środa, 30 września 2026

ЎЎЎ Мікалай Шуканаў. Беларускае зямляцтва ў Якутыі. Койданава. "Кальвіна". 2026.




 

    Мікалай Васільевіч Шуканаў - нар. 3 кастрычніка 1962 г. у раённым цэнтры Лельчыцы Гомельскай вобласьці БССР (СССР).

    Пасьля заканчэньня лельчыцкай сярэдняй школы № 1 і службы ў Савецкім войску Мікалай паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт на гісторыка-філялягічны факультэт. Працаваў настаўнікам у Мормальскай сельскай школе Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці.

    Ад 1990 г. Шуканаў супрацоўнік Жлёбінскай раённай газэты “Камуніст” (з 1991 г. – “Новыя дзень”). Ён чалец Зьвязу журналістаў Беларусі, Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай эпархіі, Міжнароднай грамадзкай арганізацыі зьвязу пісьменьнікаў і майстроў мастацтваў, ляўрэат рэгіянальнай краязнаўчай прэміі імя рагачоўскіх мэцэнатаў ХІХ-ХХ стагоддзяў Ёлшыных, Гомельскай абласной прэміі імя Аляксандра Капусьціна. Неаднаразова адзначаўся граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, узнагароджаны нагрудным бронзавым знакам ЦК ВЛКСМ “Малады гвардзеец пяцігодкі”, памятным нагрудным знакам “За дапамогу і падтрымку Беларускага рэспубліканскага фонду «Паразуменьне і пагадненьне»”, граматай Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філярэта за публікацыі праваслаўнай тэматыкі, мэдалём Гомельскай эпархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў гонар Сьвятога праведнага Іяана Кармянскага, граматай Міністэрства спорту і турызму Беларусі за сэрыю публікацыяў пра “Залатое кола Гомельшчыны” ў рамках рэспубліканскага турыстычнага  конкурсу “Спазнай Беларусь”.

    İнакчана Жлябічанка,

    Койданава

 

 

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 году ў абласным месьце Гомель Беларускай ССР (СССР) ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і зьнік без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 году, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. Ад 1953 году Іван Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя Максыма Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 году працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзелу масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва. Ад 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопісу “Полярная звезда”, у 1993 годзе загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР ад 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 году ў прадмесьце Якуцку.

    Юстына Ленская,

    Койданава

 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz