środa, 23 października 2024

ЎЎЎ 84-1. Адубарыя Ігідэйка. Эдуард Пякарскі ў жыцьцяпісах. Сш. 84-1. 1991-1. Койданава. "Кальвіна". 2024.





 

                                                    46 ФИЛОЛОГИЧЕСКАЯ НАУКАЛАР

                                                           ФИЛОЛОГИЧЕСКИЕ НАУКИ

                                                                     46. 2 ТЫЛ ҮӨРЭҔЭ

                                                                        ЯЗЫКОЗНАНИЕ

    3280. Оконешников Е. Памятник воздвиг себе нерукотворный... [130 лет со дня рождения Э. К. Пекарского] // Соц. Якутия. — 1988 — 2 нояб.

    [С. 257.]

 

 

                                                     46 ФИЛОЛОГИЧЕСКИЕ НАУКИ

                                                                 46. 2 ЯЗЫКОЗНАНИЕ

    1002. Грицкевич В. П. Эдуард Пекарский: Биограф, очерк. — Минск: Полымя, 1989. — 96 с. — Белорус.

    [С. 387.]

                                                    АНАЛ ААТТАРЫНАН ЫЙЫННЬЫК

                                                               ИМЕННОЙ УКАЗАТЕЛЬ

    Пекарский Э. К. (3280) жг; (1002) яп

    [С. 428.]

 



























 

                                                       НАШЫ СЛАВУТЫЯ ЗЕМЛЯКІ

    У айчыннай гісторыі, бадай, не вельмі многа такіх людзей, як Эдуард Пякарскі, чый лёс і біяграфія яшчэ пры жыцьці стала легендарнай. У канцы 19 стагодзьдзя за рэвалюцыйную дзейнасьць яго саслалі на 25 гадоў у Якуцію. Мужны ссыльны не толькі пераадолеў усе нястачы жыцьця ў суровым краі, але і зрабіў сапраўдны навуковы подзьвіг, стварыўшы фундамэнтальную працу - слоўнік якуцкай мовы з апісаньнем побыту, вераваньняў, культуры паўночнага народа.

    Сёньня, дзякуючы вядомаму гісторыку Валянціну Грыцкевічу, мы маем магчымасьць даведацца пра жыцьцёвы шлях нашага слаўнага земляка.

                                                     ЁН РОДАМ З-ПАД СЬМІЛАВІЧ

    У адзін з пахмурных кастрычніцкіх дзён настаяцелю Сьмілавіцкага парафіяльнага касьцёла трэба было ехаць да цяжка хворай пані з суседняга маёнтка. Арганіст, які заўсёды суправаджаў ксяндза, падрыхтаваў ужо нават сьвятое прычасьце, як раптам каля касьцёла спынілася брычка. З яе выйшла пара кумоў з дзіцём на руках. Яны прыехалі з Пятровічаў, каб ахрысьціць першынца беднай шляхты - Карла /Караля/ і Тарэзы Пякарскіх. Хлопчыку было ўсяго два тыдні. Нарадзіўся ён вельмі кволым, і з хростам давялося сьпяшацца.

    Незадаволены затрымкай, ксёндз хутка адбыў абрад. Арганіст жа ўнёс у мэтрычную кнігу наступны запіс /захаваўся ў фондзе Э. К. Пякарскага ў архіве Ленінградзкага аддзяленьня Акадэміі навук СССР/: „1858 года кастрычніка 28 дня у Сьмілавіцкім рымска-каталіцкім парафіяльным касьцёле з захаваньнем усіх абрадаў таінства ахрышчана дзіця па імю Эдуард... высакародных Карла і Тарэзы, да шлюбу Дамашэвічаўны. Пякарскіх, законных бацькі і маці сын, народжаны 13 дня гэтага месяца вечарам у гэтай жа парафіі ў фальварку Пятровічах”.

    Вёска Пятровічы, у якой тады было каля трыццаці хат, і фальварачак пад той жа назвай знаходзіліся непадалёку ад Сьмілавічаў, на беразе выгінастай рэчкі Волмы ў тагачасным Ігуменскім павеце. Калісьці Пятровічы належалі князям Радзівілам, а ў 19 стагодзьдзі перайшлі ў рукі Вітгенштэйнаў. Гаспадарыць магнатам не было ні часу, ні патрэбы, таму яны здавалі фальварак у арэнду. У сярэдзіне 19 стагодзьдзя чарговым арандатарам быў Карл Іванавіч Пякарскі, бацька нашага героя.

    Належалі Пякарскія да старадаўняга і даволі вядомага шляхецкага роду. Але паступова ганарлівы шляхецкі род зьбяднеў, і, калі нарадзіўся Эдуард, у Карла Іванавіча, нягледзячы на яго 33-гадовы ўзрост, не было як кажуць, ні кала ні двара. Сабе на хлеб ён зарабляў арандатарствам. А гэта быў нялёгкі, горкі хлеб, асабліва для сумленнага чалавека, які аказваўся нібы паміж молатам і кавадлам. З аднаго боку, пан патрабаваў, каб фальварак даваў вялікі прыбытак, дзеля чаго аканом павінен быў выціскаць з сялян апошнюю капейку, з другога боку, такі прыгнёт выклікаў натуральнае супраціўленьне прыгонных, якое скіроўвалася часта не на пана - ён жыў недзе далёка, а на аканома, які быў побач кожны дзень і зьяўляўся віноўнікам усіх няшчасьцяў.

    Пасьля адмены прыгоннага права ўзаемаадносіны паміж вёскай і фальваркам істотна зьмяніліся: селяніна ўжо нельга было купіць, прадаць, гнаць на паншчыну. Але паколькі зямля па-ранейшаму заставалася пераважна ў руках паноў, сяляне як і раней, залежалі ад таго, у каго зямля, бо ён ці даваў, ці не даваў работу. Адны ўсё больш багацелі, другія усё больш бяднелі. Так было па ўсёй Беларусі, так было і ў Пятровічах.

    Архіўныя дакумэнты сьведчаць аб тым, што да 1872 года нядоімкі ў Сьмілавіцкай воласьці дасягнулі вялізных памераў. Сяляне адмаўляліся плаціць падаткі, таму што пасьля неўрадлівага лета не было чаго везьці на кірмаш Тады ў воласьць прыбыла паліцыя і стала апісваць жывёлу. Сяляне пачалі супраціўляцца і паслалі ў Пецярбург хадакоў. Даведаўшыся пра гэта, мінскі губэрнатар накіраваў у Сьмілавічы салдат. У Пятровічах іх спыніў натоўп сялян. Пачалася бойка. Каб абараніць вёску, сяляне разабралі мост праз Волму. Тады ў Пятровічы паслалі цэлы батальён. Але на гэты раз вяскоўцы схаваліся ў лесе. Вядома, з дапамогай салдат мясцовыя ўлады дамагліся свайго: сялян уціхамірылі, а жывёлу распрадалі, каб пакрыць нядоімкі...

    Выступленьні пятровіцкіх сялян не маглі не ўзьдзейнічаць на настрой Эдуарда, не маглі не выклікаць у яго спачуваньня, жаданьня далучыцца да барацьбы.

    Дзіцячыя і юнацкія гады Эдуарда Пякарскага прайшлі ў нястачы.

    Родная цётка, якая потым узяла хлопчыка да сябе, вечарамі расказвала Эдуарду пра паўстаньне 1863 года, пра легендарнага Кастуся Каліноўскага, пра тое, як жорстка ўлады расправіліся з паўстанцамі. Хлопчыка захаплялі гэтыя расказы пра імкненьне да свабоды, пра барацьбу за шчасьце народа, пра мужнасьць. Ён уважліва прыглядаўся да цёткі. Яго зьдзіўляла, што цётка, вучачы яго малітвам, выкідвала з іх словы-прашэньні аб здароўі цара, але хутка зразумеў: нельга маліцца за чалавека, служкі якога вешалі паўстанцаў, за адно толькі спачуваньне ім высялялі ў Сыбір цэлыя вёскі. Менавіта цётка вучыла Эдуарда рускай і польскай грамаце. Доўгімі зімовымі вечарамі ён завучваў на памяць рамантычныя баляды Міцкевіча, яго вершы.

    Як толькі Эдуард падрос, яго аддалі вучыцца ў Мазырскую гімназію.

                                                                 /працяг будзе/

    /Раённы веснік. Чэрвень. № 63. 3 жніўня 1991. С. 3./

 


 

                                                     ЁН РОДАМ З-ПАД СЬМІЛАВІЧ

                                                            /Працяг. Пачатак у № 63/

    У дзеда хлопчыку даводзілася нялёгка. Сын барбароўскага пісара Франц Абрамовіч. /пазьней вядомы беларускі хірург/ успамінаў: “Становішча Эдуарда Карлавіча як выхаванца скупога дзеда і баламутнай, надакучлівай сваімі выхаваўчымі прыёмамі ягонай сястры было вельмі непрыемным. Гэта відаць з таго, што суседзі і знаёмыя часта шкадавалі няўрымсьлівага вясёлага і разумнага гімназіста, які абуджаў у іх сымпатыі, і пераказвалі недарэчныя эпізоды выхаваўчых прыёмаў, якія зводзіліся да папрокаў у няўдзячнасьці, непавазе, адсутнасьці рэлігійнасьці і г.д.”.

    Затоеныя скаргі чуваць і ў пісьмах Эдуарда, адрасаваных бацьку. У адным з іх, падзякаваўшы за прысланыя тры рублі, якія пайшлі на алоўкі і паперу, хлопчык з сумам дадае: „На кожную пакупку мне непрыемна прасіць у дзядулі. Няхай татка будзе ласкавы і вясной прышле мне некалькі рублёў, тады я зрабіў бы сабе касьцюм на лета”. А вось вытрымка з пісьма, адпраўленага з Мазыра некалькімі гадамі пазьней: „Больш за ўсё апрыкрала, што бабуля Валасецкая настойвае, каб тата сам адвозіў мяне ў гімназію Як яна мне надаела, увесь час робячы вымовы, што дзядуля на мяне траціць шмат грошай, а на яе - нічога. Адным словам, мне лягчэй застацца ў Мазыры, чым ехаць у Барбароў на сьвята або канікулы, а ўсё з-за бабулі”. Застаўшыся ў горадзе, Эдуард падзарабляў сабе на жыцьцё тым, што дапамагаў рыхтавацца да заняткаў адстаючым вучням з багатых сем’яў.

    І ўсё ж, нягледзячы на ўсе цяжкасці, гады, праведзеныя ў Мазыры і Барбарове, далі свой добры плён. Значна пашырыліся веды, кругагляд. У Барбарове юнак слухаў расказы, як яно было пры паншчыне, як надрываліся сяляне, узводзячы для пана Хорвата палац, славуты сваёй раскошай на ўсю губэрню. У Барбарове мала што зьмянілася і пасьля скасаваньня прыгону. Асабліва цяжка працавалася наёмнікам на мясцовых смалакурнях, якія беларускі пісьменьнік і краязнаўца Аляксандр Ельскі называў „фатальным промыслам”. Смалу і дзёгаць тут гналі ў зьедлівым дыме і цяжкім смуродзе. За работу плацілі зусім танна...

    Пякарскі рана зразумеў; што навокал творыцца вялікая несправядлівасьць, што народ пакутуе ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Але як змагацца з несправядлівасьцю, юнак яшчэ не ведаў. Перадавыя ідэі даходзілі ў барбароўскую глушэчу з вялікім спазьненьнем. Эдуард бачыў абмежаванасьць правінцыяльнага асяродзьдзя, марыў вырвацца ў шырокі сьвет, дзе жылі і змагаліся мужныя людзі, амаль яго равесьнікі...

    І такая аказія неўзабаве надарылася. У 1873 годзе Мазырскую гімназію рэарганізавалі ў прагімназію: замест васьмі клясаў у ёй стала шэсьць. Каб атрымаць сярэднюю адукацыю, Эдуарду трэба было ехаць у іншы горад. З паўгода Пякарскі правучыўся ў Мінскай гімназіі. Але на пачатку 1874 года, калі ў Мінск дайшла вестка, што Таганроскую гімназію ўзначаліў былы дырэктар Мазырскай гімназіі Эдмунд Рудольфавіч Рэйтлінгер, чалавек даволі кансэрватыўны, але увогуле справядлівы і таму папулярны сярод вучняў, юнак перавёўся туды. На разьвітаньне Эдуард папрасіў у дзеда на дарогу пяцьдзесят рублёў, паабяцаўшы, што больш зьвяртацца да яго за дапамогай ніколі не будзе,

    У Таганрогу Эдуард Пякарскі блізка сышоўся з рэвалюцыйна настроенай моладзьдзю. Узначальваў яе дваццацідвухгадовы Ісак Паўлоўскі, як кватараваў у мешчаніна Паўла Чэхава, бацькі пісьменьніка.

    Юнацтва Эдуарда Пякарскага прыпала на 70-я гады 13 стагодзьдзя. Гэта быў цяжкі і супярэчлівы час. Зусім нядаўна адмянілі прыгоньніцтва, але ў краіне засталіся яго рэшткі, якія перашкаджалі далейшаму разьвіцьцю. Заставалася царскае самаўладзтва. Фэадальны прыгнёт зьмяніўся не менш жорсткім капіталістычным. Сацыяльныя супярэчнасьці, цяжкае і бяспраўнае жыцьцё выклікалі народны пратэст, пачуцьцё абурэньня ў перадавой інтэлігенцыі. Найбольш пасьлядоўнымі барацьбітамі супраць прыгнёту былі ў тыя гады рэвалюцыйныя народнікі, выхадцы з разначынных слаёў насельніцтва.

    ...Пякарскі займаўся ў Таганроскай гімназіі. Парадкі ў ёй былі вельмі строгія, кансэрватыўныя. У праграму не ўключаліся творы нават такіх пісьменьнікаў, як Гогаль і Тургенеў: Што ж датычыцца кніг Бялінскага, Дабралюбава, Пісарава, Някрасава, то карыстацца імі забаранялася зусім. Але чыталі іх тут запоем. Пякарскі пазьней прыгадваў: „У маёй памяці засталіся прыемныя ўспаміны пра сумеснае чытаньне розных кніг і пра гутаркі і спрэчкі наконт прачытанага. Усё тое, што было засвоена ў час такіх сумесных чытаньняў, надоўга, калі не назаўсёды, урэзалася ў памяць... Асабліва нам спадабалася патрабаваньне аднаго з аўтараў выхаваць з сябе асобу, якая думае і крытычна адносіцца да свайго акружэньня”.

    Вытрымаўшы экзамэн за шосты кляс, ён паехаў з Таганрога бліжэй да родных мясьцін - у Чарнігаў, дзе правучыўся наступныя два гады.

    У Чарнігаве Эдуард пасяліўся ў агульнай вучнёўскай кватэры. Тут ён быў „старшым”, адказваў за парадак, за гаспадарку і атрымоўваў за гэта бясплатны харч. Такім чынам, у яго зьявілася магчымасьць не губляць час на рэпэтытарства, а больш займацца.

                                                                 /працяг будзе/

    /Раённы веснік. Чэрвень. № 66. 13 жніўня 1991. С. 3./

 

 

                                                     ЁН РОДАМ З-ПАД СЬМІЛАВІЧ

                                                       /Працяг. Пачатак у №№ 63, 66/

    ...У Маскве Эдуарда Карлавіча чакала толькі кансьпіратыўнае жыцьцё, і перад калядамі 1879 года ён вырваўся ў Пятроўскія Выселкі. Цяпер Выселкі ўваходзяць у межы Масквы, а тады дабірацца да іх было даволі нялёгка і доўга. Тут у дачных доміках кватараваліся студэнты Пятроўска-Разумаўскай сельскагаспадарчай акадэміі.

    Яшчэ па дарозе Пякарскі заўважыў, што за ім сочаць, таму з Выселак меркаваў зноў вярнуцца ў горад, але таварышы ўгаварылі яго застацца.

    ...Ён яшчэ ляжаў у ложку, калі ў пакой пастукалі... Увайшлі жандары і інспэктар акадэміі. Жандарскі капітан запатрабаваў пашпарт. Эдуард паказаў - на імя Мікалая Палуніна. Афіцэр запытаў, ці лічыцца такі студэнт ў акадэміі.

    - Не, такога я не ведаю. - Такі быў адказ інспэктара...

    - Апранайцеся!

    Пякарскага тут, у Выселках, дапыталі, склалі пратакол потым пасадзілі ў санкі і павезьлі ў горад. Быў люты мароз. Капітан Каржавін /у некаторых крыніцах - Каровін/ спытаў у арыштаванага:

    - Няўжо ў такую халадэчу вы ходзіце ў драпавым паліто?

    - Маё футра, - адказаў Пякарскі, - засталося ў сталоўцы, дзе я ўчора абедаў!

    Каржавін, мабыць, пашкадаваў арыштаванага, і, каб ён крыху абагрэўся, сьпярша павёз Эдуарда не ў жандарскае ўпраўленьне, а на сваю кватэру. Напаіў маладога чалавека кавай, затым папрасіў, каб Пякарскі аддаў яму сваю запісную кніжку з грыфэльнымі лісткамі, на якіх крэйдай былі зроблены паметкі /Пякарскі не пасьпеў іх сьцерці/. Пасьля доўгага разгляду кніжка была вернута са шматзначнай заўвагай: „Схавайце яе, яна яшчэ вельмі спатрэбіцца”. Эдуард зразумеў, што дапусьціў памылку, пакінуўшы пры сабе |дакумэнты. На шчасьце, вартавыя не зьвярнулі ўвагу на словы капітана, а Пякарскі папрасіў паказаць, дзе тут туалет. У гэты момант юнаку прыгадаліся радкі з “Былога і дум” Герцэна: „Можна быць жандарскім афіцэрам, не страціўшы ўсёй чалавечай годнасьці”...

    Відаць, капітан, пры ўсіх яго манархічных перакананьнях, паспачуваў тым абставінам, у якіх аказаўся малады чалавек. Ён даў магчымасьць Пякарскаму пайсьці без аховы ў туалет. Там Эдуард сьцёр запісы ў запісной кніжцы, а таксама зьнішчыў фатаграфіі, што былі з ім. Пакінуў толькі фатаграфію каханай дзяўчыны, захаваўшы яе паміж вечкамі кішэннага гадзіньніка. Каржавін жа пры допытах потым не нагадваў яму ні пра кніжку, ні пра фатаграфіі...

    Першыя два месяцы пасьля арышту Пякарскі правёў у Бутырскім турэмным замку. На допытах трымаўся добрай парады, якую яму даў яшчэ Снегіроў: маўчаць, не адказваць нават на бяскрыўдныя пытаньні, інакш можна заблытацца, навесьці на сьлед таварышаў. А каб не прагаварыцца праз сон, па начах Пякарскі, рызыкуючы задыхнуцца, трымаў у роце „ляльку” - за* загорнуты ў насоўку гузік.

    Пасьля допытаў было папярэдняе сьледзтва, потым перавод у Прачысьценскую паліцэйскую часьць. Там Пякарскі сустрэў іншых рэвалюцыянэраў, што чакалі прызначэньня месца ссылкі. У гэтай часьці было значна лягчэй. Чыноўнікі паводзілі сябе тут памяркоўна. Сучасьнік Пякарскага пісьменьнік Караленка, які адначасова з ім сядзеў у турме за рэвалюцыйную дзейнасць, трапна назваў такіх служачых „добрымі людзьмі на кепскім месцы”.

    Акалодачны Лаўроў дазваляў, напрыклад, арыштаваным сыходзіцца разам на чай, а сам у гэты час прагульваўся з кім-небудзь з арыштантаў па двары. Калі аднойчы зьявіўся папярэджаны даносам прыстаў, усе пасьпелі непрыкметна разысьціся па камэрах. І ўсё ж Лаўрова па таму даносу звольнілі. Арыштаваныя адказалі дружным пратэстам: паламалі сталы, табурэткі, рукамыйнікі, выбілі вокны. Пры гэтым Пякарскі моцна парэзаў палец, шрам застаўся на ўсё жыцьцё як напамін пра згуртаванасьць таварышаў-рэвалюцыянэраў. Прыстаў бегаў па калідоры і дапытваўся пра прычыны пагрому.

    - Сам ведаеш, нягоднік! - адказвалі яму з камэр.

    Расьсялялі зьняволеных па розных часьцях, і Пякарскі трапіў у гарадзкую. Тут яго адразу ж абшукалі, але не здагадаліся заставіць зьняць туфлі, у якіх ён праз некалькі паліцэйскіх часьцей і турму пранёс сьцізорык. Хутка Эдуарда зноў перавялі ў тую ж Прачысьценскую часьць, дзе ён сутыкнуўся з акалодачным па прозьвішчу Сямёнаў. Апошні таксама аказаўся „добрым чалавекам на кепскім месцы”. ён дазваляў Пякарскаму сустракацца з рэвалюцыянэрамі Вольгай Нікіфаравай і Марыяй Вегнер-Гінтэр. Калі яны прыходзілі, акалодачны захінаўся газэтай і рабіў выгляд, што заняты чытаньнем. Так, наведвальніцы ўсунулі аднойчы ў кішэню Эдуарда грошы, запіску і пашпарт. Калі сустрэча закончылася і Пякарскі вярнуўся да сябе ў камэру, Сямёнаў зайшоў усьлед за ім, замкнуў дзьверы і, падышоўшы да яго ўпрытык, ціха сказаў.

    - Дайце слова гонару. што вы не атрымалі зброі.

                                                                 /працяг будзе/

    /Раённы веснік. Чэрвень. № 69. 24 жніўня 1991. С. 3./

 


 

                                                      ЁН РОДАМ З-ПАД СЬМІЛАВІЧ

                                                     /Працяг. Пачатак у №№ 63, 66, 69/

    Па-рознаму рэагуюць на няшчасьце чалавека яго родзічы і блізкія. Чуткі, як кругі па вадзе ад кінутага каменя, разыходзяцца сярод людзей... Так было і з арыштам Эдуарда Пякарскага. Сябра яго дзіцячых год Ф. Абрамовіч пазьней успамінаў: „...яго родныя адракліся ад яго, спынілі з ім усялякія зносіны. Ніхто не ўспамінаў пра ранейшыя сымпатыі і, паміж іншым, не адважваўся чым-небудзь дапамагчы або паспачуваць”...

    Калі Пякарскі сядзеў у турме, у Маскву прыяжджаў яго дзядзька, кампазытар Раманоўскі. Але, нягледзячы на абяцаньне, наведаць пляменьніка так і не прыйшоў. Пазьней Эдуард Карлавіч пісаў пра яго так: „У |колькі разоў высакародней яго Соф’я Якімовіч, якая напісала мне, рызыкуючы выклікаць гнеў свайго шаноўнага бацькі”. Соф’я Якімовіч была дачкой суседа , Эдуардавага дзеда па Барбарову. Бацька, вядома, забараняў ёй перапісвацца з „дзяржаўным злачынцам”.

    Стары Рамуальд Пякарскі, даведаўшыся пра нягоды свайго ўнука, спачатку абураўся яго паводзінамі і не хацеў нічым яму дапамагчы, алё перад сьмерцю ў сваім завяшчаньні адпісаў Эдуарду палавіну грошай. Праўда, разьлікі потым былі зроблены так блытана, што Пякарскі нічога не атрымаў, але сам факт быў прыемны. Выканаўцам завяшчаньня быў бацька Соф’і, якога суседзі абвінавачвалі ў нейкіх „няправільнасьцях” і, мяркуючы па ўсім, падставы для гэтага былі...

    Урэшце справа Эдуарда Пякарскага трапіла ў суд. Прысуд абвяшчаў: „Пазбавіць яго маёмасных правоў і выслаць на катаржныя работы ў руднікі тэрмінам на 15 гадоў”. Канчатковае рашэньне было крыху мякчэйшым: ссылка ў Якуцію.

    У лютым 1881 года Пякарскаму паведамілі, што яго пераводзяць у Вышневалоцкі палітычны астрог Цьверскай губэрні. Перад дарогай зьняволены, збіраючыся ўцячы, зашыў у шапку грошы і пашпарт. Але плян не ўдаўся.

    Калі наступіла вясна і рэкі вызваліліся ад лёду, зьняволеных пачалі рыхтаваць да адпраўкі ў Сыбір. Іх выклікалі ў кантору, агледзелі, пагрузілі на падводы рэчы. І вось вароты турмы расчыніліся. З іх пацягнулася шэрая калёна арыштантаў... Пякарскі ўспамінаў пазьней: „Я рады быў сустрэць сярод арыштантаў шмат людзей, пра якіх чуў і ведаў толькі па судовых працэсах і па прамовах і якіх уяўляў як герояў, што несьлі на сабе ўвесь цяжар барацьбы за народныя інтарэсы”. Ён адчуваў нават гонар - быць роўным гэтым загартаваным людзям.

    На адным з этапаў, у Канску, Пякарскі, занадта лёгка апрануты для Сыбіры, захварэў на запаленьне лёгкіх. Да Іркуцка яго везьлі на санках...

    27 верасьня 1881 года яны нарэшце былі ў Іркуцку... Праз адзінаццаць дзён Эдуарда накіравалі адсюль на пасяленьне ў Якуцію. Ён развітаўся з таварышамі і па-кінуў палітычнае аддзяленне астрога. У канторы яго чакаў жандар і канвойны салдат, якія павінны былі суправаджаць ссыльнага ў доўгай дарозе: да Якуцка было тры тысячы вёрст...

    Для тых, каго царскі ўрад накіроўваў сюды ў ссылку, край гэты быў пагібельным. Улады хацелі зрабіць усю Якуцію велізарным астрогам - без сьцен і кратаў, без засоваў і замкоў. Астрогам надзейным, адкуль уцячы практычна немагчыма. Ды і ўцёкаў начальства не баялася, рэдкія паселішчы, адсутнасьць дарог, цяжкапраходныя лясы і балоты - такія ўмовы ніякіх надзей на ўцёк не пакідалі...

    Становішча ссыльных было цяжкім. Жылі яны амаль у поўнай ізаляцыі ад навакольнага сьвету. На іх долю выпадалі толькі „стасутачная” палярная ноч з жудаснымі маразамі і страшэнная галеча...

    У Якуцку Пякарскага спачатку завезьлі ў двухпавярховы дом: тут жыў губэрнатар, тут знаходзілася яго канцылярыя. Ссыльнаму паведамілі, што жыць ён будзе за 230 вёрст на ўсход ад Якуцка ў Першым Ігідзейскім насьлегу Батурускага улуса /насьлег у Якуціі адпавядаў рускай воласьці, улус - павету/. Цяпер гэта мясцовасьць уваходзіць у склад Аляксееўскага раёна Якуцкай АССР.

    Некалькі сутак Пякарскі правёў у велізарным драўляным будынку астрога, а потым яго скіравалі на месца пасяленьня - пасёлак Чурапча, які складаўся з двух-трох дзесяткаў двароў.    

                                                                 /працяг будзе/

    /Раённы веснік. Чэрвень. № 76. 21 верасня 1991. С. 4./

 
































Brak komentarzy:

Prześlij komentarz