niedziela, 27 września 2026

ЎЎЎ Мікалай Шуканаў. "Галоўная мэта... - каб жыла Беларусь". Гісторыя ў лістах ад Івана Ласкова з Якуцку. Койданава. "Кальвіна". 2026.




 

                                               “Галоўная мэта... — каб жыла Беларусь”

                                                                   (Гісторыя ў лістах)

    10 гадоў таму назад, 28 чэрвеня 1994 года, у далёкім Якуцку перастала біцца сэрца беларускага пісьменьніка, паэта-філёзафа, гісторыка-самавука, проста шчырага беларуса Івана Ласкова (1941-1994 гг.).

    Жыцьцё і творчасьць Івана Антонавіча Ласкова не раз траплялі ў поле зроку дасьледчыкаў беларускай літаратуры. Дастаткова зьвярнуцца да наступных публікацый: Алесь Баркоўскі, Алесь Карлюкевіч, Беларускі адраджэнец з... Якуцка. — “Маладосць”, № 11, 1994 г., Алесь Карлюкевіч. У што ўкладзена   душа... — “Голас Радзімы”. 28. 03. 1996 г., Святлана Клімковіч. Светлы след будзе вечна жывым. — “ЛіМ”, 23. 09. 1994 г., Мікалай Шуканаў. Іван Ласкоў: паэт-філосаф, чалавек і патрыёт. — “Гомельская праўда”, 20. 06. 1995 г., іншыя. Іван Ласкоў у пачатку 1970-х гадоў і да самай сьмерці жыў і працаваў (рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии” і часопіса “Полярная звезда”) у Якуціі. Але ён вёў вялікую перапіску са сваімі землякамі ў Беларусі. Пяць лістоў ад Івана Ласкова захаваліся і ў маім асабістым архіве. Некаторыя ўрыўкі з іх, напэўна, дапамогуць дапоўніць жыцьцёвую і творчую біяграфію гэтага цікавага і таленавітага чалавека.

*

    І. А. Ласкоў — М. В. Шуканаву

    Якуцк. 8. 01. 1989 г.

    Паважаны Мікола Васільевіч! Атрымаў Ваш ліст ад 28 сьнежня. Дзякую за добрыя словы пра майго “Кульгу” (1)... Вашаму знаёмаму П. Капчыку (2) я і не ведаю, што парадзіць, бо і адпрэчваць ад Якуціі не хочацца, і страшнавата ўзяць на сябе адказнасьць за чалавека... Я жыву тут ужо 18-ты год і добра ведаю, што жыцьцё тут — не цукар. Шмат што і ад здароўя залежыць, ці ў стане чалавек пераносіць маразы да 50 і за 50, зімовыя туманы, летнюю сьпёку, дрэнны завоз прадуктаў і рэчаў шырокага спажываньня...

    1) У 1985 годзе ў Мінску ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ўбачыла сьвет паэма Івана Ласкова “Кульга”, якая стала прыкметнай зьявай у беларускай літаратуры.

    2) Пятрусь Міхайлавіч Капчык — настаўнік, пражываў ва Украіне, у 1980—90-х гадах выступаў у беларускім друку па праблемах нацыянальнага разьвіцьця. Зьбіраўся пераехаць у Якуцію.

*

    І. А. Ласкоў — М. В. Шуканаву

    Якуцк. 7. 04. 1992 г.

    Шаноўны Мікола Васільевіч! Шчыра дзякую за добрыя словы пра мой артыкул “Адкуль пайшла беларуская мова” (1). Што ж да Вашай нязгоды з уплывам, які зрабіла царкоўная мова, то мабыць, яна зьвязаная з тым, што для “ЛіМа” я рыхтаваў скарочаны варыянт артыкула і мусіў не ўключыць дадатковыя аргумэнты наконт гэтага. Яны з гісторыі іншых моваў. Ацаніце, напрыклад, раманскую групу. Да прыходу рымлянаў Галія гаварыла на кельцкіх дыялектах, Іспанія — на Ібэрыйскіх (мабыць, блізкіх да грузінскіх), Румынія — на славянскіх. А ўрэшце ўтварыліся французская, іспанская, партугальская, румынская мовы, якія маюць у аснове лацінку. Як жа гэта сталася? Перавагай рымлянаў у колькасьці гэта не растлумачыш, бо рымляне сюды ішлі толькі ў якасьці военачальнікаў ды жаўнераў, без жанчын. У такіх умовах звычайна, наадварот, прыбышы (ці прыбыўшыя? — М. Ш.) раствараюцца ў мясцовым насельніцтве (як варагі на Русі). Шырокай школьнай адукацыі на пачатку нашай эры ў рымскіх правінцыях не было (ды ці была яна ўвогуле?). Хто ж утварыў букет раманскіх моваў? Толькі царква, з яе штодзённай казаньню на лаціне. Зразумела, што гэта цягнулася не год і не два, а шмат стагоддзяў.

    Ці вазьміце былыя калёніі Англіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі. Шмат якія з іх цяпер гавораць на мовах былых мэтраполій... Хто ж іх тым мовам навучыў? Няўжо плянтатары? Вядома ж, не. Гэта зрабілі місіянэры, царква.

    Моўны ўплыў царквы філёлягамі не закранаецца, асабліва ў нас, усё яшчэ бязбожнікаў...

    1) Іван Ласкоў. Адкуль пайшла беларуская мова. — “ЛіМ”, 27. 03. 1992 г. Гэты артыкул выклікаў шырокі рэзананс.

*

    І. А. Ласкоў — М. В. Шуканаву

    Якуцк. 18. 12. 1993

    Шаноўны Мікола Васільевіч! ...Адкажу на Вашае пытаньне адносна індзейцаў. Што яны прыйшлі ў Амэрыку з Азіі па Берынгавым мосьце, які нібыта існаваў каля 30-40 тыс. год назад, ужо агульнапрынятае, іншых галасоў, здаецца, і не чуваць... Падабенства археалягічных знаходак Амэрыкі і Паўночнай Азіі даводзіць ужо шмат гадоў Ю. А. Мачанаў, цяпер расійскі акадэмік (жыве ў Якуцку).

    Людзей, падобных да індзейцаў, бачаць у насельніцтве азіяцкай Крайняй Поўначы (якутах, народах Таймыра ды інш.). Але, на мой погляд, зьвязваць індзейцаў з якім-небудзь этнасам Старога Сьвету было б неабачліва. Індзейскія мовы (а іх вельмі шмат: дзесяткі сем’яў) не агледжваюць нічога супольнага з мовамі Азіі, Эўропы, Афрыкі. Гэта сьведчыць аб тым, што продкі індзейцаў перайшлі ў Амэрыку яшчэ да ўзьнікненьня моваў і, зразумела, этнасаў.

    Што ж да спроб убачыць штось агульнае паміж індзейцамі і беларусамі... то тут відавочна, што насельніцтва Беларусі цалкам належыць да эўрапеоіднай расы, а індзейцы — да мангалоіднай...

    Ужо чатыры гады я кажу і паўтараю пра фіна-вугорскую складаючую беларусаў (1). Але мяне мала хто слухае. Мабыць, галоўная прычына ў тым, што сярод фіна-вуграў маюцца мангалоіды і народы пераходнага расавага тыпу, як комі ды ўдмурты. З гэтай супярэчнасьці мне ўдалося выйсьці вельмі нечаканым чынам. Аказалася, што ў пермскіх мовах (комі і ўдмурцкай) маюцца лацінскія, грэцкія, румынскія, альбанскія словы. Пермска-лацінскіх паралеляў да 150, пермска-грэцкіх — да 100, пермска-румынскіх — да 60, пермска-нямецкіх — да 40. Такім чынам, можна лічыць бясспрэчным, што на пачатку н. э. продкі пярмянаў жылі ў басэйне Дняпра, што пацьвярджае і гідранімія басэйна (да 30 пермскіх рачных назваў). Адсюль пярмяне ў III — IV стст. і рушылі на поўнач, у напрамку Польшчы, Беларусі, Урала, дзе з.мяшаліся з мясцовымі мангалоідамі. А дунайскія пярмяне былі, бясспрэчна, эўрапеоідамі, бо грэцкія ды румынскія аўтары пра суседзяў-мангалоідаў нічога не пішуць.

    Я, нарэшце, скончыў кнігу пра ўсё гэта. Яе галоўная выснова — што Літва была пермскім племем, а не балцкім. Доказаў гэтаму дастаткова.

    ...Шчыра ўдзячны за спачуваньне (2). Пераяжджаць у Беларусь мне пакуль няма за што. Але рана ці позна зрабіць гэта прыйдзецца.

    ...Дарэчы, справы мае палепшыліся. Амаль што месяц працую ў дзіцячым часопісе, заробак — 150 тысяч. Гэта, лічы што, 150 рублёў часоў застою. Але жыць можна. Яшчэ чытаю лекцыі ў мясцовым унівэрсытэце, за што даюць 50 тысяч. На літаратурны заробак разьлічваць не прыходзіцца, бо ён мізэрны.

    Апошні тыдзень усе мы тут жывем пад уражаньнем выбараў і перамогі Жырыноўскага (3), якую я прадчуваў. У Якуціі за ягоную хэўру прагаласавала болей за 50 працэнтаў (амаль усё расейскае насельніцтва).

    ...Наша ж галоўная мэта і мара — каб жыла Беларусь.

    1) Гл. Іван Ласкоў. Племя пяці родаў — “ЛіМ”, 18. 08. 1989 г.

    2) У апошнія гады жыцьця Івана Ласкова пачалася яго траўля з боку асобных чыноўнікаў якуцкай пісьменьніцкай арганізацыі. Справа ў тым, што ён апублікаваў шэраг дакумэнтаў з КДБ Якуцкай АССР.

    3) Маюцца на ўвазе парлямэнцкія выбары ў Расіі ў сьнежні 1993 г., калі партыя Жырыноўскага ЛДПР заваявала шмат дэпутацкіх месцаў.

    Падрыхтоўка да друку і камэнтарыі Мікалая Шуканава

    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 28. 9 ліпеня 2004. С. 4./

 

 

    Мікалай Васільевіч Шуканаў - нар. 3 кастрычніка 1962 г. у раённым цэнтры Лельчыцы Гомельскай вобласьці БССР (СССР).

    Пасьля заканчэньня лельчыцкай сярэдняй школы № 1 і службы ў Савецкім войску Мікалай паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт на гісторыка-філялягічны факультэт. Працаваў настаўнікам у Мормальскай сельскай школе Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці.

    Ад 1990 г. Шуканаў супрацоўнік Жлёбінскай раённай газэты “Камуніст” (з 1991 г. – “Новыя дзень”). Ён чалец Зьвязу журналістаў Беларусі, Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай эпархіі, Міжнароднай грамадзкай арганізацыі зьвязу пісьменьнікаў і майстроў мастацтваў, ляўрэат рэгіянальнай краязнаўчай прэміі імя рагачоўскіх мэцэнатаў ХІХ-ХХ стагоддзяў Ёлшыных, Гомельскай абласной прэміі імя Аляксандра Капусьціна. Неаднаразова адзначаўся граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, узнагароджаны нагрудным бронзавым знакам ЦК ВЛКСМ “Малады гвардзеец пяцігодкі”, памятным нагрудным знакам “За дапамогу і падтрымку Беларускага рэспубліканскага фонду «Паразуменьне і пагадненьне»”, граматай Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філярэта за публікацыі праваслаўнай тэматыкі, мэдалём Гомельскай эпархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў гонар Сьвятога праведнага Іяана Кармянскага, граматай Міністэрства спорту і турызму Беларусі за сэрыю публікацыяў пра “Залатое кола Гомельшчыны” ў рамках рэспубліканскага турыстычнага  конкурсу “Спазнай Беларусь”.

    İнакчана Жлябічанка,

    Койданава

 

 

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 году ў абласным месьце Гомель Беларускай ССР (СССР) ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і зьнік без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 году, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. Ад 1953 году Іван Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя Максыма Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 году працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзелу масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва. Ад 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопісу “Полярная звезда”, у 1993 годзе загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР ад 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 году ў прадмесьце Якуцку.

    Юстына Ленская,

    Койданава

 

 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz