля давялося і на баржах плысці. I пехам ісці. I на фурманках ехаць. Апынуўся ў Краснаярску. Адтуль дарога ляжала ў Іркуцк. Трапіў у яго 27 верасня з кайданамі на нагах. Дый з запаленнем лёгкіх, бо ў дарозе захварэў.

    Генерал-губернатар Усходняй Сібіры распарадзіўся адправіць Эдуарда Карлавіча ў Якуцкую губерню. З канвойнымі дабіраўся ў Якуцк да 2 лістапада. Шлях жа няблізкі.

    Дзе ехалі па беразе ракі Лены, дзе па лёдзе. А ўжо з Якуцка трапіў у Першы Ігідзейскі наслег Бутурускага ўлуса. Сёння гэта Аляксееўскі раён Рэспублікі Саха.

    Наслег - родавая, а пазней сельская абшчына ў тамашніх мясцінах. Акругу ў якутаў называлі ўлусам.

    У Ігідзейцы Пякарскі стаў так званым гаспадаром міждваровай станцыі. Разумеў - пасяленне надоўга. Трэба абжывацца. Упадабаў сабе мясціну за вярсту ад суседа-якута.

    Чаму не поруч? Існавала няпісанае правіла. Якуты і прыезджыя ці сасланыя сябравалі, але ніколі не сяліліся побач. Некаторыя з іх так-сама жылі ў юртах. Але на пэўнай адлегласці ад якутаў. Пякарскі ж узяўся ўзводзіць менавіта дом. Такі, у якім жыў і на радзіме.

    Сам выбіраў тоўстыя дрэвы. Сам валіў іх. Сам абчэсваў. Толькі ўзводзячы сцены, паклікаў на падмогу якутаў. Затым з абчасаных, быццам абгабляваных, плашак зрабіў падлогу. Танчэйшыя выкарыстаў для нараў. Праз некаторы час побач з домам з’явіўся свіран.

                                                             ЛІТОЎКА НЕ ПАДВЯЛА

    Да суседа Эдуард Карлавіч наведваўся найчасцей зімой. Калі работы - толькі па гаспадарцы ўправіцца. Трымаў чатырох кароў, быка, некалькі цялят. I каня меў.

    Летам з усіх сіл шчыраваў. Да стомы ў суставах, да поўнай знямогі. Не да адпачынку было. Тамашняе лета кароткае - нейкія два з паловай месяцы. Пад шчодрымі промнямі трава расце хутка. Здаецца, уважлівей прыгледзься, і заўважыш, як цягнуцца сцябліны да сонца. Прыгажосць наўкола такая, што вочы не адвесці. Не верыцца, што пройдзе крыху часу, і рэзка пахаладае. Неба завалакуць хмары. З дня ў дзень будуць ісці дажджы. Усё неба ператворыцца ў сіта, з якога імжыць і імжыць. Не паспеў сена ўбраць - быць бядзе. Памокне, згіне... Таму летам кожная сям’я днюе і начуе на сенакосе.

    Не адставаў ад іншых і Пякарскі. Хоць рупнасць не заўсёды давала жаданы плён. Неяк трапіў у вельмі цяжкае становішча. Зіма толькі пачалася, а скаціну не было чым карміць. Сена назапасіў усяго нейкіх дванаццаць з паловай вазоў, дый тое згніло. Балазе, свет не без добрых людзей.

    Кіраўніцтва наслега выдзеліла пяць вазоў добрага сена. Перамяшаў яго з гнілым і неяк дацягнуў да канца зімы. У лепшыя гады і сам падтрымліваў іншых.

    Навучаны горкім вопытам, усё наступнае лета правёў на сваім участку. Зрабіў будан, у якім і адпачываў, і начаваў. А яшчэ адмовіўся ад касы-гарбушы. Яна была прымацавана да крывой і кароткай ручкі. Косячы даводзілася замахмавацца над галавой, нібы шабляй. Трава не касілася, а секлася.

    З цяжкасцю прыдбаў касу-літоўку. Такую, якая і ў бацькі была. Але ўсё адно нямала поту праліваў, пакуль свой надзел скошваў. Ён быў немалы. Калі абысці ўвесь, вярста атрымліваецца. Упэўніўся, калі агароджу ставіў. Столькі жэрдак спатрэбілася! Затое выгода відавочная.

    У якутаў жывёлу ніхто і ніколі не пасвіў. Пакуль зіма не пакрыецца снегам, хадзіла, дзе ўздумаецца. Толькі пільнуй, каб не пашкодзіла сенакос. А так надзел у бяспецы.

                                                          ДОБРЫ НАСТАЎНІК АЧОКУН

    Улетку работы ставала. Зімой жа вольнага часу хапала. Адно кепска - мароз сіберны. Дый палярная ноч доўгая. Хоць паступова прызвычаіўся. Як ні лютаваў мароз, як ні сваволіла мяцеліца, а да суседзяў завітваў. Асабліва ахвотна наведваўся да якута, які жыў за вярсту. Падабалася слухаць ад яго розныя мясцовыя гісторыі. I песні якуцкія - доўгія, працяжныя - таксама. Спачатку яны падаваліся незразумелымі. Калі ж асвоіўся ў якуцкай мове, пераканаўся, што ў іх свая вабнасць.

    У гэтага якута пазнаёміўся і са святаром Дзмітрыянам Паповым з суседняга пасялення Ытык-Кёль. Даведаўся, што айцец Дзмітрыян складае слоўнік якуцкай мовы. Паабяцаў перадаць Пякарскаму свае запісы. Але ж і сам Эдуард Карлавіч жыў такой задумай. З паўгода ўжо навучаўся размаўляць з карэнным насельніцтвам па-якуцку. Нават дапамагаў начальству наслегу весці перамовы з рускімі пасяленцамі. Гэта прытым, што якуцкая мова вельмі цяжкая для ўспрымання еўрапейскім чалавекам. У ёй ёсць гукі, якія можна правільна вымавіць толькі пасля доўгай трэніроўкі.

    Першым настаўнікам Пякарскага стаў сляпы бацька ўтрымальніка міждваровай станцыі. Стары Ачокун паказваў яму асобныя прадметы. Тут жа тлумачыў іх назву па-якуцку. Так знаёміў і з гаспадарчымі прыладамі. Называў і часткі цела. Адбывалася знаёмства з якуцкай мовай і праз яе ўжытковае выкарыстанне. Аднак не толькі...

                                                             У ХАЎРУСЕ — НЕ Ў СКРУСЕ

    Эдуард Карлавіч даведаўся, што ў 1858 годзе выйшла “Кароткая граматыка якуцкай мовы”, складзеная епіскапам Дзіянісіем. У міру Дзімітрыем Хітровым. Хоць і з цяжкасцю, але набыў яе. Трапілі да яго і некаторыя іншыя выданні, выпушчаныя на якуцкай мове місіянерскім таварыствам. Гэта былі “Евангелле”, “Дзеянні Апосталаў”, “Псалтыр”... З іх выпісваў пэўныя словы. Шукаў ім рускія адпаведнікі.

    Дапамог яму і вядомы рэвалюцыянер Пётр Аляксееў. Ён адбываў ссылку ў 18 вёртах ад Пякарскага. На конях наведваліся адзін да аднаго. Пасябраваўшы, сустракаліся часта.

    Аляксееў падарыў кнігу для запісаў. Эдуард Карлавіч прыдбаў і сшытак. У кнізе занатоўваў рускія словы з перакладам на якуцкую мову. У сшытку - якуцкія, пераўвасобленыя па-руску.

    Трапіўся яму і “Якуцка-нямецкі слоўнік”, складзены пецярбургскім вучоным Ота Бёрлінгам. Таксама падарыў адзін ссыльны. Гэты слоўнік уключаў у сябе больш за чатыры з паловай тысячы слоў. Ён таксама стаў добрай падмогай у рабоце. На складанне слоўніка ў асноўным ахвяраваў зіму.

    Даводзілася нялёгка. Не ставала грошай. Не хапала самага неабходнага. Пазней згадваў: “Часта не было пісьмовых прылад, даводзілася карыстацца кожнай васьмушкай паперы, у якой адзін бок чысты. Не было свечак, і даводзілася чытаць, а калі-нікалі і пісаць пры святле камінка, рызыкуючы сапсаваць сабе вочы».

    Яшчэ цяжэй стала, калі памёр айцец Дзмітрыян. На шчасце, з’явіліся новыя памочнікі. Адзін з іх - ссыльны Усевалад Іёнаў - і сам складаў такі слоўнік. Свае матэрыялы ён перадаў Пякарскаму. Далей працаваў пад кіраўніцтвам Эдуарда Карлавіча.

    Нарэшце, першы варыянт “Слоўніка якуцкай мовы” быў завершаны. Ён змяшчаў сем тысяч слоў.

                                                       КЛОПАТНА, АДНАК ВЫНІКОВА

    Эдуард Карлавіч, аднак, не толькі над слоўнікам працаваў. Ён знаёміўся з побытам якутаў. Вывучаў іх звычаі, матэрыяльную і духоўную культуру. У гэтых пачынаннях таксама знаходзіў аднадумцаў. Прынамсі, са ссыльным Георгіем Асмалоўскім напісаў артыкул «Якуцкі род да і пасля прыходу рускіх». Ён быў апублікаваны ў «Памятной книжке Якутской губернии». У гэтым штогодніку Пякарскі выступаў і з уласнымі матэрыяламі. Хоць і заканчваўся тэрмін ссылкі, пакідаць Якуцію не збіраўся. Найперш з-за слоўніка. Выхаду дачакаўся ў 1898 годзе. Зразумела, не ўсе матэрыялы ўвайшлі ў яго. Паспеў запісаць каля 20 тысяч слоў. У картатэцы ж налічвалася 15 тысяч картак.

    Пасля выхаду слоўніка Эдуардам Карлавічам зацікавілася Расійская Акадэмія навук. Прызначыла дапамогу памерам 400 рублёў у год Пахадайнічала аб пераводзе ў Якуцк. Аднак гэтых грошай не ставала. Таму ўладкаваўся на працу ў канцылярыю акруговага суда. Шукаў і пабочныя заробкі.

    Але стараўся, каб гэта не шкодзіла далейшай рабоце над слоўнікам. Даводзіў да ладу сабраныя матэрыялы. Разам з памочнікамі ў 1900 годзе склаў «Кароткі руска-якуцкі слоўнік». Гэты слоўнік выдаваўся двойчы.

    Цікавілі Пякарскага і іншыя народы, якія насялялі суровы паўночны край. У прыватнасці, эвенкі. Ахвотна адгукнуўся на прапанову ўдзельнічаць у Нелькана-Аянскай экспедыцыі. Яна даследавала побыт тунгусаў. Так да 1931 года называлі эвенкаў.

    Вынікам работы Пякарскага з’явілася даследаванне “Нарысы по-быту прыаянскіх тунгусаў”. Для свайго часу стала сапраўдным навуковым адкрыццём. Не страціла свайго значэння і па сённяшні дзень.

                                                          ЗАПІСАНА — ВЫДАДЗЕНА

    Нарэшце для Эдуарда Карлавіча настаў час развітання з якуцкай зямлёй. Сумна было пакідаць яе, бо даўно палюбіў. Аднак, разам з тым, і радасна. Не толькі таму, што мог ужо адчуваць сябе свабодным чалавекам. На працу яго запрасіла Акадэмія навук. Гэта - магчымасць прысвяціць сябе навуцы. Завяршыць працу над слоўнікам.

    У Пецярбург прыбыў 14 верасня 1905 года. Пяць гадоў быў рэгістратарам калекцый у этнаграфічным аддзеле Рускага музея. Пасля працаваў у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага пры Акадэміі навук.

    У 1907 годзе выйшаў першы выпуск “Слоўніка якуцкай мовы”. Усяго іх было трынаццаць. Апошні пабачыў свет у 1930-м.

    1907 годам пазначаны і першы том запісаных Пякарскім “Узораў народнай літаратуры якутаў”. Заключны трэці том быў выдадзены ў 1918-м.

    Гэтыя выданні пацвердзілі, наколькі духоўна багаты якуцкі народ. У “Слоўнік якуцкай мовы” ўвайшло ажно 60 тысяч слоў! Аднак гэта не проста слоўнік пэўнай мовы ў яго традыцыйным разуменні. Прыведзены не толькі словы ў алфавітным парадку. Не абыйдзены ўвагай побыт, звычаі, вераванні якутаў. Расказваецца пра народныя абрады. Атрымалася свайго роду энцыклапедыя ўсяго ўкладу жыцця якуцкага народа. Гэта і грунтоўны даведнік пра яго духоўную і матэрыяльную культуру.

    “Слоўнік якуцкай мовы” атрымаў высокую ацэнку ў друку. У захапленні ад яго былі многія вядучыя мовазнаўцы. Некаторыя дзяліліся сваімі ўражаннямі па выхадзе чарговых выпускаў. Як знакаміты расійскі цюрколаг Васіль Радлоў, якога ведалі ва ўсім свеце. Дзякуючы яму імя Пякарскага загучала не толькі ў Расіі. Дый яго ацэнка стала як бы візітоўкай якуцкай мовы.

    Васіль Васільевіч пісаў: “Якуцкі слоўнік Эдуарда Карлавіча Пя-карскага не толькі з’яўляецца цудоўным дапаможнікам для вывучэння якуцкай мовы і для разумення якуцкіх тэкстаў, але дае нам цэласную карціну разумовага жыцця народа, закінутага лёсам на далёкую поўнач Азіі, настолькі яна адлюстроўваецца ў багацейшай яго мове. Я не ведаю... ніводнай мовы, у якой не было пісьменнасці, якая б магла параўнацца па паўнаце сваёй і дэталёвасці апрацоўкі з гэтай...».

                                               АДУБАР — БЫЦЦАМ ТОЙ ДУДАР

    Самому ж Эдуарду Карлавічу хацелася шмат што яшчэ дапоўніць. Разумеў, аднак, што ўзрост мае далёка не малады. Дзеля слоўніка адмаўляўся ад іншых навуковых прапаноў. Прызнаваўся: “Ведаеце, жыць мне засталося няшмат, і я павінен у што б ні стала закончыць «Слоўнік», - я не маю права браць свой час на што-небудзь іншае”.

    Аднак усё адно не толькі гэтай працай жыў. Быў сакратаром часопіса “Живая старина”. Як і іншыя, працаваў на грамадскіх пачатках. Ды не наракаў. Гэта было таксама тое, што выклікала задавальненне. Адно засмучала. Пастаянная занятасць не дазваляла з’ездзіць у родныя мясціны.

    У Беларусі пабываў толькі ў 1906 годзе. Тады ў Пінску пабачыўся з мачахай, братам і сястрой. Яны жылі ў нястачы. Па хайдніцтве Радлова ўладкаваў брата Восіпа ў акцызнае ведамства.

    Наведацца на радзіму хацеў у 1924 годзе. Не атрымалася. Прычына заўсёдная: “Слоўнік” забіраў ці не ўвесь вольны час. Вынікам гэтай апантанасці стала дадатковая картатэка з 15 тысяч адзінак.

    Куды цяснейшымі былі ў Пякарскага сувязі з Якуціяй. Там Эдуарда Карлавіча добра ведалі і памяталі. Адтуль пастаянна атрымліваў жаданыя весткі. У Якуціі яго называлі Адубар Хаарылабыс. Тое ж самае, што і Эдуард Карлавіч.

     Ад такога звароту на сэрцы Пякарскаму станавілася асабліва цёпла. Адубар - слова гэтае блізкае дудару. Ён жа, як і дудар, абуджаў народ. Той гэта рабіў сваім граннем. Ён жа - праз якуцкую мову.

    Зварот Адубар Хаарылабыс быў і напамінкам аб маладосці. Гэткай далёкай ужо, але, нягледзячы ні на што, і шчаслівай. Ссылка, выгнанне ўсё ж зрабілі яму імя. I яшчэ пра «Слоўнік якуцкай мовы»... У 1959 годзе з’явілася яго стэарэтыпнае выданне. Зацікавіліся гэтай працай Эдуарда Карлавіча і ў Турцыі. У 1945 годзе там выйшла першая частка «Слоўніка». Дзякуючы ж «Слоўніку якуцкай мовы» жыццё Пякарскага працягваецца. Хоць і памёр ён 29 чэрвеня 1934 года.

    /Алесь Марціновіч. Гісторыя праз лёсы. Т. 7. Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Мінск. 2019. С. 169-180./

 




























Brak komentarzy:

Prześlij komentarz