Гісторыю Беларусі мы, людзі старэйшага пакаленьня, практычна не вывучалі. Ну, расказвалі нам выкладчыкі тое-сёе пра заваяваньне Беларусі літоўскімі князямі ды яшчэ крышку пра клясавую барацьбу. І ўсё ж у нас, студэнтаў 50-х, час ад часу ўзьнікалі пытаньні.
Чаму гэта літоўскія князі, якія заваявалі Беларусь у сярэдзіне XIII ст., пагадзіліся зрабіць дзяржаўнай мовай беларускую, а не сваю, літоўскую? Чаму яны, язычнікі, добраахвотна прынялі праваслаўе? (Так, і Міндоўг, і Гедымін, і Альгерд былі праваслаўнымі. Гэта ўжо потым, у канцы XIV ст., сын Альгерда Ягайла, а за ім і пляменьнік Альгерда Вітаўт прынялі каталіцтва.)
Слова літва ў нашым уяўленьні было непарыўна зьвязана з берагамі Балтыйскага мора. І калі трапляліся нам радкі з летапісаў, што, маўляў, эпіскап тураўскі хадзіў хрысьціць літву і праз дзень-два вяртаўся дадому, мы ўсё гадалі, якім гэта транспартам ён карыстаўся.
На ўсе пералічаныя (і шматлікія іншыя) пытаньні бліскуча адказаў Мікалай Іванавіч Ермаловіч у кнізе “Па сьлядах аднаго міфа” Міндоўг, аказваецца, быў не заваёўнікам, а перабежчыкам, таму ён так ахвотна прыняў мову і веру славян. Славяне самі прапанавалі яму княжацкі прастол у Наваградку, і ён узначаліў іх паходы супраць літвы.
А тураўскаму эпіскапу не трэба было хадзіць далёка — летапісная літва жыла ў Верхнім Панямоньні, паміж Менскам і Наваградкам, паміж Маладзечна і Слонімам.
Памятаю, урыўкі з кнігі Ермаловіча, калі яна яшчэ была забаронена для друку, хадзілі ў рукапісах як “самвыдат”. Гэтакая крамола! Зрэшты, я думаю, не столькі ўлады былі ў тым вінаваты, колькі клан навукоўцаў, якія ўжо абаранілі дысэртацыі пра заваяваньне Беларусі літоўцамі і трымаліся за сваё.
Дзякуй Богу, кнігі Ермаловіча выдадзены. Факты, прыведзеныя ў іх, абвергнуць немагчыма. І ўсё ж літоўскія гісторыкі лічаць усіх князёў Вялікага княства Літоўскага сваімі і гісторыю ВКЛ падаюць як гісторыю Літвы.
На той тэрыторыі, дзе разьмешчана сёньня Літва, жыў народ жамойць. З гісторыі вядома, што — наша былая дзяржава называлася Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, а гэта значыць, што літва і жамойты былі рознымі народамі;
— жамойцкія землі не былі цэнтрам ці ініцыятарам утварэньня ВКЛ, яны самі ўвайшлі ў склад ВКЛ ужо пасьля княжаньня славутых Міндоўга і Гедыміна (дарэчы, вялікія князі не звалі сябе Міндоўгас ці Гедымінас, хоць гэтая форма імёнаў часам пранікае і ў беларускаю прэсу);
— жамойцкія землі ніколі не называліся Літвою; да іх гэта назва прыйшла (як да часткі ад цэлага) толькі ў XIX, а можа, і ў XX ст.
Тым не менш сама сучасная назва Літва нібы гіпнатызуе беларускіх вучоных і прымушае лічыць летапісную літву народам хоць і іншым, чым жамойць, але бясспрэчна балцкім.
Летапісная літва асымілявалася і стала часткай беларускага народа. Пісьменнасьці яна не мела, таму мова яе зьнікла. Дзе доказы таго, што гэта мова была балцкая? Беларускі пісьменьнік і гісторык Іван Антонавіч Ласкоў, які воляй лёсу жыў і працаваў у Якуцку, дзе памёр у 1994 г., дасьледаваў гісторыю летапіснай літвы і прыйшоў да высновы, што яна была племем не балцкім, а фіна-угорскім.
Некалькі слоў пра народы балцкія і фіна-угорскія. Балтамі зьяўляюцца літоўцы і латышы. Мовы іх індаэўрапейскія. Граматычная сыстэма блізкая да славянскай. Фіна-угорскія народы ў Эўропе — фіны, эстонцы, вэнгры, карэлы, комі, удмурты, марыйцы, мардва, чувашы. Удмурцкая, комі-зыранская і комі-пярмяцкая мовы ўтвараюць пермскую падгрупу. Менавіта гэтай падгрупай займаўся ў першую чаргу Ласкоў.
У ёй няма катэгорыі граматычнага роду. Ролю прыметнікаў звычайна адыгрываюць назоўнікі, калі іх ставяць перад іншымі назоўнікамі, пры гэтым яны не скланяюцца. Назоўнікі і займеньнікі скланяюцца, склонаў ажно 17. Першасныя словы аднаскладовыя (вада — ва, зямля — му, дрэва — пу). “Ад комі-пярмяцкай мовы так і патыхае старажытнасьцю, — пісаў Ласкоў, — тым таемным часам, калі чалавек толькі вучыўся гаварыць”.
Фіна-угорскія народы — самыя старажытныя насельнікі Ўсходняй Эўропы. Яны жывуць тут ужо пяць тысячагодзьдзяў (славяне ж — толькі 1500 гадоў). Мяркуючы па карце Тацыта, зьмешчанай у кнізе Я. Шыраева “Беларусь: Русь Белая, Русь Чорная і Літва ў картах”, фіны і эсты займалі прыкладна палову нашай сёньняшняй тэрыторыі. Так што няма нічога дзіўнага ў меркаваньні, што тое ці іншае племя магло мець фіна-угорскае паходжаньне.
Так, мова летапіснай літвы зьнікла, і ўсё ж... Усе язычніцкія народы называлі дзяцей словамі сваёй мовы, якія нешта пэўнае азначалі. Напрыклад, славяне называлі хлопчыка Уладзімір ці Усевалад, дзяўчынку — Сьвятлана ці Людміла. Нам і сёньня абсалютна ясны сэнс гэтых імёнаў (гэта ўжо пазьней, з прыняцьцем хрысьціянства, мы пачалі даваць дзецям незразумелыя для нас імёны старажытнаяўрэйскага, грэчаскага, лацінскага паходжаньня, кананізаваныя царквой). Вось такія, абсалютна зразумелыя ўсім імёны павінна была даваць дзецям і летапісная літва.
І ўявіце сабе — ніводнае імя летапіснай лггвы не адшыфроўваецца з сёньняшняй літоўскай ці латышскай моў.
А Ласкоў паспрабаваў адшыфраваць іх з моў пермскіх. і хоць не ўсё, але многае атрымалася..
Гöрд — чырвоны, прыгожы (Гердзень, Альгерд).
Öда — гарачы, страсны, палкі (Ёдка).
Вой — дзікі, непрыручаны (Войшалк).
Скöр — злосны, сярдзіты (Скіргайла, Скірмунт).
Жига — страшны (Жыгімонт).
Літара ö ў комі-пярмяцкай мове перадае рэдуцыраваны гук, які для вушэй славянскага летапісца мог гучаць як о, э ці ы. Не хачу займаць увагу чытачоў іншымі адшыфроўкамі, бо яны патрабуюць спэцыяльных філялягічных ведаў, прывяду толькі два беларускія прозьвішчы, якія, несумненна, засталіся з тых, літоўскіх часоў — Мізгайла і Кічкайла. На мове комі мизгыр — пахмурны, невясёлы, кöч — заяц.
Але ж Ласкоў браў толькі пермскія назвы. А можа, літва была сваячкай не комі, а эстаў, фінаў ці вэнграў? Нездарма ў Грунвальдзкай бітве менскі князь камандаваў вэнгерскім палком. Можа, мовы былі падобныя? Не камандаваў жа ён у час бою праз перакладчыка! І многія нашчадкі Ягайлы былі вэнгерскімі каралямі, а мадзьяр Стэфан Баторый стаў каралём Рэчы Паспалітай.
Словам, калі пашукаць у фіна-угорскіх мовах, можна многае зразумець. Ды сама назва литва — наколькі падобная яна на мордва! У “Гісторыі дзяржавы Расійскай” М. Карамзін называе фіна-угорскае племя нарова. Дадайце яшчэ племя хинова, якое ўпамінаецца ў “Слове аб палку Ігаравым” побач з літвой і яцвягамі.
Але нашы беларускія дасьледчыкі ці вельмі кансэрватыўныя, ці ўжо абаранілі дысэртацыі на тэму балцкага паходжаньня літвы і балцкай тапанімікі на прасторы Беларусі. Калі яны сказалі, што Волма ці Арэса — назвы тыпова балцкія, то ўжо не адступяцца ад свайго, хоць на карце Рэспублікі Комі сваімі вачыма ўбачаць аж дзьве Волмы — Вялікую і Малую. Арэс на мове комі значыць восеньская. І маецца ў Рэспубліцы Комі рака Арэс, што, напэўна, азначае рака з восеньскай паводкай.
Нават прыхільнікі тэорыі Ласкова часта робяць мне папрок, што я, захапляючыся лінгвістычным бокам праблемы, не зьвяртаю ўвагі на знаходкі археолягаў. Добра, я ўзяла зборнік археалягічных артыкулаў, выпушчаны Беларускай акадэміяй навук, і прачытала там прыкладна наступнае: археолягі не могуць вызначыць прыналежнасьць керамікі, знойдзенай пры раскопках, таму ці іншаму народу, пакуль не зьвернуцца да лінгвагеаграфіі. Раскопкі рабіліся на беразе Волмы, а паколькі Волма, бясспрэчна, назва балцкая... Тут я закрыла кніжку. Археолягі спасылаюцца на лінгвістаў, лінгвісты на археолягаў. Кола замыкаецца.
Зрэшты, гэта толькі мая асабістая думка. Ласкоў з павагай ставіўся да пошукаў археолягаў, што пацьвярджае ўрывак з яго неапублікаванай яшчэ кнігі “Летапісная літва: сваяцтва і лёс”, надрукаваны ў часопісе “Крыніца” № 22 за 1996 г.
Але вернемся да карты Рэспублікі Комі. Вось якія рэкі там цякуць: Ветью (бел. Вець), Лапъюга (Лапуга), Неман (Нёман), Йола (Ола), Арэс (Арэса), Понъю (Поня), Вашка (Ваша) і г. д. Можна прывесьці дзесяткі прыкладаў.
Але калі нават такіх супадзеньняў і няма, усё роўна большасьць назваў беларускіх рэк адшыфроўваецца з пермскіх моў. На мове комі рака — ва, га, ю, шар. Разгледзім назвы нашых рэк.
Ізва (из — камень);
Лонва (лонь — ціхі);
Езва (езь —язь);
Тонва (тон-тон —абледзянець);
Пульва (пуль-паль — плёскат вады);
Дзіва (дзиб — глухі густы лес; напэўна, была Дзібва, але губныя гукі б і в зліліся ў адзін);
Удава (уд — луг).
Назву Пінега рускія дасьледчыкі перакладаюць як Малая рака. А наша Піна? Напэўна, проста Малая. Тую ж форму, што і Пінега, мае Няміга. Немь — рачная каса, водмель. Магчыма, адсюль і Нёман (Нёманка, Неманіца).
У летапісах рака Шчара называецца Шчар’е. Вельмі падобная на назву ракі ў Рэспубліцы Комі Шарью. Шар — вузкая рака, ручай, праліў (Матачкін Шар, Югорскі Шар). Поле па комі-пярмяцку ыб.
А наш абшар — ці гэта не значыць палі-ручаі, ыб-шар? І яшчэ вельмі цікавыя нашы „балотныя сынонімы”: на мове комі дрыгва — дрöгва, цьвіль — баг (багна).
Тое ж самае і з азёрамі. На мове комі возера — ты. Таму і маем мы назвы азёр у форме множнага ліку: Дрывяты, Дрысьвяты, Усьвяты, Чорты, Бакшты. Гэта не множны лік, гэта проста слова “возера”.
А горад Лёзна? Не растлумачыш гэту назву, пакуль не зазірнеш у комі-пярмяцкі слоўнік: лöзны — сінець.
Але, бадай, найбольш цікавая гісторыя з Ашмянамі. Першым гербам Ашмянаў быў мядзьведзь на задніх лапах. Потым яго зьмянілі на чырвонае цяля. Па комі-пярмяцку ош — мядзьведзь, а öшка — бычок. Можа, усё гэта сьведчыць, што мастак, які маляваў гербы, яшчэ ведаў мову летапіснай літвы?
Я аднойчы напісала Ласкову: ці не магло так здарыцца, што менавіта ў пару асыміляцыі фіна-угорскіх народаў узьніклі не вельмі зразумелыя фальклёрныя выразы “гусі-лебедзі”, “сарока-варона”? Ці не было гэта “юсі-лебедзі”, “рака-варона”? (Юсь у комі — лебедзь, рака — варона.) Ласкоў быў вельмі задаволены маёй знаходкай.
У мяне ёсьць знаёмы Анатоль Рыгоравіч Ярусаў, кандыдат тэхнічных навук. Ён комі-пярмяк па нацыянальнасьці, ураджэнец вёскі Юсьва. Скончыў Сьвярдлоўскі політэхнічны інстытут, быў разьмеркаваны на працу ў Мінск. І адразу ж зьдзівіўся: “Чаму я разумею назвы ўсіх вашых рэк і азёр?” Ажаніўся з беларускай, паехаў да яе сваякоў у вёску і зьдзівіўся яшчэ больш: “Калі я здалёк чую беларускую мову, мне здаецца, што я зноў у Юсьве. Прыслухоўваюся — не, словы не тыя”.
Сапраўды, фанэтычнае супадзеньне беларускай і комі-пярмяцкай моў выключнае: мяккае дз, цьвёрдыя дж, ч, р, наяўнасьць ў, вельмі мяккае с. Фактычна гэта ўсе фанэтычныя асаблівасьці, якія адрозьніваюць беларускую мову ад іншых славянскіх моў. Ці маглі б мець такую фанэтыку беларусы, калі б яны не жылі побач з фіна-угорскімі народамі?
А наша лексыка? На мове комі ки — рука (кій), кок — нага (скокі), лöк — страшны (лякацца), сунис — нітачка (суніцы, яны размнажаюцца вусікамі), йир — вір, па-удмурцку гурт — вёска і г. д
І яшчэ вельмі яскравы доказ супольнага жыцьця славян і фіна-уграў — беларускі пантэон. У цэлым ён, бясспрэчна, індаэўрапейскі. Галоўны бог Пярун нагадвае нам Зэўса, прыгажуня Лада зьяўляецца жонкай бога-каваля Жыжаля (успомнім Афрадыту і Гефэста) і г. д. Але Ян Баршчэўскі ў “Шляхціцу Завальні” сьцьвярджае, што самымі паважанымі багамі ў крывічоў былі Пярун і Баба-Яга. Менавіта іх ідалы стаялі ў дахрысьціянскім Полацку. Баба-Яга лічылася ўладарніцай царства зьвяроў і душ нябожчыкаў-продкаў.
Па комі-пярмяцку лес — гэта яг. Але словам яг называецца не кожны лес, а толькі той, у якім хаваюць нябожчыкаў, г. зн. лясныя могілкі. А дзе ж, як не там, царства зьвяроў і нябожчыкаў? Зразумелым робіцца і выраз, да якога мы прызвычаіліся: “Баба-Яга — касьцяная нага”. Злавесная і магутная, паўжывая, паўмёртвая...
Чаму бог — апякун жывёлы (“скотий бог”) пісаўся то Волос, то Велес? Гэта можна растлумачыць толькі наяўнасцю гука ö, які не маглі дакладна перадаць славянскія летапісцы. Па комі-пярмяцку конь — вöл.
Ян Баршчэўскі расказвае пра незвычайную здольнасьць старажытных багоў Полаччыны: у лесе яны былі высокія і магутныя, як дрэвы, а ў лузе рабіліся маленькімі, як трава. Ці не адсюль пайшла назва “божая кароўка”? А можа, быў і “божы конік”? У беларускай мове ёсьць проста конік. А вось у комі-пярмяцкай застаўся “божы конік”.
— Дык што ж? — можа спытацца нехта. — Столькі вучоных, беларускіх і літоўскіх, знаходзяць агульнае і ў нашай тапаніміцы, і ў лексыцы, і ўсё гэта выдумка, няпраўда?
Не, чаму? Чыстая праўда. Прывяду прыклады: весьці — vėstі, бегчы — bеgtі, грыб — grȳbаs, ліць — lуti, сесьці — sеsti, зіма — žiеmа, сьнег — snіеgаs, сям’я — šеіmа і г. д. Як бачыце, шмат агульнага.
Літоўскія вучоныя сьцьвярджаюць, што балты жылі на сваёй і нашай тэрыторыях ужо за 3000 год да н. э. А славяне, як вядома, толькі ўтварыліся як этнічная супольнасьць на мяжы I тысячагодзьдзя да н. э. і I тысячагодзьдзя н. э. Утварыліся з розных плямён і народаў. Прыкладна ў V-VI стст. прыйшлі яны на свае сёньняшнія землі ці то з Дуная, ці то са скіфскіх стэпаў. Дык як жа магло так здарыцца, што прыйшлі яны са сваёй новай мовай якраз у тое месца, дзе мова старажытнага народа была выпадкова падобная на славянскую? Каб гутарка ішла толькі пра беларусаў, можна было б падумаць, што яны пазычылі яе ў літоўцаў, але ж беларуская мова — родная ўсім славянскім.
Асабіста мне відавочна, што такога проста не магло быць. Я тлумачу гэта супадзеньне толькі тым, што славяне і балты — галінкі аднаго дрэва і прыйсьці на гэтыя землі яны маглі прыкладна ў адзін час. А што датычыцца агульнасьці беларускай і балцкай тапанімікі — хутчэй за ўсё абодва народы скарысталі назвы, якія былі дадзены сапраўды старажытнымі насельнікамі гэтых мясьцін — фіна-угорскімі народамі.
Тым нашым чытачам, якія зацікавіліся тэорыяй Ласкова, я раю зьвярнуцца да падшывак газэты “ЛіМ” і часопіса “Полымя” за 1989-1994 гг., дзе яна выкладзена вельмі грунтоўна. Будзем спадзявацца, што, нягледзячы на сёньняшнюю беднасьць нашых выдавецтваў, усё ж выйдзе манаграфія Ласкова “Летапісная літва: сваяцтва і лёс”.
З вялікай павагай і цікавасьцю ставіцца да работ Ласкова М. І. Ермаловіч. “Я толькі гісторык, — гаворыць ён, — і ў вызначэньні этнасаў абапіраюся на высновы лінгвістаў і археолягаў. Але я лічу, што Ласкоў раскапаў і распрацоўваў залатую жылу. Трэба шукаць. Інакш спыніцца разьвіцьцё навукі”.
Сьвятлана Клімковіч.
/Пачатковая школа. № 5-6. Мінск. 1997. С. 61-63./
ПА СЬЛЯДАХ ЯШЧЭ АДНАГО МІТУ
Прачытаўшы артыкул І. Ласкова “Племя пяці родаў” (“ЛіМ”, 18. 08. 89), дзе аўтар выказвае меркаваньне, што старажытная літва была не балцкім, а фіна-ўгорскім народам, я была ўпэўнена, што гісторыкі і філёлягі проста “накінуцца” на такі матэрыял, прымаючы ці абвяргаючы гіпотэзу аўтара. На жаль, адбылося іншае — артыкул нібыта не заўважылі. Ну што ж, калі вучоных гэтае пытаньне не цікавіць, давядзецца брацца за пяро нам, дылетантам.
Безумоўна, гісторыкам добра вядома, што
— наша былая дзяржава называлася Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (а гэта само па сабе сьведчыць, што літва і жамойты былі рознымі народамі);
— жамойцкія землі не былі цэнтрам ці ініцыятарам утварэньня ВКЛ, яны самі ўвайшлі ў склад ВКЛ ужо пасьля княжаньня славутых Міндоўга і Гедыміна;
— жамойцкія землі ніколі не называліся Літвою; да іх гэтая назва прыйшла (як да часткі ад цэлага) толькі ў XIX, а можа, і ў XX стагодзьдзі.
Тым не менш сама сучасная назва Літва нібы гіпнатызуе вучоных і прымушае лічыць старажытнае племя літва народам балцкім. Як прыклад бязглузьдзіцы прывяду цытату з Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі (артыкул “Літоўская ССР”): “Старажытнейшыя помнікі літоўскай пісьменнасьці напісаны на рускай (беларускай) мове, на лацінскай і польскай мовах”. Дык чаму гэтая пісьменнасьць — літоўская?
На жаль, і вельмі паважаныя мною беларускія гісторыкі сьцьвярджаюць, што наш народ узьнік на балцкім і толькі балцкім субстраце (М. Чарняўскі і С. Тарасаў у “Народнай газеце”, Г. Штыхаў у лекцыях у народным унівэрсытэце БНФ). Калі ж слухачы спыталі ў Штыхава, ці жылі ў Беларусі угра-фіны, ён адказаў, што жылі толькі на паўночным усходзе.
Значыць, жылі? І што, ніяк не называліся?
Мне ж (усьлед за Ласковым) здаецца, што жылі яны на значна большай тэрыторыі і называліся літва. Паспрабую аргумэнтаваць сваю думку.
1. Першае, што падштурхнула І. Ласкова да яго пошукаў, — гэта падабенства назвы двух народаў: літва — мардва.
Дадам: у «Гісторыі дзяржавы Расійскай” М. Карамзін сярод фіна-ўгорскіх народаў называе племя нарова. А ў “Слове аб палку Ігаравым” гаворыцца пра перамогі славян над плямёнамі ятвязи, литва, хинова. Ведаючы пра незразумелую, але ўстойлівую антыпатыю ўсходніх славян да гуку Ф (параўнайце — Хведар, Хадора), думаю, можна меркаваць, што хинова — племя фінскае.
І вось ланцужок падоўжыўся: літва — мардва — нарава — хінава.
2. І. Ласкоў пераканаўча растлумачыў фіна-ўгорскае паходжаньне назваў многіх беларускіх рэк (Зельва, Дзіва, Езьва, Лонва, Лахва і інш.) Ды і самаму недасьведчанаму чалавеку цяжка ўсумніцца ў гэтым, калі і ў нас, і ў Ленінградзкай вобласьці маюцца Нарва і Сьвір, калі ў нас цячэ Цна і ёсьць Цна — прыток Мокшы, што ўпадае ў Аку.
Дадам: Па комі-пярмяцку ты — возера (а ў нас Дрысьвяты, Дрывяты, Бакшты); лёз — сіні, лёзны — сінець (у нас—Лёзна); ны — суфікс інфінітыву, напрыклад, олыштлыны — жыць разам (напэўна, гэтая форма магла паўплываць на назвы нашых паселішчаў — Гальшаны, Ашмяны, Кушляны і г. д.).
Дык як маглі беларусы захаваць такую колькасьць фіна-ўгорскіх тапонімаў, калі яны не жылі побач з фіна-ўгорскімі народамі?
3. А фанэтыка? Ласкоў адзначае ў комі-пярмяцкай мове мяккае ДЗ, цьвёрдыя ДЖ, Ч і наяўнасць Ў. Дадам: у комі заўсёды цьвёрдае Р і вельмі мяккае С.
4. Пагартаем комі-пярмяцкі слоўнік: ростань — скрыжаваньне дарог, вежа — сьвяты, сьвяшчэнны, Еги-баба — баба Яга (успомнім, што яг — лес, сасоньнік), йир — вір, яр — яркі, бліскучы, бобыль — бабыль, ки — рука (а рука абапіраецца на кій), вот — падатак, вот мынтны — плаціць падатак (ці не адсюль войт і мыта?), руд ур — вавёрка летам (рудая?), верес — верас, кань — кошка (ці не нагадваюць крыкі птушкі кані каціныя?), вурд — выдра (па-ўдмурцку вудор), лягуша —жаба (па-чуваску шапа)...
Магчыма, я памыляюся ў нейкіх сваіх здагадках, але ж наяўнасьць у беларускай мове фіна-ўгорскай лексікі бясспрэчная. Як яна трапіла ў нашу мову, калі продкі беларусаў прыйшлі на балцкія і толькі балцкія землі?
Мне могуць запярэчыць: добра, калісьці, вельмі даўно, нашы продкі сутыкаліся з угра-фінамі, але якое дачыненьне мае да гэтага менавіта літва?
5. Самы галоўны доказ фіна-ўгорскай прыналежнасьці літвы — дахрысьціянскія імёны, якія захаваліся ў летапісах, і экзатычныя неславянскія прозьвішчы сёньняшніх беларусаў.
Калі мизгыр — змрочны, пахмурны, то і прозьвішча Мізгайла, напэўна ж, мае фіна-ўгорскае паходжаньне. Калі скöр — злосны, сярдзіты, то і Скірмунт — з той жа крыніцы.
Ласкоў расшыфроўвае шмат летапісных імёнаў. Некаторыя расшыфроўкі здаюцца мне пераканаўчымі, некаторыя спрэчнымі. Больш за ўсё мяне бянтэжыць тлумачэньне айла як бацькоўская вада, падобны на бацьку. Я думаю, што айла можа быць не словам — носьбітам сэнсу, а проста граматычнай формай. У комі-пярмяцкім слоўніку я знайшла некалькі ідыёмаў, якія мяне зацікавілі: сюзь кокалö — сыч клюе (у сэнсе спаць хочацца), пукалö лагун моз — сядзіць, як піўная дзежка (вось адкуль, напэўна, нашы Лагуны і Лагуновічы), гым — грымотны, гымалö — гром грыміць...
Гэтае гым-гымалö мне нешта вельмі нагадвала, і я ўсё паўтарала яго, пакуль яно неяк само сабой не ператварылася ў Грум-Гржымайла. Мне здаецца, тут можа быць ключ да адгадкі: гром-грымячы ці грымлю, як гром. А можа, і загрымлю, грымну (ва ўдмурцкім слоўніку алö — канчатак дзеяслова першай асобы будучага часу).
Мы не ведаем, як дакладна гучала гэтае алö ў старажытных літоўцаў. Але мяккае Л вельмі падобнае на Й (нездарма Б. Сачанка прыводзіць меркаваньне, што етвягі маглі быць летвягамі; ды і ў эўрапейскіх мовах такое чаргаваньне магчымае: іспанцы гавораць Эскамільо, а французы Эскамійо). Беларускі летапісец мог чуць імя, напрыклад, Ягайлы і як Ягальлё, і як Ягайо. Вось ён і перадаваў на пісьме абодва гукі — своеасаблівы дыфтонг. Дарэчы, палякі не чулі гэтага Й (Ягелло).
Калі мы згодзімся з магчымасьцю чаргаваньня ЛЬ і Й, то і само імя Ягайла можна расшыфраваць інакш. Лöг — злосны. Дапусьцім, ад гэтага слова ўтвараецца імя Лёгайло. Адпаведна законам беларускай фанэтыкі Е ненаціскное ператворыцца ў Е, а Е ў першым складзе перад націскам — у Я. І атрымаем Лёгайло — Егайло — Ягайла (сучасныя літоўцы пішуць Йогайла). Дарэчы, і па сэнсу яно адпавядае большасьці княскіх імёнаў. Любілі старажытныя літоўцы імёны змрочныя, пагражальныя, “устрашающие”.
Калі ж дапусьціць магчымасьць чаргаваньня Й з В мяккім (а такую падставу дае нам йир — вір), то памнажаюцца варыянты разгадкі імя Вітаўт. Так, маем слова йитöт — тое, чым зьвязваюць. А можа, той хто злучае, аб’ядноўвае?
Есьць у мяне яшчэ адна здагадка (хутчэй намёк на здагадку). Пель — вуха. Нянь — хлеб. Пельнянь — пельмень. Гэта па-комі-пярмяцку. А вось у чувашоў хлеб — мемме. Значыць, магчымае чаргаваньне Н і М. Ды і беларусам гэта ўласьціва — рабіць Мікіту з Нікіты і Міколу з Нікалая. Дык вось, калі ў нас, на нашай тэрыторыі, называлі хлеб мень (параўнайце — ячмень), то гэта магло б даць магчымасьць расшыфраваць імя Менеска — млынара, сына млынара і гаспадара чароўнага млына...
Мала ведаю пра ятвягаў. Але гэта быў лясны народ, і слова яг (лес), што ўваходзіць у яго назву, таксама можа сьведчыць пра фіна-ўгорскае паходжаньне. Разам з першай часткай етв (летв) гэта можа азначаць лясная літва. А ёсьць яшчэ слова öтвыв — разам, сумесна. Тады — лясное супольніцтва...
Хай сабе не ўсе мае здагадкі слушныя, але праца І. Ласкова, знаёмства з фіна-ўгорскімі слоўнікамі даюць мне падставу заступіцца за памяць легендарнага народа, карэннага насельніка нашых мясьцін, ён зьнік, як народ, але яго кроў цячэ ў нашых жылах. Хочацца добрым словам успомніць яго дзяржаўных дзеячаў, мудрых і адважных палітыкаў, якія імкнуліся кіраваць сваёй шматнацыянальнай дзяржавай, “гды ж того право божое и справедливость хрестияньская учить” (Статут Вялікага княства Літоўскага, разьдзел 1, арт. 18).
Святлана Клімовіч.
/Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 17. 26 красавіка 1991. С. 13./
З вялікай цікавасьцю прачытала ў часопісе “Спадчына” № 3 артыкул Ліі Салавей “Пантэон багоў у міфалогіі беларусаў”. Аўтар спрабуе знайсьці карані беларускай мітатворчасьці ў далёкіх дагістарычных часах, у прыватнасьці, у старадаўніх індыйскіх ведах. Сапраўды, індыйскі бог сонца Савітар прыадчыняе таямніцу імёнаў славянскіх багоў Сотвара і Стварога; імя бога агню Агні зразумелае без перакладу; у Ваю (богу ветру) пазнаём продка нашага няўрымсьлівага і буйнага пана Падвея.
Але славянскі пантэон не зьяўляецца цалкам ідэнтычным індаарыйскаму (як, напрыклад, рымскі — элінскаму). Гэта своеасаблівая зьява, якая ўзьнікла на глебе поліэтнічнасьці земляў, калянізаваных славянамі. Таму здаецца натуральным, што Л. Салавей, аналізуючы беларускі пантэон, шукае паралелі з багамі суседніх народаў (напрыклад, славянскі Вялес — і балцкі Велс).
На жаль, Л. Салавей цалкам ігнаруе мітатворчасьць фіна-уграў, старэйшых насельнікаў нашай зямлі. (Варта паглядзець хоць бы на карту Тацыта, надрукаваную ў кнізе Я. Шыраева “Беларусь: Русь Белая, Русь Чорная і Літва ў картах”. Там амаль палову тэрыторыі сёньняшняй Беларусі займаюць фіны і эсты). Нават той, хто не згодны з гіпотэзай І. Ласкова аб фіна-угорскім паходжаньні летапіснай літвы, не можа адмаўляць, што ў час славянскай калянізацыі на землях Беларусі жылі фіна-угорскія плямёны. І напэўна ж, яны ўносілі свой “творчы ўклад” у стварэньне беларускага пантэона.
Прывяду прыклад, які здаецца мне бясспрэчным. Пярун і Баба-Яга былі вельмі паважанымі багамі ў крывічоў. Як піша ў “Шляхціцу Завальні” Ян Баршчэўскі, менавіта іх вялізныя ідалы стаялі ў дахрысьціянскім Полацку. Баба-Яга лічылася ўладарніцай царства зьвяроў і душ нябожчыкаў-продкаў.
Па комі-пярмяцку лес — гэта яг. Так сьведчыць слоўнік. Але комі-пермякі, з якімі мне даводзілася гутарыць, сьцьвярджаюць, што словам яг у іх называецца не кожны лес, а толькі той, у якім хаваюць нябожчыкаў, г. зн. лясныя могілкі. А дзе ж, як не там, царства зьвяроў і нябожчыкаў? Зразумелым робіцца і выраз, да якога мы прызвычаіліся: “Баба-Яга, касьцяная нага”. Злавесная і магутная, паўжывая, паўмёртвая...
Зноў вяртаюся да Вялеса. Л. Салавей лічыць магчымым, што імя гэтага бога можа паходзіць ад слова вялікі. “Вяль — вялікі, рослы, як можна меркаваць па выразу, калі гавораць пра вялікага хлопца — гэткі Вяль вырас!”
Л. Салавей прыводзіць імя Вялес у сёньняшнім беларускім вымаўленьні. А ў летапісах, мы ведаем, ён пісаўся Велес, ці Волас. Чаму летапісцы чулі і так, і гэтак?
Рызыкну даць сваё тлумачэньне. Па комі-пярмяцку конь — вöл. Літара ö перадае кароткі рэдуцыраваны гук, якога няма ў славянскіх мовах (нешта сярэдняе паміж о і э). І вось калі бог называўся Вöлöс (конскі), то славянскія летапісцы маглі на слых успрымаць яго імя па-рознаму, а пераклад давалі — скотий бог. Тады і народны выраз, што прыводзіць Салавей, тлумачыцца па-іншаму: “Гэткі конь вырас!”
Ян Баршчэўскі расказвае пра незвычайную здольнасьць старажытных багоў Полаччыны: у лесе яны былі высокія і магутныя, як дрэвы, а ў лузе рабіліся маленькімі, ніжэй травы. Ці не адтуль пайшла назва “божая кароўка”? А можа, быў і “божы конік”? У беларускай мове ёсьць проста конік. А вось у комі-пярмяцкай застаўся божы конік.
Усе мы — хто больш, хто менш — ведаем прыгоды грэчаскіх багоў, німфаў, сатыраў. Любое дзіця адкажа на пытаньне, хто такія эльфы, фэі ці гномы. Не ведаем толькі сваіх багоў (а калі і ведаем, то акарыкатураных мюзікламі і мультфільмамі). Між тым наш фальклёр падказвае, што беларускі пантэон — сапраўды неацэнны скарб. Жывуць у ім побач з вялікімі багамі — уладарамі зямлі і нябёсаў — духі лесавыя, вадзяныя, дамавыя, палявыя, лугавыя, гаравыя, цмокі і зьмяіныя цары — русалкі — вадзяніцы, лесавіцы, балотныя начніцы. Кожнае дрэва, кожная травінка мае жывую душу.
І ў гэтай адухоўленасьці прыроды — такая спрадвечная, шчырая, трапяткая любоў да яе!
Не проста гэта — узнавіць свой пантэон, які стагоддзямі зьнішчаўся хрысьціянскімі сьвятарамі, а потым савецкімі чыноўнікамі. Але так хочацца паставіць на кніжную паліцу побач са слоўнікам грэчаскай і рымскай міталёгіі хоць маленькі слоўнічак міталёгіі беларускай!
Сьвятлана Клімковіч
/Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 36. 4 верасня 1992. С. 12./
Сьвятлана Клімковіч
ГІСТОРЫЯ — КРЫНІЦА НЕВЫЧЭРПНАЯ
1. Калі мы з кампазытарам Уладзімерам Солтанам скончылі працу над опэрай “Дзікае паляваньне караля Стаха”, нам адразу ж захацелася ўзяцца за наступную. Незадоўга да гэтага ў “ЛіМе” была надрукавана дакумэнтальная навэла К. Тарасава “Чорны шлях”. Рамантычнае і трагічнае каханьне судзьдзі Ваньковіча да ашмянскай шляхцянкі Ядвігі Хадзевіч-Русіноўскай падалося нам сюжэтам вельмі опэрным, вабіла магчымасьць паказаць асабістую драму герояў на фоне гістарычных падзей пачатку XVI стагодзьдзя — росквіту Вялікага княства Літоўскага.
Спытаўшы дазволу ў Канстанціна Іванавіча і потым не раз зьвяртаючыся да яго і да А. Мальдзіса за парадамі, мы некалькі гадоў працавалі над новай опэрай.
І вось наша “Пані Ядвіга” гатова, партытура ляжыць у тэатры. Маем надзею, што ў наступным сэзоне дырыжор А. Анісімаў і рэжысёр В. Цюпа пачнуць працаваць над ёй.
І ўсё ж мы адчуваем сябе неяк няёмка, нібы зрабілі нешта недазволенае. “Валодзя, — гавораць Солтану некаторыя яго калегі, — у цябе ўжо ідзе адна опэра ў тэатры, а ты хочаш паставіць новую? Ёсьць жа і іншыя кампазытары”. Мне хочацца запытацца ў такіх выпадках: а чаго б дасягнулі Вердзі ці Чайкоўскі, калі б іх опэрная творчасьць спынілася пасьля першага ж спэктакля? Тым не менш у нас, у беларускім музычна-тэатральным мастацтве, практычна атрымліваецца менавіта там. Успомнім Д. Смольскага з яго “Сівой легендай” ці Г. Вагнэра са “Сьцежкай жыцьця”. На 10-мільённую краіну мы маем адзін опэрны тэатар, які ставіць два спэктаклі ў год. Дзе тут разгарнуцца аўтарам?
Словам, трэцюю опэру (“Мілавіца”) мы з Солтанам пачалі пісаць неяк употай, нават думкі не дапускаючы зьвярнуцца з ёю ў опэрны тэатар. Гэта опэра-казка, тэмы якой навеялі нам кніга Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня”, гістарычныя працы М. Ермаловіча і І. Ласкова. Дзеяньне адбываецца ў дахрысьціянскія часы, калі нашы продкі, адчуваючы сябе часткай прыроды, абагаўлялі яе, насялялі акаляючы сьвет лесавымі, вадзянымі, лугавымі, дамавымі духамі, верылі, што нягодніка пакарае маланка, кінутая грознай, але справядлівай рукой Перуна.
Якраз тады, калі мы меркавалі, куды б “прыстроіць” наш твор, нам патэлефанаваў мастацкі кіраўнік дзіцячага музычнага тэатра-студыі “Казка” Г. Аляксандраў і спытаўся, ці няма ў нас чаго для яго тэатра. Зразумела, мы з радасьцю прынялі яго прапанову аб супрацоўніцтве.
У мяне была яшчэ адна дзіцячая п’еса, якая лёгка перараблялася ў лібрэта. Запрасілі кампазытара Віктара Войціка, і ў рэкордны тэрмін Войцік напісаў, а тэатар паставіў дзіцячую опэру “Вясновая песьня”. Зараз “Вясновая песьня” — адзіны музычны дзіцячы спэктакль на беларускай мове, які ідзе ў Рэспубліцы Беларусь.
На чарзе — “Мілавіца”.
Г. Аляксандраў прапанаваў нам з Войцікам напісаць музычны спэктакль па матывах кнігі У. Ліпскага “Вясёлая азбука”, дзе маленькія адважныя літары з замка Алфабэт будуць змагацца супраць страшэнных інтрыг каралевы Ляноты і Змея-Хапуна.
Так што працы хопіць, калі выжыве сам тэатар. З тым, што нацыянальны дзіцячы музычны тэатар патрэбны, згаджаюцца ўсе. Крышку б дапамагчы — і тэатар запрацаваў бы на поўную сілу. У нас так часта атрымліваецца: ніхто не супраць, а ўмоў для працы практычна няма.
2. Жанр опэрнага лібрэта вельмі спэцыфічны. Некаторыя драматургі (А. Вярцінскі, А. Петрашкевіч), раз паспрабаваўшы, болей да яго не вярталіся. Я ж люблю і найбольш разумею менавіта музычны тэатар. Працуючы ў Саюзе тэатральных дзеячаў, я мела шчасьлівую магчымасьць прысутнічаць на рэпэтыцыях, вывучаць увесь працэс стварэньня опэрнага спэктакля. І цяпер, маючы творчае ўзаемаразуменьне з такімі здольнымі кампазытарамі, як У. Солтан і В. Войцік, наўрад ці я захачу памяняць жанр.
Калі ж гаварыць пра тэматыку, то гісторыя і фальклёр — крыніцы невычэрпныя.
3. Пачну здалёк. Зараз у беларускай грамадзкасьці адкрыліся вочы, і яна здзіўлена пытае: “Чаму жамойты называюць сябе літвою? Гэта ж мы — літва!” Сапраўды, узяўшы нашу назву, жамойты аўтаматычна прысвоілі і нашу гісторыю. У інтэрв’ю з жамойцкімі дзеячамі даводзіцца чытаць, што, маўляў, Гродзеншчына і частка Віцебшчыны — “гэта этнічна нашы тэрыторыі” (хоць абсалютна ясна, што летапісная літва — гэта асобны народ, які быў асыміляваны славянамі, зьліўся з імі і стаў часткай беларускай нацыі).
Іван Ласкоў робіць навуковае адкрыцьцё: летапісная літва была не балцкім, а фіна-ўгорскім народам, і гэтае адкрыцьцё кладзе канец усім прэтэнзіям жамойтаў на нейкую выключную ролю ў нашай гісторыі. Кожны новы артыкул Ласкова ўсё больш доказна пацьвярджае яго гіпотэзу. Я не магу зразумець зацятага маўчаньня нашых навукоўцаў. Ну, паспрабуйце яго абвергнуць, калі ён не мае рацыі!
Дзіўную думку пачула я ад адной журналісткі: “Мне больш прыемна быць у сваяцтве з эўрапейскім народам, чым з нейкімі прышэльцамі з Усходу”. Не разумею я гэтага арыйскага снабізму. Няўжо сапраўды больш пачэсна быць родзічам жамойтаў і латышоў, чым, скажам, фінаў і эстонцаў?
Не ведаю, ці можна назваць гэта хобі, але з часу публікацыі ў “ЛіМе” артыкула Ласкова “Племя пяці родаў” я стала гарачай прыхільніцай яго тэорыі і пачала па магчымасьці дапамагаць яму: прапагандую яго ідэі, адсылаю да яго ў Якуцк патрэбную літаратуру, выконваю яго даручэньні (нават чытала яго даклад на навуковай канфэрэнцыі ў Маладзечне), адным словам, адчуваю сябе “даверанай асобай” Ласкова ў Мінску.
/Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 23. 10 чэрвеня 1994. С. 7./
СЬВЕТЛЫ СЬЛЕД — БУДЗЕ ВЕЧНА ЖЫВЫМ
ПАМЯЦІ ІВАНА ЛАСКОВА
“Я ўжо цалкам перакананы ў правільнасьці сваёй гіпотэзы. Тым і жыву сярод нягод апошняга часу. Ёсьць адчуваньне, што нездарма жыву”, — пісаў мне нядаўна Іван Антонавіч Ласкоў, які так рана і раптоўна пайшоў ад нас. Тым, хто ведаў яго, жыцьця радаснага, энэргічнага, цікаўнага да ўсяго на сьвеце, цяжка паверыць, што яго больш няма.
Закінуты лёсам у Якуцію, Ласкоў даваў прыклад такога шчырага служэньня беларускай ідэі, якім мала хто можа пахваліцца і жывучы тут. Паэт, празаік, крытык, ён у апошнія гады найбольш часу і сіл аддаваў гістарычным досьледам. Яго гіпотэза аб фіна-ўгорскім паходжаньні летапіснай літвы — сапраўднае навуковае адкрыцьцё, плён арыгінальнага, нестандартнага мысьленьня.
З дакладам на гэтую тэму Ласкоў сёлета павінен быў ехаць у Хэльсынкі, на міжнародны кангрэс фіна-ўгорскіх народаў. Не пасьпеў... Не пасьпеў ён закончыць два раманы і п’есу; сабраць у архівах КДБ зьвесткі пра ўсіх беларусаў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Якуціі. Але пасьпеў закончыць і перадаць у Беларусь, у выдавецтва “Мастацкая літаратура”, галоўную працу свайго жыцьця — кнігу пра летапісную літву.
“Ласкоў рабіў вялікую справу, — лічыць Адам Мальдзіс. — Ён практычна адзін распрацоўваў фіна-ўгорскі пласт у стварэньні беларускага этнасу. Не хачу сказаць, што яго і высновы зьяўляюцца ісьцінай у апошняй інстанцыі (такога нельга сказаць ні аб адным дасьледчыку), але мне асабіста яго доказы здаюцца лягічнымі і пераканаўчымі”.
У гіпотэзы Ласкова ёсьць і прыхільнікі, і праціўнікі. Аднак пакуль што аспрэчваньне яе ідзе толькі ў прыватных размовах. Няма ніводнай публікацыі, якая б гэту гіпотэзу абгрунтавана абвяргала. Ласкоў чакаў навуковай дыскусіі. Яна не адбылася. “У кожнага нашага вучонага — свая дзялянка”, — сумна жартаваў ён.
Калі ўжо чалавек абараніў дысэртацыю, што Волма ці Арэса — балцкія назвы, ён будзе трымацца за сваё да канца. Хоць варта проста разгарнуць атляс Рэспублікі Комі, каб убачыць там і Волму, і Арэсу, і Зэльву, і Немын, і шмат чаго яшчэ. А сьледам за філёлягамі ідуць і археолягі. Раз Волма — назва балцкая, значыць, і культура, знойдзеная там, таксама балцкая. Кола замыкаецца.
Разам з публікацыямі на Бацькаўшчыне артыкулы Ласкова часта зьяўляліся ў беларускай эмігранцкай прэсе. Вялікі яго артыкул зьмешчаны ў газэце “Вечерний Сыктывкар”. Засталася цікавая перапіска Ласкова з летувіскімі вучонымі.
Адзін з гэтых вучоных пачаў перапіску жорстка: “Мне жаль, что вы, образованный человек, преследуете такие гнусные цели... Вы излагаете свою теорию, где только можно, с целью лишить нас нашей истории”. Ласкоў адказаў яму, што не пазбаўляе летувісаў гісторыі, а дапамагае ўзнавіць яе ў сапраўдным выглядзе, а скажэньне гісторыі ніводнаму народу не прыносіла карысьці. Нарэшце яны неяк паразумеліся, і летувіскі вучоны прызнаўся Ласкову, што ён таксама знайшоў шмат фіна-ўгорскіх сьлядоў на тэрыторыі Летувы, але яго нідзе ў Летуве не друкуюць. Нібыта няма тых сьлядоў — і ўсё! Мне здаецца, што і на Беларусь летувісы хочуць распаўсюдзіць гэты прынцып — не было фіна-ўграў, былі толькі балты. Колькі прац нашых навукоўцаў-“балтафілаў” канчаюцца шчырай падзякай вільнюскім калегам, што прадаставілі ім патрэбныя матэрыялы. Тым больш прыемная прыхільнасьць да Ласкова такіх выдатных вучоных, як Адам Мальдзіс і Мікола Ермаловіч. “Ласкоў знайшоў залатую жылу, хай распрацоўвае яе далей, — не раз пры сустрэчах са мной гаварыў Ермаловіч. — Напішыце, каб хутчэй вяртаўся ў Беларусь. Такія людзі патрэбны тут”. Вярнуцца ў Беларусь — гэта была запаветная мара Івана Антонавіча. Але як? Тут не абяцалі яму ні працы, ні кватэры. Напэўна, былі праблемы сямейнага пляна: жонка — якуцкая пісьменьніца, у Якуцку нарадзіліся і вырасьлі дзеці. Дадаліся і непераадольныя фінансавыя цяжкасьці. “Прашу прабачэньня за доўгае маўчаньне, — пісаў мне Ласкоў. — Я са студзеня беспрацоўны, а беспрацоўны, аказваецца, мае значна меней часу, чым той, хто працуе. Хапаесься за тое і за сёе. Чытаю амаль што задарма лекцыі ў мясцовым унівэрсытэце па расейскай літаратуры пачатку XX стагодзьдзя: Блёк, Бунін, Гумілёў, Ахматава, Пастарнак і г. д. Пішу штотыдзень для газэты...”
Пісаў ён літаратурныя агляды, прынцыповыя і вострыя, нажываючы сабе ворагаў у мясцовым пісьменьніцкім асяродзьдзі.
Вось так, занадта напружана, прайшлі апошнія чатыры гады жыцьця Ласкова. Гавару — чатыры гады, бо столькі доўжылася маё з ім знаёмства. Пачалося яно з перапіскі (ліставаньня, як гаварыў Ласкоў) па праблемах яго артыкула “Племя пяці родаў». Потым мы некалькі разоў бачыліся ў час яго апошняга прыезду ў Мінск увосень 1991 года. Я ўспрымала гэтае знаёмства як падарунак лёсу. У наш час, калі найчасьцей сутыкаесься з раўнадушнасьцю, цынізмам, мэркантыльнасьці, радасна сустрэць чалавека адукаванага, цікаўнага, самаахвярна і бескарысьліва адданага сваёй справе.
У Ласкова быў своеасаблівы розум, востры і абсалютна непадуладны штампам і догмам. Яму не заміналі агульнапрынятыя меркаваньні, ён заўсёды думаў сам. Так, уласна, і адбылося з летапіснай літвой. Каму магла прыйсьці ў галаву думка, што літва можа быць небалцкім народам? Сама назва вымушала да такой высновы. Але ж назва той, нашай літвы — адно, а назва Літвы сучаснай не гістарычная, яна ўзятая самімі летувісамі. Зрэшты, пра ўсё гэта было шмат публікацый Ласкова ў “ЛіМе” і ў “Полымі”. Хутка, спадзяюся, мы ўбачым і яго кнігу. Сёньня мне хочацца сказаць аб іншых знаходках Ласкова, якія ён не публікаваў, бо лічыў нераспрацаванымі, недастаткова даказанымі. Зноў жа, не выдаю іх за ісьціну ў апошняй інстанцыі, хай гэта будуць проста тэмы для роздуму.
Вельмі цікавіла Ласкова паходжаньне славян. “Славянская гісторыя зусім не высьветленая, нават у межах дзьвюх тысяч год, — пісаў ён. — Невядома, адкуль яны ўзяліся: ці аднекуль прыйшлі, ці жылі на сваіх сёньняшніх тэрыторыях спрадвечна. Прычым на гэты конт няма і паданьняў. Нібы такой прорве народаў адбіла памяць. Гэта можа тлумачыцца зьменай мовы.
Сёньня славянскія народы ў агуле перавышаюць любую моўную эўрапейскую групу. А ў рымскія часы пра іх, лічы, і не чуваць было — так, ускосныя згадкі. Гэта значыць, што іх было зусім мала. Чым жа вытлумачыць іх такі хуткі рост? Незвычайнай пладавітасьцю? Вядома ж, такое тлумачэньне было б лухтой. Славяне павялічваліся колькасна аж да II тысячагодзьдзя н. э. (а рускія — і надалей) дзякуючы пераходу на славянскія мовы фіна-ўграў, абарыгенаў вялізных прастораў.
Славяне здаюцца ў параўнаньні з раманскімі і германскімі народамі нейкімі зусім маладымі, яны нібыта адсталі ад гістарычнага разьвіцьця Эўропы аж на тысячу год, жывучы на адзінай з тымі тэрыторыі і практычна ў такіх самых умовах. І гэта, мусібыць, зьвязана са зьменаю мовы, працэсамі перамешваньня чалавечых масаў”.
Я напісала Ласкову: а ці не магло так быць, што ў час зьмены моў славянскія і фіна-ўгорскія словы ўжываліся паралельна? Напрыклад, такія нелягічныя словазлучэньні ў славянскім фальклёры, як гусі-лебедзі ці сарока-варона, маглі раней гучаць як юсі-лебедзі, рака-варона (на мове комі юсь — лебедзь, рака — варона). Гэтая мая здагадка вельмі спадабалася Ласкову.
Неяк Іван Антонавіч з радасьцю паведаміў: “Я, здаецца, адкрыў сакрэт слова суніцы. Па комі-зыранску сунис — прадзіва, нітка. А суніцы ж размнажаюцца вусамі, цягнуцца па зямлі, як нітка”. З той пары, зьбіраючы суніцы, заўсёды ўспамінаю Ласкова, яго нітачкі, працягнутыя ў сёньняшні дзень з далёкага-далёкага мінулага.
Усе мы ведаем, што славяне ў Ноўгарадзе не змаглі кіраваць самі і запрасілі варагаў (скандынаваў) з-за мора. А вось Ласкоў лічыць, што тое мора было хутчэй за ўсё Чудзкім возерам, што варагамі маглі называць людзей з глухіх лясоў (у мове комі вöр і яг — сынонімы слова лес; спараныя, яны ўзмацняюць сэнс), што слова русь занадта нагадвае весь, чудь, водь, каб быць заморскім.
“Мае думкі апошнім часам сталі круціцца вакол варагаў, русі і г. д. Пра русь у пачатковым летапісе сказана так: «Те варяги назывались русью подобно тому, как другие называются шведы, а иные норманны и англы, а. еще иные готландцы, — вот так и эти прозывались». Выходзіць, што русь — не нарманы, не швэды, не англічане, не гатландцы. Дык адкуль тады ўзялася вэрсія, што русь — скандынавы?
Далей — глядзіце, хто іх запрашаў: «Сказали руси чудь, славяне, кривичи и весь: Земля наша велика и обильна, а порядка в ней нет. Приходите княжить и владеть нами»...
Зьвярніце ўвагу, што ў сьпісе плямёнаў, якія прасілі русь “валодаць намі”, на першым месцы стаіць чудзь, хаця цэнтрам дзяржавы стаў Ноўгарад. Гэта яўна паказвае, што чудзі было больш, чым славян... Што ж да этнічнай прыналежнасьці русі, да яе моўнага гнязда, то прыпыняе такі вядомы факт, на які чамусьці ніхто не зьвяртае ўвагі. Цытую: «И сел Олег, княжа, в Киеве, и сказал Олег: да будет матерью городам русским». Чаму не бацькам? Гэта сьведчыць, што ў мове русі не было катэгорыі граматычнага роду... Ва ўсіх фіна-ўгорскіх мовах катэгорыі роду няма. Адной з тых моў і быў носьбітам Алег. Якой менавіта? Тут яшчэ трэба капаць... Ваша назіраньне, што нарманы, калі б гэта былі яны, прыйшлі б ужо хрышчонымі, вельмі каштоўнае. Паглядзіце: яшчэ і напрыканцы X стагодзьдзя Уладзімір выбіраў паміж праваслаўем, каталіцызмам, юдаізмам і магаметанствам. Калі б русь прыйшла са Скандынавіі, дык, мусібыць, захавала б памяць пра даўняе хрышчэньне ў каталіцызм, і пытаньня б увогуле не было. А Уладзімір пра гэта не памятае. «Идите, откуда пришли, — гаворыць ён пасланцам папы, — ибо и отцы наши не приняли этого». Якія ж тут скандынавы?”
Вельмі прыгожае тлумачэньне імя Ігар прапануе Ласкоў — ад югöр, што азначае прамень, сьвятло, зара.
Кожнага ліста ад Івана Антонавіча я чакала з нецярплівасьцю, нібы гэта быў працяг цікавага прыгодніцкага рамана. Толькі дзеяньне ў тым рамане ішло не наперад, а назад, у далёкую дагістарычную пару.
“Я ўзяўся за высьвятленьне пытаньня, ці сапраўды паміж эўрапейскімі мовамі маецца генэтычная сувязь, ці сапраўды яны паходзяць ад нейкай адной. А можа, агульны пласт іх лексыкі тлумачыцца ўзаемадзеяньнем носьбітаў гэтых моў? Мэтадалёгія мая такая. Вылучаю “ядро мовы”, г. зн. такія словы, якія павінны былі б у кожнай мове існаваць спаконвечна: назвы найболей важных акаляючых зьяў (сонца, зямля, неба, вецер, агонь і г. д.), частак цела (галава, вочы, нос, рот, рукі, ногі), найважнейшыя дзеясловы (сядзець, стаяць, хадзіць, есьці, спаць), найважнейшыя якасьці (вялікі, малы, высокі, нізкі, шырокі, вузкі). Выбраўшы да 150 такіх слоў, хачу выпісаць іх з усіх эўрапейскіх моўных груп: славянскія, лацінскія, грэцкія, нямецкія, летувіскія, а потым параўнаць. Ці ж няясна, што калі ўсе гэтыя мовы паходзяць ад адной, то ядро іх павінна. супадаць? А ўжо першыя назіраньні паказваюць, што такіх выпадкаў, каб слова з ядра мелася ва ўсіх гэтых мовах, выключна мала. Напрыклад, неба па-летувіску дангус, а на лаціне — цэлум, у грэцкай — уранос, па-нямецку — хіммэль. Ці можна сказаць, што яны паходзяць ад аднаго слова? Вядома ж, не. А неба ж заўсёды было над галавой у людзей. Значыць, каб мовы разьвіваліся так, як лічыцца, слова неба не магло б зьнікнуць і замяніцца іншым. Адсюль і бачна, што ўяўленьне наша няправільнае. Як бачыце, я іду ў такім кірунку, за які мяне пастараюцца зьесьці без солі”.
І вось апошняе пісьмо, ад 12 чэрвеня (памер Ласкоў 28 чэрвеня ад інсульту).
“Калі я пішу, што паміж групамі індаеўрапейскай сям’і моў няма генэтычнай роднасьнасьці, я маю на ўвазе, што нельга лічыць, быццам яны паходзяць ад аднаго кораня, аднае агульнай прамовы. Гісторыя гэтай сям’і, на мой погляд, зусім не такая. Яна зьвязаная з распаўсюджаньнем лексыкі і граматычных асаблівасьцяў на індаэўрапейскай прасторы, г. зн. той прасторы, якую сёньня займаюць індаэўрапейскія мовы. Распаўсюджаньне ж гэтае зьвязанае з рухам людзей, перамешваньнем розных плямёнаў.
Перамешваньне было ў першую чаргу зьвязанае з рабаўніцкімі войнамі, захопам, продажам і перапродажам рабоў. Спачатку пэрсы зганялі ў свае гаспадаркі людзей з Сярэдняй Азіі і Паўднёвай Эўропы, потым тое ж самае рабілі грэкі, пасьля гэтых — рымляне. Вялікія масы носьбітаў розных моў пры гэтым перамяшчаліся з канца ў канец ад Індыі да Іспаніі. Зразумела, што пры гэтым перамешваліся і мовы.
Вядома, якая процьма грэцкіх слоў у лаціне. Процьма грэцкіх і лацінскіх слоў у германскіх, балцкіх, славянскіх мовах. А нам думаецца, што гэтыя словы гавораць пра агульнае паходжаньне. Не! Індызмы, іранізмы ў германскіх, балцкіх, славянскіх мовах тлумачацца тым, што ў германскія, славянскія, балцкія народы ўліліся рабы, што бясконца ўцякалі з Рымскай імпэрыі. Я думаю нават, што:
1) Германскія народы ўяўляюць з сябе кельтаў, што зьліліся з гэтымі ўцёклымі рабамі;
2) Балтыйскія народы ўтварыліся ад зьліцьця з такімі рабамі жыхароў Паноніі (дака-фракійскія плямёны);
3) Славяне ўтварыліся ад зьліцьця ўцёклых рабоў інда-іранскага паходжаньня з пермскімі плямёнамі.
Пермскія плямёны жылі ў басэйне Дуная. Тут іх бясконца ваявалі рымляне. Пры гэтым у рабства захоплівалася шмат мужчын. Шмат мужчын і гінула ў сутычках. Месца гэтых мужчын займалі ўцёклыя рабы, што прыбіваліся да плямёнаў... Гэтыя мужчыны займалі галоўнае месца ў плямёнах, рабіліся вядучай сілай, вызначалі твар плямёнаў, у тым ліку агульныя рысы мовы. Рабскае паходжаньне славян падкрэсьліваецца іх назвай: на лаціне склав — раб. Першыя славяне зваліся склавінамі.
Зразумела, што ўцёклыя рабы былі актыўным элемэнтам. Да таго яны палалі нянавісьцю да Рыма. Ведалі яны і пра багацьці Рыма. Менавіта таму былыя рабы — германцы — і зьнішчылі Рым.
Славяне ж склаліся пазьней германцаў. Таму ў разбурэньні Рыма яны ўдзелу не бралі. Склаўшыся як племя, выпрацаваўшы мову, яны ў далейшым распаўсюдзілі гэтую мову на мноства пермскіх, фіна-ўгорскіх плямёнаў.
Больш падрабязна пасьля”...
Як горка, што гэтага пасьля не будзе!
Паколькі сярод нашых продкаў былі і фіна-ўгры, давайце падзелім іх веру ў тое, што душы нябожчыкаў робяцца зоркамі і адлятаюць у Млечны Шлях. Хай у Млечным Шляху зорка Ласкова зойме сваё месца, адкуль заўжды будзе бачна любая яго сэрцу Беларусь.
Сьвятлана Клімковіч
Фота М. Кенькі
/Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 38. 23 верасьня 1994. С. 13./
Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
Юстына Ленская,
Койданава
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz