sobota, 26 września 2026

ЎЎЎ Мікалай Шуканаў. Іван Ласкоў: паэт-філёзаў, чалавек ды патрыёт. Памяці пісьменьніка-земляка. Койданава. "Кальвіна". 2026.




                                                                       ІВАН ЛАСКОЎ:

                                                ПАЭТ-ФІЛЁЗАФ, ЧАЛАВЕК І ПАТРЫЁТ

                                                           Памяці пісьменьніка-зямляка

    Роўна год таму, 26 чэрвеня 1994 года (у “ЛІМе” ад 8. 07. 94 г. памылкова называецца 2 ліпеня 1994 г.) у далёкім ад Беларусі Якуцку заўчасна ва ўзросьце 63 гадоў пайшоў з жыцьця вядомы беларускі пісьменьнік, паэт-філёзаф, лінгвіст і гісторык-самавук Іван Ласкоў. Гэта быў сапраўдны шок для тых, хто ведаў яго, сачыў за яго творчасьцю: надта шмат надзей ускладвалася на яго самабытны творчы талент пісьменьніка і паэта, дасьледчыка паходжаньня беларускай мовы і наогул беларускага этнасу.

    Так ужо склаўся жыцьцёвы лёс Івана Антонавіча Ласкова, што большасьць адведзенага яму зямнога шляху было наканавана правесьці за межамі роднай Беларусі (нарадзіўся будучы пісьменьнік 19 чэрвеня 1941 года ў Гомелі). Дзяцінства яго прайшло ў Магілёўскім спэцыялізаваным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня хімічнага факультэта БДУ у 1964 годзе Іван Ласкоў пэўны час працаваў у Горкаўскай вобласьці. Потым была вучоба ў літаратурным інстытуце імя М. Горкага. Тут наш зямляк пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай якуцкай пісьменьніцай Валянцінай Гаўрылавай, з якой і пераехаў на сталае жыцьцё ў Якуцк.

    На новым месцы Іван Ласкоў актыўна ўключаецца ў літаратурнае жыцьцё (праца ў газэце “Молодежь Якутии”, у Якуцкім кніжным выдавецтве, а з 1977 года — у рэдакцыі часопіса “Полярная звезда” ў якасьці старшага рэдактара), шмат піша. Выходзяць яго зборнікі паэзіі і прозы “Стихия” (1966), “Белое небо” (1969), “Кружное лета” (1973, на беларускай мове), і “Хромец” (1976, у 1986 годзе паэма выйшла на беларускай мове), “Ивановы” (1979, апавяданьні) і іншыя.

    Менавіта са згаданай паэмы “Хромец” (беларускі варыянт “Кульга”) і пачалося мае ўласнае знаёмства з творчасьцю паэта. Потым было завочнае знаёмства па перапісцы, якая доўжылася да самай сьмерці Івана Ласкова.

    Сама ж паэма ўразіла арыгінальнасьцю аўтарскіх філязофскіх поглядаў на гістарычныя лёсы народаў, на маральныя праблемы чалавецтва. Сама паэма (гэта даволі аб’емны твор) распавядае пра далёкія часы эпохі сярэднеазіяцкага эміра і палкаводца Тамерлана (Цімура Кульгавага), але ўвесь патас твора зьвернуты да сучаснасьці, у тым ліку і да гістарычнага лесу беларусаў. Своеасаблівым філязофскім вынікам паэмы гучаць вось гэтыя радкі:

                                        — Я ганаруся тым,

                                                                          што мой народ,

                                       Хоць і не еў спрадвек

                                                                          салодкіх булак,

                                       Не крыўдзіў тых,

                                                                          каму даваў прытулак,

                                       І не заглядваў у чужы гарод...

    Потым мне давялося ацаніць і творчасьць Івана Ласкова як празаіка. Прыкладам майстэрскага валоданьня мастацкім словам, здольнасьці захапіць чытача нечаканым сюжэтам можа служыць адна з апошніх яго кніг “Пищальники не пищат”, якая выйшла ў сьвет у 1990 годзе ў Якуцкім кніжным выдавецтве. У яе ўвайшлі аднайменная гістарычная аповесьць (падзеі адбываюцца ў 17 стагодзьдзі ў Якуціі) і фантастычная аповесьць “Возвращение Одиссея”.

    Як бачым, Іван Ласкоў спрабаваў свае сілы ў самых розных літаратурных жанрах, зьвяртаўся да самых розных тэм. Але на гэтым свой творчы кругагляд, свае інтарэсы ён не абмяжоўваў. І тут нельга не згадаць пра тое (чым нам, яго землякам, можна ганарыцца), што Іван Ласкоў зьяўляецца аўтарам арыгінальнай навуковай гіпотэзы аб фіна-угорскім паходжаньні “летапіснай літвы” — беларускага этнасу. Канешне, як усякая новая гіпотэза, погляды Івана Ласкова на гістарычныя лёсы народаў у навуковых колах былі ўспрыняты неадназначна. Але тое, што ў навуцы было сказана новае слова — факт бясспрэчны. Па словах вядомага беларускага прафэсара Адама Мальдзіса, Іван Ласкоў “практычна адзін распрацаваў фіна-угорскі пласт у стварэньні беларускага этнасу... Яго доказы здаюцца лягічнымі і пераканаўчымі” (гл. “Светлы след будэе вечна жывым”, “ЛІМ”, 23. 09. 1994 г.).

    Адстойваць сваю гіпотэзу Іван Ласкоў зьбіраўся ехаць у Хельсінкі, але не пасьпеў. Затое пасьпеў занатаваць свае думкі і вынікі сваіх дасьледаваньняў у даволі аб’ёмным рукапісу і перадаць яго ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

    Думаю, чытачам будзе цікава даведацца, што пісаў Іван Ласкоў наконт сваей гіпотэзы ў сваім пісьме на мой адрас ад 18 сьнежня 1993 года: “Ужо чатыры гады я кажу і паўтараю пра фіна-угорскую складаючую беларусаў. Але мяне мала хто слухае. Мабыць, галоўная прычына ў тым, што сярод фіна-уграў маюцца мангалоіды і народы пераходнага расавага тыпу, як комі ды ўдмурты. З гэтай супярэчнасьці мне ўдалося выйсьці вельмі нечаканым чынам. Аказалася, што ў пермскіх мовах (комі і ўдмурцкай) маюцца лацінскія, грэцкія, румынскія, нямецкія, альбанскія словы. Пермска-лацінскіх паралеляў да 150, пермска-грэцкіх да 100, пермска-румынскіх да 60, пермска-нямецкіх — да 40. Такім чынам, можна лічыць бясспрэчным, што на пачатку н. э. продкі пермякоў жылі ў басэйне Дуная, што пацьвярджае і гідранімія басэйна (да 30 пермскіх рачных назваў),

    Адсюль пярмяне ў ІІІ-ІV ст.ст. рушылі на поўнач, у напрамку Польшчы, Беларусі, Урала, дзе зьмяшаліся з мясцовымі мангалоідамі. А дунайскія пярмяне былі, бясспрэчна, эўрапэоідамі, бо грэцкія ды рымскія аўтары пра суседзяў-мангалоідаў нічога не пішуць. Я, нарэшце, скончыў кнігу пра ўсё гэта. Яе галоўная выснова — што літва (у сэнсе Беларусь — М. Ш.) была пермскім племем, а не балцкім».

    Нельга не сказаць і пра тое, што Іван Ласкоў быў шчырым патрыётам сваёй Бацькаўшчыны не толькі ў думках, а і на справе (незадоўга да сьмерці ён усур’ёз плянаваў пераехаць у Беларусь, раіўся на гэты конт і са мной, згаджаўся нават на працу настаўнікам, толькі б вярнуцца ў беларускі кут). Ён увесь час уважліва сачыў за падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі, балюча перажываў за ўсе няўдачы, якія адбываліся на ніве Адраджэньня.

    Не сядзеў Іван Ласкоў склаўшы рукі і ў Якуцку, дзе па выніках афіцыйнага перапісу пражывае чатыры тысячы беларусаў (па ўсей Якуціі — каля 10 тысяч). Ён зьяўляўся самым актыўным сябрам “Суродзіча” — беларускага культурна-асьветніцкага таварыства ў Якуцку (гл. “Каму ёсць справа да беларусаў у Якуціі”, “Наша слова”, 1. 07. 1992 г.).

    Так, шмат было яшчэ плянаў, творчых задум, але лес распарадзіўся па-іншаму. Ды памяць пра Івана Ласкова застанецца ў беларускай культуры.

    Мікалай Шуканаў,

    супрацоўнік жлобінскай райгазэты “Новы дзень”.

    /Гомельская праўда. Гомель. 20 чэрвеня 1995. С. 4./

 

 

    Мікалай Васільевіч Шуканаў - нар. 3 кастрычніка 1962 г. у раённым цэнтры Лельчыцы Гомельскай вобласьці БССР (СССР).

    Пасьля заканчэньня лельчыцкай сярэдняй школы № 1 і службы ў Савецкім войску Мікалай паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт на гісторыка-філялягічны факультэт. Працаваў настаўнікам у Мормальскай сельскай школе Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці.

    Ад 1990 г. Шуканаў супрацоўнік Жлёбінскай раённай газэты “Камуніст” (з 1991 г. – “Новыя дзень”). Ён чалец Зьвязу журналістаў Беларусі, Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай эпархіі, Міжнароднай грамадзкай арганізацыі зьвязу пісьменьнікаў і майстроў мастацтваў, ляўрэат рэгіянальнай краязнаўчай прэміі імя рагачоўскіх мэцэнатаў ХІХ-ХХ стагоддзяў Ёлшыных, Гомельскай абласной прэміі імя Аляксандра Капусьціна. Неаднаразова адзначаўся граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, узнагароджаны нагрудным бронзавым знакам ЦК ВЛКСМ “Малады гвардзеец пяцігодкі”, памятным нагрудным знакам “За дапамогу і падтрымку Беларускага рэспубліканскага фонду «Паразуменьне і пагадненьне»”, граматай Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філярэта за публікацыі праваслаўнай тэматыкі, мэдалём Гомельскай эпархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў гонар Сьвятога праведнага Іяана Кармянскага, граматай Міністэрства спорту і турызму Беларусі за сэрыю публікацыяў пра “Залатое кола Гомельшчыны” ў рамках рэспубліканскага турыстычнага  конкурсу “Спазнай Беларусь”.

    İнакчана Жлябічанка,

    Койданава

 

 

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 году ў абласным месьце Гомель Беларускай ССР (СССР) ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і зьнік без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 году, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. Ад 1953 году Іван Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя Максыма Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 году працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзелу масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва. Ад 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопісу “Полярная звезда”, у 1993 годзе загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР ад 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 году ў прадмесьце Якуцку.

    Юстына Ленская,

    Койданава

 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz